КАНДАМІ́Н ((Condamine) Шарль Мары дэ ла) (28.1.1701, Парыж — 4.2.1774),

французскі астраном, геадэзіст і падарожнік. Чл. Парыжскай АН (1760). Ганаровы чл. Пецярбургскай, Берлінскай і інш. акадэмій. У 1733—43 прымаў удзел у Перуанскай экспедыцыі па вымярэнні дугі мерыдыяна даўж. больш як 3° у Андах. Гэта вымярэнне разам з вынікамі работ Лапландскай экспедыцыі (1735—44) паслужыла асновай для дакладнага вызначэння сплюшчанасці Зямлі. Склаў параўнальна дакладную карту р. Амазонка.

т. 7, с. 577

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСІ́НІ (Cassini) Джавані Даменіка

(Жан Дамінік) (8.6.1625, Перынальда, каля г. Ніца, Францыя — 14.9.1712),

французскі астраном італьян. паходжання. Чл. Парыжскай АН (1669), першы дырэктар Парыжскай астр. абсерваторыі (з 1669). Адкрыў вярчэнне Юпітэра і Марса (1665—66), 4 спадарожнікі Сатурна (1671—84). Выявіў цёмны прамежак у кольцах Сатурна (т.зв. дзяленне, або шчыліна К.), даследаваў лібрацыю Месяца, даў першае надзейнае вызначэнне паралакса Сонца. Імем К. названа аўтам. міжпланетная станцыя.

т. 8, с. 141

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫМА́ЛЬДЗІ ((Grimaldi) Франчэска Марыя) (2.4.1618, г. Балоння, Італія — 28.12.1663),

італьянскі фізік і астраном. У 1647 атрымаў ступень д-ра і выкладаў філасофію і матэматыку ў Балонскай езуіцкай калегіі. Адкрыў дыфракцыю святла. Сумесна з Дж.​Б.​Рычолі склаў карту Месяца і ўвёў назвы месяцавых утварэнняў. Асн. вынікі яго навук. даследаванняў апублікаваны ў яго творы «Фізічная навука аб святле, колерах і вясёлцы» (1665).

Літ.:

Льоцци М. История физики: Пер. с итал. М., 1970.

т. 5, с. 481

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́СЕЛЬ ((Bessel) Фрыдрых Вільгельм) (22.7.1784, г. Міндэн, Германія — 17.3.1846),

нямецкі астраном, геадэзіст і матэматык. Чл. Берлінскай АН (з 1812), замежны ганаровы чл. Пецярбургскай АН (з 1814). З 1810 праф. Кёнігсбергскага ун-та і дырэктар астр. абсерваторыі. Вылічыў арбіту каметы Галея. Распрацаваў тэорыю сонечных зацьменняў, тэорыю і метады ўліку інструментальных і інш. памылак пры астр. назіраннях, тэорыю спец. цыліндрычных функцый (Беселя функцый). Адзін з першых вызначыў зоркавы паралакс (1838), элементы зямнога сфероіда, масы планет.

т. 3, с. 126

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБЕРА́ЦЫЯ СВЯТЛА́ ў астраноміі,

змена бачнага становішча свяціла на нябеснай сферы, абумоўленая канечнай скорасцю святла і ўзаемным перамяшчэннем крыніцы святла і назіральніка пры руху Зямлі ў прасторы. Адрозніваюць векавую аберацыю святла, выкліканую рухам Сонечнай сістэмы ў Галактыцы, гадавую — абарачэннем Зямлі вакол Сонца, сутачную — уласным вярчэннем Зямлі. Найб. значную аберацыю святла (гадавую) адкрыў англ. астраном Дж.​Брадлей (1725). Яна выклікае перамяшчэнне відарыса свяціла па эліпсе, вял. вось якога паралельна плоскасці экліптыкі і роўная прыблізна 20,5″.

т. 1, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́ЛЕЙ, Халі (Halley) Эдмунд (8.11.1656, Хагерстан, каля Лондана — 25.1.1742), англійскі астраном і геафізік. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1678). Вучыўся ў Оксфардскім ун-це. З 1703 праф. Оксфардскага ун-та. З 1720 дырэктар Грынвіцкай абсерваторыі. Склаў першы каталог зорак (341) Паўд. неба, адкрыў уласны рух зорак (1718). Вылічыў арбіты больш як 20 камет, прадказаў новае з’яўленне Галея каметы, даказаў наяўнасць перыяд. камет. Вывучаў зямны магнетызм.

Літ.:

Паннекук А. История астрономии: Пер. с англ. М., 1966.

т. 4, с. 457

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́ЛЬБЕРС ((Olbers) Генрых Вільгельм Маціяс) (11.10.1758, г. Брэмен, Германія — 2.3.1840),

нямецкі астраном. Чл Лонданскага каралеўскага т-ва (1804), чл. Франц. АН (1810). Вывучаў медыцыну ў Гётынгенскім ун-це. Навук. працы па назіранні камет і метадах вызначэння іх арбіт. Адкрыў 7 камет, малыя планеты — Паладу (1802) і Весту (1807). Сфармуляваў гіпотэзу аб паходжанні малых планет у выніку выбуху вял. планеты, якая знаходзілася паміж арбітамі Марса і Юпітэра. Выказаў думку пра магчымасць паглынання святла ў міжзорным асяроддзі.

т. 11, с. 433

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРСЕІ́ДЫ,

адзін з самых яркіх метэорных патокаў. Радыянт знаходзіцца ў сузор’і Персея (адсюль назва). Назіраюцца штогод з 15 ліп. да 26 жн. (максімум 12 жн.). Вядомы з 830. Утвараюцца з прычыны выкідаў рэчыва з каметы 109P/Свіфта—Тутля. Да 1979 давалі ў максімуме 70—80 метэораў за гадзіну, у 1990-я г. рэгістравалася да 1000 метэораў за гадзіну. П. — першы метэорны паток, для якога выяўлена сувязь з каметай (італьян. астраном Дж.​Скіяпарэлі, 1866).

т. 12, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́МЕР (Rømer, Roemer) Оле Крыстэнсен (25.9.1644, г. Орхус, Данія — 19.9.1710), дацкі астраном. Праф. Капенгагенскага ун-та (1681). На падставе вынікаў назіранняў руху спадарожнікаў Юпітэра ўпершыню вызначыў скорасць святла (1675). Вынайшаў і сканструяваў некалькі астр. інструментаў (мерыдыянны круг, пасажны інструмент і інш.), з дапамогай якіх вызначыў нябесныя каардынаты (схіленні і прамыя ўзыходжанні) больш за 1 тыс. зорак.

Літ.:

Паннекук А. История астрономии: Пер. с англ. М., 1966;

Голин Г.М. Филонович С.Р. Классики физической науки. М., 1989.

т. 13, с. 405

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІПА́ТЫЯ (Hypatia),

Іпатыя з Александрыі (370—415), матэматык, астраном і філосаф-неаплатонік. Пасля навучання ў Афінах выкладала астраномію, матэматыку і філасофію ў Александрыйскім музеі. Забіта натоўпам хрысціян-фанатыкаў. Гіпатыі належалі працы па матэматыцы, астраноміі, тлумачэнні твораў грэч. філосафаў. Яе творы да нас не дайшлі.

Літ.:

Ван-дер-Варден Б.Л. Пробуждающаяся наука: Пер. с гол. и англ. [Т. 1—2]. М., 1959—91;

Кольман Э. История математики в древности. М., 1961;

Гольбах П. Галерея святых... Пер. с фр. Киев, 1987.

т. 5, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)