поўнае парушэнне экалагічнай раўнавагі ў прыродных жывых сістэмах. Узнікаюць ад прамога ці ўскоснага ўздзеяння прыродных фактараў або чалавека. Бываюць глабальныя, лакальныя, агульныя, частковыя.
Прыродныя фактары ўздзеяння, якія могуць абумоўліваць К. рознага маштабу: астр. (змены сонечнага выпрамянення, скорасці вярчэння Зямлі, нахілу яе восі да плоскасці арбіты), геафіз. (рухомасць мацерыкоў, гораўтварэнне, вулканізм, абледзяненні), метэаралагічныя (змены саставу і т-ры атмасферы, працяглыя засухі і паводкі, ураганы). Прыклады глабальных К.: змены клімату ў канцы каменнавугальнага перыяду палеазою (каля 290 млн.г. назад), што прывяло да вымірання гіганцкіх папарацепадобных і знікнення трапічных лясоў у высокіх шыротах (архіпелаг Зямля Франца-Іосіфа, а-вы Грэнландыя, Шпіцберген), і ў мезазойскую эру (каля 230—70 млн.г. назад), калі пры пераразмеркаванні сушы і мора («альпійская» стадыя гораўтварэння) голанасенныя расліны змяніліся пакрытанасеннымі, вымерлі дыназаўры. Прыклад К. меншага маштабу — абледзяненні антрапагеннага перыяду ў кайназоі (каля 2 млн.г. назад). Да К. можа прывесці і дзейнасць чалавека (узнікненне ў старажытнасці пустынь у Міжземнамор’і і Б. Усходзе ў выніку знішчэння лясоў). Прыклад лакальнай К. — вывяржэнне вулкана Кракатау (1883), у выніку якога загінулі мясц. флора, фауна і 36,5 тыс. чалавек. Антрапагенныя К. — выпрабаванні атамнай зброі, высыханне Аральскага м. і інш.
На Беларусі да глабальнай адносяць К. на Чарнобыльскай АЭС (1986). Лакальныя К. — нерацыянальная меліярацыя ў асобных раёнах, засаленне тэрыторыі вакол Салігорскага калійнага камбіната, забруджванне рэк і азёр.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́НТЫЯ ЗЯМЛІ́,
сілікатная абалонка «цвёрдай» Зямлі паміж зямной карой і ядром Зямлі; адна з геасфер. Складае 83% аб’ёму і 67% масы Зямлі. Звесткі пра будову і стан рэчыва М.З. атрымліваюць шляхам сейсмалагічных назіранняў. Верхняя мяжа праходзіць на глыб. ад некалькіх кіламетраў (пад акіянамі) да 75 км (пад кантынентамі) па Махаровічыча паверхні і характарызуецца перападам скорасці сейсмічных хваль ад 6,4—7 км/с у зямной кары да 8—8,4 км/с у падкоравым слоі мантыі; ніжняя — на глыб. каля 2,9 тыс.км на мяжы з ядром Зямлі, з перападам скорасці хваль ад 13,25 км/с у мантыі да 8,5 км/с у верхняй частцы ядра. Мантыя падзяляецца на верхнюю (слой B) да глыб. 400 км, сярэднюю (слой C, слой Б.Б.Галіцына) да глыб. 950—1 тыс.км (паводле інш. меркаванняў да 900 км), дзе назіраецца рэзкае нарастанне хуткасцей сейсмічных хваль з глыбінёй, і ніжнюю (слой Д), дзе скорасці манатонна павялічваюцца да падэшвы. Т-ра М.З. 2000—2500 °C. Шчыльн. рэчыва М.З. з глыбінёй нарастае ад 3,3—3,4 г/см³ у падкоравым слоі да 3,65—3,7 г/см³ на глыб. 400 км, у слоі C — рэзка нарастае да 4,55—4,65 г/см³ на глыб. 950—1 тыс.км, потым павольна павялічваецца да 5,55—5,65 г/см³ каля падэшвы М.З. Ціск у нізе М.З. (1,35—1,40)∙1011 Па, мяркуецца, што пры высокіх цісках рэчыва мантыі знаходзіцца ў цвёрдым крышталічным стане, акрамя астэнасферы, дзе яно, магчыма, аморфнае. Сярэдняя вязкасць рэчыва М.З. каля 1023—1025 П, у астэнасферы пад акіянамі 1019—1020, пад кантынентамі 1021—1022 П. У версе М.З. складзена з лерцалітаў, перыдатытаў, эклагітаў, ніжэй — з піралітаў. Па супастаўленні геафіз. і мінер. даных мяркуецца, што паводле мінералаг. складу М.З. падзяляецца на верхнюю — алівінавую, сярэднюю — шпінеле-пераўскіта-ільменітавую. дзе вылучаюць 2 зоны на глыб.,420 км і 670 км, і ніжнюю — пераўскітавую. У М.З. існуюць канвектыўныя патокі рэчыва, аб чым, магчыма, сведчыць дрэйф літасферных пліт, якія неаднаразова перамешвалі састаў верхняй і ніжняй мантыі. З працэсамі ў М.З. звязаны тэктанічныя рухі, магматызм, вулканізм і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКІЯ́НІЯ,
самая вял. сукупнасць астравоў (каля 10 тыс.) у цэнтр. і паўд.-зах.ч. Ціхага ак. паміж Аўстраліяй, Малайскім архіпелагам на З і шырокімі акіянскімі прасторамі на Пн, У і Пд. Размешчана паміж субтрапічнымі шыротамі Паўн. паўшар’я і ўмеранымі Паўднёвага. Пл. 1,26 млн.км². Нас. 10,3 млн.чал. (1987). Найбольшыя а-вы Новая Гвінея, Паўночны і Паўднёвы (2 апошнія ўваходзяць у склад Новай Зеландыі) займаюць у сукупнасці каля 80% тэр. Акіяніі. Пры падзеле сушы на часткі свету Акіянію звычайна аб’ядноўваюць з Аўстраліяй; часам вылучаюць як асобную частку свету. У Акіяніі размешчаны дзяржавы (1993): Вануату, Зах. Самоа, Кірыбаці, Мікранезія, Маршалавы Астравы, Науру, Новая Зеландыя, Палау, Папуа — Новая Гвінея, Саламонавы Астравы, Тонга, Тувалу, Фіджы, ч. Інданезіі. Гавайскія а-вы — штат ЗША. Многія а-вы — уладанні Вялікабрытаніі, Францыі, ЗША, Аўстраліі, Новай Зеландыі, Чылі.
Паводле прыродных умоў і насельніцтва Акіянію падзяляюць на Меланезію, Мікранезію, Палінезію і Новую Зеландыю. Ёсць астравы мацерыковага паходжання (Новая Гвінея, Новая Каледонія, Фіджы), гарыстыя вулканічныя (Бугенвіль, Гаваі і інш.) і нізінныя каралавыя (Маршалавы, Науру і інш.) а-вы. Найб.выш. — 5029 м (г. Джая ў Новай Гвінеі). Гарыстыя а-вы Акіяніі размешчаны ў межах астраўных дугаў геасінклінальнай вобласці зах. ускраіны дна Ціхага ак. У цэнтр.ч. Ціхага ак. — найвыш. вулканы, якія ўтвараюць некаторыя з Гавайскіх а-воў (у т. л. Маўна-Кеа і Маўна-Лоа, больш за 4000 м); актыўны вулканізм і ў Новай Зеландыі. Радовішчы нікелю і жалеза (Новая Каледонія), фасфатаў (Науру), нафты (Новая Гвінея), золата (Папуа — Новая Гвінея, Фіджы), вугалю (Новая Зеландыя), медзі (Бугенвіль, Новая Каледонія), жал. руды (Новая Гвінея) і інш. Клімат акіянскі, вільготны, пераважна субэкватарыяльны і экватарыяльны, на Пд субтрапічны і ўмераны. У экватарыяльным поясе сярэднямесячная т-ра на працягу года 26—28 °C, на крайнім Пд ад 16 °C (люты) да 5 °C (жнівень). Ападкаў за год ад 1000 мм на У да 3000—4000 мм і больш на З (асабліва шмат на наветраных схілах гарыстых а-воў, напр., на Гавайскіх а-вах месцамі да 14000 мм). У цэнтр. Акіяніі і на З частыя тайфуны. У гарах Новай Гвінеі і на в-ве Паўднёвы Новай Зеландыі ледавікі. Рэкі кароткія, мнагаводныя, пераважна на буйных а-вах. Глебы чырваназёмы і латэрыты, у раёнах сезонных дажджоў — чырвона-бурыя саваннаў, у вільготных раёнах — балотныя і забалочаныя. На наветраных схілах гарыстых а-воў пераважаюць вільготныя вечназялёныя трапічныя лясы, на падветраных — ксерафітныя лясы, хмызняковыя фармацыі. Трапляецца расліннасць тыпу саваннаў. На нізінных каралавых а-вах — зараснікі хмызняку, участкі лясоў, гаі какосавых пальмаў, хлебнага дрэва і інш.Асн. культурныя расліны — сагавыя і какосавыя пальмы, манга, цукр. трыснёг і інш. Фауна Акіяніі — аўстралійскія (яхідна, сумчатыя) і азіяцкія (дзік) віды; мала млекакормячых, мноства насякомых; каля 650 відаў птушак; шмат эндэмікаў.
