Яма,

старажытнаідыйскі міфалагічны бог смерці.

т. 18, кн. 1, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЮ́,

у ведыйскай і індуісцкай міфалогіі бог ветру. Ваю народжаны двума светамі, з’яўляецца раніцай, запаўняе паветраную прастору. Ён тысячавокі, хуткі, як думка, у яго зіхатлівая калясніца і мноства коней, у калясніцы з ім бог грому Індра. Ваю шчодры, добразычлівы, узнагароджвае ахвяравальніка сынам, дае патомства, маёмасць, славу і інш. У слав. міфалогіі Ваю часткова адпавядае Вій.

А.​В.​Гурко.

т. 4, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕБ,

у егіпецкай міфалогіі бог зямлі. Уяўлялі яго чалавекам з каронай Ніжняга ці Верхняга Егіпта на галаве. Паводле міфа, Геб пасварыўся з жонкай Нут (небам) з-за таго, што тая штодзённа ела сваіх дзяцей — нябесныя свяцілы, а пасля зноў нараджала іх. Бог паветра Шу раз’яднаў мужа і жонку, Геба ён пакінуў унізе, а Нут узняў уверх.

т. 5, с. 128

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕПТУ́Н,

у старажытнарымскай міфалогіі і рэлігіі бог мора. Першапачаткова шанаваўся як бог вільгаці (рэк і крыніц), які аберагаў палі ад засухі. У пач. 4 ст. да н.э. пад уплывам грэч. міфалогіі Н. нададзены рысы грэч. бога мора Пасейдона. Штогод 23 ліп. ў Рыме ў гонар Н. наладжвалася свята — нептуналіі. Ў пераносным сэнсе Н. — марская стыхія.

Трыумф Нептуна і Амфітрыты. Мазаіка 4 ст. н.э.

т. 11, с. 289

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМО́Н,

у старажытнаегіпецкай міфалогіі бог сонца. Лічыўся апекуном г. Фівы. Амон разам з жонкай, багіняй неба Мут, і сынам, богам месяца Хансу, складалі т.зв. фіванскую трыяду. Амон уяўляўся ў выглядзе чалавека (часам з галавой барана) у кароне з двума высокімі пёрамі і сонечным дыскам; шанаваўся як мудры бог, нябесны заступнік, абаронца прыгнечаных.

Амон у вобразе барана, які ахоўвае фараона Тахарку. На пач. 8 ст. да н.э.

т. 1, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВЯТА́Я ТРО́ЙЦА,

паводле хрысціянскага веравучэння, 3 іпастасі адзінага па сваёй сутнасці Бога: Бог-Айцец, Бог-Сын, Бог—Дух Святы. Вытокі вучэння пра С.Т. ў Старым запавеце, але канчаткова яно выкладзена ў Новым запавеце. Догмат пра С.Т. распрацоўваўся з канца 2 ст. ў сувязі з фарміраваннем адзінай епіскапальнай царквы і выклікаў вострыя дыскусіі (т. зв. трынітарныя спрэчкі). Тэалагічную завершанасць догмат пра С.Т. атрымаў у 3 ст. і замацаваны на 1-м (325) і 2-м (381) Усяленскіх саборах. У 381 уведзена свята Тройца (гл. Сёмуха). Вучэнне пра С.Т. распрацоўваў Аўгусцін Блажэнны, які трактаваў С.Т. як вечнае божае самапазнанне і любоў. Догмат пра С.Т. адмаўляўся ў антытрынітарных вучэннях (гл. Антытрынітарыі). С.Т. з’яўляецца адным з самых распаўсюджаных сюжэтаў у іканапісе. Сімвал С.Т. — выява 3 анёлаў.

т. 14, с. 275

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМУ́Р, Купідон,

у старажытнарымскай міфалогіі бог кахання, сын Венеры. У грэч. міфалогіі адпавядае Эроту.

т. 1, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЖБО́Г,

язычніцкае бажаство ўсх. славян, бог сонца і агню; пазней бог земляробства, урадлівасці, дабрабыту. Сын Сварога. У Кіеўскай Русі Д. пакланяліся (яго ідал быў пастаўлены побач з Перуном і інш. багамі на капішчы за церамным дваром у Кіеве). Як сімвалічны вобраз трапляецца ў стараж.-рус. л-ры (першае ўпамінанне ў «Аповесці мінулых гадоў» пад 980). У «Слове аб палку Ігаравым» Д. выступае як продак і апякун Русі і стараж.-рус. народа.

т. 6, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРС (Mars),

старажытнаіталійскае бажаство, першапачаткова бог палёў і ўраджаю, потым бог вайны. У Стараж. Рыме святы ў яго гонар наладжваліся ў сак. і кастрычніку. Лічыўся бацькам Рэма і Ромула, заснавальнікаў Рыма. Атаясамліваўся з грэч. богам Арэсам. У гонар М. рымляне назвалі першы месяц вясны (сакавік), з якога па іх календары пачынаўся год. Ад лац. Mars пайшлі назвы гэтага месяца ў большасці еўрап. моў (ням. März, рус. март і г.д.).

т. 10, с. 129

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕ́ХМЕТ, Сахмет («магутная»),

у старажытнаегіпецкай рэлігіі і міфалогіі багіня вайны і пякучага сонца. Яе ўяўлялі жанчынай з галавой ільвіцы (свяшчэнная жывёла С.). Цэнтр культу — г. Мемфіс. Паводле міфаў, С. — дачка Ра (яго грознае вока), жонка Птаха (бог г. Мемфіс), маці Нефертума (бог расліннасці). Яна знішчае ворагаў Ра і Асірыса, а ў міфе аб пакаранні богам Ра чалавечага роду за грахі вынішчае людзей. Разам з тым лічылася багіняй-лекаркай і апякункай урачоў.

т. 14, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)