ЛІХЕНАЛО́ГІЯ (ад грэч. leichēn лішай, лішайнік + ... логія),

навука пра лішайнікі; раздзел батанікі. Вывучае відавую разнастайнасць лішайнікаў (сістэматыка), іх будову (марфалогія), асаблівасці жыццядзейнасці (фізіялогія), роднасныя сувязі (філагенія), узаемаадносіны з асяроддзем (экалогія), геагр. пашырэнне і гасп. значэнне. Звязана з экалогіяй, медыцынай, прам-сцю. Першыя звесткі пра лішайнікі трапляюцца ў Тэафраста (4—3 ст. да н. э.). Заснавальнік Л. — Э.Ахарыус. На Беларусі першыя апісанні лішайнікаў зроблены С.Б.Юндзілам і Ф.​Блонскім у 19 ст. Планамерна вывучаць ліхенафлору пачалі з 1930-х г. у АН Беларусі і БДУ пад кіраўніцтвам М.​П.​Таміна, які сабраў багаты гербарны матэрыял, выдаў вызначальнікі лішайнікаў Беларусі (1936—38). Даследаванні па Л. (пераважна фларыстычныя і фітацэнатычныя) вядуцца ў Ін-це эксперым. батанікі Нац. АН Беларусі (У.​У.​Галубкоў, Н.​М.​Кобзар). Даследуюцца антрапагенныя змены ліхенафлоры і груповак лішайнікаў, вядуцца работы па ліхенаіндыкацыі стану навакольнага асяроддзя.

Літ.:

Горбач Н.В. Лихенологические исследования в Белоруссии и перспективы их развития // Экология и биология низших растений: Тез. докл. Мн., 1982;

Техногенное загрязнение лесных экосистем Беларуси. Мн., 1995.

У.​У.​Галубкоў.

т. 9, с. 321

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕСЦЯРО́ВІЧ (Мікалай Дзмітрыевіч) (25.7.1903, в. Енцы Кармянскага р-на Гомельскай вобл. — 27.12.1984),

бел. вучоны ў галіне дэндралогіі. Акад. АН Беларусі (1956), д-р біял. н. (1955), праф. (1956). Засл. дз. нав. Беларусі (1967). Скончыў Бел. лесатэхн. ін-т (1931). З 1937 вучоны сакратар, заг. ад дзела Цэнтр. бат. сада, з 1940 заг. аддзела, нам. дырэктара, в.а. дырэктара Ін-та біялогіі АН Беларусі. З 1956 акад.-сакратар Аддзялення біял. навук і заг. аддзела Ін-та эксперым. батанікі АН Беларусі, з 1969 віцэ-прэзідэнт АН Беларусі. З 1973 навук. кансультант, з 1975 заг. лабараторыі Ін-та эксперым. батанікі АН Беларусі. Навук. працы па інтрадукцыі і акліматызацыі дрэвавых раслін. Даследаваў марфалогію і біял. асаблівасці насення і пладоў, распрацаваў тэорыю і практыку раянавання тэр. Беларусі з мэтай інтрадукцыі. Дзярж. прэмія Беларусі 1976.

Тв.:

Акклиматизация древесных растений в зеленом строительстве и лесном хозяйстве Белорусской ССР. Мн., 1950;

Интродуиированные деревья и кустарники в Белорусской ССР. Вып. 1—3. Мн., 1959—61 (у сааўт.);

Интродукционные районы и древесные растения для зеленого строительства в Белорусской ССР;

(Справ.). Мн., 1982.

М.​Дз.Несцяровіч.

т. 11, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДА́МАЎ (Уладзімір Уладзіміравіч) (12.6.1875, С.-Пецярбург — 1937 ?),

батанік, адзін з першых даследчыкаў расліннасці Беларусі. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1899). У 1920—35 заг. аддзела Мінскай балотнай доследнай станцыі, секцыі Бел. аддз. Усесаюзнага Ін-та прыкладной батанікі; кіраўнік геабатанічнай экспедыцыі Наркамзема БССР. Заснавальнік Вялікалятчанскага батанічнага саду (каля Віцебска) і батанічнага саду БДУ. Асн. працы па сістэматыцы раслін, дэндралогіі, геабатаніцы.

Тв.:

Обзор растительности Белорусского Полесья. Мн., 1928 (разам з А.​Д.​Лазук).

т. 1, с. 91

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́ЛЕР (Уладзілен Лазаравіч) (н. 11.11.1925, г. Мсціслаў Магілёўскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне біяхіміі. Д-р біял. н. (1972). Скончыў БДУ (1955). З 1994 у Ін-це эксперым. батанікі Нац. АН Беларусі. Навук. працы па даследаванні біясінтэзу хларафілу і фотасінтэзу з выкарыстаннем метадаў матэм. і кібернетычнага мадэліравання біяфіз. і біяхім. працэсаў у раслінах. Адзін з аўтараў электракаагуляцыйнага спосабу ачысткі прамысл. сцёкавых вод.

Тв.:

Авторегуляция образования хлорофилла в высших растениях. Мн., 1976.