Да арт.Акіянія. Паўднёвы востраў. Новая Зеландыя.Да арт.Акіянія. Вёска ў Папуа—Новай Гвінеі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТРАПАГЕ́НАВАЯ СІСТЭ́МА (ПЕРЫ́ЯД), антрапаген (ад антрапа... + грэч. genos нараджэнне),
чацвярцічная сістэма (перыяд), апошняя сістэма кайназойскай эратэмы (групы) і апошні перыяд геал. гісторыі Зямлі, які доўжыцца і цяпер. Назву даў у 1922 рускі геолаг А.П.Паўлаў па найважнейшай падзеі — станаўленні чалавека. Ніжняя ўзроставая мяжа 1,65 млн. гадоў (некаторыя даследчыкі лічаць 2,4—3 млн. гадоў). Традыцыйна падзяляецца на галацэн (0—10 тыс. гадоў назад), плейстацэн (10—800 тыс. гадоў назад) і эаплейстацэн (800—1650 тыс. гадоў назад). Антрапаген вывучае чацвярцічная геалогія, адзін з цэнтраў развіцця якой на Беларусі.
Агульная характарыстыка. Адклады антрапагену ўтварыліся ў выніку дзеяння спецыфічных для канца кайназою прыродных працэсаў, сярод якіх найважнейшыя — глабальнае пахаладанне клімату, інтэнсіўныя тэктанічныя рухі і вулканізм, мацерыковыя зледзяненні і звязаныя з імі ваганні ўзроўню акіяна. Тэктанічныя рухі зямной кары ў поясе альпійскай складкавасці і пахаладанне клімату прывялі да павелічэння крыясферы і ўзнікнення зледзянення на мацерыках Паўн. паўшар’я. Ледавіковыя покрывы ахапілі да 45 млн.км² сушы, што ў 3 разы перавышала сучаснае зледзяненне. Паўд. мяжа макс. пашырэння лёду дасягала ў Еўропе 48°30′паўн. ш., у Паўн. Амерыцы — 37°30′паўн. ш. Даследчыкі вылучаюць ад 3 да 9 зледзяненняў, якія чаргаваліся з міжледавікоўямі. На тэр. Беларусі праходзяць межы большасці вял. ледавіковых покрываў. У час зледзяненняў вял. масы вады акумуляваліся ў ледавіковых шчытах, што выклікала зніжэнне ўзроўню акіяна на 100 м і больш і злучэнне мацерыкоў Паўн. паўшар’я па Берынгавым мосце. Узровень акіяна і клімат міжледавіковых часоў нагадваў сучасны. У субтрапічных шыротах зледзяненням адпавядалі вільготныя перыяды (плювіялы), міжледавікоўям — больш сухія.
Адклады антрапагену пераважна кантынентальныя, сярод іх найб. пашыраны ледавіковыя (марэнныя, канцова-марэнныя, водна-ледавіковыя і лёсавыя) і такія генетычныя тыпы, як алювій, перлювій, калювій, азёрныя, балотныя, эолавыя. На прыморскіх раўнінах і шэльфе намнажаліся ледавікова-марскія і марскія адклады. У тоўшчы антрапагену на Беларусі на ледавіковыя адклады прыпадае да 88%. Пяскі складаюць 39%, гліны — 4, буйнаабломкавыя пароды — 4, марэны — 8, лёсападобныя — 0,5, карбанатныя — 1, інш. — 3,5%. Магутнасць кантынентальных адкладаў да 300 м, сярэдняя на Беларусі — 80 м, макс. — 324,5 м (у Лагойскай астраблеме). На адкладах антрапагену ўтварыўся сучасны рэльеф раўнін і нізін Зямлі, яны з’яўляюцца субстратам для глебаў, аб’ектам горных, інж.-геал. работ і антрапагеннага ўздзеяння на прыроду.
Станаўленне чалавека супадае з антрапагенавым перыядам: пітэкантрап з’явіўся ва Усх. Афрыцы каля 1,6 млн. гадоў назад. У канцы плейстацэну людзі рассяляліся паблізу ледавіка, дзе жылі буйныя жывёлы (у прыватнасці, маманты), паляванне на якіх было асновай існавання познапалеалітычнага чалавека. Мяркуюць, што на тэр. Беларусі чалавек з’явіўся каля 100 тыс. гадоў назад (вядомыя стаянкі першабытных людзей Бердыж і Юравічы маюць узрост 26—24 тыс. гадоў).
Карысныя выкапні. У адкладах антрапагену вядомы радовішчы золата, алмазаў, баксітаў, нікелю, буд. матэрыялаў (гліна, суглінак, пясок, жвір, галечнік, валуны, вапняк), торфу, сапрапеляў, прыроднага газу, дыятамітаў, солі, лячэбных гразяў, серы, марганцу, прэснай пітной вады. На Беларусі з гэтых адкладаў здабываюць буд. матэрыялы, торф, сапрапелі, лячэбныя гразі, пітную ваду, россыпнае золата.
Стратыграфічны падзел. У пач. 20 ст. аўстрыйскія вучоныя А.Пенк і Э.Брыкнер распрацавалі ледавіковую стратыграфію для Альпаў, у якіх вылучылі 4 зледзяненні — гюнцкае, міндэльскае, рыскае і вюрмскае, пазней дунайскае (самае старажытнае). Найчасцей антрапагенавая сістэма (перыяд) падзяляюць на 4 звяны (адпавядаюць пададдзелу) — ніжняе, сярэдняе, верхняе і сучаснае. У рэгіянальных стратыграфічных шкалах асн. адзінка расчлянення — гарызонт, які адпавядае палавіне кліматычнага рытму — пахаладанню (зледзяненню) або пацяпленню (міжледавікоўю). У схеме чацвярцічных (антрапагенавых) адкладаў Беларусі вылучаны (1981) брэсцкі перадледавіковы, нараўскі, бярэзінскі, дняпроўскі, сожскі, паазерскі ледавіковыя і белавежскі, александрыйскі, шклоўскі, муравінскі і галацэнавы міжледавіковыя гарызонты. Многія бел. даследчыкі з белавежскага гарызонта вылучаюць карчоўскі міжледавіковы, атаясамліваюць белавежскі і шклоўскі міжледавіковыя гарызонты, аб’ядноўваюць дняпроўскі і сожскі ледавіковыя гарызонты і вылучаюць эаплейстацэн і інш. падраздзяленні. У Зах. Еўропе найб. пашырана школа, распрацаваная В.Загвійнам (1989) для Нідэрландаў, у Расіі — І.І.Красновым і А.П.Зарынай (1987), С.М.Шыкам (1992), на Беларусі — схемы Б.М.Гурскага з сааўтарамі (1981) і Л.М.Вазнечука (1981).
Літ.:
Материалы по стратиграфии Белоруссии. Мн., 1981;
Стратиграфия СССР: Четвертич. система. Полутома 1—2. М., 1982—84;
Zagwijn W.H. The Netherlands during the Tertiary and the Quaternary: A case history of Coastal Lowland evolution // Geologie en Mijnbouw. 1989. Vol. 68, Nr. 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУЛКА́Н (ад лац. vulcanus агонь, полымя),
геалагічнае ўтварэнне над каналамі і трэшчынамі ў зямной кары, якое ўзнікае ў выніку вывяржэння з глыбінных магматычных ачагоў на паверхню Зямлі лаў і вулканакластычнага матэрыялу. На Зямлі вядома больш за 13 тыс. вулканаў, з іх каля 950 дзеючых. Дзеючыя вулканы тыя, што вывяргаліся або выдзялялі гарачыя газы і ваду праз сальфатары за апошнія 3,5 тыс. гадоў; да заснулых (патэнцыяльна дзеючых) адносяць тыя, што вывяргаліся 3,5—13 тыс. гадоў назад. Умоўна патухлымі лічаць вулканы, якія не праяўлялі актыўнасці на працягу апошніх 13—100 тыс. гадоў, але захавалі вонкавыя формы (напр., вулкан Макензі на найб. вулканічным масіве Кіліманджара ў Афрыцы). Вывучае вулканы вулканалогія.
Вывяржэнне вулкана адбываецца, верагодна, пад уздзеяннем гідрастатычных сіл пры пад’ёме магмы праз астэнасферу і літасферу і бурнага выдзялення газаў пры дасягненні магматычнымі расплавамі верхніх гарызонтаў зямной кары.
