адзін з відаў мікраўгнаенняў, які мае ў якасці мікраэлемента медзь у даступным для спажывання раслінамі выглядзе. У раслінах медзь уваходзіць у састаў ферментаў, удзельнічае ў працэсах дыхання; у аптымальных канцэнтрацыях паскарае рост і павышае ўстойлівасць раслін да засухі і захворванняў. Найб. пашыранае М.ў. — медны купарвас CuSO4∙5H2O мае 25,4% медзі, добра раствараецца ў вадзе (гл.Медзі злучэнні). Выкарыстоўваюць пераважна на асушаных тарфяна-балотных, пясчаных і супясчаных глебах пад пшаніцу, ячмень, авёс, цукр. буракі, гарох, злакавыя травы, водныя растворы — для перадпасяўной апрацоўкі насення і пазакаранёвай падкормкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЫЛАВА́Я БУ́РА,
перанос вялікай колькасці часцінак глебы або пяску моцным ветрам у пустынях, паўпустынях і разараных стэпах. Найб. моцныя буры пераносяць мільёны тон пылу на сотні (зрэдку тысячы) кіламетраў, рэзка пагаршаюць бачнасць, за што іх называюць чорнымі бурамі. Часцей адзначаюцца летам, у час сухавеяў, але магчымы і ў бясснежныя зімы. Моцныя П.б. ўзнікаюць пры нерацыянальным выкарыстанні зямлі, наносяць вял. страты сельскай гаспадарцы, засыпаюць пасевы, знішчаюць паверхневы слой глебы. Барацьба з П.б. праводзіцца з дапамогай полеахоўных лясных палос, снега- і водазатрымання, безадвальнага ворыва і інш. агратэхн. мерапрыемстваў. На Беларусі з’явы, падобныя на П.б., адбываюцца часам на асушаных тарфяніках.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДЖА́РАЎ (Віктар Кузьміч) (н. 19.11.1925, в. Сташына Магілёўскага р-на — 8.5.1998),
бел. вучоны ў галіне лясной меліярацыі і рэкультывацыі зямель. Д-рс.-г.н. (1978). Засл. лесавод Беларусі (1980). Скончыў Бел. лесатэхн. ін-т (1953). З 1957 у Бел.НДІ лясной гаспадаркі (у 1958—63 дырэктар Жорнаўскай лясной доследнай станцыі, з 1967 заг. лабараторыі). Навук. працы па меліярацыі і рэкультывацыі зямель. Распрацаваў асновы лесагасп. рэкультывацыі выпрацаваных тарфянікаў і лесамеліярац. аховы асушаныхс.-г. зямель.
Тв.:
Защитное лесоразведение в Белоруссии: (Справ. пособие). Мн., 1980 (разам з У.Б.Арлоўскім, В.Н.Вараб’ёвым);
Полезащитные лесные полосы на торфяно-болотных почвах. Мн., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЦІЧ, Вароніцкае балота, Варонічы, Крывая града,
балота нізіннага (60%), вярховага (30%), пераходнага (10%) тыпаў у Слуцкім (6,5 тыс.га), Пухавіцкім (7 тыс.га) і Уздзенскім (2,1 тыс.га) р-нах Мінскай вобл., у вадазборах рэк Пціч і Случ. Асобныя ўчасткі вядомы пад назвамі Рагі, Поўхава, Скрыдлёва. Пл. 15,6 тыс.га. Глыб. торфу да 5,7, сярэдняя 2 м. Запасы торфу каля 42 млн.т. Есць мергель, сапрапель магутнасцю да 1,2 м. Асушана адкрытай асушальнай сеткай 1,2 тыс.га у Слуцкім і 2,9 тыс.га у Пухавіцкім р-нах, дрэнажом — 610 га у Уздзенскім р-не. На асушаных землях вырошчваюць пераважна сеяныя травы, збожжавыя культуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСУШЭ́ННЕ,
адвод лішніх паверхневых і грунтавых водаў з пераўвільготненых зямель, адзін з відаў меліярацыі. Ажыццяўляецца з дапамогай асушальнай сістэмы. Дазваляе асвоіць новыя землі, павысіць іх урадлівасць, рацыянальна выкарыстоўваць сродкі механізацыі і хімізацыі. Аб’екты с.-г. асушэння — балоты і забалочаныя або залішне ўвільготненыя (часова ці пастаянна) землі. Праводзіцца таксама пры буд-ве, торфаздабычы, асваенні радовішчаў карысных выкапняў, ахове ад падтаплення населеных пунктаў і прамысл. аб’ектаў, у лясной гаспадарцы, з санітарна-аздараўленчымі мэтамі. Асн. спосабы асушэння: стварэнне адкрытай (каналы) і закрытай сетак (трубчасты, кратовы, шчылінны дрэнаж) з вертыкальным дрэнажом. Дадаткова робяць штучныя лагчыны, нагорныя каналы, закрытыя збіральнікі, самацёчныя свідравіны, абвалаванне, польдэры, пасадкі дрэў і інш.
