валакно, якое складаецца пераважна з вугляроду (85 — болей за 99%). Мае высокую мех. трываласць, устойлівае да ўздзеяння высокіх тэмператур, агрэсіўных хім. рэчываў і ультрафіялетавага выпрамянення. Атрымліваюць тэрмічнай апрацоўкай (400—3000 °C) хім. ці прыродных арган. валокнаў (часцей віскознага валакна і поліакрыланітрыльных валокнаў). Выкарыстоўваюць як напаўняльнік вугляродапластаў, у вытв-сці фільтравальных матэрыялаў, электранагравальных элементаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖНІВО́,
уборка ўраджаю збожжавых культур. Пры аднафазнай уборцы Ж. сумяшчаюць з малацьбой і робяць збожжаўборачным камбайнам, пры двухфазнай (раздзельная ўборка) спелыя культуры спачатку скошваюць жняяркамі, потым валкі падбіраюць і абмалочваюць камбайнам. Шматфазная ўборка ўраджаю — вылучэнне асн. прадукцыі ў 3 этапы і болей. Спосаб уборкі вызначаецца біял. асаблівасцямі збожжавых культур, станам сцебластою, кліматычнымі ўмовамі і наяўнасцю неабходнай тэхнікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРМІ́РАВАНАЕ ШКЛО,
ліставое сілікатнае шкло, у якое пры фармаванні запрасавана зварная метал. сетка. Выкарыстоўваецца для шклення светлавых праёмаў і пакрыццяў будынкаў і збудаванняў, святлопрапускальных перагародак, агароджы лесвічных клетак, шахтаў ліфтаў і г.д. Вырабляецца неперарыўным пракатам. Ад удару ці ўздзеяння высокай т-ры не рассыпаецца на асколкі. Дапускае разрэзку і адломку без растрэсквання. Сетка робіцца з дроту дыяметрам 0,35—0,45 мм. Святлопрапусканне 65% і болей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРУСО́ЧКІ,
народны музычны ўдарны інструмент класа ідыяфонаў; правобраз ксілафона. Лакальныя назвы цымбалкі, смалінкі. Складаецца з сасновых брусочкаў (10 і болей) аднолькавай таўшчыні, але рознай даўжыні, якія ўкладваюць паралельна на 2 пучках жытняй саломы, моцна перавязаных у некалькіх месцах. Ударамі маленькіх драўляных малаточкаў здабываюцца моцныя, але мяккія, прыемнага тэмбру гукі рознай вышыні. Брусочкі бытавалі ў раёнах Гомельскага Палесся і на Магілёўшчыне. Зараз не сустракаюцца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЭ́ЛЕЧНЫ МОСТ,
мост з пралётнымі збудаваннямі, асноўнымі нясучымі канструкцыямі якіх з’яўляюцца суцэльныя бэлькі або бэлечныя фермы. Адрозніваюць бэлечны мост з простымі бэлечнымі пралётнымі збудаваннямі, што апіраюцца на 2 апоры, і неразразныя, якія апіраюцца на 3 апоры і болей. Пралётныя збудаванні робяць са сталі, алюмінію, жалезабетону, дрэва. На бэлечным мосце з бэлькамі суцэльнага профілю пралётныя збудаванні робяць звычайна з яздой па версе, з бэлечнымі фермамі — пераважна па нізе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІШЭ́ЧНЫЯ КРЫ́ПТЫ, ліберкюнавы залозы,
трубчастыя паглыбленні эпітэлію слізістай абалонкі кішэчніка ў пазваночных жывёл і чалавека. Апісаны ням. вучоным І.Н.Ліберкюнам (1745). Форма, велічыня і колькасць К.к. у розных аддзелах кішэчніка розныя (у тонкай кішцы іх болей за 150 млн., а агульная пл. каля 14 м²). Прадуцыруюць кішэчныя ферменты і гармоны (эрэпсін, гастрын, мацілін і інш.), якія ўдзельнічаюць у працэсах стрававання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯТА́ЛЬНАЯ ДО́ЗА (ЛД),
доза хімічнага або фізічнага агента, уздзеянне якога на жывы арганізм прыводзіць да гібелі. Вызначаецца ў доследах на жывёлах для фармакалагічных сродкаў, пестыцыдаў, іанізуючых выпрамяненняў і інш. Адрозніваюць мінім. ЛД (гінуць найб. адчувальныя асобіны пэўнага віду, але не болей за 10% паддоследных жывёл), сярэднюю (гіне палова — ЛД 50) і абсалютна смяротную (мінім. доза, якая выклікае гібель усіх паддоследных жывёл — ЛД 100). Гл. таксама Дозы выпрамянення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛІ́ПЦІХ (ад грэч. polyptychos шматразова складзены),
1) складзень з 5 і болей частак, з рэльефнымі або жывапіснымі выявамі. Быў пашыраны ў зах.-еўрап. мастацтве сярэднявечча.
2) Комплекс некалькіх твораў выяўл. мастацтва, звязаных агульнай задумай, адзінствам кампазіцыйнага і колеравага ладу. У сучасным мастацтве выкарыстоўваецца рэдка, найб. пашыраны серыі і цыклы. Сярод П., створаных бел. мастакамі, «Праабражэнне», «Вяртанне майстра» (абодва 1993) У.Напрэенкі і інш.Гл. таксама Дыпціх, Трыпціх.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫПРА́МНЫ СЛУП,
сукупнасць паслядоўна злучаных выпрамных паўправадніковых дыёдаў. Бываюць германіевыя і крэмніевыя (найб. пашыраны). Маюць да 10 і болей дыёдаў, аформленых звычайна ў пластмасавым корпусе з двума эл. вывадамі. Сярэдняе значэнне выпрамленага току 75—500 мА, адваротнае напружанне 2—15 кВ. Выкарыстоўваюцца як выпрамнікі току (як правіла, высакавольтныя) у электратэхнічных, радыёэлектронных прыладах і прыстасаваннях, у радыёлакацыйнай і тэлевізійнай апаратуры. Некалькі выпрамных слупоў у адным корпусе ўтвараюць выпрамны блок.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЭЛЯЦЫ́ЙНЫ АНА́ЛІЗ,
раздзел матэматычнай статыстыкі, які аб’ядноўвае практычныя метады даследавання карэляцыйнай сувязі (гл.Карэляцыя ў матэм. статыстыцы) паміж дзвюма ці болей выпадковымі адзнакамі або фактарамі. Асн. прыёмы: пабудова карэляцыйнага поля і састаўленне карэляцыйнай табліцы, вылічэнне выбарачных каэфіцыентаў карэляцыі або карэляцыйных адносін, праверка стат. гіпотэзы значнасці сувязі. Метады К.а. шырока выкарыстоўваюцца ў эканоміцы (напр., пры распрацоўцы розных нарматываў на прадпрыемствах, у аналізе попыту і спажывання), у сацыялогіі і інш.