МАХАЙРО́ДЫ (Machairodus ад грэч. machaira кароткі крывы меч + odus зуб),
шаблязубыя тыгры, род вымерлых жывёл сям. кашэчых. Вядомы з міяцэнавых і пліяцэнавых адкладаў. Былі пашыраны ў паўд.ч. Еўропы, Азіі, Афрыцы. Блізкія роды (Smilodon і інш.) жылі ў Паўн. Амерыцы.
Большыя за сучасных тыграў. Мелі вял. (даўж. да 14 см) шаблепадобныя верхнія іклы з рэжучымі зазубленымі краямі, якімі забівалі буйных таўстаскурых жывёл (мастадонтаў, насарогаў і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКЛЮ́ЗІЯ (ад лац. occlusus замкнёны, схаваны),
1) захоп крышталямі часткі рэчыва асяроддзя пры крышталізацыі. Прыводзіць да забруджвання крышталёў прымесямі, якія ўплываюць на іх фіз. ўласцівасці.
2) Паглынанне газаў цвёрдымі металамі ці расплавамі з утварэннем цвёрдых і вадкіх раствораў або хім. злучэнняў (напр., нітрыды, гідрыды).
3) Аклюзія цыклону — стадыя развіцця цыклону, пры якой цёплыя масы паветра пры сустрэчы з халодным фронтам выцясняюцца ў верхнія слаі трапасферы і страчваюць сувязь з зямной паверхняй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛІ́НІЯ (Molinia),
род кветкавых раслін сям. метлюжковых. 3—5 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Афрыцы. На Беларусі М. блакітная, або сіняўка (M. caerulea), трапляецца на забалочаных лугах, ускрайках тарфяных балот, сярод хмызняку.
Шматгадовыя травы выш. да 1,5 м. Утвараюць густыя дзярніны. Светла-зялёныя сцёблы маюць укарочаныя ніжнія і падоўжаныя верхнія міжвузеллі. Лісце доўгае, лінейнае, цвёрдае, па краі шурпатае, блакітна-зялёнае. Суквецце — доўгая перарывістая шматкаласковая мяцёлка. Плод — зярняўка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНДЗІ́БУЛЫ (лац. mandibula сківіца ад mando жую, грызу),
жвалы, верхнія сківіцы, першая пара сківіц, відазмененыя галаўныя канечнасці ў членістаногіх (ракападобныя, мнаганожкі, насякомыя). Найчасцей маюць выгляд вышчарбленых пласцінак. У форм з грызучым ротавым апаратам забяспечаны патаўшчэннямі і зубцамі, што дапамагае разгрызаць і раздрабняць корм. У форм з колюча-сысучым апаратам забяспечваюць праколванне здабычы і ўсмоктванне вадкага корму. У форм з грызуча-ліжучым апаратам (пчолы) маюць выгляд шыпікаў; у матылёў рэдукаваныя.
бел. кампазітар. Скончыў Бел. кансерваторыю (1955). З 1939 у Сав. Арміі, з 1956 інструктар ЦККПБ. У 1966—72 маст. кіраўнік Бел. філармоніі. Працуе пераважна ў галіне камернай і хар. музыкі. Аўтар санаты для скрыпкі і фп., прэлюдый і варыяцый для фп., хароў на словы бел. паэтаў (А.Русака, М.Алтухова), рамансаў, апрацовак чуваш. нар. песень.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛІ́Д [ад грэч. bolis (bolidos) кідальная зброя],
вялікі вогненна-яркі метэор (успышка метэорнага цела ў выніку яго ўваходжання ў верхнія слаі зямной атмасферы). Найбольш яркія баліды можна назіраць удзень, уначы відаць абалонка і хвост баліда. Пасля палёту баліда застаецца след, які складаецца з іанізаваных газаў і пылу. Іншы раз метэорнае цела за час палёту ў зямной атмасферы не паспявае поўнасцю згарэць і падае на Зямлю ў выглядзе метэарытаў. Палёт і падзенне балідаў часта суправаджаюцца гукавымі з’явамі (выбухамі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБІРУ́СА (Babyrousa babyrussa),
парнакапытнае млекакормячае сям. свіных. Адзіны від у родзе. Сустракаецца на в-ве Сулавесі і бліжэйшых астравах (Малайскі архіпелаг). Трымаецца забалочаных лясоў і прыбярэжных зараснікаў.
Даўж. цела да 1 м. Мае адносна маленькую галаву, кароткія вушы, высокія і тонкія ногі. Верхнія іклы ў самцоў да 30 см, загінаюцца назад. Скура маршчыністая з рэдкім шчаціннем. Нараджае двое аднаполых парасят. Актыўная ўначы. Корміцца лісцем травяністых раслін. Аб’ект палявання (мяса, скура, іклы). Занесена ў Чырв. кнігу МСАП.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАСКО́НЬ (Gascogne),
гістарычная вобласць на ПдЗ Францыі, якая была заселена ў 6 ст.баскамі. З 602 Гасконь — герцагства, у 1036 далучана да Аквітаніі. У 1154—1453 належала англ. каралям, пасля Стогадовай вайны 1337—1453 адышла да Францыі. У 17—18 ст. разам з тэр. Гіень утварыла губернатарства Гіень і Гасконь (перастала існаваць у 1790 пасля падзелу Францыі на дэпартаменты). На тэр. Гасконі размешчаны дэпартаменты Жэр, Ланды, Верхнія Пірэнеі, часткова — Жыронда, Верхняя Гарона, Ло і Гарона, Тарн і Гарона, Ар’еж.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЭРАНО́МІЯ (ад аэра... + грэч. nomos закон),
раздзел фізікі атмасферы, які вывучае верхнія слаі атмасферы (вышэй за 30 км), дзе адбываюцца значная дысацыяцыя і іанізацыя атм. газаў. Узнікла ў 1950-я г. ў Англіі і Францыі (працы Д.Р.Бейтса і М.Нікале). Развіццё аэраноміі звязана з ракетнымі і спадарожнікавымі даследаваннямі фіз.-хім. працэсаў у верхняй атмасферы. Даследуе размеркаванне т-ры, шчыльнасці і нейтральных часцінак паветра на вышыні, канцэнтрацыю электронаў у іанасферы, серабрыстыя воблакі, свячэнне начнога неба, палярныя ззянні, радыяцыйныя паясы Зямлі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́НДАРАЎ (Андрэй Лявонцьевіч) (20.8.1901, хутар Бондараў Новааскольскага р-на, Расія — 23.9.1961),
савецкі ваен. дзеяч. Ген.-лейт. (1943), Герой Сав. Саюза (1943). Скончыў Кіеўскую аб’яднаную ваен. школу (1927), курсы ўдасканалення камсаставу (1941), паскораны курс Ваен. акадэміі Генштаба (1942). У Чырв. Арміі з 1921. Удзельнік грамадз., сав.-фінл. 1939—40 войнаў. У Вял.Айч. вайну ў вер. 1943 часці 17-га гв. стралк.корпуса пад яго камандаваннем фарсіравалі Дняпро каля в.Верхнія Жары Камарынскага р-на, захапілі плацдарм і, развіваючы наступленне, фарсіравалі Прыпяць. Да 1995 у Сав. Арміі.