ЛІЦЕ́ЙНАЙ ВЫТВО́РЧАСЦІ БЕЛАРУ́СКІ НАВУКО́ВА-ДАСЛЕДЧЫ І КАНСТРУ́КТАРСКА-ТЭХНАЛАГІ́ЧНЫ ІНСТЫТУ́Т, навукова-вытворчае прадпрыемства «Інстытут БелНДІліц». Засн. 7.1.1957 у Мінску як філіял НДІ тэхналогіі аўтапрама (Масква). З 11.5.1978 Навукова-даследчы і канструктарска-тэхнал.ін-т ліцейнай вытв-сці аўтапрама, з 31.3.1993 БелНДІліц, з 4.2.1997 сучасная назва. Вядучая ў СНД н.-д. ўстанова па распрацоўцы і ўкараненні тэхналогій і абсталявання для ліцейнай вытв-сці. Асн. кірункі дзейнасці: даследаванне, распрацоўка і ўкараненне матэрыялаў, тэхналогій і абсталявання для вытв-сці ліцейных форм, стрыжняў, адлівак з каляровых і чорных сплаваў, фінішная апрацоўка літых загатовак, праектаванне і выраб аснасткі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́ЛЬНІКАЎ (Аляксей Пятровіч) (н. 18.3.1951, в. Маркавічы Гомельскага р-на),
бел. вучоны ў галіне ліцейнай вытв-сці. Канд.тэхн.н. (1989). Скончыў БПІ (1977). З 1974 на Гомельскім ліцейным з-дзе «Цэнтраліт». З 1993 дырэктар н.-д. і канструктарска-тэхнал. ін-та ліцейнай вытв-сці «БелНДІліт», адначасова выкладчык БПА. Навук. працы па ліцейнай вытв-сці чорных і каляровых металаў і сплаваў, камп’ютэрных тэхналогіях па праектаванні тэхнал. працэсаў і аснасткі для ліцейнай вытв-сці. Дзярж. прэмія Беларусі 1990.
Тв.:
Технология и оборудование непрерывного литья заготовок. Мн., 1992 (разам з М.І.Карпенкам;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ ДЗЯРЖА́ЎНЫ ПРАЕ́КТНА-ТЭХНАЛАГІ́ЧНЫ І ЭКСПЕРЫМЕНТА́ЛЬНЫ ІНСТЫТУ́ТМіністэрства прамысловасці Рэспублікі Беларусь,
«Беларгстанкінпрам». Засн. ў 1965 у Мінску на базе тэхнал. аддзела СКБ № 12. Асн. кірункі работы: распрацоўка комплексных праектаў тэхн. пераўзбраення, пашырэння, рэканструкцыі цэхаў, участкаў і. вытв-сцяў на прадпрыемствах машынабудавання і металаапрацоўкі; распрацоўка з улікам экалагічных патрабаванняў перспектыўных тэхнал. працэсаў па механаапрацоўцы, кавальска-штамповачнай, тэрмічнай, гальванічнай, зборачнай, фарбавальнай вытв-сцях, кансервацыі і ўпакоўцы; праектаванне і выраб нестандартнага абсталявання і аснасткі, сродкаў механізацыі і аўтаматызацыі вытв-сці; распрацоўка сістэм аўтаматызацыі тэхнал. падрыхтоўкі вытв-сці ва ўмовах прадпрыемстваў з дробнасерыйнай і серыйнай вытв-сцю; выкананне н.-д. і эксперым. работ у галіне найноўшых тэхналогій, у т. л. экалагічна чыстых і рэсурсазберагальных; удасканаленне арганізацыі працы і тэхнікі бяспекі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПЕРА́ЦЫЯ ВЫТВО́РЧАЯ,
адасобленая і закончаная частка (элемент) вытв. працэсу. Выконваецца адным ці групай рабочых на адным рабочым месцы пры нязменным прадмеце працы. Асн. разліковая адзінка для вызначэння прадукцыйнасці працы, тэхн. нарміравання, загрузкі і выкарыстання абсталявання. Змест аперацыі вытворчай залежыць ад прадукцыі, якая вырабляецца, матэрыялаў і тэхнал. метадаў вытворчасці. Адрозніваюць аперацыі ручныя, механізаваныя, машынныя, аўтаматызаваныя і інш. Падзяляюцца на тэхнал. (асноўныя), дапаможныя і абслуговыя.
