ШПАЛЕ́РНАЯ КУЛЬТУ́РА,

спосаб вырошчвання с.-г. культур (вінаграду, персікаў, яблынь, хмелю, агуркоў, памідораў і інш.), пры якім іх надземную ч. прымацоўваюць да шпалеры ў адной ці двух плоскасцях. Шпалерай служаць рашоткі з рэек, калкі з нацягнутым дротам і інш. Ш.к. дазваляе больш рацыянальна выкарыстоўваць глебу і сонечную энергію, механізаваць працэсы догляду за раслінамі і збор ураджаю.

т. 17, с. 456

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭКСЦЭ́НТРЫКА (ад экс... + цэнтр) у цырку, тэатры, кіно, на эстрадзе, мастацкі прыём завострана-камедыйнага адлюстравання з’яў рэчаіснасці. Заключаецца ў наўмысным парушэнні логікі, паслядоўнасці і ўзаемасувязі паміж падзеямі, у алагічных, з пункту гледжання агульнапрынятых норм, паводзінах персанажаў. У выніку Э. з’явы атрымліваюць нечаканае пераасэнсаванне. Э. блізкая да буфанады. Патрабуе майстэрства мімікі, пантамімы, акрабатыкі, пластыкі, умення віртуозна выкарыстоўваць рэквізіт.

т. 18, кн. 1, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАГАРА́,

непаліўныя землі і пасевы на іх у раёнах арашальнага земляробства. На багары вырошчваюць найб. засухаўстойлівыя с.-г. культуры — збожжавыя, тэхнічныя і кармавыя. Ураджайнасць іх залежыць пераважна ад колькасці і перыяду выпадання ападкаў, т-ры і інш. умоў. Багарнае земляробства дае магчымасць выкарыстоўваць участкі, непрыдатныя для арашэння. Пашырана ў краінах Сярэдняй Азіі, на Пд Казахстана, у Закаўказзі, Афганістане, Іране, Кітаі, Індыі, Пакістане, Судане, Турцыі і інш.

т. 2, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАТЫСТЫ́ЧНЫ АНСА́МБЛЬ у фізіцы,

сукупнасць вялікай (у гранічным выпадку бясконцай) колькасці аднолькавых неўзаемадзейных фіз. сістэм («копій» дадзенай сістэмы), якія знаходзяцца ў аднолькавых макраскапічных станах. Пры гэтым мікраскапічныя станы сістэм, што складаюць С.а., могуць адрознівацца, аднак сукупнасць іх павінна адпавядаць зададзеным значэнням макраскапічных параметраў з дакладнасцю да неістотна малых флуктуацый. С.а. — адно з асноўных паняццяў статыстычнай фізікі, якое дазваляе выкарыстоўваць метады імавернасцей тэорыі для апісання ўласцівасцей фіз. сістэм.

т. 15, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМЯЛЯ́НСКІ Васіль Леанідавіч (10.3.1867, Палтава — 21.4.1928),

мікрабіёлаг. Акад. АН СССР (1923). Скончыў Пецярб. ун-т (1890). Вучань С.М.Вінаградскага. З 1893 у Ін-це эксперым. медыцыны ў Пецярбургу. Навук. працы аб ролі мікраарганізмаў у кругавароце рэчываў (азоту і вугляроду), яе комплексным даследаванні марфал. і фізіял. метадамі. У 1904 вылучыў культуру бактэрый, якія выклікаюць метанавае і вадароднае браджэнне цэлюлозы. Першы адзначыў, што мікраарганізмы можна выкарыстоўваць як хім. індыкатары. Аўтар першага ў Расіі падручніка «Асновы мікрабіялогіі» (1909).

т. 1, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІГНА́Л БЕ́ДСТВА «SOS» на моры, падаецца караблямі (суднамі), гідрасамалётамі, што церпяць бедства, з мэтай прыцягнуць да сябе ўвагу і атрымаць дапамогу. Бесперапынны паўтор сігналаў па азбуцы Морзе (3 кароткія, 3 доўгія, 3 кароткія) пераасэнсаваны ў англ. выраз «Save Our Souls» — ратуйце нашы душы. Устаноўлены згодна з Міжнар. канвенцыяй 1908. Для экстраннай перадачы і прыёму С.б. судны маюць аўтам. радыётэхн. прыстасаванні, якія працуюць на аварыйнай хвалі. Выкарыстоўваць С.б. «SOS» у інш. мэтах забараняецца.

