КУЛЬТУРАЛО́ГІЯ (ад культура + ...логія),

навука пра сутнасць і тыпы культуры, яе сац. функцыі і заканамернасці гіст. развіцця. Фарміруецца на стыку з філасофіяй, сацыялогіяй, этналогіяй і інш. гуманіт. навукамі; развівалася ў формах этнаграфіі, гісторыі, філасофіі і сацыялогіі культуры. Асновы К. закладзены ў старажытнасці. Як навука вылучылася ў 20 ст.

Пазітывісты (А.​Конт, Ж.​Э.​Рэнан, Дж.​С.​Міль, Г.​Спенсер і інш.) акцэнтавалі ўвагу на сац. функцыях культуры, яе ролі ў стабілізацыі этнасу, нацыі, грамадства. Антрапал. школа ў К. (Э.​Тэйлар, К.​Леві-Строс і інш.) даследавала раннія, «варварскія» тыпы культуры. Паводле марксісцкай канцэпцыі, усе віды духоўнай творчасці — надбудова над сац.-эканам. базісам, якая ўплывае на эканам. і сац.-паліт. структуру грамадства. У кантэксце псіхааналізу культуру тлумачаць як вынік сублімацыі інстынктаў, пераўтварэння іх у сферу духоўнай творчасці і сац. актыўнасці (З.​Фрэйд і фрэйдысты), іх сімвалічнага выяўлення ў форме духоўных феноменаў (Э.​Касірэр, К.​Г.​Юнг). Прадстаўнікі фенаменалагізму (Э.​Гусерль і яго паслядоўнікі) і экзістэнцыялізму (М.​Хайдэгер, К.​Ясперс) шукалі агульначалавечы змест, «зашыфраваны» ў нац. і рэгіянальных культурах.

На Беларусі культуралагічныя даследаванні пачаліся ў эпоху гуманіст. адраджэння (біблейская і ант. традыцыі ў асветніцтве Ф.​Скарыны, С.​Буднага, В.​Цяпінскага, М.​К.​Сарбеўскага, Сімяона Полацкага, праблемы нац. і рэліг. самаідэнтыфікацыі ў М.​Сматрыцкага, А.​Філіповіча, ідэолагаў Брэсцкай царк. уніі); пазней яны стымуляваліся культ.-нац. адраджэнскім рухам. Традыц. бел. культуру даследавалі лінгвісты, этнографы і фалькларысты рас. (І.​Насовіч, П.​Шпілеўскі, П.​Бяссонаў, П.​Шэйн, А.​Дабравольскі, М.​Нікіфароўскі, Е.​Раманаў, Я.​Карскі і інш.) і польск. (Л.​Бароўскі, К.​Буйніцкі, З.​Даленга-Хадакоўскі, Я.​Тышкевіч, А.​Кіркор, М.​Федароўскі і інш.) школ. У выніку нац. адраджэння 19 — пач. 20 ст. пераадольваліся аднабокія погляды на бел. культуру як на этнагр. традыцыю, сфарміравалася комплексная навука беларусазнаўства і інш. гуманіт. навукі. Бел. К. абгрунтоўвала ідэю агульначалавечай культуры як гарманічнай сугучнасці нац. і рэгіянальных культур, выявіла сутнасць бел. нац. ідэі, раскрыла якасныя характарыстыкі асноўных этапаў развіцця бел. культуры. Даследаванні ў галіне К. каардынуе Нацыянальны навукова-асветны цэнтр імя Ф.​Скарыны.

Літ.:

Гегель Г. Философия истории // Соч. М.; Л., 1935. Т. 8;

Шпенглер О. Закат Европы: Пер. с нем. Т. 1. М., 1993;

Конан У.М. Міфалогія, фальклор і літаратура ў кантэксце нацыянальнай культурнай традыцыі // Адукацыя і выхаванне. 1994. № 4;

Беларусіка=Albaruthenica. Кн. 1—9. Мн., 1993—98.

У.​М.​Конан.

