ПАНЧ (Пятро) (сапр. Панчанка Пётр Іосіфавіч; 4.7.1891, г. Валкі Харкаўскай вобл., Украіна — 1.12.1978),

украінскі пісьменнік. Друкаваўся з 1921. Аўтар зб-каў апавяданняў і аповесцей «Блакітныя эшалоны» (1928; аднайм. п’еса, 1970), раманаў «Аблога ночы» (1933), «Гаманіла Украіна» (1945—46); пра нац.-вызв. барацьбу ўкр. народа 17 ст.), аўтабіягр. аповесці «На калінавым мосце» (1965, Дзярж. прэмія Украіны імя Т.​Шаўчэнкі 1966), твораў для дзяцей. У 1928 наведаў Беларусь, убачанае апісаў у нарысе «Там, дзе з бярозамі хвоі гамоняць» (1928). Сябраваў з Я.​Купалам. На бел. тэматыку напісаў арт. «Разбіта жалейка (Янка Купала)» (1943), «Сінявокая сястра Беларусь» (1972), апавяданне «А лазу самі выбірайце» прысвяціў У.​Дубоўку. На бел. мову асобныя творы П. пераклалі Я.​Купала, К.​Чорны, Л.​Калюга, А.​Пальчэўскі, І.​Скапараў і інш.

Тв.:

Твори. Т. 1—6. Київ, 1981—83;

Бел. пер. — Зямля. Мн., 1928;

Блакітныя эшалоны. Мн., 1930;

Белы воўк. Мн., 1931;

Падарунак за разведку. Мн., 1937;

Маленькі партызан. Мн., 1938;

Сын Тарашчанскага палка. Мн., 1960;

Рус. пер. — На калиновом мосту. М., 1973;

Голубые эшелоны. М., 1979.

І.​В.​Хланта.

т. 12, с. 56

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСІ́ЛКА,

машына для скошвання сеяных і прыродных траў і інш. раслін. Бываюць: трактарныя (навясныя. паўнавясныя, прычапныя), самаходныя, конныя і ручныя малагабарытныя матарызаваныя; 1-, 2-, 3- і 5-брусавыя (захоп аднаго бруса 2,1 м); з сегментна-пальцавым і ратацыйна-дыскавым рэжучым апаратам. Прыводзяцца ў дзеянне ад вала адбору магутнасці трактара або ад хадавых колаў.

Уласна К. скошваюць траву і ўкладваюць яе ў пракос або збіраюць у валкі. Шырыня захопу да 10 м, прадукцыйнасць да 9,7 га/гадз. К.-здрабняльнікі скошваюць траву, нізкасцябловую кукурузу і інш. сіласныя культуры, адначасова здрабняюць іх і падаюць атрыманую масу ў бункер ці прычэп для транспартавання. Могуць выкарыстоўвацца для скошвання бацвіння бульбы і коранеклубняплодаў. Агрэгатуюцца з трактарамі «Беларусь» і інш. Прадукцыйнасць да 45 т/гадз. К.-плюшчылкі (самаходныя або прычапныя) адначасова скошваюць, расплюшчваюць сцёблы сеяных бабовых траў і ўкладваюць іх у валок ці рассцілаюць на ржышчы. Расплюшчванне сцёблаў паскарае іх сушку і садзейнічае захаванню лістоў — найб. пажыўнай ч. раслін. Плюшчыльны апарат — вальцы з гладкай, фігурнай або рабрыстай паверхняй. Шырыня захопу да 5 м, прадукцыйнасць да 5 га/гадз.

Касілкі: 1 — трохбрусавая прычапная; 2 — касілка-здрабняльнік ротарная прычапная; 3 — касілка-плюшчылка самаходная.

т. 8, с. 141

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРА́БЛІ,

1) прылада для зграбання сена, саломы, выграбання каласкоў і цёртай саломы з зерневай кучы і інш. Вядомы з глыбокай старажытнасці. Складаюцца з галоўкі з 8—14 зубамі і гладкай ручкі (грабільна). Зубы (даўж. 7—10 см) выразалі пераважна з дубу, ясеню, грабу і забівалі ў адтуліны галоўкі. У наш час выкарыстоўваюць граблі з метал. ці пластмасавымі галоўкамі.

2) Прычапныя або навясныя с.-г. машыны для зграбання скошанай травы ў валкі, варушэння травы ў пракосах і пераварочвання валкоў для паскарэння сушкі, а таксама для зграбання саломы.

Адрозніваюць граблі: папярочныя (утвараюць валок сена ўпоперак напрамку руху агрэгата), бакавыя колава-пальцавыя (складаюцца з 2 секцый, якія пры зграбанні сена ў валок устанаўліваюць вуглом назад, пры варушэнні — вуглом уперад, пры пераварочванні працуе адна секцыя); ратацыйныя (складаюцца з 2 ротараў са зменнымі граблінамі для зграбання і пераварочвання сена, варушэння і раскідвання валкоў). Шырыня захопу да 14 м, рабочая скорасць да 12 км/гадз. Агрэгатуюцца з любым трактарам.

Трактарныя граблі: а — папярочныя (1 — рама, 2 — вал пад’ёму, 3 — ачышчальныя пруткі, 4 — зубы грабель); б — схемы агрэгатавання колава-пальцавых грабель; в — ратацыйныя граблі (1 — грабліны, 2 — ротары, 3 — прывод).

т. 5, с. 379

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАКА́ТНЫ СТАН,

агрэгат (комплекс машын і механізмаў) для апрацоўкі металаў ціскам спосабам пракаткі з дапамогай вярчальных валкоў пракатных; адзін з асн. відаў абсталявання металургічнай прамысловасці. Акрамя пракаткі П.с. транспартуюць зліткі ці загатоўкі да награвальных печаў і валкоў стана, перадаюць пракат ад адной рабочай клеці да другой, робяць кантоўку загатовак, ахаладжэнне і інш.