Асушэнне рабілі за 3 тыс.г. да нашай эры ў Егіпце (Фаюмскі аазіс), ганчарны (Месапатамія) і мураваны (Рым) дрэнаж — за 2 тыс.г. да нашай эры. У 16 ст. нашай эры з’явіліся першыя дрэны з керамічных трубаў (Англія), з канца 18 ст. асушэнне праводзілі адкрытымі каналамі. У 19 ст. ў Еўропе і ЗША пашырыўся керамічны дрэнаж. Найб.асушаных зямель у ЗША, Канадзе, Японіі, Індыі, Нідэрландах, Вялікабрытаніі, Польшчы, Венгрыі, Швецыі, Германіі і інш.
У Беларусі асушэнне праводзіцца з канца 18 ст., найперш на Палессі. Асушальная сетка пабудавана на 3,8 млн.га (1994), з іх 2,8 млн.гас.-г. ўгоддзі (40% ворыва, 28 — сенажаць, 27 — паша, 5% інш.).
Найб.асушаных зямель у Брэсцкай (25,3%) і Мінскай (23,6%) абласцях.
Літ.:
Маслов Б.С., Станкевич В.С., Черненок В.Я. Осушительно-увлажнительные системы. М., 1981;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛО́ТНАЯ САВА́ (Asio flammeus),
птушка сямейства савіных атр. совападобных. Пашырана ў Еўразіі, Паўн. і Паўд. Амерыцы, Паўн.-Зах. і Паўд. Афрыцы. На Беларусі трапляецца на поймавых і сухадольных лугах, нізінных балотах, парослых хмызняком або лісцевым драбналессем, асушаных тарфяніках, вял. увільготненых высечках.
Даўж. цела 33—43 см, маса 260—440 г, размах крылаў 0,89—1,1 м. Афарбоўка буравата-вохрыстая, ніз цела святлейшы, з цёмнымі падоўжнымі стракацінамі. Гнёзды на зямлі, звычайна пад кустом або купінай. Нясе 3—6 яец, у гады масавага размнажэння грызуноў — 9—10. Корміцца мышападобнымі грызунамі, зрэдку жабамі, птушкамі. Каштоўная для сельскай гаспадаркі. Занесена ў Чырв. кнігу Беларусі, адзін з падвідаў — у Чырв. кнігу МСАП.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРУ́ЧКА (Brassica napus rapifera),
двухгадовая караняплодная расліна роду капуста сям. капуставых. Пашырана ў Еўропе, Паўн. Амерыцы, Паўн. Афрыцы, Аўстраліі. На Беларусі культывуюць кармавую і сталовую бручку.
У 1-ы год развіваецца разетка лісця і мясісты караняплод, на 2-і — кветаноснае сцябло і насенне. Кветкі залаціста-жоўтыя ў гронках, плод — шматнасенны стручок. Караняплоды круглыя, авальныя, жоўтыя ці жоўта-белыя. Вегетац. перыяд ва ўмовах Беларусі 120—130 сут. Вільгацелюбівая, холадаўстойлівая расліна (пераносіць замаразкі да -6...-8 °C). Добра расце на сугліністых і асушаных тарфяна-балотных глебах. Караняплоды маюць 10—16% сухіх рэчываў, 5—10% цукроў, карацін, аскарбінавую к-ту, мінер. рэчывы. Пашыраны сарты: Краснасельская (сталовы), Вышагародская палепшаная, Куузіку (кармавыя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУСТЭ́ЧА.
