БЫ́ХАВА АБАРО́НА 1659.
Адбывалася ў маі—снежні 1659 у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 супраць рас. войска. У пач. 1657 пасля 18-месячнай аблогі рас. войскі з казакамі І.Нячая штурмам захапілі Быхаў. У 2-й пал. 1658 Нячай здрадзіў цару і перайшоў на бок Яна II Казіміра. Сваёй рэзідэнцыяй ён зрабіў Стары Быхаў. Войска рас. ваявод Змеева і Лабанава-Растоўскага 14.5.1659 падышло да горада і пачало яго новую аблогу, якая працягвалася да 4 снеж. і скончылася начным штурмам. Поспеху штурму садзейнічала здрада членаў гар. магістрата і каменданта Быхаўскага замка немца Шульца. Шмат было забіта абаронцаў замка, у т. л. Нячай, знішчана палонная шляхта. У адбудаваным замку размясціўся рас. Гарнізон.
т. 3, с. 377
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЫ́ХАЎСКІ ПАВЕ́Т, Старабыхаўскі павет (да 1852). Існаваў на тэр. Беларусі ў 1772—96 і 1802—1923. Утвораны 8.6.1772 пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай. Цэнтр — г. Быхаў (Стары Быхаў). 23.12.1796 пры скасаванні Магілёўскай губерні павет скасаваны, тэр. ўвайшла ў Беларускую губерню. Адноўлены 11.3.1802 з аднаўленнем Магілёўскай губ. Пл. Павета 4105,8 кв. вёрстаў, нас. 124 820 чал. (1897). У павеце было 10 валасцей: Баханская, Бычанская (раней Новабычанская), Гарадзецкая (пазней Старабыхаўская), Гарадзішчанская, Глухаўская, Грудзінаўская (раней Царкоўнаасавецкая), Даўгамохская, Навабыхаўская, Прапойская, Чыгірынская; 476 нас. пунктаў (1897). З абвяшчэннем БССР (1.1.1919) Быхаўскі павет у яе складзе. З лют. 1919 у складзе Магілёўскай (з 26.4.1919 Гомельскай) губ. РСФСР. 14.2.1923 павет скасаваны, воласці перададзены ў Магілёўскі, Рагачоўскі і Чэрыкаўскі паветы Гомельскай губ.
т. 3, с. 379
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРУДЗІ́НАЎКА,
вёска ў Быхаўскім р-не Магілёўскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 27 км на ПнУ ад Быхава, 40 км ад Магілёва, 28 км ад чыг. ст. Быхаў. 697 ж., 298 двароў (1997). З-д харч. прадуктаў. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнік архітэктуры — Грудзінаўскі палацава-паркавы ансамбль.
т. 5, с. 453
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́КРАЕ,
вёска ў Холстаўскім с/с Быхаўскага р-на Магілёўскай вобл., на р. Макранка; чыг. паўстанак на лініі Магілёў—Жлобін. Цэнтр калгаса. За 3 км на Пн ад г. Быхаў, 47 км ад Магілёва. 842 ж., 336 двароў (2000). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія запнулі ў Вял. Айч. вайну. Помнік архітэктуры — Успенская царква (1865).
т. 10, с. 513
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЫ́ХАЎСКІ КАНСЕ́РВАВА-АГАРОДНІНАСУШЫ́ЛЬНЫ ЗАВО́Д.
Пабудаваны ў 1950—54 у г. Быхаў Магілёўскай вобл. З 1959 камбінат, з 1976 завод, да 1981 галаўное прадпрыемства Быхаўскага вытв. агр. аб’яднання па вытв-сці і прамысл. перапрацоўцы агародніны і садавіны. У 1963—64 і 1992 рэканструяваны і расшыраны. Дзейнічаюць кансервавы, сушыльны, меланжавы, бляшаначны і тарны цэхі. Асн. прадукцыя (1995): агароднінныя і фруктовыя кансервы, крухмал, бляшанкі і метал. Накрыўкі.
т. 3, с. 379
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЛО́ЎСКІ (Канстанцін Іванавіч) (15.12.1913, г. Быхаў — 22.7.1944),
Герой Сав. Саюза (1945). У Чырв. Арміі з 1934. Скончыў Бабруйскае танк. вучылішча (1939). Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял. Айч. вайну на фронце з чэрв. 1941. Вызначыўся ў ліп. 1944 пры вызваленні Латвіі: танк. батальён пад яго камандаваннем двойчы прарываў умацаванні ворага, за 8 дзён наступлення прайшоў каля 300 км, знішчыў 12 танкаў, 8 танкетак, каля 50 гармат. Загінуў у баі.
