КУПРЫЯ́НЕНКА (Васіль Аляксеевіч) (н. 29.6.1950, Магілёў),

бел. музыкант, кампазітар; збіральнік і выканаўца бел. муз. фальклору. Засл. арт. Беларусі (1987). Скончыў Бел. кансерваторыю (1975). З 1974 канцэртмайстар, з 1978 муз. кіраўнік фальклорна-харэаграфічнага ансамбля «Харошкі». З 1984 арганізатар і маст. кіраўнік Бел. дзярж. ансамбля нар. музыкі «Свята» Аўтар апрацовак нар. музыкі, у т. л. песень «Калі каліна не цвіла», «Пасею гурочкі», «Песня-балада», арыгінальных песень на вершы Я.​Чачота, Я.​Купалы і інш.

т. 9, с. 39

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРУСА́ЛАЎ (Міхаіл Міхайлавіч) (22.2. 1922, Тбілісі — 26.1.1982),

бел. дзеяч цыркавога мастацтва. Засл. дз. маст. Беларусі (1970). Скончыў Дзярж. ін-т тэатр. мастацтва ў Маскве (1949). Працаваў у т-рах і цыркавых аб’яднаннях Масквы, Чэлябінска, Тбілісі, Ульянаўска. З 1959 дырэктар Мінскага, з 1975 рэжысёр-пастаноўшчык Гомельскага, у 1977—82 дырэктар Разанскага цыркаў. З удзелам М. створаны бел. цыркавы калектыў. Адзін з аўтараў цыркавых праграм «Беласнежка і сем гномаў» (1965), «Партызанская балада» (1967) і інш.

т. 10, с. 142

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́ТНЕР (Мікалай Карлавіч) (5.1.1880, Масква — 13.11.1951),

расійскі кампазітар, піяніст. Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1900), у 1909—10 і 1915—21 яе прафесар. Вучань А.Арэнскага і С.Танеева. З 1921 за мяжой, з 1936 у Вялікабрытаніі. Канцэртаваў як саліст (вядомы выканаўца ўласных твораў) і акампаніятар. Буйны майстар рус. фп. музыкі пач. 20 ст. (побач з С.​Рахманінавым і А.​Скрабіным), стваральнік фп. лірыка-апавяд. жанру — казкі, аўтар санат (са свабоднай трактоўкай санатнага цыкла) і інш. твораў для фп. У музыцы спалучаў класічныя і рамант. традыцыі. Сярод твораў: 3 канцэрты (1917, 1927; Канцэрт-балада, 1943) для фп. з арк.; фп. квінтэт (1949); санаты (у т. л. «Санатная трыяда», «Саната-казка», «Саната-балада», «Рамантычная саната», «Навальнічная саната»), Казкі (10 опусаў), «Восем карцін настрояў» (1897), 3 цыклы п’ес «Забытыя матывы» (1918—20) і інш. для фп.; 3 санаты для скрыпкі і фп. (1910—38), рамансы і песні на вершы І.​В.​Гётэ, Г.​Гейнэ, А.​Пушкіна, Ф.​Цютчава, А.​Фета, В.​Брусава і інш. Аўтар кн. «Муза і мода» (1935), «Штодзённая праца піяніста і кампазітара» (1963).

Літ.:

Долинская Е. Н.​Метнер. М., 1966;

Н.​К.​Метнер: Воспоминания. Статьи. Материалы. М., 1981.

Л.​А.​Сівалобчык.

М.​К.​Метнер.

т. 10, с. 311

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІ́ЛАШ (Аляксандр Іванавіч) (н. 6.3.1931, г.п. Градзіжск Палтаўскай вобл., Украіна),

украінскі кампазітар. Нар. арт. Украіны (1977). Скончыў Кіеўскую кансерваторыю (1957). Сярод твораў: оперы «Гайдамакі» (1965), «Балада вайны» (1971), «Сцяганосцы» (1985); аперэты «Чыстая крыніца» (1975), «Легенда пра Кіеў» (1982), «Званы Расіі» (1983); вак.-сімф. і сімф. творы; 2 канцэрты для фп. з арк. (1982—83); хары; музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў. Аўтар песень («Каліна ў жыце», «Два колеры», «Равеснікі»). Дзярж. прэмія Украіны імя Т.​Шаўчэнкі 1975.

