Волга-Балтыйскі водны шлях 2/208, 564; 3/151; 7/47

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Дняпроўска-Бугскі водны шлях 2/437; 4/248; 8/425; 12/32

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ДНЫ БАЛА́НС ЗЯМЛІ́,

суадносіны паміж прыходам вады, якая паступае на паверхню зямнога шара ў выглядзе ападкаў атмасферных, і расходам вады праз выпарэнне з паверхні сушы і Сусветнага ак. за пэўны прамежак часу. Разлічваецца паводле ўраўнення воднага балансу, у якім звязаны ўсе расходныя і прыходныя элементы ўсяго зямнога шара або асобных тэрыторый. Паводле сярэдніх шматгадовых характарыстык, водны баланс Зямлі за год складаецца з 577 тыс. км³ атм. ападкаў у прыходнай частцы і такой жа велічыні выпарэння ў расходнай. Водны баланс сушы фарміруецца ў вобласці вонкавага сцёку, дзе прыход вады складаюць атм. ападкі (110 тыс. км³), мінус сцёк (47 тыс. км³), расход — выпарэнне (63 тыс. км³), і ў вобласці ўнутранага сцёку, дзе ападкі і выпарэнне складаюць па 9 тыс. км³. Водны баланс Сусветнага ак. мае ў прыходнай частцы 458 тыс. км³ атм. ападкаў і 47 тыс. км³ рачнога сцёку, у расходнай — 505 тыс. км³ на выпарэнне. Водны баланс Зямлі — колькаснае выражэнне кругавароту вады на Зямлі — цесна звязаны з цеплавым балансам Зямлі і зонамі геаграфічнымі. Разлікамі элементаў воднага балансу рачных басейнаў, тэр. асобных краін, прыродных зон і інш. шырока карыстаюцца ў гідралогіі для вывучэння воднага рэжыму. Водны баланс тэр. Беларусі для прыродных умоў у сярэднім за год складаецца з прыходу вады — 146 км³ атм. ападкаў, расходу — 110 км³ на выпарэнне і 36,4 км³ на сцёк. Пад уплывам меліярацыі выпарэнне за год знізілася на 2,4 км³, што прывяло да адпаведнага павелічэння сцёку рэк.

Літ.:

Мировой водный баланс и водные ресурсы земли. Л., 1974.

В.В.Дрозд.

т. 4, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ДНЫ РЭЖЫ́М ГЛЕ́БЫ,

сукупнасць працэсаў паступлення, расходу і перамяшчэння глебавай вільгаці; адзін з фактараў урадлівасці глебы. Залежыць ад складу і ўласцівасцей самой глебы (гіграскапічнасць, водапранікальнасць глебы, вільгацяёмістасць глебы і інш.), кліматычных і пагодных умоў, рэльефу, характару расліннага покрыва; на ворных землях — ад біял. асаблівасцей культурных раслін і агратэхнікі іх вырошчвання. Да элементаў воднага рэжыму глебы адносяць інфільтрацыю, кандэнсацыю, капілярны пад’ём вільгаці ў глебе, замярзанне і адтайванне глебы, сцёк і выпарэнне, транспірацыю. Водны рэжым глебы цесна звязаны з паветраным і цеплавым рэжымамі, а таксама з пажыўным рэжымам раслін.

Асн. крыніцай намнажэння вады ў глебе служаць атм. ападкі. Стварэнне спрыяльнага для с.-г. культур воднага рэжыму глебы дасягаецца назапашваннем, захоўваннем і рацыянальным выкарыстаннем глебавай вільгаці (снегазатрыманне і затрыманне талых вод, апрацоўка глебы, паліванне і інш.). Ва ўмовах Беларусі водны рэжым глебы рэгулююць асушэннем, арашэннем у засушлівыя перыяды, увільгатненнем кораненаселенага пласта глебы дажджаваннем або капілярным жыўленнем знізу.