т. 9, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́ГЕЛЬ ((Hegel) Георг Вільгельм Фрыдрых) (27.8.1770, г. Штутгарт, Германія — 14.11.1831),

нямецкі філосаф. Вучыўся ў Цюбінгенскім тэалагічным ін-це (1788—93). Быў хатнім настаўнікам у Берне і Франкфурце-на-Майне. З 1801 выкладаў у Іенскім ун-це. У 1808—16 дырэктар Нюрнбергскай гімназіі. З 1816 праф. філасофіі Гайдэльбергскага, з 1818 Берлінскага (у 1829—30 рэктар) ун-таў. Зыходным палажэннем філас. сістэмы Гегеля, выкладзенай ім у «Фенаменалогіі духу» (1807), з’яўляецца тоеснасць быцця і мыслення, г. зн. разуменне рэальнага свету як паступовага выяўлення і развіцця «абсалютнай ідэі», «сусветнага розуму» або «сусветнага духу». Унутр. крыніцай такога развіцця з’яўляецца супярэчнасць, якая ўяўляецца як пераход ад абстрактнага да канкрэтнага і будуецца ў выглядзе трыяды: тэзіс, антытэзіс, сінтэз процілегласцей у новым адзінстве. Паводле тэорыі Гегеля («Энцыклапедыя філасофскіх навук», 1817), абс. ідэя ў сваім развіцці праходзіць тры этапы: развіццё ва ўласным улонні, у стыхіі «чыстага мыслення» — логіка; у форме «іншабыцця», г. зн. у форме прыроды — філасофія прыроды; у мысленні і гісторыі (у «духу») — філасофія духу. Развіццё «абсалютнай ідэі», «сусветнага духу» стала цэнтр. паняццем гегелеўскай тэорыі дыялектыкі, якая найб. поўна адлюстравана ў «Навуцы логікі» (ч. 1—2, 1812—16). У «Філасофіі права» (1821) Гегель раскрыў этапы развіцця аб’ектыўнага духу: абстрактнае права — мараль — маральнасць; апошняя, у сваю чаргу, ахоплівае сям’ю, грамадз. супольнасць і дзяржаву, якой належыць роля гаранта рэальна спраўджанай свабоды. Сусв. гісторыю Гегеля вызначаў як «развіццё духу ў часе», «прагрэс духу ва ўсведамленні свабоды», які мы павінны пазнаць у яго неабходнасці; пры яе аналізе ён вылучаў 4 асн. перыяды: Усх. Свет (Кітай, Індыя, Персія, Егіпет) — Грэчаскі свет — Рымскі свет — Германскі свет. У сваім вучэнні аб эстэтыцы Гегель даў змястоўную трактоўку прыгожага як «пачуццёвага з’яўлення ідэі», якая бярэцца не ў яе «чыстай, лагічнай форме, а ў яе канкрэтным адзінстве з некаторым знешнім быццём». У лекцыях па гісторыі філасофіі Гегель упершыню паказаў гісторыка-філас. працэс як паступовы рух да абсалютнай ісціны, а кожную асобную філас. сістэму — як пэўную ступень у гэтым працэсе. На аснове вучэння Гегеля ўзніклі розныя філас. сістэмы і плыні (гл. Гегельянства, Младагегельянства, Неагегельянства).

