АБРАСТА́ННІ, перыфітон,
сукупнасць водных арганізмаў, якія пасяляюцца на штучных (днішчы суднаў, буі, збудаванні на па́лях, трубаправоды, прычалы) і прыродных (камяні, карчы, вышэйшыя водныя расліны і інш.) цвёрдых субстратах. Складаюцца з бактэрый, грыбоў, прасцейшых, водарасцяў, чарвей, імшанак, малюскаў, губак. З’яўляюцца прыродным біяфільтрам, індыкатарам якасці вады, прадуцэнтам арган. рэчываў, кармавой базай і сховішчам для водных жывёл. Прыносяць вял. страты засмечваннем водазабіральных адтулін, трубаправодаў, памяншаюць скорасць руху суднаў і г.д.
т. 1, с. 39
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРА... (ад грэч. hydōr вада),
першая састаўная частка складаных слоў, якая паказвае на адносіны іх да вады, водных прастораў, напр., гідраакустыка, гідрабіялогія.
т. 5, с. 220
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́РДЭРАВА ЗАЛО́ЗА,
вочная залоза мігальнай перапонкі ў большасці наземных і другасна-водных пазваночных жывёл. Выдзяляе тлусты сакрэт, які змазвае пярэднюю паверхню вока (рагавіцу), захоўвае яе ад высыхання, у водных жывёл — ад уздзеяння вады. У большасці жывёл гардэрава залоза знаходзіцца ў вобласці ніжняга павека каля ўнутр. (насавога) вугла вока. Добра развіта ў рыючых паўзуноў (напр., у амфізбенаў, слепазмеек). У многіх млекакормячых, у т. л. ў чалавека, рэдукавана. Гардэраву залозу ўпершыню апісаў швейц. анатам І.Гардэр у аленя (1694).
т. 5, с. 60
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВОДАРАЗМЕРКАВА́ННЕ,
планавы забор вады з водных аб’ектаў, транспарціроўка яе ў вузлы выдачы і размеркаванне паміж спажыўцамі. Улічваюцца рэжым крыніц вады, аб’ём зарэгуляванага сцёку, страты вады на фільтрацыю, выпарэнне, сан. попускі і інш. Памеры, тэрміны і парадак падачы вады водакарыстальнікам вызначаюцца паводле планаў водакарыстання (унутрыгаспадарчых, басейнавых і інш.). Водаразмеркаванне праводзіцца ў першую чаргу для задавальнення патрэб насельніцтва ў пітной і быт. вадзе, рацыянальнага і эканомнага выкарыстання водных рэсурсаў, забеспячэнне неабходнай колькасці і якасці вады, прадухілення шкоднага ўплыву яе на навакольнае асяроддзе.
А.А.Макарэвіч.
т. 4, с. 249
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУ́ГАЛЬНАЯ КІСЛАТА́,
слабая і нетрывалая двухасноўная кіслата, H2CO3. Утвараецца пры растварэнні дыаксіду вугляроду ў вадзе, у звычайных умовах існуе ў разбаўленых водных растворах. Утварае 2 рады солей — карбанаты і гідракарбанаты.
т. 4, с. 284
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВОДНАСПАРТЫ́ЎНЫ КАМБІНА́Т (рэспубліканскі ў Мінску. Дзейнічае з 1967) (арх. В.Ладыгіна),
першы басейн з 1961. Уключае 3 закрытыя басейны з трыбунамі на 1 тыс. гледачоў, 2 адкрытыя з падагрэвам вады, аздараўленчы комплекс, які складаецца з лазняў з парыльнямі і адкрытага басейна з мінер. вадой. Агульная пл. ўсіх спарт. і дапаможных збудаванняў 18 га, пл. вады басейна 6200 м². Прапускная здольнасць збудаванняў 4,5 тыс. чал. за суткі. Праводзяцца рэсп. і міжнар. спаборніцтвы па водных відах спорту, выкарыстоўваецца і як навуч. база. Асн. база падрыхтоўкі нац. алімпійскіх каманд Беларусі па водных відах спорту.