Тэхналагічная аперацыя накіравана на змену якаснага стану, формы, памераў ці становішча ў прасторы прадмета працы з мэтай атрымання прадуктаў працы. Дапаможныя аперацыі — выраб на ўласныя патрэбы прадпрыемства аснасткі, інструменту, рамонт абсталявання, будынкаў і інш.Абслуговыя аперацыі забяспечваюць асн. і дапаможныя вытв. працэсы матэрыяламі, паўфабрыкатамі, энергіяй, транспартам, кантрольнымі, лабараторна-выпрабавальнымі і доследнымі работамі. Шырока выкарыстоўваецца метад сумяшчэння аперацыі вытворчай, што спрыяе росту прадукцыйнасці працы; з сукупнасці іх фарміруюцца тэхнал цыклы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАКО́ВІЧ (Аляксандр Гаўрылавіч) (28.11.1926, в. Лясок Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл. — 22.2.2000),
бел. вучоны ў галіне тэхн. кібернетыкі і інфарматыкі. Д-ртэхн.н. (1986), праф. (1987). Скончыў БПІ (1963). З 1963 у Ін-це тэхн. кібернетыкі Нац.АН (у 1968—94 заг. лабараторыі). У 1993—94 акад.-сакратар Бел. аддзялення Міжнар. акадэміі інфарм. працэсаў і тэхналогій. Распрацаваў тэарэт. асновы алгарытмічнага сінтэзу канструкцый, метады, мадэлі і пакеты прыкладных праграм аўтаматызацыі канструктарска-тэхнал. праектавання і вырабу аснасткі ў машынабудаванні. Дзярж прэмія Беларусі 1978.
Тв.:
Основы автоматизации проектирования технологических приспособлений. Мн., 1985;
Создание программных средств САПР приспособлений. Мн., 1991 (разам з М.М.Другаковай);
Автоматизация проектирования технологических процессов и средств оснашения. Мн., 1997 (у сааўт.).
Літ.:
Савік М.П. Зямлі сваёй адданы сын // Памяць: Гіст.-дак. хроніка Карэліцкага р-на. Мн., 2000.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАЕКТАВА́ННЕ,
распрацоўка праекта (прататыпа, правобраза) аб’екта (прамысл. прадпрыемства, збудавання, машыны, абсталявання, аснасткі, дарогі, газа- ці нафтаправода, цеплатрасы, адзення, абутку і інш.) або сукупнасці дакументацыі для яго вытв-сці ці рэканструкцыі. Віды П.: арх.-буд., дарожнае, маш.-буд., тэхнал., с.-г. і інш. Уключае эскізны, тэхнічны і рабочы этапы. Бывае тыпавое і індывідуальнае. Робіцца спецыялізаванымі ўстановамі або падраздзяленнямі прадпрыемстваў.
