ГАРНІЗО́Н (франц. garnison) 1) вайсковыя часці, ваенна-навуч. і інш. ваен. ўстановы, размешчаныя пастаянна ці часова ў пэўным населеным пункце або раёне з вызначанымі межамі. У гарнізоне назначаюць нач., яго намеснікаў, ваен. каменданта і інш. службовых асоб; арганізуюць гарнізонную і каравульную службы.
2) Войскі (падраздзяленні), што абараняюць пэўны апорны пункт (напр., доўгатэрміновае абарончае збудаванне, крэпасць).
т. 5, с. 67
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́ШНЕВІЧЫ,
вёска ў Шумілінскім р-не Віцебскай вобл., каля сутокаў рэк Усыса і Обаль. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 20 км ад г.п. і чыг. ст. Шуміліна, 48 км ад Віцебска. 709 ж., 300 двароў (1999). Лясніцтва. Сярэдняя школа, клуб, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла партызан. Вайсковыя могілкі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.
т. 10, с. 492
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́ВЫЯ ВАЙХА́НЫ,
вёска ў Гарадоцкім р-не Віцебскай вобл., на правым беразе р. Усыса. Цэнтр Вайханскага с/с і саўгаса. За 14 км на З ад горада і 17 км ад чыг. ст. Гарадок, 53 км ад Віцебска. 244 ж., 97 двароў (2000). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Вайсковыя могілкі сав. воінаў. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.
т. 11, с. 374
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́ВЫ БО́ЛЕЦК,
вёска ў Стадолішчанскім с/с Гарадоцкага р-на Віцебскай вобл., каля воз. Болецкае, на аўтадарозе Гарадок — в. Мяжа. Цэнтр саўгаса. За 7 км на ПнУ ад горада і чыг. ст. Гарадок, 44 км ад Віцебска. 215 ж., 90 двароў (2000). Пач. школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Вайсковыя могілкі сав. воінаў. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Каля вёскі археал. помнік Новы Болецк.
т. 11, с. 372
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУЧЭ́ННІ (ваен.),
адзін з асн. спосабаў баявой падрыхтоўкі войск (авіяцыі, флоту), камандзіраў і штабоў аб’яднанняў, злучэнняў (часцей) розных відаў узбр. сіл, а таксама органаў тылу і спец. войск да вядзення ваен. дзеянняў. Праводзяцца з мэтай вырашэння розных задач на мясцовасці ва ўмовах, найб. набліжаных да баявых. Паводле маштабу бываюць тактычныя, аператыўныя і стратэгічныя; паводле формы правядзення — вайсковыя (авіяцыйныя, марскія), з баявой стральбой і без баявой стральбы, камандныя, камандна-штабныя, штабныя, тылавыя, доследныя, даследчыя і спецыяльныя; паводле арганізацыі — адна- і двухбаковыя, адна-, двух- і многаступенныя. Гл. таксама Манеўры.
т. 4, с. 297
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРАКЧЭ́ЕЎШЧЫНА,
палітычны рэжым у Расіі ў 1815—25 (назва ад прозвішча А.А.Аракчэева). Устаноўлены для ўмацавання абсалютызму ва ўмовах пашырэння грамадскага руху пасля вайны 1812. У дзяржаве панавалі самавольства, паліцэйскі дэспатызм і дэспатычны парадак у арміі, жорстка каралася любая праява незадаволенасці. Для прадухілення рэв. руху ў гарадах размяшчаліся вайсковыя каманды. Узмацнілася памешчыцкая эксплуатацыя сялян, жорстка душыліся выступленні сялян, у т. л. ў Брэсцкім і Пружанскім пав., Мазырскім старостве. Узмацнілася рэакцыя ў галіне асветы і культуры: праследаваліся прагрэс, матэрыяліст. думка, прагрэс. навукоўцы, забаронена дзейнасць масонаў (1822), пачаліся ганенні на т-вы філаматаў і філарэтаў (1823). Метады аракчэеўшчыны захаваліся і ў перыяд царавання Мікалая I. Слова «аракчэеўшчына» стала сінонімам самавольства і паліцэйскіх метадаў кіравання.
т. 1, с. 451
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АТАМА́Н,
1) кіраўнік нерэгулярнага, незалежнага ад дзярж. улады вайск. атрада (часам шайкі разбойнікаў).