Прадукты вывяржэння вулкана — вулканічныя газы, вулканічны попел, вулканічныя бомбы, лава, шлакі і інш., з якіх утвараюцца вулканічныя горныя пароды, у залежнасці ад сілы ўзрыву ўзнімаюцца на выш. 1000—5000 м, зрэдку да 45 000 м і разносяцца на дзесяткі тысяч кіламетраў, лававыя патокі распасціраюцца па схілах і каля падножжа вулкана да 1000—5000 м, рэдка болей. Вулканы пашыраны на кантынентах і ў акіянах, яны выносяць на паверхню Зямлі за год каля 3—6 млрд.т вулканічнага матэрыялу (80% падводныя, 20% наземныя). Найб. інтэнсіўны вынас уздоўж рыфтаў сярэдзінна-акіянскіх хрыбтоў. Каля 75% усіх актыўных вулканаў знаходзіцца ў пераходных зонах ад кантынентаў да акіянаў (у межах астраўных дуг). У размеркаванні вулканаў на Зямлі існуе прамая залежнасць іх колькасці ад тэктанічнай актыўнасці рэгіёнаў. Найб. вышыні дасягаюць вулканы ў акіяне — 9000 м, на астраўных дугах — 6000 м, у гарах — 3000 м. Большасць наземных вулканаў — асобныя конусападобныя горы (вулканічныя конусы) з кратэрам на вяршыні. Самыя вялікія кантынентальныя вулканы вядомы ў Афрыцы, у зоне Усходне-Афрыканскай рыфтавай сістэмы. Паводле формы падводнага канала вулканы падзяляюцца на цэнтральныя (з трубчастым жаралом) і трэшчынныя. У залежнасці ад глыбіні мантыйнага ачага адрозніваюць вулканы мантыйнага (30—70 км і глыбей, вывяргаюць базальтавыя лавы), коравага (5—45 км, пераважна андэзітавыя, дацытавыя і ліпарытавыя лавы) і змешанага (лавы ўсіх тыпаў) жыўлення. У акіянах вядомы вулканы толькі мантыйнага жыўлення (Кілаўэа і інш.), на астраўных дугах і кантынентальных платформах — усіх тыпаў жыўлення (Ключаўская Сопка, Везувій і інш.), у горных сістэмах — толькі коравага (Эльбрус, Ласен-Пік у Паўн. Амерыцы і інш.).
Вывяржэнні вулканаў бываюць працяглымі (ад некалькіх гадоў да стагоддзяў) і кароткачасовымі (некалькі гадзін). Ім папярэднічаюць вулканічныя землетрасенні, акустычныя з’явы, змяненні магнітнага поля Зямлі і саставу фумарольных газаў (гл.Фумаролы), па якіх магчымы прагноз пачатку вывяржэння. Вывяржэнне вулкана — грозная з’ява прыроды, якая можа прыводзіць да гібелі паселішчаў пад слоем попелу і лавы (Пампеі і інш. гарады пры вывяржэнні Везувія ў 79 г.н.э.) або цэлых культур (мяркуюць, што пры вывяржэнні вулкана Сантарын у 1400 г. да н.э. загінула мінойская культура). Падводныя вывяржэнні мала вывучаны. У наземных вулканах вылучаюць 4 гал. тыпы. Гавайскі тып вывяржэння (ад вулкана Кілаўэа ў Гавайскім архіпелагу) характарызуецца адносна спакойным выліваннем вадкай (базальтавай) лавы і ўтварэннем шчытападобных вулканаў. Стромбаліянскі тып (ад вулкана Стромбалі на Ліпарскіх а-вах у Міжземным м.) звычайна стварае стратавулканы, дзе пераважаюць невялікія выбухі з выкідамі кавалкаў шлаку і вулканічных бомбаў і выліваецца шмат вадкіх (базальтавых і андэзітабазальтавых) лаў. Купальнаму тыпу ўласціва выцісканне і выштурхоўванне вязкай (андэзітавай, дацытавай або рыялітавай) лавы і ўтварэнне купалоў (напр., Цэнтр. Сямячык на Камчатцы), крыптакупалоў (напр., Сёва-Сіндзан у Японіі) і абеліскаў (Шывелуч на Камчатцы). Вульканскі тып вывяржэння (ад вулкана Вулькана на Ліпарскіх а-вах) вылучаецца вял. вывяржэннем газаў, што выклікае выбухі і выкіды вялізных хмар, перапоўненых абломкамі горных парод, лаў і вулканічным попелам; вязкія лавы (андэзітавыя, дацытавыя або рыялітавыя) ствараюць конусападобныя вулканы. Пры моцных выбухах разбураецца вулканічны конус або яго частка, утвараецца кальдэра.
На тэр. Беларусі вывяржэнні вулканаў адбываліся ў вендзе (600—650 млн. гадоў назад) у Падляска-Брэсцкай упадзіне і ў дэвоне (330—350 млн. гадоў назад) у Прыпяцкім прагіне. У вендзе пераважалі трэшчынныя вывяржэнні ў кантынентальных умовах, утварыліся вялізныя вулканічныя покрывы (трапавыя плато) з базальтаў, туфаў і інш. парод. Дэвонскі вулканізм адбываўся ў падводных умовах, пераважалі вулканы цэнтральнага тыпу, вывяргаліся лавы шчолачнага саставу (трахіты, нефелініты і іх туфы).
Літ.:
Апродов В.А. Вулканы. М., 1982.
Г.У.Зінавенка.
Да арт.Вулкан. Выкіды вулканічнага попелу пры вывяржэнні.Да арт.Вулкан. Развіццё вулкана Сантарын: 1 — 1500 да н.э.; 2 — пасля выбуху ў час вывяржэння ў 1400 да н.э.; 3 — 1939.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКІЯ́Н, Сусветны акіян (ад грэч. Ōkeanos вялікая рака, якая абцякае Зямлю),
неперарыўная водная абалонка Зямлі, якая акружае мацерыкі і астравы, мае агульны салявы састаў. Пл. 361,06 млн.км². Акіян займае каля 70,8% зямной паверхні (60,7% Паўн., 80,9% Паўд. паўшар’яў). Сярэдняя глыб. 3795 м, макс. 11 022 м (Марыянскі жолаб у Ціхім ак.). Складае 94% гідрасферы. Змяшчае 1370 млн.км³ вады (гл.табл.), што складае 0,1% ад аб’ёму зямнога шара. Паводле фізіка-геагр. уласцівасцяў акваторыя акіяна падзяляецца на Ціхі акіян, Атлантычны акіян, Індыйскі акіян, Паўночны Ледавіты акіян. Умоўна вылучаецца Паўднёвы акіян вакол Антарктыды. Вывучае акіян акіяналогія.
Рэльеф і геалагічная будова дна. У рэльефе дна вылучаюцца 4 планетарныя морфаструктуры. Падводная ўскраіна мацерыкоў — затопленая частка мацерыковых платформаў з адносна спакойным тэктанічным рэжымам. Характарызуецца кантынентальным тыпам зямной кары магутнасцю да 35 км. Займае глыбіні да 1400—3200 м. Падзяляецца на шэльф, мацерыковы схіл і мацерыковае падножжа. На большай частцы перыферыі Ціхага ак., на ПнУ Індыйскага, а таксама ў морах Карыбскім, Міжземным і Скоша (Скотыя) паміж мацерыковым падножжам і ложам акіяна выяўлена пераходная зона з геасінклінальным тыпам зямной кары (гл.Геасінкліналь), дзе адбываюцца сцісканне зямной кары, інтэнсіўныя вертыкальныя рухі, сейсмічнасць і вулканізм, якія па-рознаму праяўляюцца ў межах зоны. Да яе прымеркаваны глыбакаводныя жалабы. Адзін з гал. элементаў рэльефу і тэктанічных структур дна — ложа акіяна. Займае самыя глыбокія, акрамя глыбакаводных жалабоў, часткі (4000—7000 м). Яму ўласцівы тонкая (да 8 км) акіянская кара, асаблівы тып вулканізму і разломнай тэктонікі, слабая сейсмічнасць, запаволеныя адмоўныя рухі. Рэльеф дна ўтвораны чаргаваннем вял. катлавін і падняццяў. Над ложам акіяна на выш. 4—5 км, зрэдку да 10 км узнімаюцца сярэдзінна-акіянскія хрыбты. Яны распасціраюцца праз усе акіяны, маюць рыфтагенальны тып зямной кары, характарызуюцца лінейнымі магнітнымі анамаліямі, высокай сейсмічнасцю і вулканізмам. У рэльефе спалучаюцца рыфтавыя даліны і хрыбты, папярочныя разломы, вулканічныя масівы, плато, гаёты.
Паходжанне акіяна. Мяркуюць, што воды акіяна маглі ўтварыцца пры дэферэнцыяцыі мантыі Зямлі. Паводле тэорыі тэктонікі пліт, акіяны ўзніклі пры распадзе стараж. мацерыкоў, калі часткі мацерыкоў рассоўваліся ў процілеглыя бакі. Лічыцца, што Атлантычны ак. утварыўся каля 160—180 млн. гадоў назад (юрскі перыяд), Ціхі і Індыйскі ак. ўзніклі раней.
Донныя адклады. Магутнасць акіянскіх адкладаў вагаецца ад 2000—3000 м у прымацерыковых зонах да дзесяткаў метраў на сярэдзіннаакіянскіх хрыбтах. Адзначаны 3 зоны макс. магутнасці адкладаў: каля экватара, на Пн ад 40°паўн. ш. і на Пд ад 40°паўд. ш. Узрост асадкавай тоўшчы мяняецца ад восевай часткі сярэдзіннаакіянскіх хрыбтоў (пліяцэн-плейстацэн) да краявых частак акіяна, дзе яны больш старажытныя. Сярод донных адкладаў вылучаюць тэрыгенныя, якія ўтвараюцца ў выніку размывання сушы, біягенныя (карбанатныя і крамяністыя), вулканагенныя, палігенныя (змешанага паходжання) і аўтыгенныя (аалітавыя і жалеза-марганцавыя канкрэцыі). Найб. плошчы дна акіяна займаюць карбанатныя глеі (каля 150 млн.км²) і глыбакаводная чырвоная гліна (больш за 110 млн.км², гл.Марскія адклады).