т. 14, с. 366

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́ТЧЭЛ (Mitchell) Уэслі Клэр (5.8.1874, г. Рашвіл, штат Ілінойс, ЗША — 29.10.1948),

амерыканскі эканаміст і статыстык, прадстаўнік гарвардскай школы. Скончыў Чыкагскі ун-т. Праф. Каліфарнійскага (1909—12) і Калумбійскага (1914—19, 1922—44) ун-таў. У 1920—45 узначальваў Нац. бюро эканам. даследаванняў. Навук. працы і даследаванні ў галіне аналізу эканам. цыклаў і кан’юнктуры, па стат. даследаваннях, гісторыі грашовага абарачэння і інш. Спрабаваў выкарыстоўваць статыстыку для доказу палажэнняў інстытуцыяналізму. Пасля эканам. крызісу 1929—33 адзін з тэарэтыкаў «рэгулюемага капіталізму». Асн. праца «Эканамічныя цыклы» (1913).

т. 10, с. 477

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

У́МБРЫЕВЫЯ, яўдошкавыя (Umbridae),

сямейства рыб. атр. ласосепадобных. 2 роды, 4 віды. У сям. У. зрэдку ўключаюць даліевых. Пашыраны ў прэсных водах Паўд.-Усх. Еўропы і У Паўн. Амерыкі. Жывуць у зарослых вадаёмах з глеістым дном. Найб. вядомая умбра, ці яўдошка еўрап. (Umbra krameri).

Даўж. цела да 12 см, маса каля 30 г. Рыла кароткае. Бакавая лінія адсутнічае. Хваставы плаўнік закруглены. На сківіцах дробныя зубы. Могуць выкарыстоўваць для дыхання кісларод атмасферы. Кормяцца планктонам і бентасам.

Да арт. Умбрыевыя. Умбра, ці яўдошка еўрапейская.

т. 16, с. 230

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎТАТРО́ФЫ [ад аўта... + ...троф(ы)], аўтатрофныя арганізмы,

арганізмы, якія сінтэзуюць неабходныя для жыццядзейнасці складаныя арган. злучэнні з неарган. рэчываў (пераважна вады, вуглекіслаты, неарган. злучэнняў азоту). Выкарыстоўваюць энергію Сонца (фотасінтэз) або энергію, што вызваляецца пры хім. рэакцыях (хемасінтэз). Да аўтатрофаў належыць большасць вышэйшых раслін, водарасці і некаторыя бактэрыі. Фотасінтэзавальныя аўтатрофы (фотатрофы — усе зялёныя расліны, водарасці) маюць хларафіл і здольныя выкарыстоўваць энергію святла. Хемасінтэзавальныя аўтатрофы (хематрофы, напрыклад, нітрыфікавальныя бактэрыі) сінтэзуюць арган. рэчывы за кошт энергіі акіслення мінер. злучэнняў. Аўтатрофы — асн. прадуцэнты арган. рэчыва ў біясферы, забяспечваюць існаванне ўсіх іншых арганізмаў. Гл. таксама Гетэратрофы.

т. 2, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПТЫ́ЧНЫЯ З’Я́ВЫ Ў АТМАСФЕ́РЫ,

светлавыя з’явы, звязаныя з праходжаннем у зямной атмасферы прамянёў Сонца і інш. свяціл або штучных крыніц святла. Выкліканы пераламленнем (міражы, мігаценне зорак і інш.), рассеяннем, адбіццём, інтэрферэнцыяй і дыфракцыяй святла на малекулах паветра і слаях рознай шчыльнасці (блакітны колер неба, золак, змярканне), аэразолях — кроплях вады, крышталях лёду (гала, вянцы, вясёлка, глорыя). Назіранні за аптычнымі з’явамі ў атмасферы вядуцца на метэастанцыях. Па гэтых з’явах можна меркаваць аб стане некаторых слаёў атмасферы і выкарыстоўваць іх як мясцовыя прыкметы надвор’я.

М.​А.​Гольберг.

т. 1, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)