2) Вышэйшы начальнік казацкага войска — камандзір (вайсковы, наказны, паходны, кашавы атаман), начальнік казацкай адм.-тэр. адзінкі (аддзела, акружны, станічны, хутарскі атаман) або камандзір падраздзялення (куранны атаман). У Запарожскім казацкім войску існавалі кашавыя і куранныя атаманы, у Данскім — вайсковыя. На пач. 18 ст. атаман у Данскім войску назначаўся ўрадам, з 1723 ён наз. вайсковым наказным атаманам, з 1866 меў правы ген.-губернатара і камандуючага вайсковай акругай. Званне атамана адменена пасля Кастр. рэв. 1917. Адноўлена ў Расіі на пач. 1990-х г. у сувязі з адраджэннем казацкага руху.
3) У грамадз. вайну 1918—20 камандзір у часцях белай гвардыі.
т. 2, с. 66
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІСО́ЎСКІ (Аляксандр Юзаф) (каля 1575—1616),
военачальнік ВКЛ, стваральнік лёгкай нерэгулярнай кавалерыі — лісоўчыкаў. Вайсковую службу пачаў пад камандаваннем Я.Патоцкага, удзельнічаў у кампаніі 1599—1600 супраць валашскага гаспадара Міхала, у Кірхгольмскай бітве 1605 са шведамі. У 1607 далучыўся да войска Лжэдзмітрыя II. На чале данскіх казакоў рабіў рэйды па тэр. Расіі, захапіў Разань, Суздаль, Каломну і інш. Пад камандаваннем Я.П.Сапегі ўдзельнічаў у аблозе Масквы і Троіца-Сергіевай лаўры. Пасля паражэння Лжэдзмітрыя II на службе ў Жыгімонта III, удзельнічаў у зняцці аблогі рус. войск са Смаленска ў 1614—15, у 1615 арганізаваў паход у Северскія землі. За ўдалыя вайсковыя аперацыі атрымаў чын каралеўскага палкоўніка.
У.М.Вяроўкін-Шэлюта.
т. 9, с. 284
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРО́ДНАЕ АПАЛЧЭ́ННЕ ў вайну 1812,
дапаможныя вайсковыя фарміраванні з прыгонных сялян, добраахвотнікаў, рамеснікаў, мяшчан і інш. Паводле маніфеста імператара Аляксандра I ад 18.7.1812 стваралася ў 16 губернях Цэнтр. Расіі і Паволжа, а таксама на Украіне. Афіцэрскі састаў камплектаваўся з добраахвотнікаў-дваран, каманд. акругамі выбіралі на дваранскіх сходах. Налічвала больш за 300 тыс. апалчэнцаў, акрамя таго, каля 100 тыс. чал. уваходзіла ў т. зв. ўнутр. апалчэнне, якое несла службу ў сваіх раёнах. На Беларусі Н.а. значнага пашырэння не атрымала. Частка апалчэнцаў удзельнічала ў Смаленскай і Барадзінскай бітвах, у шэрагу інш. баёў, у т. л. пад Полацкам, Чашнікамі, на р. Бярэзіна, у зарубежных паходах рас. арміі. У сак. 1813 — кастр. 1814 апалчэнне расфарміравана.
І.А.Літвіноўскі.
т. 11, с. 165
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫ́ШАДКІ,
вёска ў Стадолішчанскім с/с Гарадоцкага р-на Віцебскай вобл. За 20 км ад горада і чыг. ст. Гарадок, 60 км ад Віцебска. 79 ж., 41 двор (1996). Вайсковыя могілкі. Археал. помнік — гарадзішча ранняга жал. веку і курганны могільнік крывічоў 10—11 ст.
Упершыню ўпамінаюцца ў 1570 як сяло дзярж. Усвяцкай вол. Віцебскага ваяв. ВКЛ. З 1633 ва ўладанні Рудамінаў-Дусяцкіх. З 1772 у Рас. імперыі, цэнтр прыватнага маёнтка, які належаў памешчыку фон Крузе. Вышадкі ўваходзілі ў Суражскі пав., з 1866 — цэнтр воласці Гарадоцкага пав. Віцебскай губ.; царква, 3 кірмашы на год. З 1923 у Віцебскім пав., з 1924 у Межанскім, з 1931 у Гарадоцкім р-не. У Вял. Айч. вайну ням.-фаш. захопнікі ў жн. 1942 спалілі вёску, загубілі 12 жыхароў.
т. 4, с. 329
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)