ДАКЛЯРО́ВІЧ

(таксама Дыклер, імя невяд.; 1746?, г. Слуцк Мінскай вобл. — ?),

танцоўшчык. З мяшчан. З 1756 вучыўся ў мясц. балетнай школе кн. Г.Ф.Радзівіла (педагогі А.Пуціні і Л.М.Дзюпрэ) і танцаваў у яго прыдворным т-ры ў Слуцку (дэбютаваў у 1758 у «Балеце на тры пары», лібрэта і паст. Пуціні), а таксама ў Белым (Бяла-Падляска, Польшча), гастраліраваў у Нясвіжы. З 1760 вядучы танцоўшчык балетнай трупы Нясвіжскага т-ра М.К.Радзівіла Рыбанькі.

Г.І.Барышаў.

т. 6, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЕРАНО́К Таццяна Фёдараўна

(н. 1.7.1920, в. Неглюбка Веткаўскага р-на Гомельскай вобл.),

бел. майстар нар. маст. ткацтва. Жыве і працуе ў в. Неглюбка. У тэхніках закладнога і пераборнага ткацтва вырабляе ручнікі, аздобленыя геам. арнаментам (спалучэнне чырвонага і чорнага колераў на белым фоне), які шчыльнымі палосамі ўкрывае б. ч. паверхні вырабаў (гл. Неглюбскія ручнікі). Кіруе гуртком «Юныя ткачыхі» пры Неглюбскай сярэдняй школе (з 1979).

Т.Дзеранок. Ручнік. 1970-я г.

т. 6, с. 106

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУСУЁК (Busujok) Аўрэліу Аляксандравіч

(н. 26.10.1928, с. Кадранка Страшанскага р-на, Малдова),

малдаўскі пісьменнік. Аўтар паэт. зб-каў «Камень спатыкнення» (1958), «Рэдкая кветка» (1961), «Туга», «Каханне» (абодва 1963), «У белым і чорным» (1977) і інш. У рамане «Адзін перад тварам кахання» (1966) — маральна-этычныя праблемы, сцвярджэнне сапраўдных духоўных каштоўнасцей, у рамане «Мой парыжскі дзядзя» (1973) — праблемы выхавання, пошуку месца ў жыцці. Драматург, перакладчык. Пераклаў на малд. мову асобныя творы Я.Купалы.

т. 3, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДВУХРАДКО́ЎЕ,

найбольш просты від страфы, які складаецца з двух радкоў, звязаных сумежнай рыфмоўкай ці клаўзацыяй (у белым вершы). З’яўляецца асновай монастрафічнага верша-двухрадковіка. У ант. паэзіі Д. пэўнага памеру ўтваралі асобую страфу — элегічны двуверш. У паэзіі народаў Б. і Сярэдняга Усходу Д. мае назву бейт. Нярэдка ўваходзіць састаўной ч. у больш буйныя страфічныя формы (чатырохрадкоўі, шасцірадкоўі, васьмірадкоўі — аабб, ааббвв, ааббввгг), служыць кодай у некат. класічных відах строф (санеце шэкспіраўскага тыпу, актаве, анегінскай страфе).

В.П.Рагойша.

т. 6, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКАЕ ВАЯВО́ДСТВА,

адм.-тэр. адзінка ў ВКЛ у 16—18 ст. Першапачаткова ахоплівала, верагодна, тэр. Віцебскай зямлі, намеснікі якой з 1503 карысталіся тытулам ваяводы. Пасля адм.-тэр. рэформы 1565—66 складалася з Віцебскага і Аршанскага пав. Мела харугву зялёнага колеру з выявай «Пагоні» ў белым полі. Першы ваявода Ю.Глябовіч. У 1772 амаль уся тэр. Віцебскага ваяводства (акрамя зах. часткі Аршанскага пав.) адышла да Рас. імперыі, аднак пасада віцебскага ваяводы захоўвалася ў ВКЛ да 1794.

т. 4, с. 213

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЕЙРАДЗІ́ДЫ, белакрылкі (Aleurodoidea),

падатрад насякомых атр. раўнакрылых. Налічваецца больш за 200 відаў, большасць — у тропіках. На Беларусі пашыраны алейрадзіда цяплічная (Trialeurodes vaporariorum), алейрадзіда сунічная (Aleurodes fragariae), алейрадзіда кляновая (Aleurochiton complanatus), алейрадзіда падтыннікавая (Aleurodes proletella); шкодзяць раслінам.