т. 1, с. 486
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЫ́ХАЎСКІ ЗА́МАК.
Існаваў у 16—18 ст. у г. Быхаў. Стаяў на высокім правым беразе Дняпра, на месцы паселішча 14—15 ст. Уваходзіў у сістэму Быхаўскіх гарадскіх умацаванняў. Да 1590, калі вытрымаў напад «нізавых казакоў» М.Федаровіча, меў драўляна-земляныя ўмацаванні — кальцавы вал, драўляныя сцены ў выглядзе гародняў, вежы і ўязную браму. Тады ж гаспадар горада гетман Я.К.Хадкевіч атрымаў ад караля грамату на ўзвядзенне новага замка. Будаўніцтва яго скончылася ў 1619. Пры Л.Сапегу, да якога ў 1628 перайшоў Быхаў, зроблена бастыённая фартыфікацыя. Новы Быхаўскі замак займаў участак берага ў выглядзе няправільнага прамавугольніка памерам 77 × 100 м, з Пд, З і Пн быў абведзены равамі шырынёй да 22—27 м, па краях пляцоўкі — землянымі валамі з бастыёнамі. Да мураванай замкавай брамы, па баках якой знаходзіліся васьмігранныя 2-ярусныя цагляныя вежы, вёў драўляны мост. На восі ўезду ў замак размяшчаўся палац, справа ад яго стаяла казарма. Быхаўскі замак перажыў шмат аблог і штурмаў (гл. Быхава аблога 1654—55, Быхава абарона 1659, Быхава аблога 1660—61, Быхава аблога 1702, Быхава абарона 1707).
М.А.Ткачоў.
т. 3, с. 379
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЫ́ХАВА АБЛО́ГА 1702.
Праводзілася ў жн. — кастр. 1702 казакамі і войскамі ВКЛ у час Паўночнай вайны 1700—21. 29 жн. Стары Быхаў, уладальнік якога К.Сапега арыентаваўся на Станіслава Ляшчынскага і шведаў, быў абложаны казакамі гетмана М.Міклашэўскага і войскам генерала артылерыі ВКЛ К.Сяніцкага (Сініцкага-Бонча). Абаронай кіравалі М.Більдзюкевіч і быхаўскі губернатар Я.Дэро. 10 кастр. гарнізон здаўся на ганаровых умовах і прысягнуў Аўгусту II. Мяшчанам былі пакінуты ўсе вольнасці і прывілеі. Кіраванне Быхавам аддадзена Сяніцкаму.
т. 3, с. 378
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЫ́ХАЎСКАЯ ТРО́ІЦКАЯ ЦАРКВА́,
помнік драўлянага дойлідства. Пабудавана ў сярэдзіне 19 ст. ў г. Быхаў (Магілёўская вобл.). Будынак цэнтрычны, крыжападобны ў плане, на цагляным атынкаваным фундаменце. З трох бакоў зроблены ўваходы ў выглядзе шырокіх мураваных ганкаў з казыркамі на драўляных калонах. Над гал. уваходам — высокая васьмігранная ў плане 3-ярусная званіца, над сяродкрыжжам — вялікі светлавы барабан (дыяметр 8 м, вышыня 12,5 м) з купалам. Фасады вертыкальна ашаляваны. Вокны паўцыркульныя. У інтэр’еры цэнтральная 2-светлавая частка перакрыта самкнёным скляпеннем на ветразях.
т. 3, с. 379
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАЛАТАРЭ́НКА (Іван Нічыпаравіч) (? — 7.10.1655),
паплечнік Б.Хмяльніцкага. Нежынскі палкоўнік (з 1653). З 1654 наказны гетман укр. казацкага 20-тысячнага войска (Нежынскі, Старадубскі і Чарнігаўскі палкі). У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 пасланы на Беларусь у распараджэнне цара Аляксея Міхайлавіча. У 1654 заняў Гомель, Рэчыцу, Жлобін, Стрэшын, Рагачоў, Прапойск, Чачэрск і Новы Быхаў, у 1655 — Бабруйск, Глуск, Каралеўскую Слабаду, Свіслач, Койданава, разам з рас. войскамі ўдзельнічаў у захопе Мінска і Вільні. Загінуў у час Быхава аблогі 1654—55.
т. 6, с. 508
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)