ІНТРАДУ́КЦЫЯ (ад лац. introductio уводзіны, уступ) у музыцы, частка муз. твора, якая выконвае функцыю ўступу. Нярэдка пазначаецца ў назве («Інтрадукцыя і Паланэз» для віяланчэлі і фп. Ф.Шапэна). Часам уяўляе сабой род уверцюры да оперы, балета ці асобнага акта (звычайна больш кароткая, свабоднай будовы). У айч. музыказнаўстве прынята адрозніваць паняцці І. і ўступу (апошні менш развіты кампазіцыйна і менш самастойны ў адносінах да цэлага; у назве звычайна не пазначаецца). У класічнай музыцы лепшы ўзор І. — «Інтрадукцыя і ронда-капрычыёза» К.Сен-Санса. У бел. музыцы І.-ўступ, І.-пралог сустракаюцца ў операх А.Багатырова («У пушчах Палесся»), Я.Цікоцкага (2-я рэд. «Алесі»), балеце Я.Глебава («Тыль Уленшпігель») і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНЕ́ТНАЯ СТАПА́,
колькасць манет, якая выпускаецца з пэўнай масы металу (лібры, маркі, грыўні, фунта). Павелічэнне колькасці манет, што выбіваюцца з пэўнай адзінкі масы металу, прыводзіла да змяншэння масы каштоўнага металу ў манеце. Таму М.с. можна было або павялічыць, г. зн. біць з гэтай колькасці металу менш манет, або панізіць — біць больш манет з гэтай жа колькасці металу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УЗГО́РАК, пагорак,
дадатная форма рэльефу невял. (да 200 м) адноснай вышыні, са спадзістымі схіламі (менш за 30°), акруглай вяршыняй і слабавыразным падножжам. Асобныя формы У. (выцягнутыя ў даўжыню) наз.градамі, грывамі, уваламі. Вылучаюць У. ледавіковыя (донна-марэнныя, канцовамарэнныя, друмліны), водна-ледавіковыя (камы, озы), эолавыя (дзюны), утвораныя цякучымі водамі (астанцы) і інш. На Беларусі займаюць больш за 50% тэрыторыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫСТЫЛЯВА́НАЯ ВАДА́,
вада, ачышчаная ад раствораных у ёй мінер. солей, арган. рэчываў і інш. прымесей шляхам дыстыляцыі. Мае pH 5,4—6,6, удзельнае эл. супраціўленне 2105Омм (не менш) пры 20 °C; сухі астатак пасля выпарэння 1 л Д.в. 5±0,0002 мг (не больш). Іонаабменным метадам атрымліваюць дэмінералізаваную ваду, якая адпавядае патрабаванням да Д.в., але мае большарган. рэчываў, што акісляюцца перманганатам калію. Выкарыстоўваюць у вытв-сці лек. сродкаў, прадуктаў харчавання, у прам-сці для атрымання чыстых рэчываў, электралітаў, у хім. лабараторыях. Гл. таксама Бідыстылят.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯКІ́НА,
адходы малацьбы і ачысткі зерня збожжавых і некаторых інш. культур (напр., канюшыны, лёну); грубы корм, што складаецца з насенных абалонак, частак каласкоў і зярнят, расцёртых лісткоў і сцёблаў, недаспелага зерня, насення пустазелля і інш. Можа змяшчаць насенне атрутных раслін. Больш пажыўная за салому адпаведных раслін, мае больш пратэіну і попелу, менш клятчаткі. Гіграскапічная, лёгка злежваецца і псуецца. Скормліваецца буйн. раг. жывёле, коням (лепшыя сарты) і свінням прапараная і ў сумесі з сакаўнымі кармамі, брагай, мелесам і інш. Найлепшую М. даюць авёс, проса, безасцюковыя ячмень і яравая пшаніца, бабовыя і лён.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБ’ЕКТЫ́Ў,
аптычная сістэма або яе частка, якая стварае сапраўдны адваротны відарыс аб’екта. Створаны аб’ектывам відарыс разглядаецца праз акуляр (звычайна пасля абарачальнай сістэмы) ці фіксуецца на экране, фатагр. плёнцы, фотакатодзе перадавальнай тэлевізійнай трубкі і інш. Бываюць лінзавыя, люстраныя і люстрана-лінзавыя.
