помнік драўлянага дойлідства. Пабудавана ў 1769—80 у г. Ельск Гомельскай вобл. Мае рысы класіцызму. 5-зрубны крыжова-купальны храм. Цэнтр. 8-гранны зруб (даўж. 23 м, шыр. 14 м, выш. 11,8 м) завершаны масіўным светлавым васьмерыком з купальным пакрыццём. Прамавугольны бабінец, гранёныя алтарныя і бакавыя зрубы накрыты пакатымі 2-схільнымі дахамі з вальмамі на тарцах. Сцены вертыкальна ашаляваны дошкамі з нашчыльнікамі, вокны з паўцыркульнымі завяршэннямі. У 1870—71 да бабінца прыбудавана званіца (васьмярык на 2 чацверыках), завершаная высокім шатром.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛІ́МАВІЦКАЯ ЦАРКВА́,
помнік архітэктуры позняга класіцызму. Пабудавана ў сярэдзіне 19 ст. ў г. Клімавічы Магілёўскай вобл. Будынак цагляны, складаецца з крыжовага ў плане асн. аб’ёму і прыбудаваных да яго паўкруглай апсіды з усходу і квадратнага бабінца з захаду. Над сяродкрыжжам чацвярык з вял. светлавым васьмігранным барабанам з купалам. Бабінец завершаны 3-яруснай вежай-званіцай (2 чацверыкі і васьмярык з гранёным купалам). Купал і званіца ўвянчаны галоўкамі. У дэкоры выкарыстаны плоскія нішы, сухарыкі, раскрапоўкі ў выглядзе трохвугольных франтонаў, двухколерная тынкоўка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІНКЕ́ВІЦКАЯ ГЕО́РГІЕЎСКАЯ ЦАРКВА́,
помнік драўлянага дойлідства ў в. Сінкевічы Лунінецкага р-на Брэсцкай вобл. Пабудавана ў 18 ст. на могілках. Царква — трохзрубная з прамавугольнымі ў плане аб’ёмамі роўнай вышыні. Цэнтр. зруб асн. аб’ёму завершаны невысокім чацверыком, накрыты 4-схільным шатром (знутры 8-схільным). Апсіда і бабінец пад вальмавымі дахамі з невял. гранёнымі галоўкамі. На адной восі з царквой пастаўлена зрубна-каркасная званіца; звонку 2-ярусная, мае схаваны прамежкавы ярус, накрыта 4-схільным шатром. У 1978—80 сцены будынкаў вертыкальна ашаляваны дошкамі з нашчыльнікамі і аздоблены падзорам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАМО́СЦЕНСКІ КАСЦЁЛ,
помнік архітэктуры рэнесансу. Пабудаваны каля 1620 (па інш. звестках у 1649) А.С.Вінкаю-Ратомскім у в. Замосце (Слуцкі р-н Мінскай вобл.). У 17 ст. пры З.к. была місія езуітаў, у 1865 забраны пад царкву. Мураваны 1-нефавы храм складаецца з квадратнага ў плане асн. аб’ёму, 5-граннай алтарнай апсіды і вежападобнага бабінца. Сцены нефа аздоблены тонкімі пілястрамі і завершаны прафіляваным карнізам. Вокны высокія, з паўцыркульным завяршэннем. Бабінец з трохвугольным франтонам і руставаным арачным уваходам, верагодна, перабудаваны ў 19 ст. Над ніжнім ярусам крыжовае скляпенне, вокны з лучковымі завяршэннямі. Грані апсіды прымыкаюць да нефа пад косым вуглом, па баках — выцягнутыя ўпоперак сакрысціі (рызніцы).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́РСКАЯ ТРО́ІЦКАЯ ЦАРКВА́,
помнік архітэктуры 16—19 ст. ў г.п. Мір Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл. Пабудавана паміж 1533—50 як царква базыльянскага манастыра. Пасля пажару 1865 перабудавана ў рэтраспектыўна-рус. стылі. Мураваны 5-купальны храм падоўжна-восевай кампазіцыі ўключае амаль квадратны ў плане асн. аб’ём, паўкруглую апсіду з рызніцай і прамавугольны бабінец, да якога ў 1780-я г. прыбудавана 3-ярусная вежа-званіца (васьмярык на 2 чацверыках) з мураваным 1-м, драўлянымі 2-м і 3-м ярусамі, завершаная 8-гранным шатровым дахам з галоўкай на глухім барабане. Да пабудоў 1870-х г. адносяцца 5 несапраўдных купалаў над асн. аб’ёмам. Асн. аб’ём накрыты 4-схільным дахам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́ТРЫКАЎСКАЯ ПАКРО́ЎСКАЯ ЦАРКВА́,
помнік драўлянага дойлідства ў г. Петрыкаў Гомельскай вобл. Пабудавана ў канцы 17 — пач. 18 ст. ў в. Сотнічы. Першапачаткова — стараверская, з 1746 — уніяцкая, у 1836 перанесена ў Петрыкаў, перададзена праваслаўным. Тры квадратныя ў плане зрубы — бабінец, асн. аб’ём і алтарная частка — складзены з круглых бярвён з 6-граннымі «астаткамі». Знадворку сцены ашаляваны, аформлены пілястрамі і простымі карнізамі. Асн. аб’ём мае 3-ярусную кампазіцыю: 2 ніжнія ярусы чацверыковыя (з усечаным зверху шатром паміж імі), верхні — васьмярык на купальнай аснове і з купальным пакрыццём. Астатнія аб’ёмы трактаваны як невял. прыбудовы з 2- і 3-схільнымі дахамі. Над бабінцам невял. каркасная званіца з шатровым пакрыццём.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАВЫ́Д-ГАРАДО́ЦКАЯ ГЕО́РГІЕЎСКАЯ ЦАРКВА́,
помнік драўлянага дойлідства. Пабудавана ў 2-й пал. 17 ст. ў г. Давыд-Гарадок (Столінскі р-н) майстрамі Палескай школы дойлідства. Перабудавана ў 1724. Трохзрубны храм глыбінна-восевай кампазіцыі ўключае прамавугольныя ў плане бабінец, асн. аб’ём і алтарную апсіду, накрытыя 4-граннымі шатровымі дахамі з галоўкамі на 8-гранных барабанах. У інтэр’еры дамінуе 2-светлавы аб’ём, злучаны з бабінцам арачным праёмам і аддзелены ад апсіды драўляным разным іканастасам, створаным ў 1751 у стылі барока (майстар невядомы). У іканастасе дамінуе апостальскі рад, абразы якога вылучаюцца манументальнасцю кампазіцыі, урачыстасцю эмацыянальнага ладу, характэрным тыпажам. Іканастас багата размаляваны і аздоблены залачонымі разнымі накладкамі.
