ДЗЕМІДО́ВІЧ (Павел Пятровіч) (10.7.1871, в. Мікалаеўшчына Стаўбцоўскага р-на Мінскай вобл. — 7.3.1931),

бел. этнограф, фалькларыст, краязнавец і педагог. Скончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю (1890), Віленскі настаўніцкі ін-т (1897). З 1890 настаўнічаў на Міншчыне і Навагрудчыне, з 1915 у Віцебску. З 1908 чл.-супрацоўнік аддз. этнаграфіі Т-ва аматараў прыродазнаўства, антрапалогіі і этнаграфіі пры Маскоўскім ун-це. З 1919 у Мінску, арганізатар і заг. 13-й бел. школы (з вер. 1919 рэарганізавана ў Мінскую бел. гімназію). У 1920—21 інструктар і заг. школьнага аддзела Наркамасветы БССР. З 1921 выкладчык і заг. аддзялення Мінскага ін-та нар. адукацыі, выкладчык у школах Мінска. З 1925 чл. этнагр. секцыі Інбелкульта. Вывучаў сямейны побыт, вераванні, абрады і звычаі беларусаў. Збіраў бел. нар. паданні, легенды і гутаркі (апубл. «Гутарку Паўлюка» ў газ. «Виленский вестник» 1898, № 173). У нарысе «З галіны вераванняў і паданняў беларусаў» (1896) апісаў нар. вераванні пра нячыстую сілу, ведзьмаў, ваўкалакаў, заклятыя мясціны, знахароў, прывёў замовы з Навагрудскага і Мінскага пав. Супрацоўнічаў з М.​А.​Янчуком і М.​В.​Доўнар-Запольскім. Апошняму перадаў частку свайго збору фальклорна-этнагр. матэрыялаў.

Тв.:

Рождественские святки // Виленский вестн. 1894. № 277, 281;

1895. № 3;

Масленица и великий пост // Там жа. 1895. № 64, 67;

Благовещение // Там жа. № 68;

Пасха у сельчан белорусов // Там жа. № 73—74;

Радуница в Белоруссии // Там жа. № 77;

Купала в белорусской деревне // Там жа. № 134;

Белорусские детские игры // Живая старина. 1898. Вып. 3/4.

Літ.:

Гурскі А.І. З любоўю да народа. Мн., 1989.

І.​У.​Саламевіч.

П.П.Дземідовіч.

т. 6, с. 104

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЖУРАВЕ́ЛЬ»,

бел. танец-гульня. Некалькі дзяўчат танцуюць і спяваюць, інш. ахоўваюць іх ад «жураўлёў» (хлопцаў). Калі хлопцы лавілі дзяўчат, спявалі ўсе разам (запіс А.​Я.​Васільевай, 1879). У запісе П.​М.​Шпілеўскага (1853) выканаўцы павольна падымаюць то правую, то левую нагу, імітуючы крокі жураўля. У цэнтры круга ходзіць хлопец — «журавель». Калі пары кружацца, ён імкнецца выхапіць якую-н. дзяўчыну з рук кавалера. Калі дзяўчаты закрычаць: «Хапай, журавель!» — ён павінен схапіць за руку дзяўчыну і станцаваць з ёй адзін круг. «Жураўлём» у крузе застаецца хлопец без пары. У танцах і гульнях пра жураўля выяўляюцца стараж. вераванні ў культ птушак (жывёльны татэмізм).

Ю.​М.​Чурко.

т. 6, с. 450

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЭН, Пен (Penn) Уільям (14.10.1644, Лондан — 30.7.1718), англійскі паліт. дзеяч, заснавальнік англ. калоніі Пенсільванія. Вучыўся ў Оксфардзе, дзе далучыўся да квакераў. За пропаведзі квакерскага вучэння зняволены ў Таўэры, дзе ў 1669 напісаў праграмны твор «Ні крыжа, ні кароны». У 1676 заснаваў у зах. ч. англ. калоніі Нью-Джэрсі пасяленне для квакераў і інш. эмігрантаў з Англіі, якіх праследавалі за рэліг. вераванні. У 1681 атрымаў ад англ. караля Карла II Сцюарта хартыю на права валодання значнай тэр. на З ад р. Дэлавэр. На гэтых землях, названых Пенсільваніяй, увёў рэліг. цярпімасць і прыязныя адносіны з індзейцамі. У 1682 заснаваў г. Філадэльфія. З 1684 жыў у Англіі.

