АЛІ́МП (Olympos),

самы высокі горны масіў у Грэцыі. Выш. 2917 м. Складзены з вапнякоў і сланцаў. Вечназялёныя хмызнякі, шыракалістыя і хваёвыя лясы. Нац. парк (пл. каля 4 тыс. га, засн. ў 1938). У стараж.-грэч. міфалогіі Алімп — месца, дзе жывуць багі. Лічылася, што на Алімпе знаходзяцца палацы Зеўса і інш. багоў, пабудаваныя і ўпрыгожаныя Гефестам. Алімп таксама сімвал вярхоўнай улады новага пакалення багоў — алімпійцаў, якія перамаглі тытанаў.

т. 1, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́ТА (lētē),

у старажытнагрэчаскай міфалогіі дачка тытанаў Коя і Фебы, адна з жонак Зеўса, якая нарадзіла ад яго багоў Апалона і Артэміду. У міфах створаны вобраз Л. як маці-пакутніцы, якая ўслаўлена ў сваіх дзецях і дзякуючы ім заняла ганаровае месца сярод багоў на Алімпе. Л., Апалон і Артэміда заўсёды аднадушныя, разам змагаюцца з ворагамі, дапамагаюць траянцам у Траянскай вайне і г.д. У рым. міфалогіі Л. вядома пад імем Латона.

т. 9, с. 220

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́РДУК,

у старажытна-вавілонскай рэлігіі і міфалогіі бог-апякун г. Вавілон, пасля 18 ст. да н.э.вярх. бажаство. Паводле вавілонскага міфа, М. — сын бога Эа (у шумерскай міфалогіі Энкі), выбраны царом на савеце багоў, узначаліў іх вайну з войскам першабытных пачвар і забіў правадырку апошніх Тыямат, пасля чаго стварыў зямлю і людзей для абслугоўвання багоў. Атаясамліваўся з Энлілем. У сярэдзіне 1-га тыс. да н.э. ўсе божаствы вавілонскага пантэона лічыліся ўвасабленнямі М.

т. 10, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛЬДР,

у скандынаўскай міфалогіі бог, сын Одзіна. Паводле міфаў, загінуў ад стралы з амелы, пушчанай сляпым богам Хёдам. Смерць Бальдра быццам бы папярэднічала гібелі багоў і ўсяго свету. У абноўленым свеце Бальдр ажывае.

т. 2, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

І́ЛУ,

у заходнесеміцкай міфалогіі вярх. бажаство, бацька багоў і людзей, творца сусвету і ўсяго існага, які дае людзям патомства. У Старым запавеце выступае пад імем Элахіма як адзіны бог, стваральнік сусвету, жывёл і людзей.

т. 7, с. 198

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́СТЫЯ,

у грэчаскай міфалогіі багіня агню і хатняга ачага, дачка Кронаса і Геі. Апякунка непагаснага агню — асновы, якая аб’ядноўвала багоў, чалавечае грамадства і кожную сям’ю. На Алімпе сімвалізавала непарушны космас. У рым. міфалогіі Гестыі адпавядае Веста.

т. 5, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́РГІЯ (ад грэч. orgia тайныя абрады),

1) рэлігійныя абрады, звязаныя з культам некат. стараж.-ўсходніх (Астарты, Ісіды і Асірыса, Кібелы, Тамуза), стараж.-грэч. (Дыяніса і інш.), стараж.-рымскіх (Вакха і інш.) багоў.

2) Разгульнае, разбэшчанае баляванне.

т. 11, с. 443

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАРУ́НА,

у стараж.-індыйскай міфалогіі бог неба і воднай стыхіі, захавальнік ісціны і справядлівасці, разам з Індрай найвялікшы з багоў ведыйскага пантэона. Варуну падуладныя неба і зямля, яго адзенне — ноч і дзень, яго вока — сонца, сам ён тысячавокі.

т. 4, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗІЕ́ВАС, Дзіеўс, Дзіеў,

у балтыйскай міфалогіі абазначэнне бажаства і гал. з багоў. Дз. стаіць над усімі багамі, але звычайна ён пасіўны і непасрэдна не ўплывае на лёсы людзей. У яго ёсць памочнікі (адзін з іх грамавержац Пяркунас) і дзеці.

т. 6, с. 113

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУБЕ́РА,

у старажытнаіндыйскай міфалогіі бог багацця. Яго ўяўляюць з вял. шарападобным жыватом, двухрукім, трохногім, васьмізубым, аднавокім. За набожнасць Брахма прыраўняў К. да багоў, зрабіў яго вартавым падземных скарбаў і захавальнікам (адным з лакапалаў) Поўначы. Блізкім сябрам і апекуном К. лічыцца Шыва.

т. 8, с. 552

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)