ГРО́ДЗЕНСКІ БАРЫСАГЛЕ́БСКІ (КАЛО́ЖСКІ) МАНАСТЫ́Р.
Існаваў у 15—20 ст. у Гродне. Узнік пры Гродзенскай Барысаглебскай царкве. У 1480 пры першым вядомым ігумене Каліксце гродзенскі мешчанін І.Сергіевіч завяшчаў манастыру фальварак Панямонь, Г.Хадкевіч — штогадовую даніну ў 20 бочак мукі. Каля 1500 вял. кн. Аляксандр падараваў манастыру сад на беразе Нёмана, а кцітар (стараста з міран) каралеўскі пісар Б.Багавіцінавіч — фальварак Чашчаўляны (Чашчэвічы). У сярэдзіне 16 ст. манастыр заняпаў і ў ім не было манахаў. У канцы 16 ст. адрадзіўся і стаў уніяцкім. Сярод уніяцкіх ігуменаў быў вядомы пісьменнік-палеміст Леў Крэўза. З сярэдзіны 17 ст. тут вядомы цудатворны абраз Маці Божай Каложскай (эвакуіраваны ў 1915, месца яго знаходжання невядома). У пач. 18 ст. пры ігумене Воўку-Ланеўскім манастыр зноў заняпаў, а ігумен Яхімовіч аддаў усю зямельную маёмасць гродзенскім кармелітам. Пасля скасавання ў 1839 Брэсцкай уніі 1596 манастыр стаў зноў праваслаўным, у сярэдзіне 19 ст. ён пераведзены ў будынкі закрытага Гродзенскага кляштара бернардзінак. Спыніў існаванне ў 1-ю сусв. вайну.
А.А.Ярашэвіч.
т. 5, с. 430
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́НДАРСТВА,
рамяство, выраб драўлянага посуду з клёпак (гл. Бандарныя вырабы). Вядома са старажытнасці, у т. л. і на Беларусі. Клёпкі (падоўжаныя трапецападобныя ці круглаватыя планкі) апрацоўвалі на варштаце з дапамогай струга, гэбля і гэбліка; для надання ім увагнутага профілю выкарыстоўвалі скоблі і шархебель (від гэбліка). Бакавы авал круглаватай бандарнай клёпкі размячалі цыркулем (размер) і прымяралі ў спец. шаблоне (модла). Абручы рабілі на варштаце з дапамогай струга і нажа, гнулі на спец. калодзе — гбале, ці бабе. Днішча размячалі цыркулем, уторны паз для мацавання днішча выпілоўвалі заторам. Найб. стараж. спосаб — сцягванне бочак абручамі рознай велічыні з дапамогай нацягуша і чакухі; пазней выкарыстоўвалі таксама вяроўкі ці ланцугі, якія намотваліся на кола (па тыпу лябёдкі), кліны і лісічкі (драўляныя запіскі). Важным у бандарнай справе было выкарыстанне той ці інш. драўніны (дуб, сасна, елка, асіна, вольха). Абручы для посуду рабілі звычайна з ляшчыны і дубу; пры вырабе вёдзер, біклаг, барылак нярэдка карысталіся жал. абручамі, якія выкоўвалі мясц. кавалі. Параўнанне з археал. матэрыялам з раскопак стараж. гарадоў Беларусі (Бярэсця, Полацка, Мінска і Гродна) не выяўляе істотных адрозненняў у тэхналогіі бондарства і сведчыць аб трываласці і пераймальнасці вытв. традыцый. У 19 — пач. 20 ст. вылучаліся асобныя раёны, дзе бондарства было вельмі пашырана і як саматужны промысел з’яўлялася важнай падмогай у сялянскай гаспадарцы (Барысаўскі, Горацкі, Клімавіцкі, Сенненскі, Слуцкі пав.). Сваю прадукцыю бондары збывалі на месцы або везлі на кірмашы. Бандарную клёпку на Нёмане, Бугу і Зах. Дзвіне вывозілі за мяжу, адной з лепшых лічылася т.зв. «мемельская» дубовая клёпка, якую куплялі прамыслоўцы Германіі, Францыі і інш. З 1920-х г. у вытв-сці бандарнага посуду істотную ролю набылі саматужна-прамысл. арцелі. У наш час патрэбы ў бандарных вырабах задавальняе бандарная вытв-сць.
В.С.Цітоў.
т. 3, с. 213
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)