ГЛЕБ РАСЦІСЛА́ВІЧ,

друцкі князь у сярэдзіне 12 ст., сын кн. Расціслава Глебавіча. Упамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1159 (у інш. крыніцах пад 1158), калі друцкае веча выгнала яго з Друцка, дзе ён княжыў, верагодна, з 1151, калі яго бацька стаў полацкім князем.

М.​І.​Ермаловіч.

т. 5, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІВАШКЕ́ВІЧЫ,

сям’я бел. мастакоў. Андрэй, жывапісец канца 18 ст. Жыў і працаваў у Гродне. З твораў вядомы копія партрэта кн. М.​В.​Рапніна (1796) з арыгінала Дз.​Р.​Лявіцкага і алегарычная кампазіцыя «Vanitas vanitatum» (1806). Клеменс (1804, г. Гродна? — 10.7.1849). Сын і вучань Андрэя. Верагодна, вучыўся ў Вільні ў Я.​Рустэма. Некаторы час працаваў настаўнікам малявання ў школах Любліна. Потым пасяліўся ў Варшаве. У 1824 працаваў у Гродне, у 1827, верагодна, у Дунілавічах пад Вільняй у Янішэўскіх. У творчасці пераважае партрэтны жанр; вядомы партрэты І.​І.​Макавельскага (1824), Юзафа і Ізабелы Качкоўскіх (каля 1825), С.​Янішэўскага (1827) і Б.​Янішэўскай (1820-я г.), Я.​Эпштэйна (1835).

Літ.:

Сядзібны партрэт Беларусі XVIII — першай паловы XIX ст. са збораў Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь. Мн., 1996.

І.​М.​Каранеўская.

т. 7, с. 158

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«АНЦУЕ́ЛЯ»,

бел. нар. танец, разнавіднасць кадрылі. Назва паходзіць, верагодна, ад адной з размоўных формаў жаночага імя Ганна — Анця, Анцінея. Бытаваў на Навагрудчыне (зафіксаваны на пач. 19 ст.). Танцавалі ў 2 або 4 пары па чарзе, потым усе разам. Асн. элемент руху — галоп. Муз. памер 24. Тэмп хуткі.

Л.​К.​Алексютовіч.

т. 1, с. 409

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЗЯСЛА́Ў,

князь полацкага роду Ізяславічаў у 12 ст. Упамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1180 як пляменнік кн. Андрэя Валодшыча. Магчыма, сын кн. Мікулы Валодшыча. Быў адным з саюзнікаў кіеўскага кн. Святаслава Усеваладавіча ў міжусобіцы з уладзімірскім кн. Усеваладам Вялікае Гняздо і Расціславічамі. Верагодна, валодаў удзелам у Полацкай зямлі.

А.​В.​Іоў.

т. 7, с. 189

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕСЬ,

прыбалтыйска-фінскае племя. Упершыню ўпамінаецца гоцкім гісторыкам Іарданам у 6 ст. Паводле стараж.-рус. летапісаў, жыло на Белым воз. (Валагодская вобл., Расія), паводле тапанімічных даных, займала тэр. ад усх. Прыладажжа да Белаазер’я. Белаазерская весь з 9 ст. ў складзе Кіеўскай Русі, паступова абрусела. Нашчадкамі весі з’яўляюцца сучасныя вепсы і, верагодна, карэлы-людзікі.

т. 4, с. 120

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЗЯСЛА́Ў,

князь навагрудскі ў 13 ст. Упамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе, калі ў 1236 (або 1237) галіцка-валынскі кн. Даніла Раманавіч на кн. Конрада Мазавецкага «наведе... Литву Миндога Изяслава Новогородьского». Верагодна, І. разам з Міндоўгам на той час быў у васальных або саюзных дачыненнях з Данілам. І. — адзіны навагрудскі князь, які ўпамінаецца ў летапісах.