Прамысл. пракатка жалеза пачалася з 18 ст. У Расіі асабліва шырока развівалася на Урале. З 1960-х г. у СССР, ЗША, ФРГ і Італіі ствараюць ліцейна-пракатныя агрэгаты, у якіх сумяшчаюцца працэсы бесперапыннага ліцця і пракаткі ў адзіным непарыўным патоку. П.с. падзяляюць на 5 асн. відаў, сярод якіх вызначаецца некалькі тыпаў: абціскальныя і загатовачныя (блюмінгі, слябінгі, загатовачныя сартавыя, трубазагатовачныя); сартавыя (рэйкабэлечныя, буйна-, сярэдне- і дробнасартавыя, драцяныя; ліставыя — гарачай і халоднай пракаткі; трубапракатныя; спецыяльныя для асаблівых відаў пракату (колапракатныя, шарапракатныя, для зубчастых колаў і інш.) Паводле колькасці валкоў П.с. дзеляць на 2-валковыя (стан-дуа), З-(стан-трыо), 4-(стан-кварта) і шматвалковыя, у т. л. планетарныя; паводле колькасці рабочых клецей — на 1-, 2-, 3-, 4-, 5-, 6-, шматклецевыя. П.с. для вытв-сці сартавога пракату характарызуецца дыяметрам валкоў, для вырабу ліставога пракату — даўжынёй бочкі валкоў, для вытв-сці труб — вонкавым дыяметрам валкоў. Прадукцыйнасць бесперапыннага загатовачнага П.с. складае каля 4—6 млн. т загатовак за год, аўтам. трубапракатнага 50—70 т бясшвовых труб за гадзіну.

В.​І.​Шагун.

Да арт. Пракатны стан. Схема рабочай лініі блюмінга 1300: 1 — станіна; 2 — націскное прыстасаванне; 3 — загатоўка; 4 — валкі; 5 — універсальныя шпіндэлі; 6 — прыстасаванні для ўраўнаважання шпіндэляў; 7 — электрычныя рухавікі.

т. 12, с. 545

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІЦЦЁ,

працэс атрымання вырабаў (адлівак) з расплаўленых матэрыялаў (металаў, горных парод, керамічных матэрыялаў, пластмас і інш.), залітых у ліцейную форму і пасля зацвердзявання апрацаваных. Адзін з найб. эканам. спосабаў вырабу дэталей і загатовак складанай формы і розных памераў. У ліцейнай вытворчасці выкарыстоўваюць больш за 50 разнавіднасцей Л., у т. л. бесперапыннае ліццё, вакуумнае ліццё, каменнае ліццё.

Л. у какіль атрымліваюць фасонныя шчыльныя адліўкі з дакладнымі памерамі, меншымі прыпускамі на мех. апрацоўку (з чыгуну, сталі, алюмінію, магніевых і інш. сплаваў). Л. ў абалонкавыя формы (разавыя, зробленыя з сумесі кварцавага пяску і фенола-фармальдэгіднай смалы) дае адліўкі з шчыльнай аднароднай дробназярністай структурай і высокімі мех. якасцямі, з гладкай паверхняй. Эфектыўнае ў буйнасерыйнай вытв-сці пры вырабе адлівак масай да 100 кг. Л. па выплаўляльных мадэлях робіцца ў нераздымных абалонках з дробназярністага вогнетрывалага матэрыялу. Рабочая поласць утвараецца пасля выплаўлення з абалонкі патрэбнай мадэлі (з парафіну, стэарыну і інш.) Дае складаныя адліўкі з высокай (прэцызійнай) дакладнасцю. Л. пад ціскам вядуць у прэс-формы, якія запаўняюць металам або пластмасай (тэрмапластам, рэактапластам) і гумавымі сумесямі з вял. скорасцю пад высокім ціскам. Пасля астывання, зацвердзявання або вулканізацыі матэрыял набывае канфігурацыю ўнутр. поласці. Дае складаныя вырабы з высокай дакладнасцю. Спосаб высокапрадукцыйны.

На Беларусі даследаванні ў галіне Л. металаў вядуцца з 1950-х г. у Фіз.-тэхн. ін-це Нац. АН, БПА, ліцейнай вытворчасці Беларускім навукова-даследчым канструктарска-тэхналагічным інстытуце, Гомельскім тэхн. ун-це і інш. Распрацаваны новыя спосабы Л. (намарожваннем, Л. у какіль з штучным паветраным зазорам, Л. на вярчальныя валкі-крышталізатары, бесперапыннае цэнтрабежнае Л. і інш.), адпаведныя машыны, абсталяванне, сродкі аўтаматызацыі вытв. працэсаў і інш.

Д.​М.​Кукуй.

Схема ліцця бесперапынным намарожваннем: 1 — літніковая сістэма; 2 — водаахаладжальны крышталізатар; 3 — гатовая адліўка, якая няспынна выцягваецца з астываючага і цвярдзеючага металу.
Да арт. Ліццё. А — ліццё ў какіль: 1 — какіль; 2 — стрыжань; 3 — метал; 4 — адліўка. Б — дакладнае ліццё па выплаўляльных мадэлях: 1 — васковая мадэль; 2 — нанясенне на мадэль слоя керамічнага парашку; 3 — зафармоўванне мадэлі ў апоку; 4 — заліўка металу, які расплаўляе воск і займае яго месца; 5 — ачыстка гатовай адліўкі.

т. 9, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)