П. — частка жыццёвага цыкла аб’екта ці тэхн. сістэмы, які ўключае стадыі: фармуляванне патрабаванняў да аб’екта, уласна П., вытв-сць, выпрабаванне доследных узораў вырабаў, серыйную вытв-сць, эксплуатацыю, мадэрнізацыю, утылізацыю. Пры неабходнасці перад П. выконваюцца н.-д. і доследна-канструктарскія работы. Уваходнымі данымі для П. з’яўляюцца патрабаванні, што выпрацоўваюцца ў тэхн. заданні. Традыцыйнае П. арыентуецца на эмпірычныя ітэрацыйныя метады, сучаснае грунтуецца на метадах аўтаматызаванага П. (гл.Аўтаматызацыя праектавання), машыннай графікі, матэматычнага мадэліравання. Выкарыстанне камп’ютэраў і спец. праграмнага забеспячэння дазваляе на стадыі П. прадугледзець магчымыя праектныя сітуацыі і выбраць варыянт рашэння, найб. адпаведны патрабаванням да аб’екта без вырабу яго прататыпа. У працэсе П. робяцца інж., тэхніка-эканам. і інш. разлікі, чарцяжы, схемы, макеты, складаюцца спецыфікацыі, тлумачальныя запіскі, каштарысы, калькуляцыі, апісанні. Пры тыпавым П. распрацоўваюцца праекты для шматразовага выкарыстання, пры індывідуальным выкарыстоўваюцца тыпавыя праектныя рашэнні. Пры П. кіруюцца дзярж. і ведамаснымі стандартамі, нормамі і правіламі
Літ.:
Джонс Дж.К. Методы проектирования: Пер. с англ. 2 изд. М., 1986;
Борисов В.И. Общая методология конструирования машин. М., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТАЛАРЭ́ЗНЫ ІНСТРУМЕ́НТ,
інструмент для апрацоўкі метал. загатовак рэзаннем з мэтай надання ім патрэбных форм, памераў і якасці. Мае рэжучую частку, калібравальную (пры неабходнасці надання апрацаванай паверхні высокай дакладнасці) і далучальную частку (у выглядзе стрыжня, хваставіка і інш.). Бывае лязовы і абразіўны, станочны і ручны.
Лязовы М.і. павінен мець характэрную геаметрыю рэжучага кліна і дастатковую трываласць. Рэзальнымі элементамі абразіўнага інструменту з’яўляюцца часцінкі (зярняты) абразіўных матэрыялаў. Станочны М.і.: разцы такарныя, стругальныя і даўбёжныя; свердлы, зенкеры, разгорткі, фрэзы агульнага прызначэння і фасонныя; працяжкі і прашыўкі; разьбанаразны інструмент, зубарэзны інструмент, абразіўны. Ручны М.і.: нажоўкі, напільнікі, шаберы, зубілы і інш. Канструкцыйна М.і. бывае хваставы (свердлы, працяжкі) і насадны, суцэльны (зроблены цалкам з рэжучага матэрыялу), састаўны (рэжучыя элементы злучаны з корпусам зваркай, паяннем, склейваннем) і зборны (рэжучыя элементы мацуюцца да корпуса механічна; найб. эканамічны ў серыйнай і масавай вытв-сці), з нерухомым рэжучым кантам і вярчальныя (ратацыйныя). Паводле матэрыялу рэжучай часткі М.і. бывае стальны (з інстр. вугляродзістай, нізкалегіраванай і хуткарэзальнай сталей), цвердасплаўны, металакерамічны, аснашчаны дысперсійна-цвярдзеючымі сплавамі і звышцвёрдымі матэрыяламі (прыроднымі і штучнымі алмазамі, кампазітамі на аснове кубічнага нітрыду бору і інш.).
На Беларусі М.і. вырабляюць Мінскі, Барысаўскі, Аршанскі інструментальныя, Гомельскі і Мінскі з-ды спец. інструменту і тэхнал.аснасткі і інш.Спец. рэжучы інструмент для ўласных патрэб робяць буйныя маш.-буд. з-ды ва ўласных інстр. цэхах.
