ЖАЎНЯ́К (Расціслаў Міхайлавіч) (н. 6.10.1939, в.Валокі Хойніцкага р-на Гомельскай вобл.),
бел. матэматык. Канд. фізіка-матэм. н. (1972), праф. (1993). Скончыў БДУ (1964). З 1969 ў Ін-це матэматыкі АН Беларусі, з 1972 у Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі. Навук. працы па тэорыі аптымальнага кіравання дынамічнымі сістэмамі. Аўтар падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў для ВНУ.
Тв.:
Высшая математика. Мн., 1993 (разам з А.А.Карпуком).
(«Законодательные акты Великого княжества Литовского XV—XVI вв.»),
зборнік заканадаўчых і нарматыўных актаў, прывілеяў і суд. спраў ВКЛ. Выдадзены ў 1936 Ленінградскім ун-там. Змешчана больш за 20 дакументаў, у т. л.Прывілей 1447, Судзебнік 1468, Устава дзяржаўцам 1529, урыўкі з «Уставы на валокі» 1557, фрагменты Статутаў ВКЛ 1529, 1566, 1588. Правапіс крыніц адаптаваны. У дадатку — кароткая храналагічная табліца па гісторыі ВКЛ, тлумачальны слоўнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАМЯ́НІЦКІ КЛЯ́ШТАР КАНО́НІКАЎ ЛАТЭРА́НСКІХ.
Існаваў у 1617—1832 у в. Крамяніца Зэльвенскага р-на. Засн. віцебскім кашталянам М.Вольскім і яго жонкай Барбарай. Кляштар валодаў фальваркам Вольгаўшчына з в. Марцінавічы (50 валок зямлі), 15 маргамі сенажаці і полем вакол кляштара (1,5 валокі). Сын Вольскага Казімір, дваранін каралеўскі, працягваў будаўніцтва і даў кляштару в. Кватары. Пры кляштары існавалі шпіталь, Ружанцавае брацтва, б-ка (у 1783 мела 1055 кніг). Пасля скасавання кляштара касцёл застаўся парафіяльным (гл.Крамяніца-Дольнаўскі Георгіеўскі касцёл), жылыя будынкі разабраны ў 1940-я г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРТЫ́КУЛ (ад лац. articulus артыкул, раздзел),
1) невялікі (бывае і значны памерам) навуковы, публіцыстычны або літ.-крытычны твор у газеце, часопісе, зборніку, кнізе.
2) У праве — асобная самаст. частка нарматыўнага акта, у якой найчасцей змешчана адна юрыд. норма, адно абавязковае правіла. На Беларусі падзел нарматыўных актаў на паасобныя артыкулы практыкаваўся са старажытнасці, але тэрмін «артыкул» стаў ужывацца ва «Уставе на валокі» 1557, а потым і ў Статутах 1566 і 1588. З часам і асобныя законы пачалі называць артыкуламі.
3) У бухгалтарскім уліку і фін. планах — раздзел, які змяшчае назвы крыніц прыбытку і мэтавага прызначэння фінансавых затрат.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАШУ́К (Віктар Нічыпаравіч) (н. 16.9.1938, в.Валокі Хойніцкага р-на Гомельскай вобл.),
бел. кінарэжысёр і сцэнарыст. Засл. дз. маст. Беларусі (1978). Скончыў БДУ (1960), Вышэйшыя курсы сцэнарыстаў і рэжысёраў у Маскве (1967). З 1960 на кінастудыі «Беларусьфільм», працуе ў галіне дакумент. кіно. Для творчасці Д. характэрны арганічны сплаў лірыкі і публіцыстыкі. Стварыў цыклы публіцыстычных фільмаў (Дзярж. прэмія СССР 1985): «Хатынскі цыкл» (1975—78, прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1976); «У вайны не жаночы твар» (1980—84, прыз Міжнар. кінафестывалю ў Лейпцыгу 1983). З інш. фільмаў: «Дом» (1970), «А зязюля кукавала...» (1972, біяграфічны пра Я.Купалу), «Развітанне» (1980), «Віцебская справа» (1991).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДВО́РЫЦКАЯ СЛАБАДА́,
археалагічныя помнікі (селішча і курганны могільнік 10—11 ст.) каля в. Дворыцкая Слабада Мінскага р-на. На селішчы выяўлены рэшткі каля 100 жытлаў, знойдзена шмат прывазных рэчаў, вырабаў мясц. рамеснікаў, прадметы ўзбраення, кераміка з клеймамі «трызубец». Магчыма, селішча абслугоўвала валокі ці сухапутны адрэзак шляху ад р. Лошыца да гарадзішча на Менцы і прыйшло ў заняпад з пабудовай новага дзядзінца Мінска на сутоках Свіслачы і Нямігі. На курганным могільніку (21 насып), пераважна дрыгавічоў, пахавальны абрад трупапалажэнне. Сярод знаходак пярсцёнкападобныя скроневыя кольцы, пацеркі з металу, шкла і сердаліку, ганчарны посуд, драўлянае вядро з мёдам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́ЎНІК (польск. ławnik засядацель),
1) член магістрата ў гарадах Польшчы і ВКЛ, якія мелі права на самакіраванне (магдэбургскае права і інш.). Выбіраліся гар. абшчынай (грамадой), радай ці прызначаліся войтам з мяшчан гэтага горада. Разам з войтам складалі войтаўска-лаўніцкі суд, які разглядаў крымінальныя справы гараджан. Часам Л. былі і ў гарадах без права на самакіраванне.