У Беларусі творы Гегеля былі вядомы з 1830-х г., яго ідэі выкарыстоўвалі ў сваіх працах прадстаўнікі рэв.-дэмакр. кірунку грамадскай думкі (М.​Рукевіч, Ф.​Савіч, М.​Валовіч, М.​Лавіцкі, Ш.​Канарскі, М.​Бакшанскі і інш.). Гегелеўская канцэпцыя развіцця і прынцыпу гістарызму знаходзіла адлюстраванне ў час. «Gwiazda» («Звязда»), «Pamiętnik naukowo-literacki» («Навукова-літаратурны дзённік»), час. «Athenaeum» («Атэнэум»), якія ў той час былі органамі прагрэс. грамадскай думкі на тэр. Беларусі, Украіны і Літвы. Адно з цэнтр. месцаў у філас. палеміцы 1830—50-х г. у Беларусі занялі ідэі Гегеля аб сутнасці філас. ведаў, гісторыка-філас. працэсу, суадносін эмпірычнага і рацыянальнага, узаемасувязі філасофіі і інш. навук. Г.​Жавускі, М.​Грабоўскі, І.​Галавінскі лічылі філас. сістэму Гегеля «філасофіяй адмаўлення, няздольнай ствараць і натхняць», трактавалі яе як «разбуральны пачатак», крытыкавалі тэзіс Гегеля аб тоеснасці быцця і мыслення і яго гнасеалагічны рацыяналізм. Палемізуючы з Гегелем, К.​Буйніцкі і Галавінскі сцвярджалі, што філас. ісціны не маюць «універсальнага» характару, што яны нацыянальныя, а таму прымальныя толькі для аднаго народа. В.​Давід і А.​Марцінкоўскі разглядалі гісторыка-філас. працэс як пэўную цэласнасць, неад’емнай часткай якой з’яўляецца філасофія асобнага народа.

Тв.:

Рус. пер.Соч. Т. 1—14. М.; Л., 1929—58;

Философия права. М., 1990.

Літ.:

Дворцов А.Т. Гегель. М., 1972;

Очерки истории философской и социологической мысли Белоруссии (до 1917 г.). Мн., 1973;

Гулыга А.В. Немецкая классическая философия. М., 1986;

Лазарев В.В., Рау И.А. Гегель и философские дискуссии его времени. М., 1991.

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 5, с. 130

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ НАЦЫЯНА́ЛЬНА-ВЫЗВАЛЕ́НЧЫ РУХ,