Літ.:
Металлорежущие инструменты. М., 1989;
Родин П.Р. Металлорежущие инструменты. 3 изд. Киев, 1986;
Шагун В.И. Режущий инструмент: Основы теории проектирования. Мн., 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ ТРА́КТАРНЫ ЗАВО́Д (МТЗ) імя У.І.Леніна. Засн. ў 1946—48 у Мінску. З 1972 галаўное прадпрыемства ВА «Мінскі трактарны завод»; мае 4 з-ды-філіялы: Віцебскі завод трактарных запасных частак, Бабруйскі завод трактарных дэталяў і агрэгатаў, Мінскі спец. інструменту і тэхнал.аснасткі, Смаргонскі агрэгатны. З 1948 вырабляў пускавыя рухавікі, з 1950 — гусенічныя с.-г. і тралёвачныя трактары, з 1953 — колавыя с.-г. трактары «Беларусь» на пнеўматычных шынах, з 1961 — трактар МТЗ-50 магутнасцю (40 кВт) з 1974 — МТЗ-80 (55—59 кВт), у 1984 — МТЗ-100 і МТЗ-102 (74 кВт), пазней — «Беларусь-1025», у 1993—94 — мадэрнізаваныя трактары серыі 900 (60—66 кВт), з 1995 — «Беларусь-1221» (96 кВт). У 1981 пачаў выпуск сям’і міні-тэхнікі: мотаблокі (4—6 кВт), міні-трактары (9—12 кВт), малагабарытныя трактары (12—26 кВт). У 1995 выпусціў 3-мільённы трактар і 500-тысячны экспартны трактар «Беларусь». Асн. прадукцыя (1999): 44 мадэлі розных відаў новай тэхнікі. ВА «МТЗ» — адна з найбуйнейшых у свеце кампаній па выпуску і экспарце колавых трактароў, на яе долю прыпадае 8—10% сусв. рынку трактароў у сваім класе. Мае больш як у 60 краінах свету 13 уласных і змешаных акц. т-ваў, 30 фірм-агентаў за мяжой і 140 дылерскіх цэнтраў у СНД. ВА «МТЗ» узнагароджана міжнар. прызам «Залаты Меркурый». На міжнар. выстаўках і кірмашах трактары «Беларусь» атрымалі 27 медалёў, у т. л. 24 залатыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАМЫСЛО́ВЫ РО́БАТ,
стацыянарны або перасоўны робат для выканання рухальных і кіроўных функцый у вытв. працэсах. Мае выканаўчае прыстасаванне ў выглядзе маніпулятара і перапраграмавальнае прыстасаванне праграмнага кіравання. Выкарыстоўваюцца пры перамяшчэнні і ўтрыманні прадметаў працы, замене інструментаў і тэхнал.аснасткі, перамяшчэнні грузаў і інш. Працуе самастойна або ў складзе рабатызаваных тэхналагічных комплексаў.
Характэрныя адзнакі П.р.: аўтам. кіраванне і перапраграмавальнасць (здольнасць да хуткай аўтам. або з дапамогай чалавека-аператара замене кіроўнай праграмы); наяўнасць некалькіх ступеняў рухомасці і гібкай сістэмы кіравання, многафункцыянальнасць (перастройка на розныя тэхнал. працэсы). Гэта дае магчымасць спалучаць П.р. з тэхнал. абсталяваннем, якое мае лікавае праграмнае кіраванне і лёгка пераналаджваецца. Паводле тыпу сістэм кіравання адрозніваюць 3 пакаленні П.р.; праграмныя (перапраграмаванне робіцца чалавекам, пасля чаго робат дзейнічае аўтаматычна), адаптыўныя (могуць у пэўнай ступені аўтаматычна перапраграмавацца — адаптавацца да навакольных абставін, якія загадзя вызначаны недакладна), інтэлектныя (заданне ўводзіцца чалавекам, а робаты маюць магчымасць прымаць рашэнні і планаваць свае дзеянні ў абставінах, якія не вызначаны або мяняюцца). Кожнае пакаленне П.р. мае самаст. значэнне і ўдасканальваецца па сваіх тэхн. даных. Паводле характару выконваемых аперацый П.р. падзяляюцца на групы: тэхнал., спец. і універсальныя. П.р. з’явіліся ў 1930-я г. ў сувязі з аўтаматызацыяй вытворчасці. Гл. таксама Робататэхніка, Рабатызацыя.
