РАДБЕ́РТУС-Я́ГЕЦАЎ ((RodbertusJagetzow) Карл Іаган) (12.8.1805, г. Грайфсвальд, Германія — 6.12.1875),
нямецкі вучоны-эканаміст, адзін з заснавальнікаў тэорыі «дзярж. сацыялізму». Атрымаў юрыд. адукацыю ў Гётынгенскім і Берлінскім ун-тах. Лічыў, што рухальнай сілай сацыялізму павінна стаць дзяржава; адмаўляючы класавую барацьбу, сцвярджаў, што перабудова грамадства павінна ажыццяўляцца пры дапамозе дзярж. сац.-эканам. рэформ. Распрацоўваў праблему вартасці тавару. Лічыў, што ў якасці меры вартасці павінна выступаць праца, і прапаноўваў вартасць тавару вызначаць непасрэдна ў рабочых гадзінах шляхам выпуску «рабочых грошай».
т. 13, с. 208
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЮ́ТНЫ ПАРЫТЭ́Т,
заканадаўча ўстаноўленыя адносіны паміж валютамі дзвюх краін. З’яўляецца асновай валютнага курсу. Пры монаметалізме і біметалізме валютны парытэт — суадносіны грашовых адзінак па іх метал. вартасці. Залаты парытэт — суадносіны грашовых адзінак розных краін па іх афіцыйнай залатой вартасці (адменены ў 1976—78). Ва ўмовах абарачэння не размененых на золата крэдытных і папяровых грошай валютны парытэт устанаўліваецца ў залежнасці ад узроўню цэн унутры краіны і пакупной здольнасці замежных валют, а таксама (як і валютны курс) на базе валютнага кошыка і СДР.
т. 3, с. 497
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУПЮ́РА (франц. coupure ад couper рэзаць, адразаць),
1) скарачэнне або пропуск асобных частак тэксту пры яго публікацыі. К. называецца таксама апушчаная частка тэксту (у тэксце пазначаецца адпунктоўкай). К. робяць, як правіла, складальнікі ці рэдактары публікацыі з мэтай пазбегнуць паўтораў інш. дакументаў, змешчаных у выданні, або выключэння частак, якія не маюць адносін да тэмы, задач і мэт выдання ці немэтазгодныя з-за канцэптуальных і метадалагічных установак.
2) Абазначэнне вартасці (намінальнай вартасці) папяровых грошай, банкнотаў, каштоўных папер — акцый ці аблігацый, а таксама самі гэтыя грошы, банкноты, каштоўныя паперы або аблігацыі.
Ю.У.Несцяровіч.
т. 9, с. 39
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЁМ-БА́ВЕРК ((BöHm-Bawerk) Ойген Рытэр фон) (12.2.1851, г. Брно, Чэхія — 27.8.1914),
аўстрыйскі вучоны-эканаміст і дзярж. дзеяч; адзін з заснавальнікаў аўстрыйскай школы ў палітэканоміі. У 1897—98, 1900—04 міністр фінансаў Аўстрыі. У 1880—89 праф. Венскага, з 1909 Інсбрукскага ун-таў. З 1911 прэзідэнт Аўстр. АН. Асн. працы: «Асновы тэорыі каштоўнасці гаспадарчых работ» (1886, рус. пер. 1903), «Капітал і прыбытак» (т. 1—2, 1884—89, рус. пер. т. 1, 1909), «Тэорыя Карла Маркса і яе крытыка» (1896, рус. пер. 1897). Сутнасць эканам. працэсаў тлумачыў матывацыяй і псіхалогіяй суб’ектаў гаспадарання, на аснове чаго абгрунтаваў суб’ектыўна-псіхалагічную гранічнай карыснасці тэорыю і тэорыю прыбытку. Абвяргаў марксісцкую тэорыю працоўнай вартасці і прыбавачнай вартасці.
т. 3, с. 135
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛАСІ́ЧНАЯ ШКО́ЛА палітэканоміі,
кірунак эканам. думкі, прадстаўнікі якога лічылі рынак самарэгулявальнай сістэмай, здольнай без дзярж. ўмяшання забяспечыць эканам. рост і поўную занятасць. Узнікла ў канцы 17 ст. ў мануфактурны перыяд. Яе заснавальнікі У.Пеці ў Вялікабрытаніі і П.Буагільбер у Францыі, якія паклалі пачатак прац. тэорыі вартасці; далей развіта ў творах фізіякратаў (Ф.Кенэ, А.Р.Ж.Цюрго і інш.) і дасягнула вяршыні ў вучэннях А.Сміта і Д.Рыкарда. Найб. вядомыя прадстаўнікі К.ш.: Ж.Б.Сей, Ф.Бастыя, Т.Р.Мальтус, Г.Ч.Кэры, Дж.С.Міль і К.Маркс (увёў тэрмін «класічная палітычная эканомія») і інш. Яны перанеслі прадмет эканам. тэорыі ў сферу вытв-сці, паставілі праблему эканам. законаў і велічыні вартасці тавару. К.ш. зрабіла значны ўплыў на развіццё эканам. навукі.