т. 7, с. 462

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́ПСКІ (Уладзімір Іпалітавіч) (11.3.1863, в. Самастрэлы Ровенскай вобл., Украіна — 24.2.1937),

украінскі батанік. Акад. АН Украіны (1919). Чл.-кар. АН СССР (1928). Скончыў Кіеўскі ун-т (1886), з 1887 працаваў у ім, у 1894—1917 у Пецярб. бат. садзе. З 1922 прэзідэнт АН Украіны. З 1928 дырэктар бат. сада ў г. Адэса (Украіна). Навук. працы па сістэматыцы і геаграфіі кветкавых раслін Украіны, Каўказа, Сярэдняй Азіі, гісторыі і бібліяграфіі батанікі.

т. 9, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ЗА-ПАЛЯ́НСКІ (Барыс Міхайлавіч) (20.1.1890, Ашгабат — 21.4.1957),

расійскі батанік. Чл.-кар. АН СССР (1932). Скончыў Маскоўскі ун-т (1914). З 1920 праф. Варонежскага ун-та, з 1937 арганізатар і дырэктар Варонежскага бат. саду. Навук. працы па эвалюцыі, сістэматыцы і марфалогіі вышэйшых раслін, гісторыі батанікі. Аўтар філагенетычнай сістэмы вышэйшых раслін. Даў новую класіфікацыю сям. парасонавых на аснове вывучэння анатоміі плода.

Тв.:

Новый принцип биологии: Очерк теории симбиогенеза. М., 1924;

Курс систематики высших растений. Воронеж, 1965.

т. 8, с. 376

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕ́МЕЦ ((Nĕmec) Богуміл) (12.3.1873, Прасек, паблізу г. Нові-Біджаў, Чэхія — 7.4.1966),

чэшскі батанік, адзін з заснавальнікаў эксперым. цыталогіі раслін. Акад. Чэшскай АН (1918). Ганаровы член с.-г. АН у Стакгольме. Скончыў Пражскі ун-т (1895), працаваў у ім. У 1901—38 дырэктар Ін-та анатоміі і фізіялогіі раслін Пражскага ун-та. Навук. працы па ўплыве розных фактараў на дзяленне клетак, поліплаідыі, трапізмах, фізіялогіі росту і апладненні ў раслін, міка- і фітапаталогіі, гісторыі батанікі.

т. 11, с. 283

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІ́КАНАЎ (Леанід Мікалаевіч) (3.7.1872, Масква — 30.4.1952),

бел. вучоны ў галіне батанікі, педагог. Праф. (1920). Засл. дз. нав. Беларусі (1944). Скончыў Новаалександрыйскі ін-т сельскай гаспадаркі і лесаводства (1897, Польшча). У 1934—41 у Віцебскім пед. ін-це (заг. кафедры), у 1943—50 у БДУ (да 1946 заг. кафедры). Навук. працы па методыцы выкладання прыродазнаўства.

Тв.:

Жизнь растения в простейших опытах. 4 изд. Пг.;

М., 1919;

Практические занятия по ботанике в сельской школе. Л., 1925.

т. 11, с. 335

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯТРО́ЎСКІ (Павел Якаўлевіч) (31.5.1924, в. Кулікі Слуцкага р-на Мінскай вобл. —23.1.2000),

бел. вучоны ў галіне геабатанікі. Канд. с.-г. н. (1964). Скончыў Бел. тэхнал. ін-т (1952). З 1962 у Ін-це эксперым. батанікі АН Беларусі, у 1969—84 у Цэнтр. бат. садзе АН Беларусі (вучоны сакратар). Навук. працы па лясной геабатаніцы і інтрадукцыі раслін. Дзярж. прэмія Беларусі 1972.

Тв.:

Растительный покров Белоруссии (с картой М 1:1000000). Мн., 1969 (у сааўт.).

т. 13, с. 171

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУПРЭ́ВІЧ (Васіль Феафілавіч) (24.1.1897, в. Кальнікі Смалявіцкага р-на Мінскай вобл. — 17.3.1969),

бел. вучоны ў галіне батанікі, заснавальнік глебавай энзімалогіі; дзярж. дзеяч Беларусі. Чл.-кар. АН СССР (1953). Акад. АН Беларусі (1952), д-р біял. н. (1942), праф. (1950). Герой Сац. Працы (1969). Засл. дз. нав. Беларусі (1967). Скончыў Ін-т павышэння кваліфікацыі кадраў нар. асветы (Масква, 1931). З 1934 у Ін-це біял. навук. Беларусі. З 1938 у Бат. ін-це АН СССР (з 1949 дырэктар). З 1952 прэзідэнт АН Беларусі, адначасова з 1953 у Ін-це біялогіі АН Беларусі, з 1958 у Аддзеле фізіялогіі і сістэматыкі ніжэйшых раслін АН Беларусі. Навук. працы па фізіялогіі хворых раслін, сістэматыцы грыбоў. Выявіў пазаклетачнае выдзяленне ферментаў у аблігатных паразітаў і кончыкамі каранёў вышэйшых раслін, даказаў магчымасць засвойвання раслінамі вуглекіслаты, якая трапляе ў каранёвую сістэму з вадою з глебы. Яго імем названы Ін-т эксперым. батанікі Нац. АН Беларусі.

Тв.:

Науч. труды. Т. 1—4. Мн., 1971—75;

Академия наук Белорусской ССР. 3 изд. Мн., 1968.

Літ.:

Ліпскі У.С. Урокі Купрэвіча. Дак. аповесць. Мн., 1987;

Академик В.​Ф.​Купревич: Материалы юбилейной сессии Нац. акад. наук Беларусп, посвящ. 100-летию со дня рождения. Мн., 1997.

В.Ф.Купрэвіч.

т. 9, с. 39

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)