Літ.:
Козырев Ю.Г. Промышленные роботы: Справ. 2 изд. М., 1988;
Механика промышленных роботов. (Кн.) 1—3. М., 1988—89;
Борисенко Л.А., Самойленко А.В. Механика промышленных роботов и манипуляторов с электроприводом. Мн., 1992;
Гибкие производственные системы... Кн. 5. Промышленные роботы. М., 1990;
Проектирование и разработка промышленных роботов. М., 1989;
Белянин П.Н. Кинематические схемы, системы и элементы промышленных роботов. М., 1992.
А.В.Самойленка.
Прамысловыя робаты: а — падлогавы з шматзвёнавай рукой (1 — паваротны корпус; 2, 6 — электрарухавікі; 3 — вінтавая пара; 4, 5 — звёны рукі; 7 — крывашып); б — падлогавы з лікавым праграмным кіраваннем (1 — аснова; 2, 3 — прыводы гарызантальнага і вертыкальнага перамяшчэнняў; 4, 5 — прыводы перамяшчэнняў па каардынатах θ і α; 6 — захопнае прыстасаванне); в — падвесны (θ, Z, X, R, α — каардынаты перамяшчэнняў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́РША,
горад абл. падпарадкавання, цэнтр Аршанскага р-на Віцебскай вобл. на р. Дняпро пры ўпадзенні ў яго р. Аршыца. За 80 км ад Віцебска, вузел 6 чыгунак (лініі на Мінск, Магілёў, Крычаў, Смаленск, Віцебск, Лепель) і 8 аўтадарог. 123,9 тыс.ж. (2000).
Упершыню ўпамінаецца ў «Аповесці мінулых гадоў» пад 1067 як горад Ръша. У 1320 у складзе Віцебскага княства далучана да ВКЛ. У 1398—1407 пабудаваны Аршанскі замак. Паводле гіст. крыніц за 1555, М.К.Радзівіл Чорны заснаваў у О. кальвінскі (пратэстанцкі) збор — адзін з першых на Беларусі. З 1560-х г. О. — дзярж. ўладанне, цэнтр Аршанскага павета. Упершыню пазначана на «Карце Вялікага княства Літоўскага, Лівоніі і Маскоўскага княства», складзенай у 1589 М.Струбічам. У ходзе шматлікіх войнаў неаднаразова разбурана і спалена. Каля О. адбыліся Аршанская бітва 1514, Аршанская бітва 1564 і інш. Горад меў гандл. сувязі з Расіяй, Польшчай, Прыбалтыкай і Украінай. У 1612—1820 у О. дзейнічаў Аршанскі езуіцкі калегіум, дзе створаны рукапісны зб.«Аршанскі кодэкс». У 1620 горад атрымаў магдэбургскае права і герб — у блакітным полі залаты паўмесяц, паміж рагамі якога сярэбраны крыж. Складанне гар. статута, зацверджанага 3.3.1621, дапоўніла фарміраванне аршанскага права. У сярэдзіне 17 ст. ў О. каля 5 тыс.ж. У 16—18 ст. О. была значным рэліг. цэнтрам. З 1592 існавала правасл. брацтва. Дзейнічалі манастыры бернардзінцаў, базыльянак, дамініканцаў, францысканцаў, уніятаў, касцёлы трынітарыяў, місіянераў, марыявітак, базыльян, цэрквы. У 1630 пры Куцеінскім Богаяўленскім манастыры бел. асветнік С.Собаль заснаваў Куцеінскую друкарню, якая з’яўлялася асн. цэнтрам бел. кірылічнага кнігадрукавання. