БАГУШЭ́ВІЧ (Францішак Бенядзікт Казіміравіч) (21.3.1840, б. фальварак Свіраны, Вільнюскі р-н, Літва — 28.4.1900),

бел. паэт, празаік, публіцыст, перакладчык. Вучыўся ў Віленскай гімназіі. У 1861 паступіў на фіз.-матэм. ф-т Пецярб. ун-та; выключаны з 1-га курса за адмаўленне прыняць новыя універсітэцкія правілы. Працаваў настаўнікам у Доцішках (Воранаўскі р-н). Удзельнік паўстання 1863—64, у баях у Аўгустоўскіх лясах паранены. З-за пагрозы рэпрэсій тайна жыў пад Беластокам, у Вільні, пасля перабраўся на Украіну. Пры дапамозе Я.​Карловіча паступіў у Нежынскі юрыд. ліцэй, які скончыў у 1868. Працаваў судовым следчым на Украіне і ў Расіі. З 1884 у Вільні, адвакат судовай палаты; вёў пераважна справы сялян і гарадской беднаты. З 1898 жыў у Кушлянах (Смаргонскі р-н), пахаваны ў Жупранах (Ашмянскі р-н). Багушэвіч — рэв. дэмакрат, пачынальнік крытычнага рэалізму ў бел. л-ры. Вытокі яго творчасці ў грамадскім жыцці Беларусі, цесна звязаны з фальклорам, а таксама з лепшымі эстэт. традыцыямі слав. паэзіі. У зб-ках «Дудка беларуская» (пад псеўд. Мацей Бурачок; Кракаў, 1891) і «Смык беларускі» (пад псеўд. Сымон Рэўка з-пад Барысава; Познань?, 1894) паказаў селяніна, якога абдзялілі пры скасаванні прыгону, абдзірае казна, крыўдзяць суд і царскія чыноўнікі. У ім Багушэвіч бачыў не проста пагарджанага доляй, прыгнечанага мужыка, а чалавека, які крытычна ўспрымае свет, не баіцца «з’ехаць урадніку тройчы меж вушоў». Жывымі і яркімі паўсталі ў яго творах вобразы сялян Аліндаркі («Кепска будзе!»), Петрука Пантурка («У судзе»), Ануфрыя Скірдзеля («Балада»), Мацея («Хрэсьбіны Мацюка») і інш. Сац. пытанні востра ставяцца ў вершах «Бог не роўна дзеле», «Не цурайся», «Ахвяра». Цыкл «Песні» (зб. «Смык беларускі») — узор выкарыстання бел. нар. песні і насычэння яе сац. і філас. зместам. З болем чуючы, як «звякаюць ланцугі на людцах», са смуткам гледзячы «на зямельку, слязьмі залітую», паэт верыў у часіну, калі «перастанем плакаць мы над сваёй доляй». У яго творчасці на ўвесь голас загучалі і матывы нац. адраджэння. У прадмове да зб. «Дудка беларуская» ён абгрунтоўваў права бел. народа на развіццё сваёй мовы і заклікаў: «Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі». Шмат рабіў Багушэвіч для фарміравання бел. літ. мовы, узбагачэння і ўдасканалення бел. паэтыкі. Ён узнімаў некранутыя моўныя пласты, карыстаўся сілабікай, каб надаць вершу гутарковае гучанне, смела ўводзіў сілаба-танічны памер, народна-песенныя прыёмы. Багатая і разнастайная яго спадчына ў жанравых адносінах: паэма («Кепска будзе!»), вершаванае апавяданне, блізкае формай да гутарак («У астрозе», «Быў у чысцы», «Свая зямля»), публіцыст. маналог («Мая дудка», «Дурны мужык, як варона»), філас. роздум («Праўда», «Думка»), верш-прысвячэнне («Яснавяльможнай пані Арэшчысе»), байка («Воўк і авечка»), сатыра («Праўдзівая гісторыя аб замучаным дукаце»), апрацоўка нар. казкі («Хцівец і скарб на святога Яна») і інш. Багушэвічу належаць і першыя ў бел. л-ры празаічныя творы. Апавяданні «Сведка», «Палясоўшчык», «Дзядзіна» (усе апубл. 1907) зместам і формай цесна звязаны з нар. гумарэскай, быт. анекдотам. Апавяданне «Тралялёначка» (Кракаў, 1892) бліжэй да літ. традыцыі; у ім яскрава ўвасоблены расслаенне бел. вёскі, вясковыя багацеі, што прыйшлі на змену радавітым панам. У 1886—91 пад псеўд. Demos, B.Huszicz, Ten і інш. друкаваў у польскім пецярбургскім час. «Kraj» («Край») допісы і артыкулы, у якіх пісаў пра цяжкае жыццё працоўнага люду, крызіс сельскай гаспадаркі, нізкія ўраджаі, цемнату і непісьменнасць народа. Лісты Багушэвіча да Я.​Карловіча і Э.​Ажэшкі (датуюцца 1868—97) — важныя дакумент. сведчанні светапогляду паэта, гісторыі напісання паасобных твораў і выдання «Дудкі беларускай», матэрыяльных умоў і абставін яго жыцця. Не ўсе творы Багушэвіча дайшлі да нас. Няма пэўных звестак пра змест зб. «Скрыпка беларуская», які меўся выйсці пасля смерці аўтара, не знойдзены ў архівах зб. «Беларускія апавяданні Бурачка», падрыхтаваны ў 1899 і не прапушчаны цэнзурай, не збярогся слоўнік бел. мовы, які Багушэвіч складаў па прапанове Карловіча. Яму прыпісваецца пракламацыя без назвы (пачынаецца словамі «Гаспадары, для вас пішу гэта апавяданне»), выдадзеная па-беларуску ў Кракаве і прысвечаная падзеям у літоўскім мястэчку Крожы ў 1894. Імя Багушэвіча прысвоена Ашмянскаму краязнаўчаму музею, у Кушлянах створаны Багушэвіча Ф.К. літаратурна-мемарыяльны музей-сядзіба. Помнікі паэту ў в. Жупраны і на яго магіле.

