ВАЎКАЛА́К (ад стараслав. влък воўк + длакъ поўсць),
вобраз у старадаўніх павер’ях беларусаў і інш. слав. народаў; пярэварацень, чалавек, які чароўным спосабам ператварыўся ў воўка. Уяўлялі, што ў адрозненне ад звычайнага воўка ваўкалак больш высокага росту, з вялікай галавой, чатырма вачыма, вые не па-воўчы, а стогне і плача, як чалавек. Паводле паданняў, ваўкалакаў падзялялі на дзве групы: ваўкалакі — фантастычныя істоты, у якіх нібыта ператваралі людзей чараўнікі, і ваўкалакі, у якіх ператвараліся самі чараўнікі.
Генетычна вобраз ваўкалака звязаны з татэмізмам, абрадамі пераапранання ў шкуры татэмных жывёл, якім пакланяліся (у мінулым гуцулы нават спраўлялі свята воўка). Паступова вобраз ваўкалака страціў рэліг. значэнне і захаваўся ў фальклоры як фантастычны персанаж.
М.Ф.Піліпенка.
т. 4, с. 43
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІРА́Ж (франц. mirage),
аптычныя з’явы ў атмасферы (часцей ва ўмовах пустыні), калі разам з аддаленымі прадметамі (або ўчасткам неба) бачны іх уяўныя адлюстраванні, перамешчаныя адносна саміх прадметаў. Бывае ніжні М., верхні (рэдка) і бакавы (вельмі рэдка). Ніжні М. (вобраз ніжэй за аб’ект) назіраецца ў гарачыя дні ў пустынях і стэпах, над асфальтавымі дарогамі. Верхні М. (вобраз вышэй за аб’ект) бывае звычайна ў палярных рэгіёнах або над паверхняй мора. Бакавы М. (вобраз побач з аб’ектам) можна назіраць, калі глядзець на пэўны прадмет уздоўж нагрэтай сцяны. Агульная прычына М. — скрыўленне светлавых прамянёў, што ідуць ад прадмета ў неаднолькава нагрэтых слаях атмасферы, якія маюць розную шчыльнасць. Складаныя з’явы М. з рэзкім скрыўленнем выгляду прадмета наз. Фата-Маргана.
т. 10, с. 462
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯСУ́Н, лесавік,
вобраз у старадаўніх павер’ях беларусаў; гаспадар лесу і звяроў, які жыве ў лясных нетрах. Яго ўяўлялі ў выглядзе вялізнага (у рост дрэва) старога чалавека з белым, як бяроста, тварам, з вял. вачыма, у звярынай шкуры. Л. мог, нібыта, паказваць грыбныя і ягадныя мясціны, наганяць у бок паляўнічага звяроў і птушак, выбіраць бортнікам месца для ўстаноўкі калод, а таксама наганяць на чалавека страху, прымусіць яго блукаць на адным месцы. Вобраз Л. страціў рэліг. значэнне ў пач. 20 ст.
М.Ф.Піліпенка.
т. 9, с. 431
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАШЧ, Кашчэй Бессмяротны,
вобраз чарадзейных усх.-слав. казак; злы і хітры чараўнік, які выкрадае нявесту героя. Здабыўшы яйцо, у якім схавана смерць К., герой перамагае яго і вяртаецца дамоў са сваёй нарачонай (надрукавана 15 бел. варыянтаў). Вядомы таксама казкі пра смерць К. ад чароўнага каня. Абедзве версіі кантамінуюцца з сюжэтамі пра ўдзячных жывёл, пошукі зніклай ці ўкрадзенай жонкі і інш. Вобраз К. трапляецца таксама ў замовах і былінах. Паводле меркаванняў акад. Б.А.Рыбакова, К. у стараж.-ўсх. славян увасабляў качэўнікаў, якія рабілі набегі на іх землі.
Л.Р.Бараг.
т. 8, с. 202
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКСІ́МАРАН, аксюмаран (грэч. oxymōron дасціпна-недарэчнае),
спалучэнне процілеглых або кантрастных паняццяў, якія лагічна выключаюць адно аднаго, але ўжытыя разам ствараюць новы маст. вобраз («звонкая цішыня», «пакутлівае шчасце», «жывы труп»).
т. 1, с. 206
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́НГІРАС,
у ведыйскай і індуісцкай міфалогіі вялікі мудрэц; пасрэднік паміж багамі і людзьмі, родапачынальнік паўбагоў-ангірасаў. Ангіраса лічаць трэцім сынам Брахмы, аўтарам многіх гімнаў «Рыгведы», з яго імем звязваюць вобраз заканадаўца і астранома.
т. 1, с. 344
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРА́ЦЫІ,
у старажытнарымскай міфалогіі тры багіні прыгажосці, вытанчанасці і радасці. Вобраз Грацыі адлюстраваны ў творах мастацтва С.Батычэлі, П.П.Рубенса, А.Кановы, Б.Торвальдсена і інш. У стараж.-грэч. міфалогіі ім адпавядалі Харыты.
т. 5, с. 417
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АВАДО́Н,
у іудаісцкай міфалогіі ўвасабленне ямы-магілы і прадоння апраметнай, якая паглынае, хавае і бясследна знішчае; вобраз, блізкі да анёла смерці. У хрысц. міфалогіі Авадон вядзе супраць чалавецтва ў канцы свету караючую раць жахлівай «саранчы».
т. 1, с. 58
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДО́ЛЯ,
у славянскай міфалогіі ўвасабленне шчасця, удачы, якія дорыць людзям Бог. Побач з добрай Д. існуюць злая, няшчасная, ліхая Д. і злыдні, спадарожнікі дрэннай Д. ці нядолі. Вобраз Д. вельмі пашыраны ў бел. нар. паэт. творчасці.
т. 6, с. 179
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАМАВІ́К,
вобраз у старадаўніх павер’ях беларусаў і інш. народаў. На Беларусі яго ўяўлялі ў выглядзе старога чалавека ў белай вопратцы, з сівой барадой і доўгімі валасамі, які жыў у хаце (пад ці за печчу) або ў сенцах, каморы, клеці. Паводле павер’яў у кожнай хаце (сям’і) быў свой Д. (увасабляў памерлага гаспадара), які нібыта ахоўваў дом, клапаціўся пра гаспадарку, назіраў за сямейным побытам і інш. Прымхлівыя людзі імкнуліся задобрыць Д.: у памінальныя і святочныя дні яго клікалі да стала, «частавалі» лепшымі стравамі, прасілі, каб не рабіў шкоды. Рэліг. значэнне вобраз Д. страціў у канцы 19 — пач. 20 ст. Знайшоў адлюстраванне ў бел. фальклоры (пераважна ў былічках).
М.Ф.Піліпенка.
т. 6, с. 23
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)