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) О. ў складзе Рас. імперыі, цэнтр Аршанскай правінцыі. У 1776 горад пазбаўлены магдэбургскага права: 1700 ж., 309 будынкаў. У 1781 гораду дадзены новы герб: уверсе — палова герба Рас. імперыі, унізе — у блакітным полі пяць стрэл. З 1796 О. — цэнтр павета Беларускай, з 1802 — Магілёўскай губ. У вайну 1812 горад спалены франц. войскамі. У 2-й пал. 19 ст. пасля будаўніцтва чыгунак О. — буйны чыг. вузел, аршанская прыстань — значны трансп. пункт на Дняпры. У 17—19 ст існавалі Аршанскі кляштар бернардзінцаў, Аршанскі кляштар дамініканцаў, Аршанскі кляштар трынітарыяў, Аршанскі кляштар францысканцаў У пач. 1890 у горадзе 15 прамысл. прадпрыемстваў, 9 навуч. устаноў, бальніца, 2 аптэкі, 3 б-кі, 2 кнігарні, друкарня. У 1869 адкрыта тэлеграфная станцыя, у 1899 — публічная б-ка імя А.С.Пушкіна. У 1897 у О. 13 161 ж. З 1903 працавала Аршанская жаночая гімназія, з 1906 — рэальнае вучылішча, з 1911 — Аршанская жаночая настаўніцкая семінарыя. З 1915 выдавалася газ.«Оршанский вестник». У 1905 у О. пад кіраўніцтвам мясц. арг-цый РСДРП і сац.-дэмакр.к-та Бунда адбыліся выступленні працоўных. У лют.—кастр 1918 О. часткова акупіравана герм. войскамі. У перыяд усталявання сав. улады і грамадз. вайны (1917—20) у О. дзейнічалі органы і арг-цыі розных паліт. сіл: Савет рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў, к-тграмадз. бяспекі, саюз эсэраў-марксістаў, часовы ваенна-рэв.к-т і інш. З 2.2.1919 О. ў складзе Гомельскай, з 1920 — Віцебскай губ. РСФСР. З 1924 цэнтр Аршанскага раёнаБССР, да 1930 — Аршанскай акругі. З 17.3.1938 горад абл. падпарадкавання. У 1939 у О. 37,6 тыс.ж. У пач.Вял.Айч. вайны ў баях пад О. 14.7.1941 упершыню былі выкарыстаны рэактыўныя ўстаноўкі «Кацюша». 16.7.1941 акупіраваны ням. фашыстамі, якія стварылі ў О. некалькі канцлагераў, дзе знішчылі 19 тыс.чал., у горадзе і раёне загубілі 37,4 тыс.чал. Дзейнічала Аршанскае патрыятычнае падполле. Горад вызвалены 27.6.1944 войскамі 3-га Бел. фронту ў ходзе Віцебска-Аршанскай аперацыі 1944 У 1970 у О. 100,6 тыс. жыхароў.
Працуюць (2000) прадпрыемствы маш.-буд. і металаапр., у т. л.Аршанскі станкабудаўнічы завод, Аршанскі інструментальны завод, адкрытае акц.т-ва«Орша», з-ды прылад аўтам. кантролю, форм і тэхнал.аснасткі для прадпрыемстваў зборнага жалезабетону, трактарарамонтны і інш. Развіты тэкст. (Аршанскі льнокамбінат, ф-кі трыкат.спарт. вырабаў, швейная, маст. вырабаў), харч. (Аршанскі мясакансервавы камбінат, камбінаты хлебапрадуктаў, піваварны, малочны і інш.), буд. матэрыялаў (Аршанскі камбінат зборных жалезабетонных вырабаў і канструкцый, камбінат сілікатных вырабаў, з-д жалезабетонных вырабаў і інш.) прам-сці. У горадзе тэхнікумы чыг. транспарту і механіка-тэхналагічны, мед. і пед. вучылішчы. Музеі: К.С.Заслонава, Музей гісторыі і культуры горада Оршы, этнагр. «Млыны», драўлянай скульптуры нар. майстра С.С.Шаўрова. Выдаецца «Аршанская газета».
