АЗЕРБАЙДЖА́НСКІ ГО́РНЫ МЕРЫНО́С,

парода танкарунных авечак воўнавага кірунку. Выведзена ў 1935—47 у гаспадарках Азербайджана скрыжаваннем малапрадукцыйных мерыносавых авечак з баранамі асканійскай і каўказскай танкарунных парод, а таксама помесяў мясц. грубашэрсных авечак пароды базах з танкаруннымі баранамі. Шырока выкарыстоўваюць для паляпшэння шэрсных якасцяў мясц. авечак.

Жывёлы рухавыя, трывалыя, добра прыстасаваныя да пашавага ўтрымання ў горных раёнах. Маюць моцны касцяк, дужыя ногі, развітую грудную клетку з вял. аб’ёмам лёгкіх; скура тлустая, шчыльная, без складак. Жывая маса бараноў 70—80 (да 100) кг, матак 45—50 (да 70) кг. Воўна 64—70-й якасці, даўж. 7,5—9 см. Гадавы настрыг воўны з бараноў 8—10 кг, з матак 4,5—5 кг. Выхад чыстай воўны 42—45%. Пладавітасць 112—120%.

Азербайджанскі горны мерынос.

т. 1, с. 161

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСНІКІ́,

у беларусаў каляровыя стужкі, тасёмкі з разнаколерных шаўковай, баваўнянай тканін ці даматканай шарсцянкі, якія ўпляталі ў косы і ўпрыгожвалі дзявочую прычоску; часам К. ўквечвалі пярэстымі пучкамі часанай воўны (вясельны ўбор маладой Ляхавіцкага строю). Выйшлі з ужытку.

т. 8, с. 150

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́РУА, Гарва (Garua, Garoua),

горад на Пн Камеруна. Адм. ц. Паўн. вобласці 160 тыс. ж. (1992). Порт на правым беразе р. Бенуэ (абслугоўвае таксама Рэспубліку Чад). Аэрапорт. Вываз бавоўны, арахісу, мяса, воўны, скур. Харч., бавоўна-ачышчальная, тэкст. прам-сць.

т. 5, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАІ́Я-БЛА́НКА (Bahia Blanka),

горад на ПдУ Аргенціны. Засн. ў 1828. 255,1 тыс. ж. (1991). Буйны порт у зал. Баія-Бланка (вываз пшаніцы, мяса, воўны). Чыг. вузел. Нафтаперапр. і нафтахім., мясахоладабойная, мукамольная, гарбарная прам-сць. Нац. Ун-т.

т. 2, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕЛЮ́Р (ад франц. velours аксаміт),

тканіна, скура і інш. матэрыялы з мяккім ворсавым аксамітным добрым бокам: велюр-драп, велюр-аксаміт і інш. Вырабляюць з воўны (велюр-драп), са скуры свіней ці рагатай жывёлы хромавым дубленнем (хромавая замша). Выкарыстоўваюць на верхняе адзенне, галаўныя ўборы, абутак.

т. 4, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САВЕ́ЦКІ МЕРЫНО́С,

парода танкарунных авечак воўнавага і мяса-воўнавага кірунку. Выведзена ў 1920—51 у паўд. раёнах еўрап. ч. СССР паляпшэннем і скрыжаваннем мазаеўскіх і новакаўказскіх авечак з баранамі асканійскай пароды, прэкас, рамбулье, каўказскай і інш. Выкарыстоўваліся пры вывядзенні грузінскай танкаруннай і забайкальскай парод. У 1960—80 адна са шматлікіх танкарунных парод авечак у СССР. Гадуюць пераважна ў Расіі (паўд. раёны, Зах. Сібір і інш.) і Казахстане.

Жывёлы моцнай канстытуцыі, з прапарцыянальным тулавам, магутным касцяком. Скура шчыльная, на шыі 1—2 невял. папярочныя складкі ці 1 падоўжная (бурда). Маса бараноў 90—110 (да 130) кг, матак 50—55 (да 70) кг. Руно самкнутае, воўна мерыносавая, эластычная, мяккая, ураўнаваная па тонкасці і даўж. (7,5—10 см), з раўнамернай пакручастасцю. Настрыг воўны з бараноў 13—16 (да 24) кг, з матак 5—7 кг. Выхад чыстай воўны 36—42%. Плоднасць 120—140 ягнят на 100 матак.

Савецкі мерынос.