Хімізм і салёнасць вады. У акіянскай вадзе растворана каля 80 хім. элементаў, сярэдняя канцэнтрацыя іх каля 35 г/л. Усяго ў акіяне растворана 5∙1022г соляў. Салёнасць вады выражаецца ў праміле, абазначаецца ‰ (1‰ адпавядае 1 г/1 кг). Сярэдняя салёнасць вады на паверхні 34,7‰, У адкрытым акіяне — ад 31,4‰ у Паўн. Ледавітым ак. да 37,25‰ у трапічных водах Атлантычнага ак., каля берагоў Антарктыды 33,93‰, на экватары 32—34‰. У Паўн. паўшар’і салёнасць акіяна ніжэйшая, чым у Паўднёвым. Пераважаюць солі хларыдаў, натрыю і магнію (88,7‰) і сульфатаў магнію, кальцыю і калію (10,9‰; гл. таксама Марская вада). У вадзе раствораны таксама кісларод (паступае з атмасферы і ўтвараецца зялёнымі водарасцямі), вуглякіслы газ і інш., ад якіх залежыць жыццё арганізмаў у акіяне. У халоднай вадзе растворанага кіслароду больш (у палярных шыротах у прыпаверхневых водах да 10 мл/л, у цёплых трапічных шыротах 4 мл/л). На глыб. 1000 м і глыбей растворанага ў вадзе кіслароду 2—3 мл/л. У маларухомых частках акіяна на глыбіні намнажаецца серавадарод ад перагнівання арган. рэшткаў.
Тэмпературны рэжым. Гал. крыніцай цяпла, што вызначае т-ру вады акіяна, з’яўляецца сонечная радыяцыя, 3—45% якой у залежнасці ад вышыні Сонца над гарызонтам і ад хвалявання адбіваецца ў сусветную прастору (гл.Альбеда). Больш за 99% сонечнай радыяцыі, якая ўвайшла ў ваду акіяна, паглынаецца ў яе верхніх слаях. Акіян з’яўляецца акумулятарам цяпла і моцна ўплывае на клімат Зямлі. Сярэднегадавая т-ра вады на паверхні акіяна 17,5 °C (у Паўн. паўшар’і яна вышэй, чым у Паўд.). Самы цёплы Акіян — Ціхі (19,4 °C), самы халодны — Паўн. Ледавіты (-0,8 °C). Тэрмічны экватар у акіяне ссунуты на Пн ад геаграфічнага (сярэдняя т-ра вады складае 26—28 °C), у палярных шыротах яна блізкая да нуля або адмоўная (-1,5, -1,9 °C). З глыбінёй т-ра зніжаецца, на глыб. 1000 м яна ніжэй за 5 °C, у прыдоннай зоне складае 1,4—1,8 °C, у палярных абласцях ніжэй за 0 °C (-0,5, -1,5 °C).
Цыркуляцыя вады. У акіяне існуе адзіная сістэма ўстойлівых цячэнняў (гл.Марскія цячэнні), якая забяспечвае перанос і ўзаемадзеянне водаў. Асн. паверхневыя цячэнні ўзнікаюць пад уплывам пастаянных вятроў. Цячэнні захопліваюць масы вады да глыб. 150—200 м і ўтвараюць антыцыкланальныя кругавароты ў трапічных і субтрапічных шыротах (пасатныя цячэнні) і цыкланальныя ва ўмераных і палярных шыротах. Паверхневыя цячэнні, накіраваныя ад экватара да полюсаў, цёплыя, у адваротным напрамку — халодныя. Прынос да берагоў мацерыкоў цёплай вады цячэннямі і награванне паветр. масаў над імі моцна ўплываюць на клімат прыбярэжных і далёкіх ад акіяна краін (зімовыя адлігі на Беларусі тлумачацца прытокам цёплага паветра з Атлантычнага ак.). Каля ўзбярэжжаў мацерыкоў назіраецца выхад на паверхню глыбінных водаў акіяна (гл.Апвелінг), якія багатыя пажыўнымі рэчывамі і спрыяюць развіццю разнастайных арганізмаў. Падняцце водаў на паверхню ў адкрытым акіяне адбываецца ў месцах разыходжання цячэнняў (у зонах дывергенцыі) і ў цыкланальных кругаваротах. Апусканне водаў звязана з канвергентнымі зонамі, дзе сутыкаюцца цячэнні, і з антыцыкланальнымі кругаваротамі. Глыбінныя цячэнні ўзнікаюць ад рознай шчыльнасці вады. У прыдоннай зоне існуюць арктычныя і асабліва развітыя антарктычныя цячэнні, якія дасягаюць 30—40°паўн. ш.
Хвалі ў акіяне выклікаюцца вятрамі, хуткай зменай атм. ціску (гл.Сейшы), моратрасеннямі (гл.Цунамі). Прылівы (і адлівы) абумоўлены прыцяжэннем Месяца і Сонца (прыцяжэнне Месяца ўдвая большае за сонечнае). У адкрытым акіяне вышыня прыліваў каля 1—2 м, у залівах да 18 м (Фанды на Атлантычным узбярэжжы Канады).
Арганічны свет. Жывыя арганізмы насяляюць акіян ад паверхні да найбольшых глыбіняў. Паводле месцаў існавання адрозніваюць планктон (пасіўнаплаўныя), нектон (актыўнаплаўныя) і бентас (донныя арганізмы). Па экалагічных умовах вылучаюцца супольніцтвы літаралі і пелагіялі. У акіяне існуе каля 160 тыс. відаў жывёл: 80 тыс. малюскаў, больш за 20 тыс. ракападобных, 16 тыс. рыб, каля 15 тыс. прасцейшых і інш. З млекакормячых ёсць ластаногія і кітападобныя (самая буйная жывёла на Зямлі — сіні кіт). У акіяне і на яго ўзбярэжжах жывуць шматлікія віды птушак. З 15 тыс. відаў раслін найбольш аднаклетачных водарасцяў (да 80% фітамасы акіяна).
Прыродныя рэсурсы. Рэсурсы акіяна падзяляюцца на біялагічныя (харчовыя), сыравінныя (мінеральныя, хімічныя, водныя), энергетычныя і рэкрэацыйныя. Штогод у акіяне здабываюць каля 75—80 млн.т морапрадуктаў (84,5% складае рыба, 11,4% беспазваночныя, 4,1% водная расліннасць). Здабываюць (% ад сусветнай здабычы) нафты каля 30, газу 20, брому 90, ільменіту 80, магнію 60, цыркону і рутылу 50, касітэрытаў 40, шмат жал. руды, золата, плаціны, алмазаў і інш. Мае значную колькасць энергіі розных відаў: прыліваў (ацэньваецца ў 1 млрд.кВт), цячэнняў, хваляў, розніцы т-ры і салёнасці і інш., агульная магутнасць якой прыкладна 200 млрд.т умоўнага паліва, што ў 20 разоў перавышае гадавую патрэбу ў свеце. Пабудаваны прыліўныя (у Францыі, Расіі, Кітаі і інш.) і гідратэрмальная (у Кот-д’Івуары) электрастанцыі. Вял.гасп. значэнне мае марскі транспарт.
Ахова прыроднага асяроддзя. Рэгламентацыя дзейнасці чалавека ў акіяне прадугледжана шэрагам міжнар. пагадненняў і заканадаўствам асобных дзяржаў. Міжнар. права ўсталёўвае рэжым работы па некалькіх кірунках: рэжым акваторый; гандлёвае суднаходства; ваеннае мараплаванне; навук. даследаванні; дно і нетры; ахова асяроддзя (захаванне марскога асяроддзя і экалагічнай раўнавагі пры выкарыстанні рэсурсаў акіяна, прадухіленне забруджвання, асабліва радыенукліднага, падтрыманне біял., хім. і фіз. суадносін, недапушчальнасць прычынення шкоды фауне, флоры, дну, атмасферы і касм. прасторы над акіянам).
Літ.:
Леонтьев О.К. Физическая география Мирового океана. М., 1982;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎНО́ЧНАЯ АМЕ́РЫКА,
мацярык у Зах. паўшар’і; разам з Паўднёвай Амерыкай утварае частку свету Амерыка. Пл. з астравамі 24,25 млн.км², без астравоў 20,36 млн.км². Паўн. пункт — мыс Мерчысан 71°50′паўн. ш., паўд. — мыс Мар’ята 7°12′паўн. ш., усх. — мыс Сент-Чарльз 55°40′зах. д., зах. — мыс Прынца Уэльскага 168°зах. д. Працягласць з Пн на Пд 6600 км, з У на З 4800 км. На ПдЦэнтральнай Амерыкі Панамскім перашыйкам злучана з Паўд. Амерыкай, абмываецца Карыбскім м. і Мексіканскім зал., на У — Атлантычным ак., на З — Ціхім ак., на Пн — морамі Паўн. Ледавітага акіяна; ад Азіі аддзяляецца Берынгавым пралівам. Буйнейшыя а-вы: Грэнландыя, Канадскі Арктычны архіпелаг, Ньюфаўндленд, Ванкувер. Да П.А. звычайна адносяць і Вест-Індыю з Вялікімі Антыльскімі а-вамі. Найб. паўастравы: Лабрадор, Фларыда, Юкатан, Каліфарнійскі, Аляска. Найб. парэзаны фіёрдавыя берагі Грэнландыі, усх.ч. Канадскага Арктычнага архіпелага, Ціхаакіянскага ўзбярэжжа Канады і паўд. Аляскі. Берагі Атлантычнага ак. абразійныя, бухтавыя, акумуляцыйныя. Мала парэзаныя берагі Ціхага ак. на Пд ад Канады. На З і Пн Аляскі характэрны акумуляцыйныя і дэльтавыя берагі. Асобныя залівы глыбока ўразаюцца ў сушу. Найбольшыя: Гудзонаў, Мексіканскі, Аляска, Каліфарнійскі, Св. Лаўрэнція.