пустка, біягеацэноз, які ўтвараецца на месцы лесу, знішчанага высечкамі або пажарамі. Сустракаюцца ў моцна ўвільготненых раёнах умеранага пояса з халаднаватым кліматам на рыхлапясчаных, радзей звязнапясчаных глебах, глыбокаападзоленых, кіслых, вельмі бедных арган. рэчывамі. На Беларусі П. часцей паяўляюцца ў выніку парушэння правіл правядзення меліярац. работ на прылеглых да асушаных балот пясчаных прасторах, таксама на мінер. «астравах» сярод вял. балот, месцы мелказалягаючых тарфяных глеб, якія ператвараліся ў малаўрадлівыя тарфяна-мінер. глебы ў выніку інтэнсіўнага с.-г. выкарыстання. Характарызуюцца нізкай біял. прадукцыйнасцю і экалагічнай няўстойлівасцю. Паводле складу другаснай расліннасці вылучаюць травяністыя, лішайнікавыя (баравыя), імховыя, кустовыя (ядлоўцавыя) і кусцікавыя П. У расл. покрыве пераважаюць вечна зялёныя расліны з сям. верасовых, кіпарысавых, міртавых, бабовых і інш. У натуральным стане з’яўляюцца лесапаляўнічымі ўгоддзямі, уваходзяць у зямельны фонд, які падлягае рэкультывацыі. На П. арганізуюцца рэкрэацыйныя зоны, садова-агароднінныя т-вы і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУПІ́НОВІЧ (Іван Сцяпанавіч) (6.7.1900, в. Шацк Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — 9.10.1968),
бел. вучоны ў галіне глебазнаўства і аграхіміі. Акад.АН Беларусі (1947), акад. Акадэміі с.-г. навук Беларусі (1957—61), д-рс.-г.н. (1944), праф. (1953). Засл. дз. нав. Беларусі (1951). Скончыў БСГА (1925). У 1934—38 у Бел.с.-г. ін-це. З 1947 віцэ-прэзідэнт, у 1951 в.а. прэзідэнта АН Беларусі. У 1957—61 прэзідэнт Акадэміі с.-г. навук Беларусі, адначасова (з 1950) заг. кафедры БДУ. Навук. працы па комплексным выкарыстанні Палескай нізіны і с.-г. асваенні асушаных балот. Распрацаваў (у сааўт.) методыку комплекснага прыродна-гіст. раянавання тэр.СССР для с.-г. выкарыстання, склаў карту прыродна-гіст. раянавання СССР.
Тв.:
Торфяно-болотные почвы БССР и их плодородие. 2 изд. Мн., 1958 (разам з Т.Ф.Голуб);
Микроэлементы в почвах БССР и эффективность микроудобрений. Мн., 1970 (у сааўт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХО́ДНЯЯ ЭКСПЕДЫ́ЦЫЯ ПА АСУШЭ́ННІ БАЛО́Т.
Працавала ў 1873—98 пад кіраўніцтвам І.І.Жылінскага. Створана для вывучэння прыродна-кліматычных умоў Палесся, правядзення вышукальных работ, праектавання асушальнай меліярацыі і арганізацыі гідрамеліярац.буд-ва. Правяла пошукі і падрыхтавала ген. план асушэння балот Палесся (залаты медаль на сусв. выстаўцы ў Парыжы, 1878). У 1874 зацверджаны план асушэння балот на пл. каля 8,7 млн.га. За час работы экспедыцыі асушана каля 500 тыс.га балот (у асноўным казённыя дачы — землі памешчыкаў і чыноўнікаў, часткова землі сялян); пракладзена больш за 4,6 тыс.км каналаў асушальнага і лесатрансп. прызначэння. Даследавалася эфектыўнасць вырошчвання шматгадовых траў, бульбы, агародніны і збожжа на асушаных тарфяна-балотных глебах. Экспедыцыя арганізавала ў Пінску і в. Васілевічы (цяпер горад у Рэчыцкім р-не) метэастанцыі. Метэаназіранні вяліся таксама ў в. Дарашэвічы (Петрыкаўскі р-н) і на доследнай ферме «Бабічы» (Рэчыцкі р-н). На прытоках Прыпяці і З каналах пабудаваны 13 вадамерных пастоў. Экспедыцыя афіцыйна ліквідавана ў 1902.
Літ.:
Козловский П.Г. Мелиорация Полесья в досоветский период // Проблемы Полесья. 1978. Вып. 5.