С.АЦЫЯ́ЛЬНАЯ СТАТЫ́СТЫКА,

атрыманне, апрацоўка, аналіз і выкарыстанне сукупных звестак, якія характарызуюць колькасныя і якасныя заканамернасці сац. жыцця, сац. працэсаў і з’яў. Разглядае паліт., ідэалаг. і прававыя бакі жыцця людзей, жыццёвы ўзровень насельніцтва ў сац. разрэзе і па групах. Сістэма паказчыкаў С.с. характарызуе сац. ўпарадкаванне і структуру грамадства, колькасць і склад насельніцтва, спосабы і велічыню размеркавання даходаў паміж рознымі сац. групамі, наяўнасць і склад прац. рэсурсаў, узровень адукацыі, культуры. аховы здароўя, сац. забеспячэння, жыллёва-камунальныя і быт. ўмовы, умовы працы і адпачынку, выкарыстанне вольнага часу, стан і тэндэнцыі развіцця грамадскай думкі (гл. Статыстыка). Для атрымання сац. інфармацыі аб грамадскай свядомасці і праблемах яе развіцця ў С.с. выкарыстоўваюцца звесткі сацыялагічных даследаванняў.

т. 14, с. 217

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖАРАБЕ́Ц,

палаваспелы самец каня. Племянное выкарыстанне пачынаюць з 3-гадовага ўзросту. Пры адборы Ж. ўлічваюць паходжанне, канстытуцыю, працаздольнасць, палавую патэнцыю, пладавітасць. Ж. захоўваюць высокую патэнцыю пры аптымальных умовах утрымання да 16—20 гадоў.

т. 6, с. 424

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭРМА... (ад грэч. thermē цяпло, гарачыня), першая састаўная частка складаных слоў, якая абазначае: адносіны да цеплыні, тэмпературы (напр., тэрмадынаміка, тэрмарэгуляцыя); апрацоўку пры дапамозе тэмператур (напр., тэрмаантрацыт, тэрмакапіраванне); выкарыстанне цеплавой энергіі (напр., тэрматэрапія, тэрмаэлемент).

т. 16, с. 133

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕ́РЫКАЎ Іван Арцёмавіч (2.7.1919, в. Наркі Чэрыкаўскага р-на Магілёўскай вобл. — 20.11.1997),

бел. балетмайстар. Засл. дз. культ. Беларусі (1968). З 1945 саліст Ансамбля бел. нар. песні і танца Бел. філармоніі, балетмайстар Ансамбля песні і танца Бел. ваен. акругі. З 1961 маст. кіраўнік і балетмайстар Віцебскага нар. ансамбля песні і танца «Маладосць» Палаца культуры ўпраўлення быт. абслугоўвання насельніцтва. Ствараў пастаноўкі ў Дзярж. ансамблі танца Беларусі і Дзярж. акад. нар. хоры Беларусі. Творчаму почырку С. ўласціва шырокае выкарыстанне разнастайных харэагр. малюнкаў, захаванне фалькл. танц. вобразаў у пастаноўках на сучасныя тэмы, выкарыстанне нац. нехарэагр. элементаў (бел. гульні, вясельныя абрады). Сярод пастановак танцы: «Бульба», «Лявоніха», «Полечка-Віцябляначка», «Стрыкач», «Малацілачка», «Мы з Віцебска», «Лебядзіначка», «Дубочак», «Лучыначкі», «У сваты», «Маталіха», «Груздаўская полька», «Дударыкі» і інш.

Г.​М.​Водчыц.

т. 14, с. 353

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІТР (франц. litre ад позналац. litra мера ёмістасці),

пазасістэмная адзінка аб’ёму і ўмяшчальнасці. Абазначаецца л. 1 л = 1 дм³ = 0,001 м³. Дапускаецца выкарыстанне Л. нароўні з адзінкамі СІ, не рэкамендуецца пры дакладных вымярэннях.

