АМІ́ЧНАЕ СУПРАЦІЎЛЕ́ННЕ,
фізічная велічыня, якая характарызуе супраціўленне ланцуга (яго ўчастка) пастаяннаму току; былая назва гранічнага значэння актыўнага супраціўлення (гл. Электрычнае супраціўленне). Абумоўлена неабарачальным пераўтварэннем эл. энергіі ў інш. формы (пераважна ў цеплавую); пацвярджае выкананне Ома закону для дадзенага ўчастка ланцуга.
т. 1, с. 319
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗНАЧЭ́ЙСТВА,
у шэрагу краін дзярж. фін. орган, што складае праект дзярж. бюджэту, забяспечвае яго выкананне, рэгулюе дзярж. доўг, праводзіць эмісію (выпуск) дзярж. каштоўных папер. У Рас. імперыі, у т. л. на Беларусі, функцыянавалі губернскія і павятовыя К.
У.Р.Залатагораў.
т. 7, с. 434
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭТАНАВА́ННЕ (ад франц. détonner фальшыва спяваць),
недакладнае па вышыні выкананне муз. гукаў, што парушае ладавыя адносіны і ўспрымаецца як фальш. Тэрмін «Д.» выкарыстоўваюць пераважна ў галіне вак. мастацтва, дзе ён абазначае паніжэнне ці павышэнне муз. гуку, а таксама пры ігры на струнных і духавых інструментах.
т. 6, с. 359
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНДРАЯ́НАВА (Алена Іванаўна) (13.7.1819 — 26.10.1857),
руская балерына. Скончыла Пецярбургскае тэатр. вучылішча (1837). Да 1854 у Пецярбургскай балетнай трупе. Прадстаўніца рамант. балета. Выкананне Андраянавай вызначалася віртуознасцю класічнага і характарнага танцаў, пантамімнай выразнасцю, тэмпераментам, дасканаласцю пластыкі. Першая рус. выканальніца партый Жызэлі («Жызэль» А.Адана), Пахіты («Пахіта» Э.Дэльдэвеза) і інш.
т. 1, с. 356
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКАМПАНЕМЕ́НТ (франц. accompagnement),
музычнае суправаджэнне. 1) Партыі аднаго ці некалькіх інструментаў або пеўчых галасоў у ансамблі, падпарадкаваныя гал., сольнай партыі.
2) Кампанент муз. тканіны, які выконвае функцыю суправаджэння (інтанацыйна-меладычнага, рытмічнага, гарманічнага). Адрозніваюць монафанічны і поліфанічны (гарманічны) акампанемент, якія ў працэсе развіцця муз. творчасці набылі разнастайныя формы.
3) Выкананне муз. суправаджэння.
І.Дз.Назіна.
т. 1, с. 184
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭЛЬКРЭ́ДЭРЭ (ад італьян. del credere напавер),
у цывільным праве адна з умоў дагавору камісіі. Заключаецца ў прыняцці камісіянерам на сябе парукі за выкананне трэцяй асобай здзелкі, якая робіцца камісіянерам на карысць камітэнта. Паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь камісіянер, які прыняў Д., атрымлівае ад камітэнта асобнае ўзнагароджанне, памер якога вызначаецца пагадненнем бакоў, калі іншае не ўстаноўлена законам.
т. 6, с. 343
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Е́ГЕР (ад ням. Jäger паляўнічы),
службовая асоба ў паляўнічых гаспадарках ці заказніках; спецыяліст-паляўнічы, які абслугоўвае паляўнічых-аматараў. За Е. замацавана акрэсленая тэр. (егерскі ўчастак), дзе ён ажыццяўляе ахову ўгоддзяў, звяроў і птушак, прымае ўдзел у арганізацыі паляванняў, правядзенні біятэхн. мерапрыемстваў і работ па ўліку паляўнічых жывёл; кантралюе выкананне правіл прыродакарыстання і законаў аб паляванні.
т. 6, с. 369
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДЗАКО́ННЫ АКТ,
прававы акт органа дзярж. улады, які мае больш нізкую юрыд. сілу, чым закон. Прымаецца на аснове і ў выкананне закону. У Рэспубліцы Беларусь да П.а. адносяцца ўказы Прэзідэнта, пастановы і распараджэнні ўрада, мін-ваў, дзярж. к-таў і інш. органаў выканаўчай улады, а таксама пастановы палат Нац. сходу, рашэнні судоў і інш.
т. 11, с. 495
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДАВЫ́,
першаснае воінскае званне ва ўзбр. сілах многіх дзяржаў, у т. л. ў Рэспубліцы Беларусь. Прысвойваецца асобам, прызваным на абавязковую тэрміновую ваенную службу (салдатам) адначасова з залікам іх у спісы часці. За сумленнае выкананне службовых абавязкаў лепшым Р. можа быць прысвоена званне яфрэйтар. У ВМФ шэрагу дзяржаў званню Р. адпавядае званне матрос.
т. 13, с. 204
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУСІДО́ (яп. шлях воіна),
у сярэдневяковай Японіі разнавіднасць няпісанага ганаровага кодэксу класа воінаў. Сярод асн. прынцыпаў бусідо — абсалютная вернасць свайму сюзерэну, адвага ў баі і пагарда да смерці, павага да праціўніка, выкананне прынятых на сябе абавязкаў і загартоўка духу. Сфарміравалася на аснове элементаў канфуцыянства, светапогляду будыйскай секты дзен і сінтаізму. У наш час бусідо аказвае ўплыў на этыку японцаў.
т. 3, с. 357
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)