т. 13, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАНДА́РЧЫК (Васіль Кірылавіч) (н. 1.8.1920, в. Кірава Слуцкага р-на Мінскай вобл.),

бел. этнограф. Чл.-кар. АН Беларусі (1972), д-р гіст. н. (1965), праф. (1978). Засл. работнік культ. Беларусі (1980). Скончыў БДУ (1952). З 1957 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі (у 1969—76 дырэктар). У манаграфіях «Гісторыя беларускай этнаграфіі XIX ст.» (1964), «Гісторыя беларускай этнаграфіі. Пачатак XX ст.» (1970), «Гісторыя беларускай савецкай этнаграфіі» (1972) даследуе асн. тэндэнцыі, кірункі і навук. плыні ў бел. этнаграфіі. Вывучае сучасныя культ.-побытавыя працэсы, гісторыю матэрыяльнай і духоўнай культуры, вераванні беларусаў, вусна-паэт. творчасць. Адзін з аўтараў кн. «Этнаграфія беларусаў» (1985), у якой разглядаецца этнагенез і этнічная гісторыя беларусаў.

В.К.Бандарчык.

т. 2, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЗА́НСКАЕ ХА́НСТВА,

феадальная дзяржава ў Сярэднім Паволжы ў 1438—1552. Вылучылася з Залатой Арды. Гал. горад — Казань. Дзярж. рэлігія — іслам. Насельніцтва — казанскія татары (асн. нашчадкі волжскіх балгар), мары, чувашы, удмурты, мардва, башкіры. Ядро К.х. складала тэрыторыя вакол Казані, населеная татарамі; інш. народы захоўвалі сваіх князёў і традыц. вераванні. Асн. занятак насельніцтва — земляробства, у гарадах існавала развітое рамяство; значную ролю адыгрываў гандаль. У 1487—1521 К.х. — васал Масквы. З 1521 трапіла пад уплыў Крымскага і Астраханскага ханстваў і Нагайскай Арды, з 1524 — васал Турцыі. Войскі ханства з 1520-х г. узмацнілі рабаўнічыя набегі на рус. землі. Пасля Казанскіх паходаў 1545—52 К.х. спыніла існаванне, яго тэрыторыя далучана да Расіі.

т. 7, с. 414

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́СІЧ (Марыя Мікалаеўна) (1850, с. Расуха Унецкага р-на Бранскай вобл., Расія — ?),

бел. фалькларыстка, этнограф і пісьменніца. Адукацыю атрымала ў Пецярбургу. Аўтар фалькл. працы «Ліцвіны-беларусы Чарнігаўскай губерні, іх побыт і песні» (1901), прысвечанай вуснай нар. паэзіі і духоўнай культуры беларусаў. У прадмове да зборніка характарызуюцца жыццё і побыт сялян, іх вераванні, паданні, песні, асаблівасці гаворкі і спеваў. Пісала пра матэрыяльную культуру беларусаў (арт. «Аб пабудовах беларускага селяніна Чарнігаўскай губерні...», 1906). Сярод інш. твораў паэма «На перасяленне. Расказ цёткі Домны з Палесся» (1903), байкі, вершы. На бел. мову пераклала байкі І.​Крылова («Пералажэнне некаторых баек Крылова на беларускую мову», 1903).

Тв.:

У кн.: Беларуская літаратура XIX ст.: Хрэстаматыя. Мн., 1971.

Г.​А.​Пятроўская.

т. 8, с. 430

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛЯ́ТЭР (Броэль-Плятэр) Адам Антоні Ануфры

(15.6.1790, г. Краслава, Латвія — 13.1.1862),

краязнавец, археолаг, калекцыянер. З роду Плятэраў. Скончыў Віленскі ун-т (1817). Куратар школ Дынабургскага пав. Віцебскай губ., з 1836 маршалак Дынабургскага пав. Чл. Віленскай археалагічнай камісіі (1856). У выніку падарожжаў па Зах. Дзвіне апісаў помнікі архітэктуры, археалогіі, гіст. мясціны, Барысавы камяні. Вывучаў пахаванні на балцка-славянскім сумежжы. Друкаваўся ў час. «Атэнэум», «Рубон», «Przyjaciel ludu» («Сябар народу») і інш. Пісаў пра самабытнасць краю, мясц. абрады, вераванні. Цікавіўся бел. фальклорам.У сваім доме ў Краславе стварыў музей, б-ку, архіў. Сабраў шмат матэрыялаў з Падзвіння, частку якіх перадаў у Віленскі музей старажытнасцей. Рукапісы П. захоўваюцца ў б-цы Вільнюскага ун-та.

Літ.:

Каханоўскі Г.А. Археалогія і гістарычнае краязнаўства Беларусі ў XVI—XIX стст. Мн., 1984.

Г.​А.​Каханоўскі.

