род бактэрый сям. накардыі групы актынаміцэтаў. Больш за 20 відаў. Пашыраны ў глебе, вадаёмах і інш. прыродных субстратах.
Утвараюць міцэлій з дыяметрам гіфаў 0,5—2 мкм Нерухомыя. Грамстаноўчыя. Аэробы. Размнажаюцца фрагментацыяй міцэлію, некат. ўтвараюць таксама споры і хламідаспоры. Сапрафіты, ёсць патагенныя віды для чалавека і жывёл (узбуджальнікі накардыёзу). У глебе ўтылізуюць устойлівыя да раскладання рэчывы расліннага паходжання (лігнін), удзельнічаюць у мінералізацыі гумусу, раскладаюць цяжкадаступныя для інш. мікраарганізмаў рэчывы (сінт. матэрыялы, воскі, вуглевадароды, адходы нафтавай прам-сці). Могуць выкарыстоўвацца для барацьбы з забруджваннем навакольнага асяроддзя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛУБЕ́НЬЧЫКАВЫЯ БАКТЭ́РЫІ (Rhizobium),
род азотфіксавальных бактэрый, што ўтвараюць клубеньчыкі на каранях многіх бабовых раслін. Пры асіміляцыі К.б. малекулярнага азоту ён пераходзіць у засваяльную для раслін форму, а расліны забяспечваюць бактэрыі пажыўнымі рэчывамі. Уступаюць у сімбіёз з пэўным відам раслін, што ўзята за аснову іх відавой класіфікацыі (напр., Rh. trifolii спецыфічны толькі для канюшыны, Rh. melitoli — для баркуну, люцэрны).
У вольным стане К.б. — рухомыя палачкі 0,5—0,9 × 1,2—3 мкм, грамадмоўныя, няспораўтваральныя. Аэробы і факультатыўныя анаэробы. Пры адсутнасці бабовых раслін жывуць у глебе як сапрафіты. Абагачаюць глебу азотам, выкарыстоўваюцца для вытв-сці бактэрыяльных угнаенняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЭРО́БНЫЯ АРГАНІ́ЗМЫ, аэробы (ад аэра... + грэч. bios жыццё),
арганізмы, здольныя жыць толькі ў прысутнасці малекулярнага кіслароду. Да іх належаць амаль усе жывёлы і расліны, а таксама многія грыбы і мікраарганізмы. Неабходную для жыццядзейнасці энергію яны атрымліваюць за кошт акісляльных працэсаў з удзелам кіслароду. Аблігатныя (строгія) аэробныя арганізмы развіваюцца толькі ў прысутнасці кіслароду (напр., воцатна-кіслыя бактэрыі), факультатыўныя (умоўныя) — пры паніжанай яго колькасці ці без кіслароду (дрожджы). Асобнае месца сярод аэробных арганізмаў займаюць арганізмы, здольныя да фотасінтэзу, — цыянабактэрыі, водарасці, сасудзістыя расліны. Кісларод, які вылучаецца гэтымі арганізмамі, забяспечвае ўсіх астатніх аэробаў. Арганізмы, здольныя развівацца пры нізкай канцэнтрацыі кіслароду (≤ 1 мг/л), наз. мікрааэрафіламі. Гл. таксама Анаэробныя арганізмы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАКТЭ́РЫІ (ад грэч. baktērion палачка),
група мікраскапічных, пераважна аднаклетачных арганізмаў. Вядома больш за 2000 відаў, якія належаць да пракарыётаў, што не маюць аформленага клетачнага ядра. У сучаснай класіфікацыі на аснове сукупнасці марфалагічных, культуральных і фізіёлага-біяхім. прыкмет усіх бактэрый падзяляюць на эўбактэрыі і архебактэрыі. Бактэрыі маюць палачкападобную (бацылы, кластрыдыі, псеўдаманады), шарападобную (кокі), звілістую (вібрыёны, спірылы, спірахеты) форму: дыяметр 0,1—10 мкм, даўж. 1—20 мкм, а ніткаватыя шматклетачныя бактэрыі — 50—100 мкм. Некаторыя бактэрыі ўтвараюць споры. Многія рухомыя, маюць жгуцікі. Паводле спосабу жыўлення вылучаюць аўтатрофы і гетэратрофы. Залежна ад тыпу дыхання бактэрыі падзяляюць на аэробы і анаэробы. Удзельнічаюць у кругавароце рэчываў у прыродзе, ачышчэнні асяроддзя ад арган. рэшткаў, фарміраванні структуры і ўрадлівасці глебы; падтрымліваюць запасы вуглякіслага газу ў атмасферы. Выкарыстоўваюцца ў харч., мікрабіял., хім. і інш. галінах прам-сці. Патагенныя (хваробатворныя) бактэрыі — узбуджальнікі хвароб раслін, жывёл і чалавека.
Літ.:
Гусев М.В., Минеева Л.А. Микробиология. 3 изд. М., 1992.