Рэльеф. Сярэдняя вышыня П.А. над узр. м. 720 м. На мацерыку спалучаюцца ступеньчатыя і пластавыя раўніны, нізіны з эразійнымі пласкагор’ямі і сярэднягор’ямі, складкава-глыбавымі гарамі, пласкагор’ямі дэнудацыйнага тыпу і інш. На ЗКардыльеры Паўночнай Амерыкі з г. Мак-Кінлі (6193 м — найвыш. пункт П.А.); на УАпалачы (выш. да 2037 м). У сярэдняй частцы мацерыка на ПнЛаўрэнційскае ўзвышша, нізіны Макензі і Гудзонава зал.; у цэнтры Цэнтральныя і Вялікія раўніны; на Пд Прымексіканская нізіна (да 200 м); на ўсх. узбярэжжы Прыатлантычная нізіна. Самы нізкі пункт -85 м (Даліна Смерці). На фарміраванне рэльефу на Пн уплывалі чацвярцічныя зледзяненні (ледавікі займалі каля 15,6 млн.км²), на Вялікіх раўнінах яры і лагчыны, рэльеф спадзіста-хвалісты. Горны рэльеф пераважае на Пд мацерыка — Мексіканскае нагор’е акаймавана хрыбтамі, горы цягнуцца ў Цэнтр. Амерыку. На З і Пд мацерыка вулканізм і значная сейсмічнасць.
Геалагічная будова. Аснова б.ч. мацерыка — Паўн.-Амерыканская платформа (утварылася ў дакембрыі 2,5—3 млрд.г. назад). Яна акаймавана складкавымі горнымі збудаваннямі каледонскага (ПнУ, Грэнландыя, Ньюфаўндленд, паўн.ч. Апалачаў), герцынскага (паўд.ч. Апалачаў і інш.) узростаў. Складкавыя структуры Кардыльераў меза-кайназойскага ўзросту, аформіліся ў невадыйскую (цэнтр. зона), ларамійскую (усх. зона) і альпійскую (ціхаакіянская зона) складкавасці. Дакембрыйскія метамарфізаваныя тоўшчы і гранітагнейсы, якія складаюць крышт. фундамент платформы, залягаюць на глыб. 3—4 км у вял. сінеклізах і прагінах. Яны запоўнены асадкавым чахлом пераважна ардовікска-каменнавугальнага і пермскага ўзростаў. На ПнУ, у Канадзе і Грэнландыі архейскія і раннепратэразойскія пароды сфарміравалі Канадскі шчыт.
Карысныя выкапні. Гал. металагенічныя правінцыі — Канадскі шчыт, Апалачы, Кардыльеры. Канадскі шчыт і Апалачы багатыя жалезам, меддзю, нікелем, золатам, плацінай, серабром. У Кардыльерах багатыя радовішчы золата, медзі, серабра, свінцу, вальфраму і інш. У ЗША і Мексіцы, на шэльфе Аляскі і Мексіканскага зал. выяўлена больш за 2 тыс. радовішчаў нафты. Вял. запасы кам. вугалю ў Апалачах (Ілінойскі і Пітсбургскі басейны) і Кардыльерах. Ёсць уранавая сыравіна, фасфарыты, сера, калійныя солі і інш.
Клімат. П.А. размешчана ва ўсіх кліматычных паясах Паўн. паўшар’я, за выключэннем экватарыяльнага. Ціхі ак. уплывае толькі на вузкую паласу ўзбярэжжа. З-за адсутнасці горных хрыбтоў шыротнага напрамку паўн.паветр. масы часам пранікаюць далёка на Пд, паўд. трапічныя — на Пн, Таму для П.А. характэрны рэзкія ваганні т-р паветра. Летам, калі цэнтр.ч. мацерыка моцна награецца і ўсталёўваецца вобласць паніжанага ціску, з Атлантычнага ак. і Мексіканскага зал. прыходзіць вільготнае цёплае паветра. Зімой над Канадай фарміруецца слабавыразная няўстойлівая вобласць высокага ціску з нізкімі т-рамі; халоднае паветра ахоплівае Канаду і значную ч. ЗША. Самыя халодныя месцы П.А. — в-аў Грэнландыя (у цэнтр.ч. ў студз. -46 °C, абс. мінімум -70 °C) і Пн Канады; самае гарачае — ПдЗ ЗША (Даліна Смерці, абс. максімум 56,7 °C).
Вылучаюць 6 кліматычных паясоў: арктычны займае паўн. ўзбярэжжа мацерыка, амаль увесь Канадскі Арктычны архіпелаг, б.ч. Грэнландыі (сярэдняя т-раліп. ніжэй за 5 °C, ападкаў 200—300 мм на З, да 1000 мм на У за год); субарктычны — паўд.-зах. ўзбярэжжа Грэнландыі, сярэднюю частку штата Аляска і паўн.тэр. Канады (сярэдняя т-раліп. 5—10 °C, ападкаў 300—1000 мм); умераны — Пд Канады і значную тэр. ЗША (т-раліп. 10—20 °C, студз. ад -24 да 5 °C, ападкаў ад 400—800 да 6000 мм); субтрапічны — Пд ЗША (т-раліп. 20—26 °C, студз. 10—15 °C, ападкаў менш за 250 мм на З і 1200—1400 мм на ПдУ); трапічны — Мексіку, ПнЦэнтр. Амерыкі, Вест-Індыю і Пд Фларыды (т-ра пастаянная, 18—26 °C, ападкаў ад 1500 мм на У да 100 мм на З); субэкватарыяльны — ПдЦэнтр. Амерыкі (т-ра больш за 20 °C, ападкаў 1000—3000 мм за год).
Гідраграфія. Каля 55% пл. мацерыка ў бас. Атлантычнага ак.; найб. рэкі Місісіпі з Місуры, Рыо-Грандэ, Св. Лаўрэнція, пераважна раўнінныя. 25% пл. належыць да бас. Ціхага ак.: Каларада, Калумбія, Фрэйзер, Юкан — горныя рэкі. Жыўленне снегавое і ледавіковае, падзенне стромкае, даліны глыбокія, шмат каньёнаў. У рэках Паўн. Ледавітага ак. (найб. Макензі, Нельсан, Чэрчыл) профіль нявыпрацаваны, цякуць праз шматлікія азёры, больш як палавіну года ўкрыты лёдам. У паўн.ч. мацерыка, якая трапіла пад абледзяненне, шмат азёр ледавікова-тэктанічнага паходжання. Найбольшыя: Вялікія азёры, Вялікае Мядзведжае возера, Вялікае Нявольніцкае возера, Вініпег, Атабаска, Манітоба. У Кардыльерах басейн Вялікага Салёнага возера не мае сцёку ў акіян. Ледавікі займаюць каля 2 млн.км², у т. л. 1,8 млн.км² на Грэнландыі, 150 тыс.км² на Канадскім Арктычным архіпелагу. Значныя горныя ледавікі ў Кардыльерах Аляскі і Канады.
Глебы і расліннасць. Асн. тыпы глеб і расліннага покрыва размешчаны занальна. На Пн Грэнландыі і Канадскага Арктычнага архіпелага арктычныя пустыні на грубых шкілетных глебах. На Пд архіпелага і паўн. узбярэжжы мацерыка тундравая расліннасць на балотных і тундрава-балотных глебах. Каля 30% пл. мацерыка займае лясная зона на дзярнова-падзолістых і бурых глебах, якая падзяляецца на падзону тайгі (елкі чорная і белая, лістоўніца амерыканская, піхта бальзамічная, хвоя Банкса, у зах. частцы — елка сітхінская, хвоя веймутава, піхта дугласава, туя гіганцкая, тсуга канадская), падзону мяшаных і лісцевых лясоў (клён, дуб, ясень, ліпа амерыканская, каштаны, букі і інш.). У субтрапічных лясах на бурых і жоўтых, мясцінамі на чырвоных глебах побач з лістападнымі пародамі трапляюцца вечназялёныя (цюльпанавае дрэва, магнолія, віргінскі ядловец). Унутр. частку мацерыка займаюць прэрыі на чарназёмных, каштанавых і буразёмных глебах. У сухіх раёнах паміж горнымі хрыбтамі Кардыльераў — пустыні і паўпустыні; расліннасць (кусцікі лебяды, палыну, кактусы, агавы) на шэразёмах. У найб. сухіх паўд. раёнах — фармацыі цвердалістых вечназялёных хмызняковых дубоў (чапараль). На ўсх. беразе Мексікі, у Цэнтр. Амерыцы і ў Вест-Індыі пераважаюць трапічныя лясы, на Мексіканскім нагор’і — сухія стэпы, паўпустыні з кактусамі, юкамі і агавамі.
