АПРЫ́ЛАЎ (Васіл Еўстаціеў) (21.7.1789, г. Габрава — 2.10.1847),

балгарскі грамадска-паліт. дзеяч, асветнік, педагог і пісьменнік. Адукацыю атрымаў у Расіі, Германіі і Венскім ун-це. У 1835 заснаваў у Габраве першую свецкую школу. Аўтар прац «Балгарскія кніжкі, ці Якому славянскаму племю ўласна належыць кірылаўская азбука» (1841), «Думкі пра цяперашняе балгарскае навучанне» (1847) і інш. Творчасць Апрылава спрыяла адраджэнню нац. свядомасці балгараў, іх самабытнай культуры і традыцый.

т. 1, с. 435

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛТЫНСАРЫ́Н (Ібрай) (20.10.1841 — 17.7.1899),

казахскі педагог-асветнік, пісьменнік, этнограф. Яго намаганнямі адкрыты шэраг школ з каз. мовай навучання. Распрацаваў сістэму школьнай адукацыі; на аснове рус. графікі склаў праект каз. алфавіта, падручнікі роднай і рус. мовы для дзяцей («Пачатковы дапаможнік па навучанні кіргізаў рускай мове», 1871; «Кіргізская хрэстаматыя», 1879 і інш.). Арыгінальныя і перакладныя маст. творы Алтынсарына, змешчаныя ў падручніках, прасякнуты дэмакр. і гуманіст. ідэямі.

Ж.​Сахіеў.

т. 1, с. 269

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРКЕ́ВІЧ (Ануфрый [1750) (?),

Навагрудчына — 1807 ?], бел. юрыст, асветнік. Скончыў Віленскі ун-т. У адзінай вядомай сваёй працы «Пра ўдасканаленне прыроды ў стварэнні чалавека» (Вільня, 1806) выклаў ідэі эвалюцыянізму, матэрыялізму ў антрапагенезе, антрапалагічнага гуманізму. Чалавек для яго — вынік працяглай дзейнасці прыроды ў яе развіцці. Выступаў супраць ненавуковых, містычна-тэалагічных домыслаў пра паходжанне чалавека, аргументавана крытыкаваў зародкі расісцкіх канцэпцый.

Літ.:

Идеи материализма и диалектики в Белоруссии (дооктябрьский период). Мн., 1980.

т. 10, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЭ́ЙЦВАЛЬД ((Kreutzwald) Фрыдрых Рэйнхальд) (26.12.1803, вол. Йыэперэ, Ракверэскі р-н, Эстонія — 25.8.1882),

эстонскі пісьменнік, фалькларыст, асветнік; пачынальнік эст. нац. л-ры. Скончыў Дэрпцкі ун-т (г. Тарту, 1833). Дэбютаваў у 1830-я г. (публіцыстычныя і фалькл.-этнагр. артыкулы). Аўтар сатыр. апавяданняў, кнігі вершаў «Песні вірускага спевака» (1865). Збіральнік і складальнік эст. нар. эпасу «Калевіпоэг» (выд. 1857—61), зб-ка літаратурна апрацаваных «Старадаўніх эстонскіх народных казак» (1866). На бел. мову асобныя творы К. пераклаў Б.​Сачанка.

т. 8, с. 535

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́НІЧКАЎ (Дзмітрый Сяргеевіч) (1733—1.5.1788),

рускі асветнік, філосаф. Праф. філасофіі і матэматыкі Маскоўскага ун-та (з 1771). Паслядоўнік філасофіі Х.Вольфа. У дысертацыі «...Пра пачатак і паходжанне натуральнага богашанавання...» (1769), напісанай з пазіцый дэізму, паходжанне рэлігіі тлумачыў страхам людзей перад незразумелымі сіламі прыроды, неадукаванасцю. За свае погляды зазнаў ганенні царквы і часткі прафесуры. У тэорыі пазнання развіваў ідэі матэрыялістычнага сенсуалізму.

Тв.:

У кн.: Избранные произведения русских мыслителей второй половины XVIII века. М., 1952. Т. 1. С. 112—184.

