ВЕЛА́СКЕС (Velázquez; Velásquez) Дыега Радрыгес дэ Сільва і (6.6.1599, г. Севілья, Іспанія — 6.8.1660),

іспанскі жывапісец. Вучыўся ў Севільі ў Ф. дэ Эрэры Старэйшага і Ф.​Пачэкі (1610—16). З 1623 прыдворны жывапісец Філіпа IV. Яго творчасць — вяршыня «залатога веку» ісп. жывапісу. Дэмакратызм і рэалізм творчасці Веласкеса праявіўся ўжо ў ранніх палотнах: «Снеданне» (1617), «Ваданос» (каля 1620). Нават афіцыйныя заказныя партрэты Веласкеса вылучаліся бязлітаснай праўдзівасцю характарыстык і псіхал. глыбінёй: «Філіп IV» (каля 1629 ці 1644), «Герцаг Аліварэс» (каля 1638), «Папа Інакенцій Х» (1650). Гуманістычны характар яго творчасці яскрава выявіўся ў партрэтах дзіцячых («Інфант Бальтасар Карлас», 1634—35, «Інфанта Маргарыта», 1659), прыдворных блазнаў («Себасцьян дэ Мора», «Эль Прыма», «Эль Боба з Карыі», 1631—48), рэалістычных («Хуан Матэас», канец 1632, «Дама з веерам», канец 1648, «Хуан Парэха», 1650). У творах на рэліг. і міфалаг. тэмы («Пакланенне вешчуноў», 1617, «Хрыстос у доме Марфы і Марыі», 1622, «Кузня Вулкана», «Вакх», 1630, «Венера перад люстэркам», 1648—49) вобразы святых і міфалаг. багоў Веласкес аб’ядноўваў з грубаватымі зямнымі вобразамі людзей. Яго творы «Здача Брэды», «Меніны» («Фрэйліны», 1656), «Папрадухі» («Міф аб Арахане», 1657) вызначылі ў еўрап. мастацтве 17 ст. новы тып шматпланавай карціны з кампазіцыйнымі і святлоценявымі эфектамі, паглыбленым псіхалагізмам. Каларыстыка яго твораў вылучаецца вытанчанымі валёрнымі гармоніямі, святлонасычанасцю. Творы Веласкеса былі прадметам вывучэння і крыніцай натхнення для Ф.​Гоі, Э.​Манэ, П.​Пікаса.

Літ.:

Знамеровская Т.П. Веласкес. М., 1978;

Justi C. Diego Velazquez und siene Jahrhundert. Leipzig, 1991.

В.​Я.​Буйвал.

Д.Веласкес. Меніны (Фрэйліны). 1656.

т. 4, с. 65

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАТУ́ТЫ ВО́ІНСКІЯ,

афіцыйныя нарматыўна-прававыя дакументы, якія рэгламентуюць паўсядзённую дзейнасць ваеннаслужачых ва ўзбр. сілах шэрагу дзяржаў, у т. л. Беларусі. С.в. вызначаюць дысцыплінарныя правы і абавязкі, жыццё і быт, нясенне службы і падрыхтоўку асабовага складу, а таксама асновы баявых дзеянняў падраздзяленняў, часцей і злучэнняў.

Спроба кадыфікаваць вайск. права на Беларусі зроблена пры складанні Статута Вялікага княства Літоўскага 1529. Артыкулы вайсковыя, якія дзейнічалі ў ВКЛ у 16—18 ст., былі першымі баявымі і дысцыплінарнымі статутамі арміі, а таксама зборнікамі вайскова-крымінальнага права. У 1754 паводле распараджэння Радзівіла ў Нясвіжы зроблена першае сістэматызаванае выданне актаў па вайск. праве Беларусі. У Расіі С.в. з’явіліся ў 2-й пал. 16 — пач. 17 ст., у 18 — пач. 20 ст. выдаваліся неаднаразова. С.в. для Чырв. Арміі выдадзены ў 1918—19. Са з’яўленнем новых відаў зброі, структурных змен у арганізацыі войска, здабытага баявога вопыту С.в. неаднаразова перапрацоўваліся. С.в., якія былі прыняты ў 1975 ва Узбр. Сілах СССР, у некат. краінах СНД, у т. л. Беларусі, дзейнічалі да сярэдзіны 1990-х г.