Жывёльны свет. Тэр. П.А. ўваходзіць у 2 зоагеагр. вобласці: Галарктычную (амаль увесь мацярык да паўд. ч Мексікі) і Неатрапічную (цэнтральнаамерыканскую падвобласць). У зоне тундры — паўн. алень (карыбу), белы мядзведзь, аўцабык, палярныя зайцы, лемінгі, пясцы; на берагавых скалах «птушыныя кірмашы». У лясной зоне — амер. лось, алень-вапіці, бабёр, расамаха, янот-паласкун, ліс, воўк, куніца, вавёрка, скунс. У прэрыях бізон і антылопа-віларог (у запаведніках), каёт, тхор, суслікі, пацукі. У горных раёнах — мядзведзь грызлі, снежны баран, пума. На пустынна-стэпавых пласкагор’ях шматлікія паўзуны. На Пд Мексікі і ў Цэнтр. Амерыцы — малпы, чарапахі, у рэках алігатары.
Насельніцтва. У П.А. жыве каля 470 млн.чал. (1998). Сярэдняя шчыльнасць 19,3 чал. на 1 км², найбольшая на Бермудскіх а-вах — 1179, Барбадасе — 603, найменшая ў Грэнландыі — 0,03 і Канадзе — 3,1 чал. на 1 км². Пераважае гар. насельніцтва (Канада — 77%), ЗША — 76%, Мексіка — 74%). Карэнныя жыхары П.А. (належаць да асобнага адгалінавання мангалоіднай расы) — індзейцы, а таксама эскімосы і алеуты. З 16 ст. ў П.А. сталі перасяляцца іспанцы (Вест-Індыя, Мексіка, Цэнтр. Амерыка), з 17 ст. — французы, галандцы, англічане, ірландцы, немцы і інш., склаліся нацыі амерыканцаў, англа- і франка-канадцаў. Шмат выхадцаў з Еўропы (італьянцы, яўрэі, палякі, украінцы, выхадцы з Скандынаўскіх і Балканскіх краін, венгры і інш.) пераехала ў П.А. ў 19—20 ст.; у ЗША і Канадзе каля 20 тыс. беларусаў. На Пд ад ЗША жывуць народы метыснага паходжання (мексіканцы, гватэмальцы, гандурасцы, нікарагуанцы і інш., склаліся ад змяшання іспанцаў з індзейцамі). Індзейцаў засталося найбольш на Пд Мексікі і ў горных раёнах Гватэмалы. Нашчадкі афр. неграў-рабоў (адносяцца да негроіднай расы) і мулаты (еўрапеоідна-негрыцянскага паходжання) — асн. насельніцтва Гаіці, Ямайкі, інш. краін Вест-Індыі, значная доля насельніцтва ЗША. Большасць насельніцтва П.А. належыць да еўрапеоіднай расы, гаворыць на індаеўрапейскіх мовах, найбольш германскай (англійская мова) і раманскай (іспанская мова) груп. Некат. групы нядаўніх імігрантаў гавораць на інш. мовах. Каля 60% вернікаў належаць да шматлікіх пратэстанцкіх цэркваў і сектаў (пераважна ў ЗША і Канадзе); больш за 30% — католікі (пераважна Мексіка і інш. іспанамоўныя краіны). Ёсць мусульмане, іудаісты, будысты, праваслаўныя, канфуцыянцы, сінтаісты, прадстаўнікі новых рэлігій і сектаў. Гл. таксама Народы Амерыкі, Мовы свету.
Палітычны падзел. На тэр. мацерыка і а-вах Вест-Індыі размешчаны 23 дзяржавы. На мацерыку з Пн на Пд знаходзяцца Канада, ЗША, Мексіка, Беліз, Гватэмала, Гандурас, Сальвадор, Нікарагуа, Коста-Рыка, Панама. Астраўныя дзяржавы: Багамскія Астравы, Куба, Гаіці, Дамініканская Рэспубліка, Ямайка, Сент-Кітс і Невіс, Антыгуа і Барбуда, Дамініка, Сент-Люсія, Барбадас, Сент-Вінсент і Грэнадзіны, Грэнада, Трынідад і Табага. 14 тэрыторый з’яўляюцца ўладаннямі: Грэнландыя, Сен-П’ер і Мікелон, Бермудскія а-вы, Церкс і Кайкас, Кайман а-вы, Пуэрта-Рыка, Віргінскія а-вы (брыт.), Віргінскія а-вы (ЗША), Ангілья, Мантсерат, Гвадэлупа, Марцініка, Аруба, Нідэрландскія Антыльскія а-вы. Пра дзяржавы і ўладанні гл. адпаведныя артыкулы.
А.Я.Яротаў.
Да арт.Паўночная Амерыка. Пустыня на ўсходзе штата Арызона.Да арт.Паўночная Амерыка. На водападзеле паміж Ціхім акіянам і Мексіканскім залівам.Да арт.Паўночная Амерыка. Бурыя мядзведзі на Алясцы.Да арт.Паўночная Амерыка. Схілы гор Сьера-Невада.Да арт.Паўночная Амерыка. Частка Ніягарскага вадаспаду і горад Ніягара-Фолс (ЗША).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ФРЫКА,
другі па велічыні пасля Еўразіі мацярык, частка свету. Пл. 29,2 млн.км², з астравамі 30,3 млн.км². Размешчана ва Усх. паўшар’і, амаль пасярэдзіне перасякаецца экватарам. Крайнія пункты: на Пн мыс Эль-Аб’яд, 37°20′паўн. ш.; на Пд мыс Ігольны (Агульяс), 34°52′паўд. ш.; на З мыс Альмады, 17°32′зах. д.; на У мыс Хафун, 51°23′усх. д. Афрыка працягнулася з Пн на Пд амаль на 8000 км, з З на У на 3100 км у паўд. і да 7500 км у паўн. частках. Злучана з Азіяй вузкім (112 км) Суэцкім перашыйкам, ад Еўропы аддзяляецца Міжземным морам і Гібралтарскім пралівам. На З абмываецца Атлантычным ак., на У — Індыйскім ак. і Чырвоным морам. Берагі пераважна прамалінейныя, абразійныя, стромкія, з вузкай палоскай прыбярэжных нізін, у трапічных шыротах месцамі з каралавымі рыфамі. Зручных бухтаў мала, вял. залівы Гвінейскі на З і Сідра (Вял. Сірт) на Пн, у Міжземным моры. Найб.п-аў Самалі (Афрыканскі Рог). Да Афрыкі як часткі свету належаць астравы (агульная пл. 1,1 млн.км²): на У Мадагаскар, Каморскія, Маскарэнскія, Аміранцкія, Сейшэльскія, Альдабра, Пемба, Мафія, Занзібар, Сакотра; на З Мадэйра, Канарскія, Зялёнага Мыса, Анабон, Сан-Таме, Прынсіпі, Біёка (б. Фернанда-По), аддаленыя ў Атлантычным ак. а-вы Ушэсця, Св. Алены, Трыстан-да-Кунья і інш.
Рэльеф. У рэльефе Афрыкі спалучаюцца ступеньчатыя раўніны, плато, пласкагор’і і нагор’і са шматлікімі астанцовымі вяршынямі, лававым покрывам і вулканамі. Паводле вышыні паверхні над узр. м. (сярэдняя 750 м) Афрыка падзяляецца на паўн.-зах. Нізкую Афрыку і паўд.-ўсх. Высокую Афрыку. На б.ч. Нізкай Афрыкі размешчаны раўніны і плато Сахары, сярод якіх узвышаюцца нагор’і Ахагар (г. Тахат, 3003 м) і Тыбесты (вулкан Эмі-Кусі, 3415 м), і Судана — плато і пласкагор’і Аір (2022 м), Энеды (1450), Дарфур (3088 м) і інш. На ПнЗ Атласкія горы (г. Тубкаль, 4165 м). Над берагам Гвінейскага зал. ўзнімаецца Паўн.-Гвінейскае узв. (г. Бінтымані, 1948 м). На Пд Нізкая Афрыка — упадзіна Конга, што аддзяляецца ад Атлантычнага ак.Паўд.-Гвінейскім узв. (1500—2000 м). Да Высокай Афрыкі належыць Эфіопскае нагор’е (г. Рас-Дашэн, 4623 м), якое на У абрываецца да самай нізкай у Афрыцы ўпадзіны Афар (-153 м), і Усх.-Афрыканскае пласкагор’е з вулканічнымі конусамі (Кіліманджара, 5895 м — найвышэйшы пункт Афрыкі). На Пд Афрыкі знаходзіцца раўніна Калахары (выш. 900—1000 м). Яе акружаюць на У і ПнУ плато і нагор’і Матабеле і Велд, на Пд Верхняе Кару (горы Сніўберге, 2505 м), на З Намакваленд, Дамараленд, Каока. На У павышаны рэльеф вакол Калахары стромка абрываецца да Індыйскага ак., дзе Драконавы горы і нагор’е Басута з найвышэйшым пунктам на Пд Афрыкі г. Тхабана-Нтленьяна (3482 м) утвараюць Вял. Уступ, на Пд — да ўпадзіны Вял. Кару, на З — да Атлантычнага ак. (хр. Сера-да-Шэла). На крайнім Пд мацерыка ўзвышаюцца Капскія горы (2326 м). Рэльеф, падобны да Паўд. Афрыкі, мае в-аў Мадагаскар. Усходнюю ч. Афрыкі з Пн на Пд перасякае Усходне-Афрыканская рыфтавая сістэма з глыбокімі вузкімі ўпадзінамі, занятымі азёрамі, глыбавымі гарамі і вулканічнымі масівамі з патухлымі і дзеючымі вулканамі.
