ДАРЛІЯ́К (Ніна Львоўна) (н. 7.8.1908, С.-Пецярбург),
спявачка (сапрана) і педагог. Нар. арт. Расіі (1979). Нар. арт. СССР (1990). Скончыла Маскоўскую кансерваторыю (1932; клас К.Дарліяк, маці Д.), з 1935 выкладала ў ёй, стварыла школу камерных спеваў (праф. з 947). Адна з буйнейшых сучасных камерных спявачак. З 1935 выступала ў канцэртах, у т. л. ў ансамблі з мужам — С.Рыхтэрам. Выконвала рамансы і оперныя арыі рус. і замежнай класікі, вак. лірыку сучасных кампазітараў, у т. л. ўпершыню шэраг твораў С.Пракоф’ева, Дз.Шастаковіча і інш. Сярод вучаніц Г.Пісарэнка, Т.Тугарынава, А.Ільіна.
т. 6, с. 55
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКІ МУЗЫ́ЧНА-ДРАМАТЫ́ЧНЫ ГУРТО́К.
Існаваў у 1906—14 у Віцебску. Меў на мэце садзейнічаць развіццю ў горадзе муз. і драм. мастацтва. Сярод арганізатараў кампазітар і педагог М.Анцаў. Гурток аб’ядноўваў 150 прадстаўнікоў мясц. інтэлігенцыі. Уключаў муз. і драм. секцыі. За сезон (з кастр. да мая) праводзілася 20—30 муз. і тэатр. вечароў, пераважна праграмных. Муз. секцыя мела ў сваім складзе квартэт і сімф. аркестр. Выконваліся творы А.Моцарта, Л.Бетховена, М.Глінкі, П.Чайкоўскага, С.Рахманінава, Ф.Шапэна, арыі з опер Ж.Бізэ, рамансы Р.Шумана, А.Грачанінава. Драм. секцыя ставіла вадэвілі і камедыі.
В.А.Цыбуля.
т. 4, с. 229
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГОТ ((Gott) Карэл) (н. 14.7.1939, г. Пльзень, Чэхія),
чэшскі эстрадны спявак (тэнар). Нар. арт. ЧССР (1985). Скончыў Пражскую кансерваторыю (1965, клас К.Карэніна). Дэбютаваў у 1959. У 1960-я г. саліст т-раў «Семафор», «Апола». Валодае моцным прыгожым голасам. У рэпертуары класічныя арыі, нар. песні, джазавыя балады, сучасныя эстр. песні. Здымаецца ў кіно. Лаўрэат прэмій «Залаты салавей» (7 разоў, з 1963), «Залаты голас Прагі», 1-ы прыз на міжнар. конкурсе эстр. спевакоў у (Сопаце (Польшча, 1964), 1-я прэмія на міжнар. конкурсах песні ў Сан-Рэма (Італія) і Кане (Францыя; абодва (1966).
т. 5, с. 370
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКАЯ КАПЭ́ЛА ЕЗУІ́ЦКАЙ БУ́РСЫ.
Існавала ў 18 ст. пры Гродзенскай муз. бурсе езуітаў (адкрыта ў 1707), якая рыхтавала прафес. музыкантаў з ліку немаёмных слаёў насельніцтва. У 1773 у капэле было 11 інструменталістаў і вакалістаў, у т. л. платныя музыканты, а таксама вучні («хлопцы»). Капельмайстар Л.Каршулеўскі. Капэла ўключала 7 скрыпак, басэтлю, квартвіёлу, бас, 2 флейты, флейту-бас, 2 флейтроверсы, 5 валторнаў, 5 труб, 2 барабаны, клавікорд, арган і інш. У рэпертуары былі творы царк. (месы, магніфікаты) і свецкай (матэты, арыі, канцэрты, сімфоніі) музыкі кампазітараў Габермана, Кайзера, Квіткоўскага, Краўза, Паўлоўскага, Ратхгебера, Хішбергера, Чарвенкі, Шуле і інш.
В.У.Дадзіёмава.
т. 5, с. 427
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАВАЦІ́НА (італьян. cavatina памяншальнае ад cavata здабываць, атрымліваць),
невялікая лірычная арыя. Узнікла з каваты (заключны раздзел рэчытатыву). З канца 18 ст. часта выхадная арыя прымадонны або прэм’ера (К.Фігара з оперы «Вяселле Фігара» В.А.Моцарта). У 19—20 ст. побач з віртуознай (К.Разіны з оперы «Севільскі цырульнік» Дж.Расіні) пашырана К. сузіральнага характару ва ўмерана павольным тэмпе, з песеннай мелодыкай (К.Антаніды з оперы «Іван Сусанін» М.Глінкі). Некат. К. — разгорнутыя арыі (К.Людмілы з оперы «Руслан і Людміла» Глінкі, Канчакоўны і Уладзіміра Ігаравіча з оперы «Князь Ігар» А.Барадзіна). Часам К. наз. пявучыя інстр. п’есы.
т. 7, с. 399
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГДА́НАЎ (Мікалай Аляксандравіч) (н. 6.8.1944, в. Малюшына Краснапольскага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. спявак (барытон). Засл. арт. Беларусі (1991). Скончыў Кіеўскую кансерваторыю (1970). З 1970 у Дзярж. т-ры муз. камедыі Беларусі, з 1972 саліст Бел. філармоніі. У т-ры муз. камедыі выканаў партыі Эдвіна («Сільва» І.Кальмана), Арыфа («Каўказская пляменніца» Р.Гаджыева), Мікіты («Халопка» М.Стрэльнікава). У канцэртным рэпертуары Багданава арыі з опер Дж.Вердзі, аперэт І.Кальмана, рамансы П.Чайкоўскага, С.Рахманінава, Г.Свірыдава, бел., рус., укр. і неапалітанскія нар. песні. Лаўрэат Рэсп. конкурсу маладых выканаўцаў (1976), Усесаюзнага конкурсу на лепшае выкананне сав. песні (Масква, 1977, 1-я прэмія).