грамадскі рух за вызваленне бел. народа з-пад каланіяльнага ўціску, за нац. адраджэнне і развіццё на аснове самаст. дзяржаўнасці. Зыходным пунктам у яго гісторыі было паўстанне 1794 на чале з А.Т.Касцюшкам супраць гвалтоўнага падзелу Рэчы Паспалітай манархамі Расіі, Аўстрыі і Прусіі, далучэння зямель Беларусі да Расіі. Ўмоўна гэты рух падзяляецца на 2 этапы: 1-ы праходзіў у рамках польск. вызв. працэсу (1794—1863), 2-і — з усведамленнем уласна бел. нац. інтарэсаў і канчатковай мэты — адраджэння бел. дзяржаўнасці (1863—1918). На 1-м этапе пераважалі разрозненыя праявы навук., літ., культ.-асв. дзейнасці сярод дробнамаянтковай шляхты, уніяцкага духавенства, студэнтаў і выкладчыкаў Віленскага ун-та па вывучэнні мовы, культуры, звычаяў, гіст. мінулага беларусаў. Гэта дзейнасць аб’ектыўна была накіравана супраць афіц. палітыкі самадзяржаўя і польск. або спаланізаванай арыстакратыі на Беларусі, па сутнасці азначала стыхійны пратэст супраць ігнаравання гіст. самабытнасці бел. этнасу, яго гвалтоўнай асіміляцыі ў форме паланізацыі ці русіфікацыі. Пачатковыя праявы бел. нац. ідэалогіі назіраліся ў дзейнасці т-ваў філаматаў і філарэтаў, Дэмакратычнага таварыства ў Віленскай мед. акадэміі, Братняга саюза літоўскай моладзі, Т-ва зямель літоўскіх і рускіх (у эміграцыі), у навук. даследаваннях З.​Даленгі-Хадакоўскага, М.​Баброўскага, І.​Даніловіча, І.​Анацэвіча, І.​Лабойкі, І.​Грыгаровіча, К. і Я.​Тышкевічаў, Т.​Нарбута, А.​Кіркора і інш., у літ. творчасці Я.​Баршчэўскага, Я.​Чачота, П.​Багрыма, А.​Вярыгі-Дарэўскага, У.​Сыракомлі, В.​Дуніна-Марцінкевіча, П.​Шпілеўскага і інш. Пасля паўстання 1830—31 зарадзілася рэв.-дэмакр. плынь, для якой характэрна спалучэнне літ. асветніцтва і паліт. барацьбы (Ф.​Савіч, А.​Незабытоўскі). Дзейнасць К.Каліноўскага і выданне нелегальнай рэв.-дэмакр. газеты «Мужыцкая праўда» далі пачатак спалучэнню сац.-эканам., паліт., культ.-духоўных праблем нац.-вызв. барацьбы беларусаў і вылучэнню бел. («літвінскіх») нац. патрабаванняў з агульнапольскага вызв. кантэксту, у т. л. ўскосна выказанай ідэі пра самастойнасць Літвы—Беларусі ў дэмакр. саюзе з Польшчай і Расіяй. Пасля задушэння паўстання 1863—64 выспяванне бел. нац. ідэі часова запаволілася, пачалася татальная русіфікацыя Беларусі паводле канцэпцыі заходнерусізму. Новай ідэйна-тэарэт. і паліт. якасці нац.-вызв. рух дасягнуў на схіле 19 ст. ў дзейнасці народніцкай групы «Гоман» і яе нелегальнага аднайм. часопіса (1884). У якасці альтэрнатывы імперскаму абсалютызму члены групы абгрунтавалі ідэю «федэратыўнасці Беларусі» на падставе свабоднага пагаднення з інш. народамі дэмакратызаванай Расіі. Бел. вызв. ідэю паглыбіла дзейнасць Ф.​Багушэвіча, А.​Гурыновіча, А.​Абуховіча, К.​Каганца. У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. атрымала развіццё навук. беларусазнаўства (публікацыі П.​Бяссонава, І.​Насовіча, М.​Доўнар-Запольскага, Е.​Раманава, Я.​Карскага, А.​Сапунова, А.​Ельскага, Я.​Карловіча, Г.​Татура, М.​Нікіфароўскага, М.​Федароўскага, П.​Шэйна, А.​Сержпутоўскага, М.​Янчука, краязнаўча-збіральніцкая і асветніцкая праца Б.​Эпімах-Шыпілы і інш.). Ажывілася культ.-асв. дзейнасць Гуртка моладзі польска-літоўска-беларускай і маларускай, Круга беларускай народнай прасветы і культуры, студэнцкіх аб’яднанняў у Пецярбургу, Маскве, Кракаве. Зроблены спробы выпуску нелегальнай паліт. газ. «Свабода», заснавання рэв. партыі Белай Русі. У 1902 арганізавана Бел. рэв. грамада (з 1903 Беларуская сацыялістычная грамада, БСГ). У выніку рэвалюцыі 1905—07 заваявана права на легальны бел. друк. З’явіліся газеты «Наша доля», «Наша ніва», часопісы «Лучынка», «Раніца», а таксама прафес., грамадска-культ. аб’яднанні і гурткі (Беларускі настаўніцкі саюз, Гродзенскі гурток беларускай моладзі, Беларускі музычна-драматычны гурток у Вільні, Беларускі навукова-літаратурны гурток студэнтаў Пецярбургскага ун-та, выдавецкая суполка «Загляне сонца і ў наша аконца» і інш.). Мацнела ўзаемасувязь асв. і паліт., легальных і нелегальных кірункаў і формаў руху. Дзейнасць БСГ, яе праграмна-стратэг. кірунак на замену капіталіст. ладу сацыялістычным мелі вял. значэнне для ідэйнай кансалідацыі бел. нац.