т. 3, с. 151

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАБАЛО́ЦКІ (Анатоль Дзмітрыевіч) (н. 16.10.1935, с. Сіда, Краснаярскі край, Расія),

бел. кінааператар. Засл. дз. маст. Беларусі (1967) і Расіі (1976). Скончыў Усесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі ў Маскве (1960). У 1960—69 працаваў на кінастудыі «Беларусьфільм». Творчай манеры З. ўласцівы выразнасць партрэтных характарыстык, майстэрскае валоданне святлом. Зняў фільмы: маст. «Першыя выпрабаванні» (1960—61), «Апавяданні пра юнацтва» (1961), «Маленькія летуценнікі» (1963), «Праз могілкі» (1965), «Альпійская балада» (1966); дакумент. «Сведкі вечнасці» (1965, рэж.-аператар), «Слова маці» (1978, сцэнарыст, рэж.) і інш. Прэмія Ленінскага камсамола 1980.

т. 6, с. 486

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСТАГРЫ́З (Алег Данілавіч) (н. 11.8.1960, г. Кабулеты, Грузія),

бел. жывапісец і графік, прадстаўнік Віцебскай школы акварэлі. Скончыў Віцебскі пед. ін-т (1986). З 1989 выкладае ў Віцебскім ун-це. Яго творам, пераважна на фалькл., міфалагічныя, легендарна-казачныя і анімалістычныя сюжэты, уласцівы філас., часам рамант. скіраванасць, эксперыменты з колерам і фактурай: карціны «Крык пеўня», «Птушка райская Сірын», «Усходняя казка» (усе 1994), «Старая легенда», «Балада», «Час быка», «Шахерызада» (усе 1995), «Выкраданне Еўропы» (1996); афорты «Подых навальніцы» (1993), «Славянская казка» (1995) і інш.

М.​Л.​Цыбульскі.

т. 8, с. 153

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРШЧЭ́ЎСКІ (Ян) (1790, паводле інш. крыніц 1794, ці 1796, ці 16.12.1799, в. Мурагі Расонскага р-на Віцебскай вобласці — 12.3.1851),

бел. літаратар, выдавец. Пісаў на польск. і бел. мовах. Вучыўся ў Полацкай езуіцкай калегіі і акадэміі. З 1817 у Пецярбургу. Працаваў у дзярж. установах, выкладаў латынь і грэч. мову ў прыватных дамах. Сустракаўся з А.​Міцкевічам, Т.​Шаўчэнкам. З 1839 рэдактар-выдавец альманаха «Незабудка». У 1847 пераехаў у г. Чуднаў на Валыншчыне (Украіна). Літ. творчасць пачаў у студэнцкія гады (беларускамоўныя творы «Рабункі мужыкоў», «Дзеванька», «Гарэліца»; апубл. 1843—44). Пад уплывам пісьменнікаў-рамантыкаў і, магчыма, Шаўчэнкі пачаў апрацоўваць бел. легенды і паданні (балады «Русалка-зводніца», «Дзявочая крыніца», «Дзве бярозы», «Роспач», «Курганы», «Зарослае возера» і інш.). Баршчэўскі задумаў расказаць пра Беларусь, абудзіць у сэрцах землякоў пачуцці любові да роднага краю. Цыкл апавяданняў-прытчаў склаў зб. «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях» (т. 1—4. Пб., 1844—46), дзе Баршчэўскі ўпершыню сцвярджаў думку пра самабытнасць Беларусі. Праз сістэму вобразных сродкаў пісьменнік выказаў бел. нац. ідэю. Сімвалічны вобраз Плачкі-Беларусі — цэнтральны ў кнізе. Апавяданні-прытчы, не выкарыстаныя ў «Шляхціцы Завальні», склалі аповесць «Драўляны дзядок і кабета Інсекта» (1844—47). Тэма роднага краю, нешчаслівага лёсу таленавітых людзей Беларусі — у драм. паэме «Жыццё сіраты». У аповесці «Душа не ў сваім целе» Баршчэўскі ў алегарычнай форме паказаў шляхі, якімі павінны ісці сумленныя людзі, каб служыць Бацькаўшчыне. Гэтыя творы разам з «Мелодыямі пілігрыма» склалі кн. «Проза і вершы» (ч. 1. Кіеў, 1849).

Тв.:

Бел. пер. — Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях. Мн., 1990;

Санет: Для В.П. Буйніцкай;

Рыбак: (балада);

Зарослае возера: Балада // Роднае слова. 1994. № 9;

Дзве бярозы: Балада // Беларусь. 1995. № 4;

Душа не ў сваім целе // Полымя. 1996. № 1. Аповесць.