т. 2, с. 203
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕКРАШЭ́ВІЧ (Леанід Міхайлавіч) (н. 12.5.1948, в. Убалаць Калінкавіцкага р-на Гомельскай вобл.),
бел. спявак (барытон). Засл. арт. Беларусі (1999). Скончыў Бел. кансерваторыю (1975, клас М.Зюванава). З 1975 саліст Дзярж. акад. хар. капэлы Беларусі імя Р.Шырмы, з 1976 — Ансамбля песні і танца Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. Валодае голасам прыемнага тэмбру вял. дыяпазону. Першы выканаўца песень бел. кампазітараў У.Будніка («Абаронцы»), Л.Захлеўнага («Радзіма мая», «Уручча»), І.Лучанка («Без весткі прапаўшы»), А.Чыркуна («Перамога»). У рэпертуары таксама творы інш. бел., рас. кампазітараў, арыі з класічных опер і аперэт, апрацоўкі бел., рус., цыганскіх і інш. нар. песень. Стварыў шэраг запісаў на Бел. радыё. Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1977.
Л.А.Сівалобчык.
т. 11, с. 279
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКІ ЛІТАРАТУ́РНА-МУЗЫ́ЧНА-ДРАМАТЫ́ЧНЫ ГУРТО́К Існаваў у Магілёве ў 1905—14. Аб’ядноўваў мясц. інтэлігенцыю
(у 1912 каля 300 чал.). Меў у сваім складзе сімф. аркестр (дырыжор У.Крэвінг),
хор (кіраўнікі М.Фідзюноў, В.Зубоўскі), вял. групу прафес. музыкантаў (спевакі С.Мігай, Ю.Рэйдэр, Я.Казанская, Е.Калабазіна, піяністы В.Багалюбава і А.Боркус, скрыпач С.Дзісман, музыказнаўцы С.Вяржбіцкі, Ю.Дрэйзін). Удзельнікі гуртка наладжвалі канцэрты і муз. вечары (больш за 10 у сезон), чыталі лекцыі пра жыццё і творчасць выдатных кампазітараў, пісьменнікаў і паэтаў, ставілі асобныя дзеі і акты, выконвалі уверцюры, арыі, ансамблі, хары, у т. л. з опер «Жыццё за цара» і «Руслан і Людміла» М.Глінкі, «Пікавая дама» і «Яўген Анегін» П.Чайкоўскага і інш.
А.Л.Капілаў.
т. 9, с. 468
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕНЕЦЫЯ́НСКАЯ ШКО́ЛА ў музыцы,
кірунак у муз. мастацтве Італіі 16 — пач. 18 ст. 1) Поліфанічная школа. Склалася ў Венецыі ў 16—17 ст. Заснавальнік А.Віларт, гал. Прадстаўнікі А. і Дж.Габрыелі, з ёй звязана дзейнасць Дж.Царліна. Майстры Венецыянскай школы аб’ядналі дасягненні нідэрландскай школы і італьян. муз. традыцыі, стварылі манум.-дэкар. стыль вак. поліфаніі, адметны маляўнічасцю, пышнасцю, паўнатой гучання. У іх творчасці набылі дасканаласць жанры мадрыгала і канцоны, мнагахорных канцэртаў і месаў, арганнага рычэркара, такаты і інш. Венецыянская школа ўплывала на фарміраванне мадрыгальнай камедыі і опернай арыі.
2) Оперная школа 17 — пач. 18 ст. Яе традыцыі закладзены ў позніх творах К.Мантэвердзі. Сярод прадстаўнікоў — Ф.Кавалі, А.Чэсці, А.Вівальдзі, Дж.Легрэнцы, Б.Галупі. Надзвычайная раскоша іх оперных пастановак — класічнае выяўленне італьян. муз. барока. У 1637 у Венецыі адкрыты першы публ. оперны т-р «Сан-Касіяна».
т. 4, с. 86
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКІ МУЗЫ́ЧНА-ДРАМАТЫ́ЧНЫ ГУРТО́К АМА́ТАРАЎ (Існаваў у Магілёве ў 1897—98) (статут зацверджаны 7.1.1897). Меў на мэце прапагандаваць сярод жыхароў горада муз. і тэатр. мастацтва, садзейнічаць развіццю маст. здольнасцей сваіх членаў, дапамагаць дабрачынным установам. Складаўся з ганаровых і правадз. членаў, членаў-наведвальнікаў і членаў-выканаўцаў (96 чал.). Уключаў вакальны (распарадчык У.Нячаеў),
інструментальны (С.Віслоцкі) і драм. (П.Сухоцін) аддзелы. Члены гуртка наладжвалі літ.-муз. вечары (у т. л. 2.2.1898 прысвечаны М.Глінку), ставілі спектаклі. Выконваліся арыі з опер муз. класікаў, хары, рамансы, рус. нар. песні; выступалі з меладэкламацыяй, чыталі вершы. Паказаны спектаклі: «Шчаслівы дзень» М.Салаўёва і А.Астроўскага, «Шашкі» М.Крыніцкага, «Прапанова» А.Чэхава, «Пасткі» А.Пальма, «Не ў свае сані не садзіся» Астроўскага, камедыя «Сямейныя тайны» Дз.Азнабішына, вадэвіль «Варона ў паўлінавых пёрах» Кулікова.
Т.І.Чаплыгіна.
т. 9, с. 469
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)