т. 9, с. 317

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІХТЫЯЦЫ́ДЫ,

хімічныя рэчывы, якія выкарыстоўваюць для знішчэння «сорных» відаў рыб у невял. вадаёмах; адносяцца да заацыдаў. Выкарыстанне І. патрабуе дакладнай дазіроўкі, інакш можа прывесці да адмоўных экалагічных наступстваў ці стаць прычынай хім. забруджвання водных аб’ектаў.

т. 7, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПЕРАЦЫ́ЙНАЯ СІСТЭ́МА,

комплекс праграм на ЭВМ, якія забяспечваюць усе працэсы пры выкананні любой праграмы карыстальніка. Пастаянна знаходзіцца ў памяці машыны, звязвае ўсе яе вузлы ў адзінае цэлае, забяспечвае эфектыўнае выкарыстанне выліч. сістэмы і шырокі набор паслуг. Складанасць і структура аперацыйнай сістэмы залежаць ад функцый і характарыстык працэсараў, сістэмы камандаў, спосабу размяшчэння праграм у памяці, прыстасаванняў уводу-вываду інфармацыі, метадаў доступу да выліч. сістэмы і інш. Тэарэт. аснову распрацоўкі аперацыйнай сістэмы складаюць графаў тэорыя, масавага абслугоўвання тэорыя і інш. Апаратныя сродкі і матэм. забеспячэнне ствараюцца для пэўнай аперацыйнай сістэмы, якая складаецца са стартавай праграмы (запуск ЭВМ і яе самакантроль; кантролеры знешніх прыстасаванняў), дыспетчара (устанаўлівае чарговасць выканання праграм), рэдактара (работа са структурнымі аб’ектамі), адміністратара (улік часу работы працэсара і выкарыстанне памяці) і інш.

М.​П.​Савік.

т. 1, с. 424

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВОДААХО́ЎНАЯ ЗО́НА,

тэрыторыя, што мяжуе з акваторыямі рэк, азёр і інш. водных аб’ектаў, дзе ахоўваюцца падземныя і паверхневыя воды або наладжаны асаблівы рэжым гасп. дзейнасці. Водаахоўныя зоны могуць уключаць надпоймавыя тэрасы, берагі, а таксама лагчыны і яры, непасрэдна злучаныя з рачной далінай, лясныя насаджэнні на вадазборах, па берагах рэк і азёр (гл. Водаахоўныя лясы). У водаахоўнай зоне забараняецца выкарыстанне і захоўванне ядахімікатаў, складзіраванне мінер. угнаенняў, размяшчэнне жывёлагадоўчых комплексаў і фермаў, расшырэнне дзейных і буд-ва новых прамысл. прадпрыемстваў, стаянка і абслугоўванне аўтамотатранспарту і інш. віды гасп. дзейнасці. У межах водаахоўнай зоны па берагах вадаёмаў вылучаюцца прыбярэжныя палосы, на тэр. якіх забараняюцца таксама аранне зямлі, выпас жывёлы, выкарыстанне ўгнаенняў, стварэнне месцаў адпачынку. Напр., на Беларусі для зберажэння прыроднага комплексу воз. Нарач вылучана водаахоўная зона ў межах яго вадазборнай плошчы.

т. 4, с. 247

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗААЦЫ́ДЫ [ад заа... + ...цыд(ы)],

хімічныя сродкі знішчэння шкодных пазваночных. Выкарыстоўваюць у асн. для барацьбы з грызунамі (радэнтыцыды), у прыватнасці мышамі і пацукамі (ратыцыды), а таксама птушкамі (авіяцыды). Моцныя яды. Вытв-сць, захоўванне і выкарыстанне дапускаюцца толькі з дазволу адпаведных дзярж. органаў.

т. 6, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЭФІЦЫЕ́НТ ЗМЕ́ННАСЦІ ПРАЦО́ЎНАЙ СІ́ЛЫ,

паказчык, які характарызуе сярэдняе штодзённае выкарыстанне аднаго фактычна занятага працоўнага месца. Разлічваецца як адносіны чалавека-дзён, адпрацаваных ва ўсіх зменах да іх колькасці, адпрацаваных за той жа перыяд у найб. загружаную змену.

У.​Р.​Залатагораў.

т. 8, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)