2) Службовая асоба ў дзяржаўнай (велікакняжацкай) вёсцы ВКЛ, уведзеная паводле «Уставы на валокі» 1557 на польскі ўзор. Выбіраўся або прызначаўся з заможных сялян (па 2—3 у кожнай вёсцы), падпарадкоўваўся войту. Л. разглядалі дробныя справы, выконвалі паліцэйскія функцыі. У 16—18 ст.Л. былі і ў прыватнаўладальніцкіх вёсках.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́КТЫ ЗАХО́ДНЯЙ РАСІ́І«Акты, относящиеся к истории Западной России, собранные и изданные Археографическою комиссиею» (АЗР), збор дакументаў па гісторыі Беларусі, Украіны і Літвы 14—17 ст., (т. 1—5. Спб., 1846—53). Складальнік і рэдактар І.І.Грыгаровіч (т. 1—4). Змешчана каля 2 тыс. дакументаў на бел. і ўкр. мовах, згрупаваных паводле храналагічна-тэматычнага прынцыпу, пераважаюць матэрыялы па паліт. і царк. гісторыі: судзебнік Казіміра IV 1468, велікакняжацкія прывілеі Полацкай і Віцебскай землям, прывілеі бел. гарадам на магдэбургскае права, даравальныя граматы (фундушы) царк. установам, «Устава на валокі» 1557, матэрыялы пра Лівонскую (Інфлянцкую) вайну 1558—83, Брэсцкую унію 1596, інтэрвенцыю Рэчы Паспалітай у Расію ў пач. 17 ст., казацкія войны ў 17 ст. і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУНІ́ЦА,
1) апрацаваная шкурка куніцы, якая ў ВКЛ да 16 ст. выкарыстоўвалася як сродак плацяжу; агульная назва грошай.
2) Адзін з пашыраных відаў аброку (чыншу) у 15—17 ст., які плацілі кунічнікі за ўзятую ў арэнду зямлю, пчальнікі, права карыстання вадаёмамі і інш. Называлася таксама кунічная плата, кунічныя пенязі. Плата ў велікакняжацкі скарб за карыстанне мясц. насельніцтвам паляўнічымі ўгоддзямі на У Беларусі наз. кунічная даніна. К. спаганялася ў натуральным выглядзе («шэрсцю»), а з 16 ст. пералічвалася на грошы, звычайна адпавядала 12 грошам.
3) Плата нявесты-сялянкі, якая выходзіла замуж у чужую воласць. Выплачвалася грашамі, збожжам, палатном і інш. 4) Малаўжывальная назва валокі ў 16 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДВАРЫ́ШЧА,
1) на Беларусі ў 14—16 ст. (пераважна на Піншчыне) гаспадарчая адзінка і аб’ект абкладання сялян феад. павіннасцямі. Першапачатковыя Д. мелі прыблізна аднолькавую колькасць зямлі, на якой размяшчалася адна сял. гаспадарка — дым. З павелічэннем колькасці насельніцтва і зямлі да 16 ст. яны ўжо не былі аднолькавыя (у сярэднім уключалі 2—4 дымы). Гаспадары асобных Д. часта былі родзічамі, трапляліся і чужыя людзі. Тэр. Д. звычайна мела сваю назву, была акрэслена пэўнымі межамі. Распаду Д. і ўзнікненню сял. гаспадарак у складзе адной сям’і садзейнічала «Устава на валокі» 1557.
2) У Стараж. Русі двор землеўладальніка — дом з гасп. пабудовамі. Д. называлі таксама сельскае паселішча, сяло, вёску. На Беларусі ёсць вёскі з назвамі Дворышча, Дварышча.