Тв.:

Творы. Мн., 1967;

Вершы. Мн., 1976;

Творы. Мн., 1991.

Літ.:

Гарэцкі М. Гісторыя беларускае літаратуры. Мн., 1992;

Барысенка В. Францішак Багушэвіч і праблема рэалізму ў беларускай літаратуры XIX стагоддзя. Мн., 1957;

Александровіч С. Старонкі братняй дружбы. Мн., 1969;

Яго ж. Гісторыя і сучаснасць. Мн., 1968;

Кісялёў Г. Сейбіты вечнага. Мн., 1963;

Яго ж. З думай пра Беларусь. Мн., 1966;

Яго ж. Ад Чачота да Багушэвіча. Мн., 1993;

Навуменка І. Пісьменнікі-дэмакраты. Мн., 1967;

Дорошевич Э., Конон В. Очерк истории эстетической мысли Белоруссии. М., 1972;

Майхрович А. Белорусские революционные демократы. Мн., 1977;

Лойка А.А. Гісторыя беларускай літаратуры. Дакастрычніцкі перыяд. Ч. 1. 2 выд. Мн., 1989;

Янушкевіч Я. «Чалавек, які нарадзіўся не ў сваю эпоху...»: Новае з перапіскі Францішка Багушэвіча з Янам Карловічам // Шляхам гадоў. Мн., 1990.

С.​Х.​Александровіч.

Ф.К.Багушэвіч.

т. 2, с. 210

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПСЕЎДАНІ́М (ад псеўда... + грэч. onyma імя),

подпіс ці імя, якімі асоба замяняе сваё сапраўднае прозвішча (імя). Найб. пашыраны ў літаратараў, журналістаў, мастакоў, дзеячаў т-ра, кіно і інш. Прычыны з’яўлення П. розныя: праследаванні цэнзуры, немілагучнасць сапр. прозвішча, наяўнасць аднолькавых прозвішчаў, саслоўныя забабоны, боязь правалу ў маст. творчасці, жаданне захаваць інкогніта, падкрэсліць якія-н. свае асабістыя якасці ці прадставіць сябе іншым, чым ў сапраўднасці (літ. маска). Літ. П. можа лічыцца адным з відаў літ. містыфікацый.

