Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАМЯНЁВАЕ АЦЯПЛЕ́ННЕ,
від ацяплення, пры якім асн. колькасць цяпла ў памяшканне перадаецца выпрамяненнем. Ацяпляльныя прылады размяшчаюць у сценах, пад столлю або ў перакрыццях. Цепланосьбітам служаць гарачая вада, радзей пара ці нагрэтае паветра. Выкарыстоўваюцца таксама інфрачырвоныя газавыя ці эл. выпрамяняльнікі. Часам да П.а. адносяць панэльнае ацяпленне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ЗАВАЕ АЦЯПЛЕ́ННЕ,
ацяпленне за кошт энергіі спальвання гаручых газаў. Сістэмы газавага ацяплення складаюцца з газаправодаў, запорна-рэгулявальнай арматуры і аўтам. прылад бяспекі карыстання газам.
Адрозніваюць мясцовае (газ спальваецца ў ацяпляльных прыладах непасрэдна ў памяшканнях, што ацяпляюцца) і цэнтральнае (спальванне газу ў прамысл. устаноўках). Для мясцовага газавага ацяплення выкарыстоўваюць канвекцыйныя і прамяніста-канвекцыйныя прылады, якія адрозніваюцца спосабам падачы вонкавага паветра для гарэння газу і выдалення прадуктаў згарання, а таксама прамяністыя прылады (інфрачырвоныя выпрамяняльнікі). Пры цэнтр. газавым ацяпленні падаецца паветра, змяшанае з прадуктамі згарання або падагрэтае імі.
Выкарыстоўваецца ў прамысл. і грамадз. збудаваннях пры часовым знаходжанні людзей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯЧНО́Е АЦЯПЛЕ́ННЕ,
від мясц.ацяплення, пры якім памяшканне абаграваецца ўстаноўленымі ў ім абагравальнымі печамі. Найб. старажытны і просты від ацяплення. Цяпло ад згарання паліва ўспрымаецца масівам печы і перадаецца памяшканню. Ахалоджаныя дымавыя газы праз комін выдаляюцца ў атмасферу. П.а. выкарыстоўваюць пераважна ў малапавярховых дамах пасялковага і сельскага тыпу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНЭ́ЛЬНАЕ АЦЯПЛЕ́ННЕ,
від цэнтральнага ацяплення, пры якім цяпло ў памяшканне перадаецца ад нагрэтых паверхняў ацяпляльных панэлей, размешчаных у сценах, перагародках, часам у падлозе. Унутры бетонных панэлей размяшчаюць стальныя трубы ці чыгунныя ўкладышы, па якіх цыркулюе гарачая вада, пара або (радзей) паветра. Існуюць таксама панэлі з электранагравальнымі элементамі. Вызначаецца высокімі сан.-гігіенічнымі якасцямі. Выкарыстоўваецца ў грамадскіх, прамысл. і жылых памяшканнях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Пара-вадзяное ацяпленне 2/543
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Вода-вадзяное ацяпленне 2/543
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ПАВЕ́ТРАНАЕ АЦЯПЛЕ́ННЕ,
сістэма ацяплення, пры якой памяшканне ацяпляецца пададзеным у яго падагрэтым паветрам. Выкарыстоўваецца ў прамысл., с.-г. і грамадскіх збудаваннях.
Бывае мясцовае (ацяпляльна-вентыляцыйныя агрэгаты ўстаноўлены ў памяшканні) і цэнтральнае (адзін агрэгат абслугоўвае некалькі памяшканняў). Адрозніваюць П.а. рэцыркуляцыйнае (паветра, пададзенае да паветрападагравальніка, бярэцца з памяшкання) і спалучанае з вентыляцыяй (часткова паветра бярэцца з памяшкання і часткова звонку). Перамяшчэнне паветра бывае прымусовае (за кошт вентылятара) і натуральнае за кошт рознасцей т-р і шчыльнасці паветра).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАВО́Е АЦЯПЛЕ́ННЕ,
від цэнтральнага ацяплення памяшканняў сухой насычанай парай, якая падаецца па параправодах ад паравога катла ў ацяпляльныя прылады. Адрозніваюць вакуум-паравыя (ціск пары ніжэйшы за атмасферны), нізкага (ціск да 0,17 МПа) і высокага (больш за 0,17 МПа) ціску сістэмы П.а., якія бываюць 1- і 2-трубныя. П.а. забяспечвае хуткае награванне памяшканняў, але па сан.-гігіенічных якасцях саступае вадзяному. Асн. недахоп — высокая т-ра пары (100 °C і вышэй). Выкарыстоўваецца ў грамадскіх, камунальна-быт. і прамысл. памяшканнях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАДЗЯНО́Е АЦЯПЛЕ́ННЕ,
найбольш пашыраная сістэма ацяплення ў жылых, грамадскіх і прамысл. Збудаваннях. Цяпло ў памяшканне перадаецца гарачай вадой праз ацяпляльныя прылады. Бывае: цэнтральнае (цеплазабеспячэнне ад ЦЭЦ або кацельні) і мясцовае; з натуральнай і прымусовай цыркуляцыяй; паводле спосабу далучэння ацяпляльных прылад да трубаправодаў з верхнім і ніжнім размеркаваннем вады; двух-, аднатрубнае і праточнае; кальцавое і тупіковае.
Асн. часткі сістэмы: водападагравальнік, дзе вада падаграецца палівам, эл. токам, парай або больш гарачай вадой, ацяпляльныя прылады (радыятары, канвектары і інш.), трубаправоды (магістралі, стаякі) і запорна-рэгулявальная апаратура. У сістэмах вадзянога ацяплення з натуральнай цыркуляцыяй вада рухаецца за кошт рознай шчыльнасці нагрэтай у водападагравальніку (больш лёгкай) вады і больш цяжкай вады, што астыла ў ацяпляльных прыладах і трубаправодах; цыркуляцыя павялічваецца з павелічэннем адлегласці (па вертыкалі) паміж ацяпляльнымі прыладамі і водападагравальнікам (сістэмы выкарыстоўваюцца толькі ў невял. збудаваннях). У сістэмах з прымусовай цыркуляцыяй рух вады забяспечвае цыркуляцыйная помпа.