т. 4, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ДНЫ РЭЖЫ́М РАСЛІ́Н,

працэс водаабмену паміж раслінамі і навакольным асяроддзем, неабходны для падтрымання іх жыццядзейнасці; частка агульнага абмену рэчываў. Вызначаецца і ажыццяўляецца ў адпаведнасці з генетычна замацаванымі асаблівасцямі ўнутр. будовы і функцыямі раслін (анатама-марфал. структура, відавая і сартавая спецыфіка фізіял. функцый) і знешнімі экалагічнымі ўмовамі (вільготнасць і т-ра глебы і паветра, рэльеф, уласцівасці глебы і інш.). Складаецца з паслядоўных і цесна звязаных працэсаў паступлення вады ў карані раслін з глебы, падымання яе па каранях і сцёблах у лісце і інш. органы, выпарэння лішняй вады лісцем у атмасферу (транспірацыі). Паступленне, перамяшчэнне і выпарэнне вады ў раслінным арганізме складаюць яго водны баланс (суадносіны паміж колькасцю вады, якую расліна атрымлівае і якую траціць за адзін прамежак часу). У розныя гадзіны сутак, а таксама перыяды вегетацыі гэтыя суадносіны неаднолькавыя. Нястача і лішак вады адмоўна адбіваюцца на росце і развіцці раслін. Нармальны стан вышэйшых раслін характарызуецца наяўнасцю невял. воднага дэфіцыту (5—6% ад поўнай вільгаценасычанасці клетак), якому адпавядае найб. высокая інтэнсіўнасць фотасінтэзу. Паводле ўмоў увільгатнення (напр., воднага рэжыму глебы) і прыстасаванняў да яго вылучаюць экалагічныя групы раслін: гідрафіты, гіграфіты, мезафіты, ксерафіты, сукуленты. Водны рэжым раслін уплывае на біял. прадукцыйнасць, колькасць і якасць ураджаю с.-г. Раслін.

Л.Г.Емяльянаў.

т. 4, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ЛГА-БАЛТЫ́ЙСКІ ВО́ДНЫ ШЛЯХ імя У.І.Леніна

(б. Марыінская водная сістэма),

штучны водны шлях на тэр. Валагодскай і Ленінградскай абл. Расіі, які злучае Волгу з Балтыйскім м., а цераз Беламорска-Балтыйскі канал з Белым м. Створаны ў пач. 19 ст.; у 1964 закончана карэнная рэканструкцыя. Праходзіць цераз Рыбінскае вадасх., р. Шэксна, воз. Белае, р. Коўжа, Волга-Балтыйскі канал, р. Выцегра, Анежскі канал, р. Свір, Ладажскі канал і р. Нява. Даўж. каля 1100 км. Глыб. не менш як 4 м. Мае 9 шлюзаў, 6 гідравузлоў, 7 вадасховішчаў. Па Волга-Балтыйским водным шляху праходзяць грузапасажырскія лініі і турысцкія маршруты.

т. 4, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ДНЫ КО́ДЭКС РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,

сістэматызаваны заканадаўчы акт, які рэгулюе грамадскія адносіны ў галіне водакарыстання. Зацверджаны Вярх. Саветам Беларусі 27.12.1972, уведзены ў дзеянне з 1.7.1973. Складаецца з 5 раздзелаў. Вызначае задачы воднага заканадаўства рэспублікі ў рэгуляванні водных адносін, замацоўвае выключную ўласнасць дзяржавы на воды, парадак кантролю за выкарыстаннем і аховай вод, умовы размяшчэння, будаўніцтва і эксплуатацыі прадпрыемстваў і збудаванняў, што ўплываюць на становішча вод. Вызначае кола водакарыстальнікаў, іх правы і абавязкі, аб’екты і віды водакарыстання, мерапрыемствы па ахове вод, рэгламентуе парадак дзярж. ўліку вод і іх выкарыстання, вядзенне воднага кадастра і інш. Вызначае крымін., адм. і матэрыяльную адказнасць за парушэнне воднага заканадаўства.

Г.А.Маслыка.

т. 4, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

рака,

адкрыты пастаянны водны паток.

т. 13, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКВА...

(ад лац. agua вада),

першая састаўная частка складаных слоў, якая па значэнні адпавядае слову «водны», напр., акваплан, акваторыя.

т. 1, с. 187

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАДАЦЁК,

водны паток, які цячэ ў напрамку нахілу зямной паверхні па рэчышчы паміж выразнымі берагамі. Бывае натуральны (рака, ручай) і штучны (канал), пастаянны (цячэнне круглы год) і часовы (перасыхае, прамярзае).

т. 3, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)