У 14 ст. на месцы стараж. гарадзішча пабудаваны замак. У час шматлікіх войнаў 16 ст. горад неаднаразова быў разбураны. У 1623 у сутоках рэк Дняпро і Куцеінка засн.Аршанскі Куцеінскі Богаяўленскі манастыр, у 1631 пабудаваны Аршанскі Куцеінскі Успенскі манастыр. У 16—18 ст. у горадзе ўзведзены: драўляная царква Ільі Прарока (1505), мураваныя касцёл і 2-павярховы будынак калегіума (1690), манастыры бернардзінцаў (1636), базыльянак (1642), дамініканцаў (драўляныя будынкі пастаўлены ў 1649—50, мураваны касцёл — у 1819), францысканцаў (мураваныя будынкі ўзведзены ў 1680), саборная мураваная царква Раства Маці Божай (1691), касцёлы трынітарыяў (1714), місіянераў (1752), марыявітак (18 ст.), цэрквы Ушэсця (1757), Іаана Багаслова (1790; усе не захаваліся), Аршанскі манастыр базыльян (2-я пал. 18 ст.). У 1778 распрацаваны план забудовы О., які прадугледжваў рэгуляванне вулічнай сеткі, узбуйненне кварталаў, выраўноўванне паўкальцавых магістралей, стварэнне непадалёку ад цэнтр. ядра горада новай грамадскай плошчы з гасціным дваром і адм. установай, развіццё Задняпроўскага р-на. У вайну 1812 горад спалены франц. войскамі. У 1848 распрацаваны новы праект планіроўкі, які ў асн. рысах паўтараў папярэдні план. У 19 — пач. 20 ст.тэр. О. значна павялічылася, пераважала драўляная забудова. За 1,5 км ад горада забудаваўся прывакзальны раён, які ў 1878 злучыўся з гар. цэнтрам брукаванай магістраллю, у цэнтры О. закладзены парк. У 1880 пабудавана Аршанская Ільінская царква, у 1902 — вадзяны млын, у 1906 — рэальнае вучылішча. На плане 1911 горад падзелены Дняпром і Аршыцай на 3 часткі, рэгулярная планіроўка ўяўляла сабой сетку ўзаемна перпендыкулярных вуліц. Паводле генпланаў О. 1940, 1948 («Белдзяржпраект») разрозненыя раёны аб’яднаны. У 1957 распрацавана схема размяшчэння новага жыллёвага буд-ва (Віцебскі філіял ін-та «Белдзяржпраект»), у 1978 і 1980 — генпланы забудовы О. (БелНДІПгорадабудаўніцтва). Сучасны горад уключае цэнтр., прывакзальны, паўн., паўд. планіровачныя раёны, раёны льнокамбіната і Задняпроўя. Асн. жылы масіў з адм.-грамадскім і культ. цэнтрам размешчаны на правым беразе Дняпра, на месцы гіст. ядра О. з радыяльнай сістэмай вуліц. Асн. кампазіцыйныя восі — вуліцы Леніна (захаваўся фрагмент забудовы канца 19 — пач. 20 ст.), Астроўскага, Міру, праспект Тэкстыльшчыкаў. На скрыжаванні вуліц Леніна і Міру ўтворана цэнтр. плошча, з боку Дняпра да яе прылягае прыдняпроўскі парк. Цэнтр і мікрараёны (мікрараён Задняпроўе 1, Задняпроўе 2, па вуліцах Чырвонай і Леніна) забудоўваюцца 5—9-павярховымі дамамі. Сфарміраваны паўн. і паўд.прамысл. зоны. У О. брацкія могілкі і магілы сав. воінаў, падпольшчыкаў, ахвяр фашызму, ваеннапалонных. Помнікі: Вызваліцелям, Курган Славы, мемар. комплекс «Кацюша», ахвярам паліт. рэпрэсій, у гонар воінаў-землякоў, якія загінулі ў Афганістане, Герою Сав. Саюза К.С.Заслонаву, бел. пісьменніку У.С.Караткевічу.
Літ.:
Орша: Ист.-экон. очерк. 2 изд. Мн., 1967;
Шынкевіч А.М. Аршанская даўніна. Мн., 1992;
Асіноўскі С.М. Орша: Залатыя стрэлы на блакітным полі. Мн., 1997;
Памяць: Гіст.-дак. хроніка Оршы і Аршанскага р-на. Кн. 1—2. Мн., 1999—2000.