Вядомы са старажытнасці. У некат. асоб акрамя асн. было шмат інш. П. (у Вальтэра болей за 160, у Кацусікі Хакусая болей за 10). Часам П. далучаліся да асн. прозвішча (М.​Салтыкоў-Шчадрын), многія сталі сталым аўтарскім імем (Мальер, Стэндаль, М.​Горкі, Чымабуэ). П. могуць паказваць на нацыянальнасць (Леся Украінка), месца нараджэння асобы або яе жыхарства (Дз.​Мамін-Сібірак, Леанарда да Вінчы), рысу характару і перакананні (Павел Беспашчадны) або творчасці (Наваі, г.зн. меладычны). Існуюць калектыўныя П. (Казьма Пруткоў, Кукрыніксы). Ёсць П. з мэтай маскіроўкі, каб прыпісаць асобам неўласцівыя ім якасці: жанчынам — мужчынскі пол (Жорж Санд), інш. нацыянальнасць (Гіём Апалінэр — В.​А.​Кастравіцкі), іншую прафесію (Пасічнік Руды Панько — М.​Гогаль) і інш. Вядомы гумарыстычныя П. (Зубаскал — Ф.​Дастаеўскі, Гайка №6 — А.​Чэхаў, Кабзар Дармаграй — Т.​Шаўчэнка).

На Беларусі П. пачалі ўжывацца з 16 ст. ў палемічнай л-ры: Стафана Куколя (Тустаноўскага) — Стафан Зізаній, Марціна Бранеўскага — Хрыстафор Філалет, Мялеція Сматрыцкага — Тэафіл Арфалог і інш. Інтэнсіўнае пашырэнне П. ў прэсе Беларусі назіраецца з 2-й пал. 19 ст. А.​Вярыга-Дарэўскі выдаў у Магілёве паэму «Гутарка пра сваяка» (1858), падпісаную «Białoruska Duda», газ. «Мужыцкая праўда» К.​Каліноўскі падпісваў «Jaśko — haspadar s pad Wilni». Шмат П. у народніцкіх выданнях 1880-х г., у газ. «Минский листок» (1886—1902). Ф.​Багушэвіч свае кнігі, выдадзеныя за мяжою, падпісваў «Мацей Бурачок» і «Сымон Рэўка з-пад Барысава», А.​Абуховіч падпісваўся «Граф Бандынэлі», А.​Лявіцкі — Ядвігін Ш. Шмат П. выкарыстоўвалася ў газ. «Наша ніва» (1906—15), у прэсе Зах. Беларусі, на Беларусі з 1920-х г. і да сённяшняга дня.