-вызв. руху. У 1906—15 асяродкам кансалідацыі адраджэнскіх сіл стала газ. «Наша ніва». Пад яе ўплывам зарадзіўся бел. нац.-рэліг. рух (газ. «Беларус», дзейнасць святароў А.​Бычкоўскага, В.​Гадлеўскага, А.​Пачопкі, А.​Астрамовіча і інш.), узгадавана да вызв. працы плеяда пісьменнікаў-класікаў, грамадска-паліт. і культ. дзеячаў, нац. ідэолагаў: Я.​Купала, Я.​Колас, Цётка, М.​Багдановіч, Ядвігін Ш., А.​Гарун, Ц.​Гартны, М.​Гарэцкі, З.​Бядуля, браты А. і І.​Луцкевічы, А.​Уласаў, В.​Ластоўскі, І.​Буйніцкі, У.​Галубок, А.​Смоліч, Б.​Тарашкевіч, Я.​Лёсік, Ф.​Шантыр, Л.​Сівіцкая (З.​Верас), Я.​Хлябцэвіч, Л.​Гмырак і інш. У час 1-й сусв. вайны сярод бел. актывістаў Вільні, акупіраванай герм. войскам, ідэя аднаўлення бел. дзяржаўнасці звязвалася з магчымым адраджэннем дзярж. уніі Беларусі і Літвы, што адлюстравана ў звароце Канфедэрацыі Вял. кн. Літоўскага (15.12.1915), у сумеснай дэкларацыі сацыяліст. і дэмакр., у т. л. бел., партый Вільні (снеж. 1917). Каардынацыйным цэнтрам бел. нац. арг-цый у Вільні быў Беларускі народны камітэт, які выступаў за цэласнасць і непадзельнасць бел. зямель, прадстаўляў і абараняў інтарэсы бел. насельніцтва перад акупац. ўладамі. Па ініцыятыве Цёткі і І.​Луцкевіча ў Вільні і на зах. землях Беларусі заснаваны першыя бел. школы, настаўніцкія курсы, гімназіі. У Вільні выдавалася бел. газ. «Гоман». Бел. пытанне было вынесена на міжнар. форум — 3-ю канферэнцыю народаў (Лазана, 1916). Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 узніклі Беларускі нацыянальны камітэт (сак. 1917), Цэнтральная рада беларускіх арганізацый (ліп. 1917), рэарганізаваная потым у Вялікую беларускую раду, Цэнтральная беларуская вайсковая рада (кастр.ліст. 1917). У газетах «Вольная Беларусь» і «Белорусская Рада» вялася дыскусія па праблемах гуртавання бел. руху на дэмакр., агульнанац. аснове. У сувязі з далучэннем да бел. руху розных сац. слаёў грамадства і пад уздзеяннем ігнаравання бел. пытання Часовым урадам і бальшавіцкай апазіцыяй у ім сталі нарастаць унутр. супярэчнасці, што прывяло да ўтварэння напярэдадні Кастр. рэвалюцыі 2 плыняў: класава-рэв. і нац.-дэмакратычнай. Гэты падзел выразна выявіўся на 3-м з’ездзе БСГ (кастр. 1917, Мінск). У снеж. 1917 пад знакам кансалідацыі розных ідэйна-паліт. плыняў і партый для агульнай нац. мэты — незалежнай Беларусі — праходзіў Усебеларускі з’езд 1917. Насуперак гвалтоўнаму разгону з’езда паводле рашэння СНК Зах. вобласці і фронту дэлегаты з’езда прынялі рэзалюцыю аб утварэнні на бел. этнагр. абшары краёвай улады ў форме Усебел. Савета сялянскіх, салдацкіх і рабочых дэпутатаў і наладжванні афіц. адносін з цэнтр. органамі сав. улады, іншымі нац. рэспублікамі. Сфарміраваны Выканком Рады Усебел. з’езда звярнуўся 21.2.1918 з Першай Устаўнай граматай «Да народаў Беларусі» і стварыў часовы ўрад — Народны сакратарыят Беларусі. Другой Устаўнай граматай 9.3.1918 абвешчана Беларуская Народная Рэспубліка (БНР). 18.3.1918 у склад Рады з’езда кааптаваны прадстаўнікі Віленскай беларускай рады і Рада з’езда рэарганізавана ў Раду БНР. У ноч на 25.3.1918 Рада БНР прыняла рэзалюцыю аб суверэннай незалежнасці Беларусі і Трэцюю Устаўную грамату. Факт абвяшчэння БНР азначаў падагульненне папярэдняга развіцця нац.-вызв. руху і адначасова паклаў рэальны пачатак нац.-дзяржаўнаму будаўніцтву на Беларусі. Утварэнне Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі (1.1.1919), нац.-культ. рух у БССР у 1920-я г. і вызваленчае змаганне народа Заходняй Беларусі пацвердзілі гіст. пераемнасць і незнішчальнасць бел. нац.-дзярж. ідэі.

