БІЯЦЫ́КЛ
(ад бія... + цыкл),
1) самы вял. экалагічны падраздзел біясферы. Вылучаюць біяцыклы: суша, акіян і кантынентальныя вадаёмы. Кожны біяцыкл падзяляецца на біяхоры (сукупнасць падобных біятопаў); напр., біятопы пясчаных, гліністых, камяністых пустыняў аб’ядноўваюцца ў біяхор пустыняў, які разам з біяхорамі лясоў, стэпаў і інш. складае біяцыкл сушы.
2) Заканамерная змена фазаў або стадый развіцця арганізма.
т. 3, с. 182
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯКАРО́ЗІЯ
(ад бія... + карозія),
працэс пашкоджання (парушэння) металаў у выніку жыццядзейнасці жывых арганізмаў (пераважна анаэробных бактэрый; гл. Анаэробныя арганізмы). Бывае на вода- і нафтаправодах, падводных частках гідратэхн. збудаванняў, днішчах караблёў і інш. Найб. агрэсіўныя для металаў аблігатныя сульфатрэдукавальныя бактэрыі (Desuflobrio desulfuricans, D. rubentschitckii, D. aestuarii). Для аховы ад біякарозіі выкарыстоўваюцца кантактныя і лятучыя фунгіцыды. Гл. таксама Біяпашкоджанне і Біядэградацыя.
т. 3, с. 169
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯПСІ́Я
(ад бія... + грэч. opsis разгляданне),
дыягнастычная аперацыя выразання пробнага кавалачка хваравіта змененай тканкі жывога арганізма з далейшым мікраскапічным даследаваннем для вызначэння характару паталагічнага працэсу (запаленне, пухліна і інш.). Біяпсія ў час хірург. аперацыі (тэрміновая) дае магчымасць удакладніць клінічны дыягназ і вызначыць межы пашкоджання. Разнавіднасць біяпсіі — біяпункцыя, пры дапамозе якой ацэньваюць характар змянення ўзятых для даследавання клетак, вадкіх тканак (напр., спіннамазгавой вадкасці).
т. 3, с. 176
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯРЭХАЛАКА́ЦЫЯ
(ад бія... + рэха + лакацыя),
выпрамяненне і ўспрыманне жывёламі высокачастотных гукавых сігналаў з мэтай выяўлення аб’ектаў (здабыча, перашкода і інш.) у прасторы, а таксама атрымання інфармацыі аб іх уласцівасцях і памерах; адзін са спосабаў арыентацыі жывёл. Развіта ў лятучых мышэй, дэльфінаў, некаторых птушак, землярыек і інш. Дзякуючы біярэхалакацыі кіты, напр., лёгка шукаюць згуртаванні планктону, дэльфіны лацыруюць чароды рыб на адлегласці да 3 км.
т. 3, с. 177
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯТЭЛЕМЕТРЫ́Я
(ад бія... + тэлеметрыя),
спосаб атрымання і рэгістрацыі інфармацыі аб стане біял. аб’ектаў з дапамогай тэлеметрычнай апаратуры. Звычайна выкарыстоўваюць мініяцюрныя доўгахвалевыя радыёперадатчыкі або крыніцы радыеактыўнасці, якія прымацоўваюць на целе чалавека або жывёлы. Метад біятэлеметрыі дазваляе дакладна вызначаць месцазнаходжанне аб’екта, рэгістраваць паказчыкі перамяшчэнняў, жыццядзейнасці і паводзін арганізма (напр., рытм сардэчных скарачэнняў, т-ру цела і інш.). Выкарыстоўваюць у экалогіі, эталогіі, медыцыне, спорце, касманаўтыцы.
т. 3, с. 180
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯГЕАСФЕ́РА
(ад бія... + геасфера),
абалонка зямнога шара, у якой сканцэнтравана асн. маса жывога рэчыва планеты. У адрозненне ад біясферы ахоплівае толькі вобласць высокай канцэнтрацыі жывога рэчыва. Размешчана на мяжы кантакту паверхневага слоя зямной кары з атмасферай і ў верхняй ч. воднай абалонкі. Таўшчыня ад некалькіх метраў (стэп, пустыня, тундра) да соцень метраў (лясное згуртаванне, моры). Найменшае падраздзяленне біягеасферы — біягеацэноз (экасістэма). Тэрмін прапанаваў Ю.К.Яфрэмаў (1959).
т. 3, с. 167
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІ́ЙСК,
горад у Расійскай Федэрацыі, цэнтр раёна ў Алтайскім краі. Засн. ў 1707. 232,0 тыс. ж. (1994). Прыстань на р. Бія. Чыг. станцыя. Пач. пункт Чуйскага аўтамаб. тракту да граніцы з Манголіяй. Машынабудаванне (вытв-сць катлоў, прыбораў, абсталявання для харч. прам-сці і інш.), хім. (лакі і фарбы), дрэваапр., лёгкая (абутковая, швейная), харч. (мясная, масласыраробная, малочная, цукр. і інш.) прам-сць. 2 ВНУ. Драм. т-р. Краязнаўчы музей імя В.Біянкі.
т. 3, с. 150
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯГЕНАСФЕ́РА
(ад бія... + грэч. genos нараджэнне + сфера),
прыродны комплекс, які ўзнік у слоі ўзаемадзеяння і ўзаемапранікнення атмасферы, гідрасферы, літасферы. Сфарміраваўся пад уздзеяннем сонечнай энергіі і арган. жыцця. У біягенасферу ўключаюць 10—12 км тоўшчы атмасферы (над узроўнем акіяна), усю гідрасферу і 4—5 км слоя літасферы, агульная тоўшча біягенасферы да 30 км. Біягенасфера ўключае і ненаселеныя прасторы планеты (напр., ледавіковыя шчыты Антарктыды і Грэнландыі). Біягенасферу вывучае фіз. і эканам. геаграфія. Гл. таксама Біясфера.
т. 3, с. 168
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯТРО́Н
(ад бія... + грэч. thronos месцазнаходжанне),
біятэхнічны комплекс для стварэння штучна рэгулюемых умоў вонкавага асяроддзя ў спец. герметычных камерах або памяшканнях. Выкарыстоўваецца ў эксперым. біялогіі, медыцыне, мікрабіялогіі з мэтай даследавання арганізмаў і лячэння некаторых хвароб. У біятроне вывучаюць уплыў на арганізмы т-ры, асветленасці, вільготнасці, ціску, мат. палёў і інш. фактараў навакольнага асяроддзя. З дапамогай біятрона магчыма значна паскорыць селекцыйны і мутацыйны працэсы. Упершыню ў б. СССР пабудаваны ў Кіеве (1959). Гл. таксама Фітатрон.
т. 3, с. 179
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯХО́Р(А)
(ад бія... + ...хор),
1) геаграфічнае асяроддзе, у якім вызначаныя пануючыя жыццёвыя формы прыстасаваны да пэўных спалучэнняў метэаралагічных фактараў.
2) Вобласць пашырэння жыцця.
3) Група падобных месцапражыванняў.
4) Кліматычная мяжа фларыстычнага раёна.
5) Буйное падраздзяленне біясферы. Ахоплівае прасторава аб’яднаныя біятопы, якія размешчаны ў аднатыпных кліматычных умовах і характарызуюцца спецыфічным складам жывога насельніцтва. Аб’ядноўваюцца ў біяцыклы. Уяўленне аб біяхоры аналагічнае паняццю «ландшафтная зона» (у экалогіі з-за большай канкрэтнасці яму аддаецца перавага).
т. 3, с. 182
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)