Асн. аптычныя характарыстыкі: фокусная адлегласць f; дыяметр уваходнай зрэнкі d; святласіла d/f; вугал (поле) зроку; раздзяляльная здольнасць. Аб’ектывы тэлескапічных сістэм маюць фокусную адлегласць да некалькіх метраў і дыяметр уваходнай зрэнкі ад некалькіх сантыметраў (у геад., вымяральных і падзорных трубах) да некалькіх метраў (у тэлескопах-рэфрактарах), аб’ектывы мікраскопаў — фокусную адлегласць 1,5—40 мм, малафарматных фотаапаратаў — 6—2000 мм (для аматарскай практыкі 28—200 мм). Фатагр. аб’ектывы бываюць нармальныя (вугал зроку 40—50°), шырокавугольныя (больш за 70°), звышшырокавугольныя (больш за 83°, аб’ектывы тыпу «рыбіна вока» больш за 180°), даўгафокусныя (менш за 39°) і звышдаўгафокусныя (менш за 9°). Канструкцыя складаных аб’ектываў дазваляе выправіць храматычную і геам.аберацыі аптычных сістэм. Большасць аб’ектываў — анастыгматы. Аб’ектывы з пераменнай фокуснай адлегласцю (панкратычныя), у якіх плоскасць відарыса і святласіла нязменныя, выкарыстоўваюцца ў кіна- і тэлекамерах, спец. прамянёвастойкія — у лазерных сістэмах. Для павелічэння фіз. святласілы аб’ектывы прасвятляюць (гл.Прасвятленне оптыкі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХІКА́РП (ад архі... + грэч. karpos плод),
жаночы палавы орган у многіх сумчатых грыбоў (аскаміцэтаў). Складаецца з 2 частак: ніжняй, акругла-ўспушанай (аскагон), у якой адна ці некалькі буйных, часта мнагаядзерных клетак, і верхняй больш-менш выцягнутай цыліндрычнай (трыхагіна), праз якую мужчынскія палавыя клеткі пранікаюць у аскагон. Пасля гэтага з архікарпа вырастаюць гіфы, на канцах якіх утвараюцца сумкі (аскі) са спорамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЯЛЁНЫЯ КАРМЫ́,
надземная вегетатыўная маса кармавых раслін, якая скормліваецца жывёле свежаскошаная або на пашы. Складаюць аснову рацыёнаў жвачных жывёл і коней у летні перыяд. У якасці З.к. выкарыстоўваюць траву прыроднай і сеянай пашы, сеяныя шмат- і аднагадовыя травы (часцей бабовыя, злакавыя і іх сумесі), бацвінне караняплодаў. Арганічныя рэчывы З.к. добра ператраўляюцца жывёламі. Для раўнамернага забеспячэння жывёлы З.к. арганізуюць зялёны канвеер. Скошваюць травы ў раннія фазы развіцця раслін, калі ў іх больш пажыўных рэчываў (асабліва пратэіну), караціну, вітамінаў, мінер. рэчываў і менш. клятчаткі. На Беларусі З.к. выкарыстоўваюць больш як 5 месяцаў у год.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫРУЧЭ́ННЕ ЖЫВЁЛ.
адамашніванне жывёл, працяглы працэс пераўтварэння дзікіх жывёл у свойскіх, якіх расплоджваюць для задавальнення патрэб чалавека; першы этап узнікнення жывёлагадоўлі. Пад уплывам П.ж. і штучнага адбору жывёлы паступова страчваюць некат. рэфлексы, змяняюцца іх паводзіны, унутр. і знешняя будова. У параўнанні з дзікімі жывёламі, у свойскіх больш лёгкі шкілет, менш трывалыя косці, больш тонкая скура, знікла ахоўная афарбоўка, менш развіты галаўны мозг, органы пачуццяў, лёгкія, сэрца, ныркі. Лепш функцыянуюць млечныя залозы, органы размнажэння (свойскія жывёлы больш пладавітыя), у многіх знікла сезоннасць у расплоджванні.
Паводле звестак археалогіі, раней за інш. былі прыручаны сабака (каля 20—50 тыс.г. да н.э.), свіння, авечка, каза, буйн. раг. жывёла (8—3 тыс.г. да н.э.), пазней конь. Найб. буйныя ачагі П.ж. — Блізкі і Пярэдні Усход (Паўд. Турцыя, Палесціна, Ірак, Іран, Сярэдняя Азія), пазней раёны стараж. культур у бас. рэк. Ніл, Тыгр, Еўфрат, Ганг, Інд, Амудар’я і інш. Працэс П.ж. не спыняецца, працягваюцца спробы па прыручэнні і развядзенні ў няволі аленяў, ласёў, маралаў, антылоп, пушных звяроў, рэптылій (змей, кракадзілаў), амфібій і інш. Асаблівае значэнне набывае развядзенне ў няволі (зоакультура) жывёл, якія знаходзяцца пад пагрозай знішчэння з мэтай узнаўлення іх колькасці ў прыродзе; драпежных і паразітычных беспазваночных для барацьбы са шкоднікамі; насякомых-апыляльнікаў, глебавых арганізмаў, гідрабіёнтаў-фільтрантаў для выкарыстання ў біягеацэналагічнай меліярацыі і ахове прыроды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́НТАС (ад грэч. benthos глыбіня),
сукупнасць арганізмаў, якія жывуць на грунце і ў грунце марскіх і мацерыковых вадаёмаў. Падзяляецца на жывёльны (заабентас) і раслінны (фітабентас). Па памерах адрозніваюць макрабентас — ад 5—10 мм і больш, меябентас — ад 0,5 мм да 5—10 мм і мікрабентас — менш за 0,5 мм. У прэсных вадаёмах бентас бяднейшы, чым у марскіх. Бентас — кармавая база для многіх рыб, некаторыя ядомыя або ідуць на тэхн. патрэбы.