т. 7, с. 189

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРЫМО́НТ, Нарымунт,

Нарымант (у праваслаўі Глеб; каля 1294—2.2.1348),

князь у ВКЛ. Сын вял. кн. Гедзіміна. Служылы князь у Ноўгарадзе з 1333, дзе атрымаў «у кармленне» г. Ладагу, Арэшак, Карэлу, палову Капор’я. Каля 1335 з’ехаў з Ноўгарада, верагодна, каб заняць пасад у Полацкім княстве пасля смерці кн. Воіна. Каля 1338 разам з полацкім епіскапам Рыгорам падпісаў дагавор з Рыгай. Паводле завяшчання бацькі атрымаў Пінскае княства, якое заставалася за яго нашчадкамі да канца 14 ст. У час праўлення вял. кн. Яўнута [1341—45] Н. быў буйнейшым землеўладальнікам і, відаць, самым уплывовым князем у ВКЛ. Супраць яго і Яўнута ў 1345 выступілі браты Альгерд і Кейстут. Н. уцёк у Залатую Арду, каля 1346 вярнуўся, але страціў Полацкае княства. У 1347 удзельнічаў у паходзе супраць Тэўтонскага ордэна. Верагодна, узначальваў войска ВКЛ у бітве з крыжакамі на р. Стрэва, у якой і загінуў.

А.​В.​Белы.

т. 11, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІ́НСКІ ЛЕ́ШЧАНСКІ МАНАСТЫ́Р Нараджэння Багародзіцы. Існаваў у 13 ст. — 1839 у прыгарадзе г. Пінск Лешча. Упершыню згадваецца ў летапісах у сувязі з уцёкамі сюды кн. Войшалка пасля забойства яго бацькі Міндоўга. У 14 ст. пінскі кн. Юрый Нарымунтавіч даў манастыру востраў паміж рэкамі Піна, Струмень і Орліца. Манастыр быў рэліг. і культ. цэнтрам Палесся, у ім жылі епіскапы Пінскай праваслаўнай епархіі, якія лічыліся архімандрытамі манастыра; тут, верагодна, вялося летапісанне, перапісваліся кнігі. У манастыры знаходзіўся цудатворны абраз Успення Багародзіцы (верагодна, перанесены сюды ў 15 ст. з Турава). У 1580—84 замест царквы Нараджэння Багародзіцы пабудаваны новы драўляны храм Успення Багародзіцы. У 1668 манастыр стаў уніяцкім. Новы драўляны крыжова-купальны храм пабудаваны ў 1746 (у і.м лічылася цудатворнай разьбяная фігура Ісуса Хрыста). У 1839 манастыр скасаваны, царква згарэла ў канцы 19 ст.

А.​А.​Ярашэвіч.

Пінскі Лешчанскі манастыр. З малюнка Н.​Орды. 19 ст.

т. 12, с. 371

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНС-О-МЕ́ДАЎ (ĽAnse au Meadow),

паселішча нарвежскіх вікінгаў на в-ве Ньюфаўндленд, адзінае вядомае ў Паўн. Амерыцы. Верагодна, пабудавана ў канцы 10 ст., калі, паводле скандынаўскіх сагаў, нарвежцы на чале з Лейвам Эрыксанам абследавалі ўзбярэжжа Амерыкі на З ад Грэнландыі. Раскопкамі выяўлены рэшткі дамоў, сцены якіх выкладзены з торфу, кузня з кавалкамі балотнай руды, жал. цвікі, прасліца.

т. 1, с. 377

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЯКСЕ́Й ПЯТРО́ВІЧ (18.2.1690 — 16.6.1718),

рускі царэвіч. Старэйшы сын Пятра I. Выхоўваўся ў варожым да Пятра I асяроддзі, быў уцягнуты ў змову духавенства і баярства супраць цара. У 1716 уцёк у Вену, спадзеючыся на падтрымку аўстр. імператара Карла VI. У 1718 вернуты ў Расію і асуджаны на пакаранне смерцю. Верагодна, па загадзе Пятра I быў задушаны ў Петрапаўлаўскай крэпасці.

т. 1, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)