Ва Узбр. Сілах Рэспублікі Беларусь С.в. падзяляюцца на баявыя (вызначаюць асновы падрыхтоўкі і вядзення баявых дзеянняў злучэнняў, часцей і падраздзяленняў відаў узбр. сіл і родаў войск, а таксама кіраванне імі; уводзяцца ў дзеянне загадам міністра абароны) і агульнавоінскія, да якіх адносяцца Статут унутранай службы, Статут дысцыплінарны, Статут гарнізоннай і каравульнай службаў. Агульнавоінскія статуты (за выключэннем Страявога статута) зацверджаны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (2001). Іх нормы пашыраюцца і на ваеннаслужачых унутр. войск МУС, пагран. войск і інш. воінскіх фарміраванняў, а таксама на ваеннаабавязаных, якія прызваны на зборы.

С.​М.​Абрамаў, В.​А.​Юшкевіч.

т. 15, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ ПА́РТЫЯ САЦЫЯЛІ́СТАЎ-РЭВАЛЮЦЫЯНЕ́РАЎ (БПС-Р), Партыя беларускіх эсэраў,

палітычная партыя ў 1918—24. Арганізацыйна аформілася да мая 1918 пасля расколу Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ). У яе кіруючае ядро ўваходзілі: М.​Асвяцімскі, П.​Бадунова, Т.​Грыб, Л.​Заяц, Я.​Ладноў, Я.​Мамонька, С.​Некрашэвіч, Я.​Трафімаў, Я.​Чарапук, Ф.​Шантыр і інш.; пазней прымкнулі В.​Ластоўскі і А.​Цвікевіч. Друкаваныя органы: «Беларуская думка», «Грамадзянін» (Вільня), «Родны край» (Гродна), «Наша каляіна» (Слуцк), «Змаганне» (Мінск). У Мінску, Гродне і Вільні дзейнічалі губ. к-ты БПС-Р. Налічвала больш за 20 тыс. членаў (1920). Кіравала дзейнасцю «Грамады моладзі», «Сувязі беларускага сялянства», кантралявала Усебел. настаўніцкі саюз, Гродзенскую сял. раду. У аснову тактыкі БПС-Р пакладзена праграма БСГ. Прадстаўляла інтарэсы сялянства, выступала за сацыялізацыю зямлі (адмена прыватнай уласнасці і наёмнай працы), развіццё ўсіх відаў кааперацыі, нацыяналізацыю буйной прам-сці і інш., за ўстанаўленне «сярэдняй улады» (дыктатуры ўсяго працоўнага народа ў форме Саветаў). Выказалася за поўнае самавызначэнне бел. народа; абвясціла сябе «трэцяй сілай», якая змагаецца за нац. незалежнасць і непадзельнасць Беларусі на 2 фронты: супраць польскіх інтэрвентаў і «імперыялістычна-маскоўска-дзянікінскай сілы». Не прызнавала БССР і Літ.-Бел. ССР, ва ўмовах паліт. ізаляцыі адмовілася ад падпісання Дэкларацыі аб абвяшчэнні незалежнасці БССР, выступала супраць анексій бел. тэрыторый Польшчай і РСФСР. Знаходзілася ў паліт. апазіцыі да бальшавікоў. У канцы 1920 — пач. 1921 афіцыйныя сав. структуры пачалі ўжываць сілавыя прыёмы барацьбы супраць БПС-Р, былі арыштаваны 860 членаў партыі. У 1922 частка бел. эсэраў, якія працавалі ў Зах. Беларусі ў падполлі, стварыла Беларускую рэвалюцыйную арганізацыю, якая пазней улілася ў КПЗБ. Пад націскам ЦК КП(б)Б на з’ездзе былых членаў БПС-Р у Мінску (8.6.1924) партыя самараспусцілася. У канцы 1920—30-х г. усе былыя члены партыі рэпрэсіраваны. У 1937 былыя кіраўнікі БПС-Р прыцягнуты да суд. адказнасці па т.зв. «справе эсэраў» і прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Рэабілітаваны ў 1988.

М.​С.​Сташкевіч.