Літ.:

Падбярэскі Р. Беларусь і Ян Баршчэўскі // Баршчэўскі Я. Шляхціц Завальня... Мн., 1990;

Кісялёў Г.В. Ад Чачота да Багушэвіча. Мн., 1993;

Хаустовіч М. Ля вытокаў беларускае ідэі // Полымя. 1994. № 11.

М.​В.​Хаустовіч.

Я.Баршчэўскі.

т. 2, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ТАЛ, Віталс (Vitols; Віталь Іосіф) Язэпс (26.7.1863, г. Валміера, Латвія — 24.4.1948), латышскі кампазітар, педагог; адзін з заснавальнікаў нац. кампазітарскай школы, буйнейшы майстар лат. харавой песні. Скончыў Пецярбургскую кансерваторыю (1886, клас М.Рымскага-Корсакава), выкладаў у ёй (з 1901 праф.). З 1918 у Рызе. Заснавальнік, праф., рэктар (у 1919—44, з перапынкам) Латвійскай кансерваторыі (цяпер імя Вітала). Адзін з заснавальнікаў і старшыня (1923—40) Т-ва лат. кампазітараў. Сярод яго вучняў: С.Пракоф’еў, М.Мяскоўскі, Я.Іваноў, Я.​Калніньш, А.​Скултэ, Л.​Вігнерс, Е.​Віталіньш і інш. Асн. творы: кантаты «Песня» (1908), «Паўночнае ззянне» (1913); балада для хору «Беверынскі спявак» (1900); сімфонія (1888), «Свята Ліга» (1889), «Драматычная уверцюра» (1895), уверцюра «Спрыдзітыс» (1908), сюіты «Сем латышскіх народных песень» (1904) і «Каштоўныя камяні» (1924), балада «Восеньская песня» (1928), «Латышская сельская серэнада» (1934), «Рапсодыя» (1909) для сімф. арк.; Фантазія на тэмы лат. нар. песень для скрыпкі з арк.; струнны квартэт; інстр. творы, у т. л. для фп. (больш за 80); хары а капэла (103); песні для голасу з фп. (92), апрацоўкі лат. нар. песень (больш за 300).

Аўтар артыкулаў па муз. мастацтве. З 1944 жыў у Германіі.

Літ. тв.: Воспоминания, статьи, письма. Л., 1969.

Літ.:

Гравитис О. Язеп Витол и латышская народная песня: Пер. с лат. М.; Л., 1966.

Я.Вітал.

т. 4, с. 198

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТРАВО́Й (Сяргей Рыгоравіч) (н. 6.9.1911, г. Новасібірск),

рускі паэт. Друкуецца з 1934. У зб-ках «Я ў Расіі народжаны» (1956), «Я люблю» (1962), «Вера, Надзея, Любоў» (1971), «Гады... Новая лірыка» (1981), «...А песня ходзіць на вайну» (1984), «Пра цябе...» (1991) і інш. вершы пра Радзіму, прыроду, ваен. гады, складаны цяперашні час. Аўтар паэм «Сын Расіі» (1942), «Маці» (1961), «Балада пра каханне» (1962) і інш., кніг для дзяцей, тэкстаў песень. Для лірыкі Астравога ўласцівыя публіцыстычнасць і грамадзянскасць.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—3. М., 1985—86.

т. 2, с. 48

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МДЫВА́НІ (Георгій Давідавіч) (26.9.1905, г. Багдаты, Грузія — 10.10.1981),

грузінскі драматург, кінасцэнарыст. Засл. дз. мастацтваў Грузіі (1961). Вучыўся ў Тбіліскім ун-це (1924—26). Дэбютаваў вершамі ў 1920. Аўтар востраканфліктных, палітычна актуальных, публіцыстычных і прасякнутых героікай подзвігу п’ес «Алькасар» (паст. 1936), «Батальён ідзе на Захад» (1941), «Новыя часы» (1952), «Дзень нараджэння Тэрэзы» (1961), «Укралі консула» (1963), «Лілео» (1977), а таксама сцэнарыяў кінафільмаў «Радавы Аляксандр Матросаў» (1948), «Салдат Іван Броўкін» (1955), «Іван Броўкін на цаліне», «Апошні з Сабадура» (абодва 1958), «Хеўсурская балада» (1966) і інш.

Тв.:

Рус. пер. — Пьесы. М., 1955.

т. 10, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)