Існуе больш за 50 відаў П. Асноўныя: уласна П. (сапраўдныя П.), ці фіктонімы, абагульняльныя П., крыптанімы. Уласна П. — формы, утвораныя па законах якой-н. мовы, даюць поўнае ўражанне імя і прозвішча аўтара: І.​Луцэвіч — Янка Купала, Марка Бяздольны, Цімох Каруза; К.​Міцкевіч — Якуб Колас, Тарас Гушча, Тамаш Булава; А.​Луцкевіч — Антон Навіна; В.​Ластоўскі — Власт; М.​Раманоўскі — Кузьма Чорны; З.​Жылуновіч — Цішка Гартны, Сымон Друк, Янка Кліч; М.​Касянкоў — Міхась Зарэцкі; Я.​Скурко — Максім Танк; І.​Навуменка — Яўхім Цыбук і інш. Абагульняльныя П. — тыя, у якіх імя і прозвішча аўтара заменена на паказанне яго нацыянальнасці (Беларус — М.​Янчука і П.​Дземідовіча, Максім Беларус — М.​Гарэцкага, Litwin (г.зн. беларус) — А.​Рымшы; тэрытарыяльнай прыналежнасці (С.​Пятроўскага-Сітніяновіча — Сімяон Полацкі, К.​Міцкевіча — Мікалаевец, І.​Луцэвіча — Янук з-пад Мінска); сац. становішча (З.​Жылуновіча — Бэйгар, С.​Крыўца — Сярожа Пастушок) і інш. Калі да такіх П. дадаецца поўнае імя або ініцыял, яны набываюць форму сапраўдных П. (З.​Жылуновіча — Змітро Капылянін, Дз.​Бяспалага — Зм Вялікаборац). Вельмі пашыраная форма П. — крыптанімы, якія ўтвараюцца з ініцыялаў імя або прозвішча, імя і прозвішча, часам імя, імя па бацьку і прозвішча, пачатковых літар П. аўтара (ІЛ., Я.К. — І.​Луцэвіч, М.Б. — М.​Багдановіч, Я.С. — Я.​Сіпакоў), з літар розных алфавітаў (A.D. — Ф.​Багушэвіч, *S — І.​Неслухоўскі), з розных скарачэнняў імя або прозвішча аўтара ці яго П. (К—а, К-А-А — І.​Луцэвіч, Б—ч — М.​Багдановіч), анаграм, змешвання літар і складоў імя і прозвішча (А.​Рэка — А.​Бабарэка). Своеасаблівая форма П. — псеўдаандронімы, г.зн. мужчынская форма П. для аўтара-жанчыны (Гаўрыла з Полацку — Алаіза Пашкевіч) і псеўдагінімы, жаночыя формы П., выкарыстаныя мужчынамі (Ганна Крум — К.​Міцкевіча, Ек.Февралёва — М.​Багдановіч, Ганна Аршыца — У.​Дубоўка, Ганна Галубянка — І.​Канчэўскі). Часам за П. хаваецца не адна асоба (Лукаш Бандылевіч — П.​Броўка і Я.​Скрыган; І.​Сібарсач — Я.​Сіпакоў, Р.​Барадулін, Б.​Сачанка; Я.​Лупаты — Я.​Брыль, М.​Лужанін, П.​Панчанка, М.​Танк). П. карыстаюцца акцёры (Юрка Куртаты — М.​Кудзелька, Г.​Глебаў — Г.​Сарокін, У.​Уладамірскі — У.​Малейка, В.​Галіна — В.​Александроўская, Л.​Рахленка — Л.​Г.​Рахлін і інш.), мастакі (Эль Лісіцкі — Л.​Лісіцкі, Ксёндз — А.​Ксяндзоў, Мара — А.​Марачкін, А.​Эроціч — А.​Тарановіч і інш.). Пераважная большасць П. не дае ніякіх звестак пра іх носьбітаў: прозвішчы (І.​Іваноў — А.​Пушкін), літары лац. алфавіта (N., г.зн. Nemo, — ніхто), таксама друкарскія абазначэнні — зорачкі (астронімы), знакі прыпынку, матэм. знакі, геам. фігуры (стыгмонімы). Паводле заканадаўства кожны аўтар мае права карыстацца П. Рэдакцыі газет і часопісаў абавязаны захоўваць таямніцу П.

Літ.:

Масанов Ю.И. В мире псевдонимов, анонимов и литературных подделок. М., 1963;

Дмитриев В.Г. Замаскированная литература. М., 1973;

Яго ж. Скрывшие свое имя: (Из истории анонимов и псевдонимов). 2 изд. М., 1977;

Яго ж. О псевдонимах и их классификации // Филол. науки. 1975. № 5;

Старущенко Г.П. Отечественные труды по библиографированию псевдонимов // Вопросы истории методики универсальной и отраслевой библиографии. Л., 1980;

Масанов И.Ф. Словарь псевдонимов русских писателей, ученых и общественных деятелей. Т. 1—4. М., 1956—60;

Саламевіч Я. Слоўнік беларускіх псеўданімаў і крыптанімаў (XVI—XX стст.). Мн., 1983;

Świerczyńska D. Polski pseudonim literacki. Warszawa, 1983;

Słownik pseudonimów pisarzy polskich. T. 1—4. Wrocław etc., 1994—96.

І.​У.​Саламевіч.

т. 13, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)