Геалагічная будова. Амаль усю тэр. Афрыкі займае стараж.Афрыканская платформа (Афрыкана-Аравійская).
Дакембрыйскія метамарфічныя тоўшчы і граніты, што складаюць фундамент платформы, залягаюць на глыб. 8—10 км у вялізных тэктанічных упадзінах і прагінах, якія запоўнены асадкавымі пародамі платформавага чахла (да гэтых структур часта прымеркаваны раўніны і плато). У шчытах і масівах крышт. фундамент выходзіць на паверхню (нагор’і Ахагар і Тыбесты, Паўн.-Гвінейскае узв., хрыбет Этбай на беразе Чырвонага м., плато Дарфур і інш.). У палеазоі на Пд Афрыкі развівалася мацерыковае зледзяненне (на фоне тэктанічнага падняцця), у мезазоі — базальтавы вулканізм з утварэннем лававых покрываў (трапаў). У сярэдзіне кайназою зноў пачалося падняцце паверхні, асабліва інтэнсіўнае на У Афрыкі, што прывяло да расколу платформы і ўтварэння ў міяцэне Усх.-Афрыканскай рыфтавай сістэмы, якая працягнулася больш чым на 6000 км ад паўн. ускраіны Чырвонага м да р. Замбезі. Рыфтагенез суправаджаўся базальтавым і шчолачным вулканізмам, у пліяцэне ўзніклі вулканы Кіліманджара, Кенія (5199 м), Меру (4567 м) і інш. На Пд да платформы прылягаюць складкава-глыбавыя структуры Капскіх гор (герцынскай складкавасці), на ПнЗ — складкавая сістэма Атласкіх гор (герцынскай і альпійскай складкавасці). У антрапагене Афрыка аддзялілася ад Еўропы. Мацерыковае зледзяненне плейстацэну выявілася эпохамі ўвільгатнення ў Сахары і інш. пустынях (плювіяльныя эпохі, ад якіх засталіся уэды, высахлыя азёры і інш.).
Карысныя выкапні. У Афрыцы вядомы радовішчы амаль усіх відаў карысных выкапняў. Яна займае 1-е месца сярод іншых мацерыкоў па запасах марганцавых рудаў, храмітаў, баксітаў, золата, плаціноідаў, кобальту, ванадыю, алмазаў, фасфарытаў, флюарыту, 2-е — па запасах медных рудаў, урану, сурмы, берылію, азбесту, графіту, 3-е — па запасах нафты, прыроднага газу, ртуці, жал. руды; ёсць значныя запасы рудаў тытану, нікелю, вісмуту, літыю, танталу, ніобію, волава, вальфраму, а таксама каменнага вугалю, каштоўных камянёў і інш.
Клімат. Афрыка — самы гарачы мацярык (сумарная сонечная радыяцыя 180—200 ккал/см² за год) з пераважна кантынентальным кліматам (рэзкія ваганні сутачных тэмператур і сухасці). Асн. працэс агульнай цыркуляцыі атмасферы над Афрыкай — перанос да экватара трапічнага паветра пасатамі. Т-ры паветра ў Паўн. і Паўд. паўшар’ях мала адрозніваюцца, а характар і велічыня ападкаў на працягу года вельмі зменлівыя, на б.ч. тэрыторыі адзначаецца недахоп вільгаці, вылучаюцца сухі і вільготны сезоны.
У поясе экватарыяльнага клімату паміж 2°паўд. і 8°паўн. ш. сума ападкаў за год перавышае 1000 мм, у самым вільготным месцы Афрыкі на зах. схілах масіву Камерун, у Дэбунджы, дасягае больш за 9000 мм. Тэмпературы на працягу года 25—28 °C (удзень блізкія да 30 °C, уначы каля 20 °C). Паясы субэкватарыяльнага клімату (экватарыяльных мусонаў) распрасціраюцца да 19°паўн. і 16°паўд. ш. Выпадае ад 250—300 да 500—1800 мм ападкаў (2 сезоны дажджоў). Тэмпература на працягу года вагаецца ад 26—31 °C да 14—18 °C на Пн ад экватара, на Пд складае 20—27 °C. Далей, да 30°паўн. і 30°паўд. ш., размяшчаюцца паясы трапічнага клімату, дзе выпадае менш за 100 мм, ва Усх. Сахары 10—20 мм ападкаў за год (у г. Асуан дажджы выпадаюць не кожны год). У тропіках Паўн. паўшар’я самыя высокія т-ры ў Афрыцы — у ліп. месцамі да 38 °C, макс. 57,8 °C адзначана ў Эль-Азізіі (Лівія). Назіраюцца значныя месячныя і сутачныя ваганні т-ры (да 20 °C). Паўн. і паўд. ўскраіны мацерыка знаходзяцца ў паясах субтрапічнага клімату, дзе ападкі (ад 100—250 мм на У да 500—1000 мм за год на З) выпадаюць зімой, т-ры летніх месяцаў 20—25 °C, зімовых 10—15 °C, у гарах Атлас выпадае снег, т-ры могуць зніжацца да -6, -8 °C.
Унутраныя воды. Гідраэнергетычны патэнцыял Афрыкі складае больш за 20% ад сусветнага, па запасах гідраэнергіі яна займае 2-е месца пасля Азіі. У Афрыцы цячэ самая доўгая рака свету — Ніл (6671 км), самая паўнаводная рака Усх. паўшар’я — Конга, тут знаходзяцца 2-е па глыбіні (пасля Байкала) возера Зямлі — Танганьіка (1470 м) і 2-е па плошчы (пасля воз. Верхняе ў Паўн. Амерыцы) воз. Вікторыя (68 тыс.км²).
Найб. густая рачная сетка ў цэнтр. і зах.ч. прыэкватарыяльнай Афрыкі, у пустынях рэкі з пастаянным цячэннем адсутнічаюць (акрамя транзітных, як Ніл). У Атлантычны ак., басейн якога ахоплівае 50% тэр. мацерыка, упадаюць Конга (4320 км), Нігер, Сенегал, Гамбія, Аранжавая і інш., у Міжземнае мора — Ніл. Да бас. Індыйскага ак. (18,5% тэр.) належыць Замбезі (2660 км), Лімпопа, Рувума, Руфіджы, Джуба, Тугела і рэкі Мадагаскара. Ступеньчаты рэльеф спрыяе ўтварэнню парогаў і вадаспадаў. Самы вялікі вадаспад Вікторыя на р. Замбезі (выш. 120 м, шыр. 1800 м), самы высокі каскад вадаспадаў Тугела (933 м) на р. Тугела ў Драконавых гарах. Жыўленне рэк пераважна дажджавое, у пустынях і паўпустынях — грунтавое. Шматгадовы снег на некаторых вяршынях Усх. Афрыкі і сезонны на ПнЗ Атласкіх гор істотнага ўплыву на водны рэжым рэк не мае. У Афрыцы шмат азёраў, многія ў катлавінах тэктанічнага паходжання (у рыфтах Усх. Афрыкі): Танганьіка, Мабуту-Сесе-Сека (б. Альберт), Іды-Амін-Дада (б. Эдуард), Ківу, Туркана (б. Рудольф), Малаві (Ньяса) і інш.Воз. Вікторыя займае спадзістае тэктанічнае паніжэнне за межамі зоны разломаў. Ва ўнутр. бяссцёкавых абласцях азёры найчасцей салёныя, са зменлівымі ўзроўнем і плошчай, некаторыя перасыхаюць у сухі сезон, найб. сярод іх воз. Чад (пл. 10—26 тыс.км², глыб. 2 м). У Афрыцы створана шмат вадасховішчаў для арашэння і энергет. забеспячэння, найб. Вольта, Насэр і інш.