т. 12, с. 441

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́РБЕРШТЭЙН, Герберштайн (Herberstein) Зігмунд фон (23.8.1486, вобл. Крайна, Славенія — 28.3.1556), дыпламат «Свяшчэннай Рымскай імперыі», падарожнік. Скончыў Венскі ун-т (1502). З 1506 на вайсковай, з 1514 на дыпламат. службе. Узначальваў пасольствы імператара Максіміляна I і эрцгерцага Фердынанда ў 1517 і 1526 у Маскву, накіроўваўся з даручэннямі ў Венгрыю, Польшчу, ВКЛ. Неаднаразова праязджаў праз Беларусь. У 1549 у Вене выдадзена яго праца «Запіскі аб маскоўскіх справах», дзе Герберштэйн выкарыстаў зах.-еўрап. і ўсх.-слав. пісьмовыя крыніцы, уласныя матэрыялы і назіранні. Кніга — каштоўная крыніца па гісторыі Расіі. У ёй прыведзены гіст.-этнагр., паліт. і культ. звесткі пра Беларусь і Літву: заняткі і побыт насельніцтва, рэліг. вераванні, гандл. сувязі, рэкі, крэпасці, пра ўзаемадачыненні ВКЛ і Маскоўскай дзяржавы, мяцеж князёў Глінскіх, пра К.Астрожскага і інш. На падставе гэтай кнігі складзены шматлікія еўрап. карты Расіі і ВКЛ.

Тв.:

Рус. пер. — Записки о Московии. М., 1988.

С.​М.​Ходзін.

З.Герберштэйн. Гравюра 18 ст.

т. 5, с. 172

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРБАЧЭ́ЎСКІ (Іван Данілавіч) (1860—1914),

бел. настаўнік, краязнавец, гісторык, этнограф, фалькларыст, пісьменнік. Скончыў Полацкую настаўніцкую семінарыю (1877), Віленскі настаўніцкі ін-т (1885). Выкладаў у Далынскім нар. вучылішчы (Невельскі пав. Віцебскай губ.). У 1894—98 супрацоўнік газ. «Витебские губернские ведомости». Пераехаў у 1899 на Каўказ, пасля на Кубань. У 1912 у Рагачове выкладаў у вышэйшым рамесным вучылішчы. Вывучаў фальклор, побыт беларусаў, гісторыю. Апісваў населеныя пункты на Зах. Дзвіне («Уніз па Дзвіне», 1895), флору, фауну, земляробства і жывёлагадоўлю, промыслы, адукацыю ў Лепельскім пав. («Лепельскі павет Віцебскай губерні», 1895), язычніцкія вераванні, рэліг. абрады, звычаі продкаў палешукоў («Старына старадаўняя», 1897). Паэтычнасць бел. нар. песень адзначыў у працы «Старажытнасць беларускіх песень і іх напеваў» (1896). Аўтар аповесці «Не дайшоў да роднай хаты» (нап. 1899) і інш. маст. твораў.

Тв.:

О волоках великого водного пути из варяг в греки. Витебск, 1894;

Сельский учитель. Витебск, 1895;

Экономический очерк Невельского уезда. Витебск, 1895.

В.​І.​Скідан.

т. 5, с. 55

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАБРАВО́ЛЬСКІ (Уладзімір Мікалаевіч) (11.8.1856, с. Краснасвяцкае Пачынкаўскага р-на Смаленскай вобл., Расія — 7.5.1920),

бел. і рус. этнограф, фалькларыст, краязнавец, лексікограф. Скончыў Маскоўскі ун-т (1880). Настаўнічаў. З 1918 чытаў лекцыі ў Бел. нар. ун-це (Масква), у Віцебскім ін-це нар. асветы, Смаленскім аддз. Маскоўскага археал. ін-та. З 1880-х г. збіраў фальклор, даследаваў матэрыяльную культуру народа. Вывучаў абрады, святы, вераванні Смаленшчыны, нар. тэатр і інш. Асн. працы «Смаленскі этнаграфічны зборнік» (ч. 1—4, 1891—1903), «Смаленскі абласны слоўнік» (1914). Аўтар арт. «Прыказка і загадка» (1898), «Смерць, пахаванне і галашэнні» (1900), «Кросны» (1902), «Адрозненні ў вераваннях і звычаях беларусаў і велікарусаў Смаленскай губерні» (1903), «Нячыстая сіла ў народных вераваннях» (1908), «Абрады і павер’і, якія датычацца хатніх і палявых работ сялян Смаленскай губерні» (1909), «Бабёр у Смаленскай зямлі па летапісных, археалагічных і сучасных дадзеных» (1916). З М.​Дз.Бэрам запісаў больш за 500 мелодый нар. песень. Чэшскі этнамузыколаг Л.Куба ў час прыезду да Дабравольскага запісаў бел. нар. песні в. Данькава Смаленскага пав. (апубл. ў 1887).

Літ.:

Шлюбскі А. Этнаграфічная дзейнасць Дабравольскага. Мн., 1928;

Романов Ю.С. Жизнь и научная деятельность В.​Н.​Добровольского // Материалы по изучению Смоленской области. М., 1970. Вып. 7;

Акунькова А.М. Жыццё і навукова-педагагічная дзейнасць У.​М.​Дабравольскага // Этнаграфічны зборнік. Мн., 1975;

Яе ж. Беларуская казка ў запісах У.​М.​Дабравольскага // Беларуская фалькларыстыка. Мн., 1980.

І.​У.​Саламевіч.

У.М.Дабравольскі.

т. 5, с. 558

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)