Ю.А.Якімовіч, Э.І.Вецер.
Давыд-Гарадоцкая Георгіеўская царква.Іканастас Давыд-Гарадоцкай Георгіеўскай царквы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКІЯ ВАСКРАСЕ́НСКІЯ ЦЭ́РКВЫ.
Існавалі ў Віцебску ў 16—19 ст. Драўляная царква на ратушнай пл. пабудавана ў 16 ст. (паказана на «Чарцяжы» Віцебска 1664). Яна складалася з 3 зрубаў (асн., алтарны і бабінец з вежай), накрытых асобнымі шатровымі дахамі з галоўкамі. На яе месцы ў 1772 у стылі позняга барока пабудавана мураваная уніяцкая царква (рыначная); з 1865 — праваслаўная. 1-нефавы храм меў паўкруглую алтарную апсіду з рызніцамі па баках, якія рабілі будынак прамавугольным у плане. 2-вежавы гал. фасад меў складаную хвалістую паверхню. Тарцы высокага даху на гал. фасадзе і над апсідай закрываліся фігурнымі атыкавымі франтонамі. Сцены, аздобленыя плоскімі пілястрамі, былі завершаны прафіляванымі карнізамі, скразныя ярусы вежаў і франтон упрыгожаны стылізаванымі валютамі. Вежы завяршаліся фігурнымі купалкамі. Разбурана ў 1930-я г.
Т.В.Габрусь.
Віцебскія Васкрасенскія цэрквы. Рыначная царква (справа). Малюнак Ю.Пешкі. Пач. 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУБЕ́ЛЬСКАЯ МІХА́ЙЛАЎСКАЯ ЦАРКВА́,
помнік народнага дойлідства з рысамі стылю барока ў в. Рубель Столінскага р-на Брэсцкай вобл. Пабудавана ў 1796 з дрэва ва ўсх.-палескай традыцыі палескіх школ дойлідства. 3-зрубны храм глыбінна-прасторавай кампазіцыі складаецца з прамавугольнага ў плане бабінца, 8-граннага выцягнутага па папярочнай восі цэнтр. і 5-граннага алтарнага (з рызніцай з Пн) зрубаў. У 19 ст. да бабінца і бакавых фасадаў цэнтр. аб’ёму прырублены квадратныя ў плане прытвор і прыдзелы. У аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі пануе цэнтр. аб’ём, над якім узведзены чацвярык і 8-гранны барабан з купалам складанай 2-яруснай формы. Аналагічнае завяршэнне маюць апсіда і бабінец. Вертыкальна ашаляваныя сцены прарэзаны высока ўзнятымі прамавугольнымі аконнымі праёмамі ў плоскіх ліштвах з трохвугольнымі сандрыкамі. Алтарная частка аддзелена ярусным разным іканастасам. Побач з царквой 3-ярусная званіца (васьмярык на 2 чацверыках) пад гранёным купальным дахам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЖА́Н-ГАРАДО́ЦКАЯ МІКАЛА́ЕЎСКАЯ ЦАРКВА́,
помнік драўлянага дойлідства 19 ст. Пабудавана ў 1818 у в. Кажан-Гарадок Лунінецкага р-на Брэсцкай вобл. У архітэктуры выявіліся рысы мясц. школы дойлідства барочнага кірунку. 5-зрубная крыжова-цэнтрычная кампазіцыя. У канцы 19 — пач. 20 ст. да яе прыбудавана 3-ярусная шатровая званіца (васьмярык на 2 чацверыках) з тамбурам. Да цэнтр. васьмерыка з 2-ярусным верхам (васьмярык на чацверыку) далучаны прамавугольныя ў плане аб’ёмы (бабінец, апсіда з рызніцай і 2 бакавыя прыбудовы) з чацверыковымі 1-яруснымі вярхамі. У інтэр’еры дамінуе цэнтр. трохсветлавы аб’ём, у які арачнымі праёмамі раскрываюцца двухсветлавыя памяшканні. Царква багата аздоблена паліхромнай драўлянай скульптурай і разьбой у стылі ампір (пач. 19 ст., майстар І.Астапчык). 2-ярусны пазалочаны іканастас, гал. алтар завершаны скульптурай Іаана Хрысціцеля, бакавыя алтары ў прыбудовах аформлены ракайлямі, пальметамі, фрызамі з раслінных гірляндаў, карнізамі з іонікамі і сухарыкамі, капітэлямі накшталт тасканскіх.