т. 2, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СПАРТЫ́ЎНЫЯ СПАБО́РНІЦТВЫ,

комплекс мерапрыемстваў па арганізацыі і ажыццяўленні дзейнасці спарт. каманд ці асобных спартсменаў, якія маюць на мэце выяўленне мацнейшых сярод удзельнікаў; аснова спорту. Абумоўліваюць дасягненне вышэйшых спарт. вынікаў, удасканаленне спарт. майстэрства, прапагандуюць фіз. культуру і спорт. Дазваляюць супастаўляць фіз. і інтэлектуальныя здольнасці спартсменаў, іх узровень валодання тэхнікай і тактыкай пэўнага віду спорту, разнастайнымі тэхн. сродкамі, абсталяваннем і механізмамі; ацэньваць дзейнасць спарт. арг-цый, трэнераў, спартсменаў, суддзяў. Праводзяцца па стандартных афіц. правілах, пры забеспячэнні аднолькавых умоў для ўдзельнікаў, аб’ектыўным судзействе, тэхн. аснашчанасці, выкананні этычных норм (узаемапавага сапернікаў, суддзяў і балельшчыкаў, адмова ад выкарыстання забароненых біял. і мед. прэпаратаў і сродкаў).

Паводле маштабаў ахопу падзяляюцца на сусветныя (Алімпійскія гульні, універсіяда, чэмпіянаты і кубкі свету, шахматныя алімпіяды і інш.); рэгіянальныя (кантынент. чэмпіянаты, кубкі, гульні); нацыянальныя (асобных краін); абласныя; гарадскія і г.д. Бываюць комплексныя (Алімп. гульні, Параалімпійскія гульні, спартакіяды і інш.) і спецыялізаваныя (па асобных відах спорту); у залежнасці ад задач і ўмоў выяўлення пераможцаў — асабістыя, камандныя і асабіста-камандныя; паводле характару правядзення — афіцыйныя (на званне чэмпіёна, уладальніка кубка і інш.), класіфікацыйныя (для вызначэння спарт. кваліфікацыі ўдзельнікаў) і неафіцыйныя, якія ўключаюць С.с. камерцыйныя, таварыскія і па запрашэнні (дазваляюць адхіленні ад афіц. правіл, могуць уключаць нестандартныя дысцыпліны, дыстанцыі і інш.; іх вынікі не ўлічваюцца міжнар. спарт. арг-цыямі, федэрацыямі). Існуюць 3 асн. сістэмы правядзення С.с.: кругавая (усе ўдзельнікі сустракаюцца паміж сабой адзін або некалькі разоў, за перамогу налічваюцца ачкі), кубкавая (з выбываннем тых, што прайгралі) і змешаная (аб’ядноўвае прынцыпы кругавой і кубкавай сістэм). Праводзяцца раздзельна для мужчын і жанчын (акрамя коннага спорту, шэрагу тэхн. відаў і інш.); у залежнасці ад узросту ўдзельнікаў (дзіцячыя, юніёрскія, маладзёжныя, дарослыя, ветэранскія); у некат. відах спорту (тэніс, тэніс настольны, фігурнае катанне) прадугледжаны спаборніцтвы змешаных пар.

Я.​К.​Кулінковіч.

т. 15, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭЧ ПАСПАЛІ́ТАЯ (польск. Rzecz Pospolita, Rzeczpospolita рэспубліка, агульная дзяржава, агульная справа),

1) традыцыйная назва Польскай дзяржавы, якая выражае суверэнныя адносіны народа (або класа, які прызнаны яго прадстаўніком) да дзяржавы. Упершыню тэрмін з’явіўся ў пач. 13 ст. ў хроніцы Вінцэнта Кадлубака. Шляхецкая Р.П. — прынятая ў гістарыяграфіі назва дзярж. сістэмы, што існавала ў Польшчы з сярэдзіны 15 ст. да 1795 (1-я Р.П.). Была формай саслоўнай манархіі на чале з выбарным пажыццёва каралём, уладу з якім падзяляла шляхта. Адроджаная ў 1918 Польская дзяржава 17.3.1921 прыняла афіц. назву Рэспубліка Польшча (Польская Рэч Паспалітая, Rzeczpospolita Polska, 2-я Р.П.). Назва захавалася да 1952, калі ўведзена найменне Польская Народная Рэспубліка (Polska Rzeczpospolita Ludowa) і адроджана 29.12.1989. Часам Р.П. называлася ў 15—16 ст. і Вялікае княства Літоўскае, а ў Статутах ВКЛ гэтым тэрмінам пазначаны паняцці «грамадства», «дзяржава». У 1-м раздзеле Статута ВКЛ 1588 пад тэрмінам «Р.П.» разумеліся «дзярж. справа», «дзярж. служба». У 16 ст. гэты тэрмін ужываўся ў значэнні «дзяржава».