т. 4, с. 251
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ДНАЯ ГАСПАДА́РКА,
галіна гаспадаркі па вывучэнні, уліку, комплексным выкарыстанні і ахове водных рэсурсаў. Асн. задача — забеспячэнне вадой усіх галін гаспадаркі і патрэб насельніцтва, а таксама абарона насельніцтва і матэрыяльных каштоўнасцей ад разбуральнага ўздзеяння вады. У воднай гаспадарцы выконваюцца работы па ўзвядзенні гідратэхн. збудаванняў, іх эксплуатацыі і кантролі за ўмовамі выкарыстання водных рэсурсаў пры водаразмеркаванні, водакарыстанні і водаспажыванні.
На Беларусі водная гаспадарка ў асобную галіну не вылучана. Выкарыстанне і ахова вод рэгулююцца водным заканадаўствам. Улік водных рэсурсаў, іх выкарыстанне і якасць вады апісаны ў водным кадастры. У 1994 спажыта 2327 млн. м³ свежай вады, з іх на гасп.-пітныя мэты 713 млн. м³, на вытв. водазабеспячэнне (без уліку сельскай гаспадаркі) 1294 млн. м³, на арашэнне і с.-г. водазабеспячэнне 320 млн. м³. Забрана вады з прыродных крыніц 2442 млн. м³, у т. л. падземных вод 1149 млн. м³. Аб’ём абаротнай і паслядоўна выкарыстанай вады склаў 85% ад агульнага аб’ёму на вытв. мэты.
Навук. даследаванні ў галіне воднай гаспадаркі выконваюць Цэнтр. НДІ комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў, навук.-вытв. аб’яднанне меліярацыі і лугаводства, Бел. н.-д. геолагаразведачны ін-т, праектна-пошукавыя работы — Беларускі дзяржаўны канцэрн па будаўніцтве і эксплуатацыі меліярацыйных і водагаспадарчых сістэм, Беларускі дзяржаўны інстытут па праектаванні водагаспадарчага і меліярацыйнага будаўніцтва і «Беларусьгеалогія» і інш.
А.А.Макарэвіч.
т. 4, с. 251
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ДНЫЯ АБ’Е́КТЫ,
месца пастаяннага намнажэння вады на Зямлі. Падзяляюцца на вадаёмы (акіяны, моры, азёры, вадасховішчы, сажалкі) і вадацёкі (рэкі, ручаі, каналы). Да водных аб’ектаў належаць таксама ледавікі і падземныя воды. Вывучае гідралогія.
т. 4, с. 253
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ДНЫ ТРА́НСПАРТ,
від транспарту, які ажыццяўляе перавозкі грузаў, пасажыраў па водных шляхах: прыродных (рэкі, азёры, моры, акіяны, пралівы) і штучных (каналы, вадасховішчы і інш.). Падзяляецца на марскі і ўнутраны. Гл. Марскі транспарт, Рачны транспарт.
т. 4, с. 253
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́НБЕРГ (Георгій Георгіевіч) (31.5.1905, С.-Пецярбург — 26.6.1987),
савецкі гідрабіёлаг і лімнолаг; заснавальнік экалагічнай фізіялогіі водных жывёл на Беларусі. Чл.-кар. АН СССР (1976). Засл. дз. нав. Расіі (1976). Скончыў Маскоўскі ун-т (1927). З 1947 у БДУ, з 1967 у Заал. ін-це АН СССР. Навук. працы па тэорыі біял. прадукцыйнасці экалаг. сістэм, экалаг. фізіялогіі водных жывёл, першаснай прадукцыі планктону, угнаенні сажалак, ачыстцы сцёкавых вод у біял. сажалках. Стварыў школу гідрабіёлагаў эколага-фізіял. кірунку.
Тв.:
Первичная продукция водоемов. Мн., 1960;
Удобрение прудов. М., 1965 (разам з У.П.Ляхновічам);
Биологические пруды в практике очистки сточных вод. Мн., 1966 (у сааўт.).
т. 4, с. 182
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)