т. 8, с. 325
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСНО́ЎНЫЯ ВЫТВО́РЧЫЯ ФО́НДЫ,
сукупнасць сродкаў сацыяліст. вытворчасці, якія ўдзельнічаюць у вытв. цыклах і паступова, часткамі, па меры зношвання, пераносяць сваю вартасць на створаны прадукт; аснова матэрыяльна-тэхн. базы краіны. Уключаюць будынкі, збудаванні, абсталяванне, машыны, інструмент, вытв., гасп. інвентар, рабочую і прадукцыйную жывёлу, шматгадовыя пасадкі і інш. асн. фонды. У залежнасці ад ролі ў вытв. працэсе падзяляюцца на актыўныя (рабочыя машыны і абсталяванне, прылады, інструменты і інш.) і пасіўныя (будынкі, збудаванні, перадатачныя механізмы і гэтак далей). Суадносіны актыўных і пасіўных элементаў з агульнай вартасці асноўных вытворчых фондаў характарызуюць іх відавую (тэхнал.) структуру. Асноўныя вытворчыя фонды ўлічваюць у натуральным і вартасным (грашовым) выражэнні; ацэньваюць па першапачатковай, адноўленай і рэшткавай вартасці. У рыначнай эканоміцы Асноўныя вытворчыя фонды — асноўны капітал.
М.І.Платніцкі.
т. 2, с. 39
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЗЫКО́ВЫ КАПІТА́Л,
грашовы капітал, які даецца ў пазыку на ўмовах вяртання за плату ў выглядзе пазыковага працэнта. Уяўляе сабой адасобленую частку прамысловага капіталу. Павелічэнне масы П.к. перавышае накапленне сапраўднага капіталу з прычыны развіцця крэдытнай сістэмы, росту крыніц П.к. (даходаў насельніцтва і дзяржавы). Рух П.к. не супадае з рухам прамысл. цыкла, што абумоўлена нецыклічнымі фактарамі: маральнае старэнне абсталявання, рост попыту на П.к. з боку дзяржавы, развіццё рынку П.к. і г.д. Ва ўмовах рыначнай эканомікі характар руху пазычанай вартасці ў макраэканам. маштабе вызначаецца адносінамі ўласнасці, формы якіх разнастайныя. У гэтых умовах рух пазычанай вартасці набывае форму руху П.к. Мэта функцыянавання П.к. — атрыманне пазыковага працэнта, які з’яўляецца крытэрыем дэцэнтралізаванага размеркавання крэдыту па галінах і гасп. суб’ектах.
А.Ф.Кірэева.
т. 11, с. 521
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕМАЛО́ГІЯ (ад гема + ...логія),
сукупнасць звестак аб каштоўных і вырабных камянях. Вывучае фіз. ўласцівасці, асаблівасці хім. саставу, дэкаратыўна-маст. вартасці, мінерагеніі радовішчаў, а таксама тэхналогіі апрацоўкі. Устанаўлівае адрозненні прыродных каштоўных камянёў (рубін, сапфір, ізумруд, жэмчуг і інш.) ад іх сінт. аналагаў і імітацый.
т. 5, с. 147
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСТАЯ́ННЫ КАПІТА́Л,
у марксісцкай эканам. тэорыі — частка капіталу, якая прызначана для набыцця сродкаў вытв-сці, сыравіны, матэрыялаў і прадметаў працы. Вызначаецца як пастаянны таму, што не можа прыбавіць да вартасці прадукцыі большай велічыні, чым яго ўласная вартасць, якая вымяраецца колькасцю гадзін арэчаўленай грамадска неабходнай працы.
т. 12, с. 173
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАШО́ВЫЯ ЗНА́КІ,
знакі вартасці, заканадаўча прызнаныя ў якасці афіц. разліковага і плацежнага сродку, якія выпускаюцца ў абарачэнне цэнтр. банкам або казначэйствам дзяржавы. У выглядзе грашовых знакаў выступаюць банкаўскія і казначэйскія білеты, разменныя манеты. Намінальная вартасць грашовых знакаў выяўляецца ў нац. грашовай адзінцы і значна перавышае выдаткі іх эмісіі.
т. 5, с. 418
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)