Даўж. 1—3 мм. Жоўтыя, чырванаватыя, часта з цёмнымі плямамі. 2 пары крылаў, укрытых белым налётам (адсюль другая назва), складваюцца страхападобна. Знаходзяцца на ніжняй паверхні ліста. Яйцы прымацоўваюць да субстрату на сцяблінках. Жывяцца сокам раслін. Дарослыя пералятаюць на невял. адлегласць, рассяляюцца ветрам, лічынкі пераносяцца з пасадачным матэрыялам.

т. 1, с. 239

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЖЭ́ЛЬСКАЯ КЕРА́МІКА,

вырабы керамічных прадпрыемстваў у раёне с. Гжэль Раменскага р-на Маскоўскай вобл. У 2-й пал. 18 ст. «чорныя» (простыя) і паліваныя вырабы замяніліся маёлікай (кваснікі, талеркі, цацкі і г.д.) з арыгінальнай шматколернай размалёўкай па белай паліве, часам і з ляпнымі фігуркамі. У 19 ст. выраблялі фарфор, фаянс, паўфаянс. Цяпер традыцыі гжэльскай керамікі працягвае з-д маст. керамікі ў пас. Турыгіна. Вырабы вызначаюцца акруглымі аб’ёмістымі формамі, сакавітай сіняй размалёўкай па белым фоне, выкананай шырокім мазком.

Літ.:

Гжель: Керамика XVIII—XIX вв.;

Керамика XX в.: Фотоальбом. М., 1982.

Г.А.Фатыхава.

т. 5, с. 213

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗІКУ́ША

(Falcipennis falcipennis),

птушка сям. цецеруковых атр. курападобных. Пашырана ў горнай тайзе з перавагай елкі і піхты ў Паўд.-Усх. Сібіры і на Сахаліне. Аселая, трымаецца парамі.

Даўж. 40—43 см, маса 600—750 г. Апярэнне цёмнае, з белымі плямамі на спіне і белым папярочным малюнкам на грудзях, на хвасце белая паласа. Лапы ўкрыты густым апярэннем да асновы пальцаў. Корміцца ігліцай елкі, піхты, лістоўніцы, верхавінкамі моху, лісцем, парасткамі, ягадамі, насякомымі. Гняздо на зямлі. Адкладвае 7—12 яец. У Дз. незвычайныя для дзікай птушкі паводзіны — яна зусім не баіцца чалавека.

Дзікуша.

т. 6, с. 115

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗВАНО́ЧКІ,

1) аркестравы ўдарны самагучальны муз. інструмент. Складаецца з 25—32 храматычна настроеных метал. пласцінак, размешчаных у 2 рады ў пляскатай скрыні; верхні рад адпавядае чорным клавішам фартэпіяна, ніжні — белым. Дыяпазон залежыць ад колькасці пласцінак. Гук здабываецца ўдарамі 2 метал. (радзей драўляных) малаточкаў або пры дапамозе клавіятуры фартэпіяннага тыпу.

2) Стараж. інструмент тыпу малога звона (выш. да 15—20 см). Вядомы ў культавых рытуалах (у краінах Лац. Амерыкі, Паўд. і Паўд.-Усх. Азіі, далёкаўсх. рэгіёна) і побыце (пастухоўскім, школьным), у паштовай службе. У Расіі найб. вядомы валдайскія З. (ямшчыцкія, паддужныя).

т. 7, с. 35

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗВЕРАБО́ЙНЫ ПРО́МЫСЕЛ,

здабыча марскіх звяроў (цюленяў, нерпы, марскога коціка і інш.). Прадукцыя — футравая і гарбарная сыравіна, мяса (на корм пушным звярам), цюленевы тлушч, унутраныя органы (печань, эндакрынныя залозы і інш.) для вытворчасці вітамінаў і некаторых фармакалагічных прэпаратаў. Промысел цюленяў вядуць Расія ў Белым, Грэнландскім, Ахоцкім, Берынгавым і Каспійскім м., Нарвегія — у раёне Ньюфаўндленда і Грэнландскім м., Канада — у раёне Ньюфаўндленда, Данія — у раёне Грэнландыі. Промысел марскога коціка ЗША вядзе на лежбішчах в-ва Прыбылова, Расія — на а-вах Камандорскіх, Цюленевых, Сахалін. Кітабойны промысел з 1989 забаронены Міжнар. кітабойнай камісіяй.

т. 7, с. 38

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)