вугляродзістая, легіраваная і хуткарэзальная (высокалегіраваная) сталь для вырабу інструментаў і іх рабочых частак.
З вугляродзістых І.с. робяць рэжучы, слясарны, сталярны, вымяральны інструмент і дэталі простай формы для штампаў; з легіраваных — пераважна штампавы інструмент для дэфармавання ў халодным або гарачым стане, а таксама рэжучы, хірургічны, вымяральны і ўдарны інструмент. Хуткарэзальныя І.с. захоўваюць цвёрдасць пры нагрэве да 600—650 °C (валодаюць т.зв. чырвонаўстойлівасцю), выкарыстоўваюцца пераважна для вырабу металарэзнага інструменту. Вугляродзістыя і легіраваныя І.с. выплаўляюць у мартэнаўскіх або электрасталеплавільных печах (з большай колькасцю вугляроду і меншай — серы і фосфару), хуткарэзальныя — у электрасталеплавільных.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАТАВА́ЛЬНЯ,
набор інструментаў для чарцёжна-графічных работ у спец. футляры. Асн. інструменты набору: цыркуль, вымяральны і прапарцыянальны цыркулі, рэйсфедэр, чарцёжны і разметачны кронцыркулі, транспарцір і інш. Гатавальні бываюць універсальныя, школьныя, партатыўныя, для канструктарскіх і капіравальных работ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НУТРАМЕ́Р,
прылада, якой вымяраюць унутр. лінейныя памеры адтулін, пазоў і інш. ў дэталях і вырабах. Найпрасцейшыя Н. — цыркулі з загнутымі вонкі канцамі ножак (з’явіліся ў 16—17 ст.), гранічныя калібры (штыхмасы).
Для больш дакладных вымярэнняў існуюць Н. мікраметрычныя (гл.Мікрометр) са зменнымі падаўжальнікамі (межы вымярэнняў ад 50 да 2500 мм, з дадатковымі індыкатарамі гадзіннікавага тыпу — да 10 м), і індыкатарныя з рычажнымі і клінавымі перадачамі (3—1000 мм). Для малых адтулін выкарыстоўваюць Н. з конуснымі перадачамі (межы вымярэнняў ад 0,2 мм да 18 мм).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАВА́ЛЬСКІ ІНСТРУМЕ́НТ,
інструмент для ручной і машыннай коўкі — для дэфармавання, перамяшчэння, захопу, падтрымлівання і вымярэння загатовак.
Адрозніваюць К.і. асноўны, падтрымны і вымяральны. Асн. інструмент: для ручной коўкі — кавадлы, кувалды, малаткі, ручныя молаты, барадкі (для прабіўкі адтулін), зубілы, абціскачкі і падбойнікі (для аддзелкі паковак); машынны — байкі (плоскія, фасонныя, закругленыя, камбінаваныя), пліты, прошыўні (для прабіўкі адтулін) і інш. Падтрымны для ручной коўкі — клешчы, стойкі, для машыннай — патроны. Вымяральны К.і. — кронцыркулі, нутрамеры, лінейкі і інш. Робяць К.і. з нізкалегіраваных канструкцыйных і высокавугляродзістых інструментальных сталей з выкарыстаннем тэрмічнай апрацоўкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМПАРА́ТАР (лац. comparator ад comparo параўноўваю),
вымяральная прылада для параўнання вымеранай велічыні з эталоннай. Бываюць мех. (напр., рычажныя вагі), аптычныя (гл.Аптыметр), эл. (гл.Мост вымяральны), інтэрферэнцыйныя (гл.Інтэрферометр), стэрэаскапічныя (стэрэакампаратары, імі вызначаюць прасторавыя памеры аб’ектаў) і інш. З дапамогай К. вымяраюць даўжыні, вуглы, масу, ціск і інш.Гл. таксама Кампенсацыйны метад вымярэнняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРОНЦЫ́РКУЛЬ (ад ням. Krone карона, вянец + цыркуль),
1) вымяральны інструмент у выглядзе цыркуля з дугападобнымі ножкамі. Часам мае шкалу. Выкарыстоўваецца для параўнання дыяметраў дэталей з памерамі, узятымі па маштабнай лінейцы, канцавых мерах або калібры. Межы вымярэнняў — да 200 мм.
2) Чарцёжны цыркуль, у якога вугал фіксуецца мікраметрычным вінтом. Ім вычэрчваюць акружнасці дыям. 2—80 мм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДА́ТЧЫК,
элемент вымяральнага, сігнальнага, рэгулявальнага або кіравальнага прыстасавання, які пераўтварае велічыню, што кантралюецца (ціск, т-ру, частату, эл. напружанне і інш.), у сігнал, зручны для вымярэння, перадачы, захоўвання, апрацоўкі, рэгістрацыі, а таксама для ўздзеяння ім на кіроўныя працэсы. Звычайна мае ўспрымальны (адчувальны) орган і адзін або некалькі прамежкавых пераўтваральнікаў. Тэрмін «Д.», які ўжываецца ў шырокім сэнсе, стандартам заменены на тэрмін вымяральны пераўтваральнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЁМІСТАСЦІ ВЫМЯРА́ЛЬНІК,
электрычная прылада для вымярэння электраёмістасці. Найб. пашыраны Ё.в. маставыя (гл.Мост вымяральны) і лагаметрычныя (гл.Фарадметр). Ёмістасць вызначаюць таксама балістычным метадам вымярэнняў і з дапамогай некалькіх вымяральных прылад непрамым спосабам (метадамі трох вальтметраў, вальтметра — амперметра і інш.).
Схема ёмістасці вымяральніка паводле прынцыпу непасрэдных вымярэнняў: U0 — крыніца пераменнага напружання частатой f0; C0 — узорная ёмістасць; Cx — ёмістасць, якая вымяраецца; R, KH — рэзістар і кнопка ўстаноўкі нуля.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯКА́ЛА,
1) чарцёжны інструмент для правядзення і праверкі крывых ліній. Бываюць простыя (з дрэва, пластмасы, металу, маюць крывалінейны край) і універсальныя з пераменнай крывізной (стальная лінейка з прыстасаваннем, якое зменьвае яе канфігурацыю — крывізну).
2) Бясшкальны вымяральны інструмент або разметачнае прыстасаванне (шаблон) у выглядзе стальной пласціны з рабочым краем, зробленым па адваротным профілі вырабу. Выкарыстоўваецца ў машына- і суднабудаванні для кантролю і абводкі крывалінейных контураў фасонных дэталей.