Кр.: Пачынальнікі: З гіст.-літ. матэрыялаў XIX ст. Мн., 1977; Багушэвіч Ф. Дудка беларуская: Прадмова // Багушэвіч Ф. Творы. Мн., 1991; Каганец К. Прамова // Каганец К. Творы. Мн., 1979; Усебеларускі з’езд 1917 года: Сведчанне сучасніка / Публ. В.​Скалабана // Бел. гіст. Часоп. 1993. № 1—4; Доўнар-Запольскі М.В. Асновы дзяржаўнасці Беларусі. Мн., 1994; [Публіцыстыка Кастуся Каліноўскага] / Падрыхтавалі да друку А.​Гаўрон, Я.​Янушкевіч // Маладосць. 1988. № 1; Публицистика белорусских народников. Мн., 1983.

Літ.:

Багдановіч М. Публіцыстыка // Зб. тв. Мн., 1968. Т. 2;

Варонка Я. Беларускі рух ад 1917 да 1920 году: Кароткі агляд. 2 выд. Коўна, 1920 (рэпр. выд. Мн., 1991);

Власт [Ластоўскі В.] Кароткая гісторыя Беларусі. Вільня, 1910 (факс. выд. Мн., 1992);

Купала Я. Публіцыстыка // Зб. тв. Мн., 1976. Т. 7;

Яго ж. Жыве Беларусь: Вершы, арт. Мн., 1993;

Гмырак Л. Творы. Мн., 1992;

Луцкевіч А. За дваццаць пяць гадоў (1903—1928). Вільня, 1928;

Тое ж. Мн., 1991;

Цвікевіч А. «Западноруссизм»: Нарысы з гісторыі грамад. мыслі на Беларусі ў XIX і пач. XX в. Мн., 1929;

2 выд. Мн., 1993;

Гарэцкі М. Гісторыя беларускае літаратуры. 4 выд. М.; Л., 1926;

Тое ж. Мн., 1992;

Абдзіраловіч І. [Канчэўскі І.] Адвечным шляхам: (Даследзіны бел. светагляду). Вільня, 1921;

4 выд. Мн., 1993;

Турук Ф. Белорусское движение: Очерк истории нац. и рев. движения белорусов. М., 1921 (репр. изд. Мн., 1994);

Лёсік Я. Творы. Мн., 1994;

Станкевіч А. Да гісторыі беларускага палітычнага вызвалення. Вільня, 1934;

Недасек Н. [Адамовіч Ант.]. Камунізм і «беларускі нацыяналізм»: (Гіст. агляд...) // Запісы. Мюнхен, 1962. Кн. 1;

Александровіч С.Х. Пуцявіны роднага слова. Мн., 1971;

Круталевич В.А. Рождение Белорусской Советской Республики. Мн., 1975;

Яго ж. На путях национального самоопределения: БНРБССР—РБ. Мн., 1995;

Игнатенко И.М. Октябрьская революция и самоопределение Белоруссии. Мн., 1992;

Нарысы гісторыі Беларусі. Ч. 1—2. Мн., 1994—95;

Turonek J. Wacław Iwanowski і odrodzenie Białorysi. Warszawa, 1992;

Byelorussian statehood: Reader and bibliography. New York,1988.

А.​К.​Каўка.

Да арт. Беларускі нацыянальна-вызваленчы рух. Дзеячы беларускіх партый і арганізацый. Мінск. Кастрычнік 1917.

т. 2, с. 451

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)