Глебы і расліннасць. У Афрыцы лясы і рэдкалессі займаюць каля 27%, саванны — 33%, пустыні і паўпустыні — 40% тэрыторыі. На мацерыку добра выяўляецца занальнасць глебавага і расліннага покрыва. Экватарыяльныя і трапічныя пастаянна вільготныя вечназялёныя і мяшаныя лясы (гілея) займаюць узбярэжжа Гвінейскага зал. і ўпадзіну Конга паміж 7°паўн. і 5°паўд. ш., дзе пашыраны чырвона-жоўтыя фералітавыя глебы. Лясы густыя, шмат’ярусныя, з ліянамі і эпіфітамі, багатыя на віды: 3000 відаў дрэў (40 з іх маюць каштоўную драўніну — эбенавае, сандалавае, чырвонае і інш.). Далей на Пн і Пд, дзе 2—3 месяцы засушлівы перыяд, распасціраюцца пераменна-вільготныя мяшаныя, часткова лістападныя трапічныя лясы (капалавае дрэва, хларафора высокая і інш.). Да гэтых лясоў прымыкае велізарная зона саваннаў, якая цягнецца да 18—19°паўн. ш., у паўд. Афрыцы — на Пд ад тропіка, на У — да Індыйскага ак. Вільготная высакатраўная саванна (гвінейская) — з участкамі трапічных лясоў, рэдкастойнымі масівамі акацый, баўгіній, баабабамі і слановымі травамі (4—5 м вышынёй) і інш. Нізкатраўная (тыповая, суданская) саванна развіта на чырв. і чырв.-карычневых фералітавых глебах, мае суцэльнае покрыва злакавых траў (барадач, тэмеда, гіпарэнія), паасобныя баабабы і дрэвы з парасонападобнай кронай (акацыі, паркія, пальма дум). Сухая, апустыненая саванна (сахельская) развітая ў сахелі і паўпустыні Калахары. Травяное покрыва з геафітаў (пераважна лілейных) і дзярністых злакаў. Рэдкія акацыі. Глебы чырв. і чырв.-бурыя, на значных плошчах пашкоджаны пры выпасе свойскай жывёлы і ператварыліся ў рухомыя пяскі. Найб. урадлівыя і асвоеныя ў саваннах цёмна-чырв. фералітавыя глебы на выхадах на паверхню базальтаў ва Усх. Афрыцы. За саваннамі, далей ад экватара, цягнецца зона пустыняў і паўпустыняў: у Паўн. паўшар’і Сахара — найбольшая трапічная пустыня свету, у Паўд. паўшар’і Наміб і Кару. У Сахары рэдкая ксерафільная расліннасць, глебы пустынныя слабаразвітыя: камяністыя (адпавядаюць тыпу пустыняў хамады), пяскі і пясчаныя (эргі), жвірова-галечнікавыя (рэгі), на якіх трапляюцца саланчакі (себхі). У пустыні Наміб пераважна сукулентная расліннасць, у т. л. вельвічыя, лілейныя і інш., пясчаныя і камяністыя пустынныя глебы. Паўпустыні Афрыкі злакава-хмызняковыя, з характэрным кавылём альфа. У Атласкіх гарах і на нізінным паўн. узбярэжжы пашырана міжземнаморская расліннасць з субтрапічных вечназялёных цвердалістых і лістападных лясоў (кіпарысы, алівы, міндаль, ліванскі кедр, коркавы дуб, розныя хвоі). Развіты таксама другасныя хмызняковыя і палынна-злакавыя асацыяцыі (тыпу фрыгана, маквіс, гарыга). Пераважаюць шэра-карычневыя, карычневыя, чырвона-бурыя апустыненыя і бурыя лясныя глебы; высокай урадлівасцю вылучаюцца алювіяльныя глебы ў даліне Ніла. На крайнім Пд Афрыкі субтрапічная расліннасць сфарміравана з больш старажытных, чым на Пн, фларыстычных элементаў (нагаплоднік, дрэвападобная папараць і інш.) на жаўтазёмах, карычневых і горных бурых лясных глебах. На большай частцы Афрыкі глебы малаўрадлівыя, выкарыстоўваецца толькі 1/5 зямель, прыдатных для ворыва.
Жывёльны свет Афрыкі багаты і разнастайны. Захаваліся прадстаўнікі стараж. мацерыковых фаун з канца мезазою, якія з’яўляюцца эндэмікамі або агульнымі з фаунамі Паўд. Амерыкі, Паўд. Азіі, Аўстраліі. Афрыка ўваходзіць у Галарктычную фауністычную вобласць Арктагеі (Пн мацерыка з Сахарай), Эфіопскую і Мадагаскарскую вобласці Палеагеі. У афр. частцы Галарктычнай вобласці характэрныя лань, дзік, падвіды высакароднага аленя, бурага мядзведзя і ліса, леапард, звычайная генета, егіпецкі мангуст, грабеньчаты дзікабраз і інш. У Сахары і паўпустынях жывуць антылопа лірарогі буйвал, газелі, леў, гепард, каракал, аксамітны і дзікі каты, ліс фенек, паласатая і плямістая гіены, мноства тушканчыкаў, пясчанак і інш. Сярод птушак пустынны жаваранак, дрофы, рабкі і інш. У Паўн. Афрыцы зімуюць шматлікія пералётныя птушкі, сярод іх каля 17 відаў з Беларусі (гл. ў арт.Вырай). Шматлікія паўзуны (гадзюкі Авіцэны і рагатая, гюрза і інш.), з беспазваночных — павукападобныя, саранча. У Эфіопскай вобласці жывуць своеасаблівыя статкавыя капытныя — блакітны гну, зебры, газелі Томпсана і Гранта; шматлікія даманы (блізкія да сланоў малыя жывёлы), бегемот, трубказубы, афрыканскі слон, малпы гамадрыл і бабуін; з драпежных — леў, леапард, гепард, гіенавы сабака, каракал, шакал; сярод птушак — афрыканскі страус, цацаркі, птушка сакратар і інш. У экватарыяльных і трапічных лясах водзяцца кутасавухая свіння, вадзяны алянёк, акапі, гарыла, шымпанзе, дзікабразы, дрэвавыя даманы, з птушак — турака, птушкі-насарогі, папугаі, з паўзуноў — геконы, хамелеоны, дрэвавыя змеі, кракадзілы, з беспазваночных — тэрміты (каля 500 відаў), тараканы і інш. Астраўная фауна Мадагаскарскай вобласці адметная — гэта лясная фауна, у якой пануюць лемуры, ёсць тэнрэкі, вівера фоса, мадагаскарскія пастушкі, чырванадзюбыя попаўзні, чарапахі. Для аховы жывёльнага свету ў Афрыцы арганізавана больш за 150 заказнікаў і нац. паркаў.
Прыроднае раянаванне Афрыкі адлюстроўвае геагр. занальнасць. Вылучаюцца: экватарыяльны пояс (без падзелу на прыродныя краіны); субэкватарыяльны пояс з краінамі Судан, Паўн.-Гвінейскае узв., Эфіопскае нагор’е і п-аў Самалі, Усх. Афрыка, упадзіна Конга; трапічны пояс з краінай Сахара і часткай краіны Паўд. Афрыкі; субтрапічны пояс з краінай Атлас на Пн і часткай краіны Паўд. Афрыка (Капскія горы і паўд.-ўсх. ўскраіна мацерыка). Афрыку таксама падзяляюць на прыродныя вобласці: Паўн. Афлрыка, Зах. Афрыка, Цэнтр. Афрыка, Усх. Афрыка і Паўд. Афрыка.
Насельніцтва. У Афрыцы жыве больш за 700 млн.чал. (1994) — больш за 12% насельніцтва Зямлі. Шчыльн. ад 0,3 да 200, у даліне Ніла больш за 1000 чал. На 1 км². Этнічны склад вельмі стракаты. Афрыку насяляюць некалькі соцень вялікіх і малых этнасаў, 107 з іх налічваюць больш за 1 млн.чал. кожны, а 24 — больш за 5 млн. (самыя шматлікія: егіпецкія арабы, хаўса, йоруба, алжырскія і мараканскія арабы, фульбе, ігба, амхара, арома, суданскія арабы). Найб. пашырана арабская мова, на Пд ад Сахары — мовы банту. Народы Афрыкі належаць да некалькіх рас: інда-міжземнаморскай, негра-аўстралійскай (уключае негрскую, негрыльскую і бушменскую малыя расы), эфіопскай і інш. Па веравызнанні ў многіх краінах на Пн ад экватара (Алжыр, Марока, Егіпет, Судан, Лівія, Сенегал, Самалі, Нігер, Чад і інш.) пераважаюць прыхільнікі ісламу суніцкага кірунку. Хрысціяне (католікі і пратэстанты) складаюць ½ насельніцтва ПАР, Намібіі, Лесота, Бурундзі, Габона. Найб. старажытная канфесія ў Афрыцы — манафісіцкая царква (пераважна народа амхара ў Эфіопіі). Ёсць прыхільнікі хрысціянска-афрыканскіх цэркваў, індуізму і іудаізму. У некаторых краінах Пд ад Сахары захаваліся мясцовыя традыц. вераванні. Гл. таксама Народы Афрыкі.
Палітычны падзел. У межах Афрыкі размешчаны дзяржавы: Алжыр, Ангола, Батсвана, Бенін, Буркіна-Фасо, Бурундзі, Габон, Гамбія, Гана, Гвінея, Гвінея-Бісау, Джыбуці, Егіпет, Заір, Замбія, Зах. Сахара, Зімбабве, Кабо-Вердэ, Камерун, Каморскія Астравы, Кенія, Конга, Кот-д’Івуар, Лесота, Ліберыя, Лівія, Мадагаскар, Мазамбік, Малаві, Малі, Марока, Маўрыкій, Маўрытанія, Намібія, Нігер, Нігерыя, Паўд.-Афрыканская Рэспубліка (ПАР), Руанда, Самалі, Сан-Таме і Прынсіпі, Свазіленд, Сейшэльскія Астравы, Сенегал, Судан, Сьера-Леоне, Танзанія, Тога, Туніс, Уганда, Цэнтральнаафрыканская Рэспубліка (ЦАР), Чад, Экватарыяльная Гвінея, Эрытрэя, Эфіопія (пра кожную краіну гл. асобны артыкул). Некаторыя астравы належаць краінам Еўропы: Канарскія Іспаніі; Мадэйра Партугаліі; а-вы Святой Алены, Ушэсця і Трыстан-да-Кунья ўладанне Вялікабрытаніі; в-аў Рэюньён у групе Маскарэнскіх а-воў — замежны дэпартамент Францыі. Гарады Сеута і Мелілья на Міжземнаморскім узбярэжжы Марока знаходзяцца пад кіраваннем Іспаніі.
Да арт.Афрыка. Субальпійскі ландшафт гор Усходняй Афрыкі.Да арт.Афрыка. Дарога ў саванне.Да арт.Афрыка. У афрыканскай саванне.Да арт.Афрыка. Горныя лясы Уганды.