т. 14, с. 67

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯВІННАМЫ́СК,

горад у Стаўрапольскім краі, у Расіі, на р. Кубань. 131,9 тыс. ж. (1996). Чыг. вузел. Прам-сць: эл.-тэхн., машынабудаванне і металаапрацоўка, лёгкая (ф-кі камвольна-прадзільная, пач. перапрацоўкі воўны), харчовая; ВА «Азот». ГРЭС. Філіял Стаўрапольскага політэхн. ін-та. Краязн. музей. У Н. пачынаецца Нявіннамыскі канал (падае ваду з р. Кубань у р. Егарлык).

т. 11, с. 404

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУ́ТНІКАЎСКАЯ СУКО́ННАЯ МАНУФАКТУ́РА.

Дзейнічала ў 1781—1809 у в. Путнікі (цяпер вёска ў Шклоўскім р-не Магілёўскай вобл.). Размяшчалася ў 2 мураваных будынках. Мела 12 станкоў. У 1797 працаваў 121 чал., нарыхтавана 2 тыс. пудоў воўны, выраблена сукнаў: белага 8 тыс. аршынаў, тонкага 1,8 тыс. аршынаў, простага 21 тыс. аршынаў, байкі 5 тыс. аршынаў.

т. 13, с. 131

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАСА́ННЕ валакністых матэрыялаў,

раздзяленне касмылькоў валокнаў (бавоўны, воўны, лёну і інш.) на асобныя валокны, выдаленне смецця і інш. заган, злучэнне валокнаў у стужку ці ў роўніцу, адзін з асн. працэсаў падрыхтоўкі да прадзення. Выконваецца пасля трапання. Ч. робяць ігольчастымі паверхнямі рабочых органаў часальных машын. Ч. часам называюць і прачэсванне валакна грэбенем (гл. Грэбенечасальная машына).

т. 17, с. 251

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АВЕЧКАГАДО́ЎЛЯ,

галіна жывёлагадоўлі па развядзенні авечак. Дае сыравіну для лёгкай прам-сці (воўну, аўчыну, смушак) і харч. прадукты (бараніну, лой, малако). Найб. каштоўная сыравіна — тонкая і паўтонкая воўна, з якой вырабляюць шарсцяныя тканіны. У свеце існуюць дзесяткі парод і пародных груп авечак. Авечкагадоўля мае шэраг кірункаў: танкарунны, паўтанкарунны, паўгрубашэрсны і грубашэрсны, апошні падзяляецца на смушкавы, футравы, мяса-воўнавы, мяса-воўна-малочны, мяса-сальны.

У краінах Еўропы гадуюць пераважна паўтанкарунныя пароды авечак (Вялікабрытанія, Ірландыя, Нарвегія, Данія, Балгарыя) і танкарунныя (Францыя, Румынія, Венгрыя і інш.). У Кітаі і Манголіі пераважаюць грубашэрсныя пароды. У краінах Сярэдняй Азіі, Афганістане і Паўд. Афрыцы развіта каракуляводства. У Аргенціне пераважаюць паўтанкарунныя авечкі, ва Уругваі — красбрэды, у ЗША — авечкі тыпу англ. караткашэрсныя. Найб. пагалоўе авечак сканцэнтравана ў Аўстраліі, Аргенціне, Новай Зеландыі, Уругваі, ЗША і ПАР (больш за 50% сусв. вытв-сці воўны). У краінах СНД асн. раёны авечкагадоўлі — Паўн. Каўказ, Паволжа, Украіна, Казахстан, Сярэдняя Азія і Закаўказзе. Па колькасці авечак і вытв-сці воўны 1-е месца ў свеце займае Аўстралія, па экспарце бараніны і вытв-сці найб. высакаякаснай красбрэднай воўны — Новая Зеландыя, дзе амаль уся авечкагадоўля мяса-воўнавых і паўтанкарунных парод.

На Беларусі авечкагадоўляй сталі займацца ў пач. 18 ст. Гадавалі пераважна грубашэрсных нізкапрадукцыйных авечак. У 1913 танкарунных авечак (мерыносаў) было толькі 6% ад агульнага пагалоўя. Паляпшэнне племянных і прадукцыйных якасцей авечак пачалося ў даваен. гады. Планавыя пароды — прэкас, латвійская цёмнагаловая і раманаўская. У гаспадарках рэспублікі авечкагадоўля — дадатковая галіна жывёлагадоўлі. Пераважае мяса-воўнавая авечкагадоўля. Пагалоўе авечак па шэрагу прычын, у асн. эканам. характару, паступова змяншаецца. На пач. 1985 ва ўсіх гаспадарках было 640,2 тыс. авечак, у 1900 — 475,5, у 1994 — 271,3 тыс.

Г.​П.​Астапенка, Я.​М.​Сапільнікаў.

т. 1, с. 62

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)