т. 1, с. 372

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЗЕ́Х (сапр. Мірза Шафі; 1796, г. Гянджа, Азербайджан — 28.11.1852),

азербайджанскі паэт, асветнік. Прадаўжальнік традыцый азерб. і перс. класічнай паэзіі. Пісаў інтымна-лірычныя і сатыр. вершы ў форме газелі, мухамаса, рубаі, месняві і інш. Паэтызаваў рамант. каханне, выступаў супраць заган феад. грамадства, занявольвання асобы, рэліг. фанатызму. Многія лірычныя вершы сталі нар. песнямі. Вазех — аўтар першай хрэстаматыі азерб. паэзіі, «Татарска-рускага слоўніка» для гімназій (з І.​Грыгор’евым). Упершыню пераклад твораў Вазеха на рус. мову (з ням.) зрабіў М.​І.​Эйферт (выд. 1880, 1907).

Тв.:

Рус. пер. — Лирика. М., 1971.

т. 3, с. 448

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРЭ́ЦКІ (Іоў) (свецкае Іван Мацвеевіч; ?, с. Бірчы Гарадоцкага р-на Львоўскай вобласці — 12.3.1631),

дзеяч укр. праваслаўнай царквы, асветнік. Выкладчык, у 1604—05 рэктар Львоўскай брацкай школы. З 1610 у Кіеве, удзельнічаў у стварэнні Кіеўскай брацкай школы (1615, пазней акадэмія, першы яе рэктар). У 1620—31 кіеўскі мітрапаліт. Выступаў супраць распаўсюджвання на Украіне каталіцызму і Брэсцкай уніі 1596. Аўтар палемічных антыуніяцкіх твораў «Пратэстацыя» (1621; на польск. мове), «Аполія Апалогіі М.​Сматрыцкага» (1628), пасланняў, лістоў, прадмоў, перакладаў. Працы Барэцкага ў 17 ст. былі вядомы на Беларусі, яго дзейнасць мела ўплыў на бел. культуру.

т. 2, с. 337

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДА́УКАНТАС ((Daukantas) Сіманас) (28.10.1793, в. Кальвяй Скуодаскага р-на, Літва — 6.12.1864),

літоўскі гісторык, пісьменнік-асветнік. Скончыў Віленскі ун-т (1822). Працаваў у Рызе (1825—34) і Пецярбургу (1835—50). У працах па гісторыі, гісторыі культуры Літвы («Дзеянні старажытных літоўцаў і жамайтаў», 1829; «Лад жыцця старажытных літоўцаў», 1845; «Гісторыя Жамайціі», кн. 1—2, 1893—97) паказаў самабытнасць літ. народа, сцвярджаў яго права на самастойнасць. Складальнік зборнікаў літ. фальклору (1846, 1932), слоўнікаў літ. мовы. Аўтар падручнікаў, кніг па сельскай гаспадарцы.

Тв.:

Baštai. Т. 1—2. Vilnius, 1976.

т. 6, с. 67

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУКІМІ́ (Мухамад Амін-хаджа) (1.5.1851, г. Каканд, Узбекістан — 25.5.1903),

узбекскі паэт-асветнік. Вучыўся ў медрэсэ Каканда, Бухары, Ташкента. Паэт. спадчына М. жанрава разнастайная (газелі, мухамас, рубаі і інш.), прасякнута сац. зместам. Пачынальнік новага жанру ў узб. л-ры — дарожных нататкаў. У вершаваным «Апісанні падарожжаў» паказаў багацце прыроды, а таксама сац. кантрасты ў краіне. Яго творы адметныя надзённасцю тэм, дакладнасцю характарыстык, выразнасцю маст. сродкаў, лаканізмам, музычнасцю мовы. Вершаваныя і празаічныя лісты М. да сяброў — пачатак эпісталярнага стылю ў нац. л-ры.

Тв.:

Рус пер. — Избранное. Ташкент, 1958.

т. 11, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕСРО́П МАШТО́Ц (каля 362, с. Хацэкац, правінцыя Тарон, Арменія — 17.2.440),

армянскі вучоны, манах-асветнік; стваральнік арм. алфавіта (405—406), пачынальнік пісьменнасці, асветніцкага руху ў Арменіі. Адукацыю атрымаў у мясц. грэчаскамоўных школах. Валодаў некалькімі мовамі, у т. л. сірыйскай, перс., грэч. Займаўся прапаведніцкай і перакладчыцкай дзейнасцю. Разам з вучнямі пераклаў з сірыйскай мовы на арм. Біблію (часткова), філас. і рэліг. творы. Аўтар кнігі хрысц. павучанняў, духоўных песень («шараканаў-пакаянняў», усяго каля 130). Арм. царквой прылічаны да святых.

Літ.:

Корюн. Житие Маштоца: Пер. с арм. Ереван, 1962.

А.​Казінян.

т. 10, с. 300

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)