2) Афіцыйная назва феад. федэратыўнай дзяржавы, у якую аб’ядналіся ў выніку Люблінскай уніі 1569 Польшча (Карона) і ВКЛ (Княства, або Літва). Р.П. існавала ў 1569—1795 і была ліквідавана ў выніку 3 падзелаў яе тэрыторыі. У склад Кароны ўваходзілі польскія і ўкр. ваяводствы, у ВКЛ — бел. і літ. землі. У Р.П. ўваходзіла як сумеснае ўладанне (кандамініум) Польшчы і ВКЛ Інфлянцкае ваяв. (гл. Лівонія), як васальная дзяржава — Курляндскае герцагства, як непасрэднае ўладанне Р.П. — Пілтэнскі пав. (на тэр. сучаснай Латвіі). У 1525—1657 васалам Польшчы было Прускае герцагства са сталіцай у Краляўцы (Кёнігсбергу), аднак брандэнбургскім курфюрстам, якія з 1618 панавалі ў Прусіі, удалося дамагчыся яго незалежнасці.

Р.П. лічылася агульнай дзяржавай «абодвух народаў», г.зн. польскай і бел.-літ. шляхты. Кароль польскі (ён жа і вял. князь літоўскі, рускі і жамойцкі) меў абмежаваныя паўнамоцтвы. Заканадаўчую і часткова судовую ўладу меў агульны для ўсёй дзяржавы магнацка-шляхецкі сойм, які складаўся з 2 палат: Сената (з магнатаў, прадстаўнікоў цэнтр. і правінцыяльнай адміністрацыі, вярхоў каталіцкай царквы) і Пасольскай Ізбы, у якую выбіраліся шляхціцы-дэпутаты (паслы) па 2 ад кожнага павета. Прадстаўнікі Кароны складалі каля ​2/3 сойма. Аднак сойм прымаў законы асобна для Польшчы, асобна для ВКЛ. З 1673 кожны трэці звычайны сойм збіраўся на тэр. ВКЛ у Гродне. Р.П. вяла агульную для Кароны і ВКЛ знешнюю палітыку. Аднак абедзве дзяржавы захоўвалі асобную дзярж. адміністрацыю (з адпаведнымі кіруючымі пасадамі), асобныя войскі са сваім камандаваннем, свае фінансавыя сістэмы, скарб, права чаканкі аднолькавай манеты, самаст. судовыя і мытныя (да 1766) сістэмы, асобнае заканадаўства. Кожная з дзяржаў мела сваю дзярж. мову: Польшча — лацінскую (з канца 16 ст. фактычна польскую), ВКЛ — беларускую (з 1696 польскую, але афіцыйныя акты на бел. мове захоўвалі сваю моц). Згодна са Статутам ВКЛ 1588 польскай шляхце забаранялася ў ВКЛ займаць дзярж. пасады любога ўзроўню, а таксама купляць, атрымліваць у спадчыну і ў падарунак нерухомую маёмасць. З сярэдзіны 17 ст. роля соймаў паменшала, у паліт. жыцці Р.П. усё большую ролю пачалі адыгрываць магнацкія групоўкі і шляхецкія саюзы (канфедэрацыі). У кіраванні ўнутр. справамі Р.П. вырасла значэнне павятовых шляхецкіх соймікаў, якім было перададзена права збіраць некаторыя падаткі і распараджацца імі. Ва ўмовах частага зрыву соймаў, асабліва ў 18 ст., соймікі прысвойвалі сабе функцыі заканад. і суд. улады, не лічыліся з пастановамі сойма. Спробы цэнтралізацыі ўлады ў Р.П. у 2-й пал. 18 ст. не ўдаліся. Канстытуцыя 3 мая 1791 з праграмай шырокіх рэформ дзярж. ладу была скасавана пасля перамогі Таргавіцкай канфедэрацыі ў 1792. Тэрыторыя Р.П. у 1772, 1793 і 1795 была падзелена паміж Расіяй, Прусіяй і Аўстрыяй (гл. Першы падзел Рэчы Паспалітай, Другі падзел Рэчы Паспалітай, Трэці падзел Рэчы Паспалітай).

Літ.:

Кутшеба С. Очерк истории общественно-государственного строя Польши: Пер. с пол. СПб., 1907;

Гісторыя Беларускай ССР. Т. 1. Мн., 1972;

Бардах Ю., Леснодорский., Пиетрчак М. История государства и права Польши: Пер. с пол. М., 1980;

Юхо Я Кароткі нарыс гісторыі дзяржавы і права Беларусі. Мн., 1992.

А.​П.​Грыцкевіч.

т. 14, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)