пэўная колькасць збрашураваных аркушаў (аб’ём больш за 48 с.) з рукапісным або друкаваным тэкстам, злучаных у адно цэлае і прызначаных для распаўсюджвання ведаў; твор маст., навук., грамадскай л-ры як сродак масавай, навук. і тэхн. інфармацыі, адукацыі і фактар культуры. К. — прадукт кніжнай справы, якая ўключае яе стварэнне і размнажэнне (гл.Кнігадрукаванне, Выдавецкая справа), распаўсюджванне, захаванне і выкарыстанне (гл.Бібліятэка, Бібліяграфія), вывучэнне ў гіст. і сучасных аспектах (гл.Кнігазнаўства). Важную ролю ў афармленні К. адыгрывае мастацтва кнігі.
Узнікненне і развіццё К. звязана з развіццём пісьменнасці і мовы, л-ры і мастацтва, навукі і тэхнікі, з гісторыяй развіцця чалавечага грамадства. У старажытнасці для пісьма скарыстоўвалі каменныя і гліняныя пліты, дошчачкі, тканіну, папірус, бяросту, пергамент, паперу (вынайдзена ў 2 ст.н.э., у Еўропе як асн. пісчы матэрыял з 13 ст.). Вядомы 2 асн. тыпы канструкцыі К.: стужка-скрутак як адна з найб.стараж. яе форм (4—3 ст. да н.э.) і сукупнасць пласцін ці аркушаў, злучаных у блок (паліпціх, які развіўся ў т.зв. кодэкс, 2—4 ст.). Папярэднік друкаванай К. — рукапісная кніга. Найб.стараж. друкаванай К. лічыцца тэкст, узноўлены шляхам ксілаграфіі ў Карэі паміж 704—751. Першыя спробы кнігадрукавання зроблены ў сярэдзіне 11 ст. ў Кітаі. Першую друкаваную К. ў Еўропе выдаў І.Гутэнберг (15 ст.), першую бел. К. — Ф.Скарына (1517). К., выдадзеныя ў Еўропе да 1.1.1501, называюцца інкунабулы, у 1-й пал. 16 ст. — палеатыпы. На тэр. сучаснай Беларусі першыя К. на старабел. мове выдадзены С.Будным у 1562 у Нясвіжы.
Сучасная К. — звычайна неперыядычнае выданне, якое складаецца з шэрагу элементаў матэрыяльнай канструкцыі і паліграф. афармлення; уяўляе сабой блок знітаваных у карашку старонак з тэкстам і ілюстрацыямі і вонкавых ахоўных элементаў (пераплёт, вокладка, супервокладка). Першы загалоўны аркуш К. — тытульны ліст (тытул) змяшчае т. зв. выхадныя звесткі (прозвішча аўтара, назву К., выдавецтва, месца і год выдання і інш.). Тытул можа быць ардынарным (аднастаронкавым), з авантытулам і контртытулам (1-й і 2-й старонкамі). Упершыню тытульны ліст ужыў венецыянскі друкар Э.Ратдальт (1476), ва ўсх.-слав. друку — Скарына (1517). У рукапісных К. і старадруках у канцы К. змяшчалі калафон — пасляслоўе з выхаднымі звесткамі, часам з друкарскай або выдавецкай маркай. Першай бел. выдавецкай маркай з’яўляецца сыгнет Скарыны з выяваю сонца і месяца. На авантытуле змяшчаюць назву кніжнай серыі, выдавецтва, выдавецкую марку і інш., на яго адвароце можа быць фронтыспіс — ілюстрацыя, партрэт, карта або контртытул, які ўтрымлівае звесткі пра шматтомнае ці серыйнае выданне або з’яўляецца тытульным лістом на мове арыгінала ў перакладных выданнях. Тытульнаму лісту і раздзелам К. можа папярэднічаць шмуцтытул, які ў старадруках быў прызначаны для засцярогі К. ад забруджвання. На ім змяшчаюць кароткі загаловак К. або назву раздзела, эпіграф, прысвячэнне, выдавецкую марку, застаўку і інш. Для зручнасці карыстання ў верхняй частцы К. змяшчаюць калонтытулы — загалоўкі асобных раздзелаў. На старонках К. ставіцца парадкавы нумар — калонлічба, сукупнасць якіх называецца пагінацыяй. Упершыню калонлічбы выкарыстаў А.Мануцый (Венецыя, 1494). Сістэмай калонтытулаў і фаліяцыяй (нумарацыяй выдавецкіх аркушаў з дапамогай калонлічбаў) карыстаўся Скарына. У рукапісных К. і старадруках унізе старонак змяшчалі кустоды — першыя словы тэксту наступных старонак. Кожная К. мае свой фармат, які залежыць ад памеру старонкі. Памер старонкі К. і фармат выдання пазначаецца ў міліметрах (напр., 143 × 225) або фарматам аркуша паперы ў сантыметрах і долі, якую складае ад гэтага аркуша старонка пасля брашуроўкі кніжнага блоку (напр., 60 × 90 1/16). Фарматы выданняў склаліся ў 15 ст., у наш час яны стандартызаваныя (на Беларусі іх каля 40). У залежнасці ад таго, як у час друкавання складваўся аркуш паперы, фарматы мелі назву in folio (2°, складзены ўдвая), in guarto (4°, складзены ў чатыры столкі), in octavo (8°, складзены ў восем столак) і г.д. Даведачны апарат К. ўключае выхадныя звесткі, змест, анатацыю, рэферат, паказальнікі, заўвагі, каментарыі, бібліяграфічны спіс, дадаткі, зноскі, спасылкі, заўважаныя памылкі друку. Выпускае друкаваную прадукцыю, у т. л. К., паліграфічная прамысловасць. Рэдкія К. захоўваюцца ў спецыялізаваных аддзелах буйных бібліятэк. У 1990 адкрыты першы на Беларусі музей К. — Полацкі музей беларускага кнігадрукавання.
Літ.:
Баренбаум И.Е., Давыдова Т.Е. История книги. М., 1971;
Сидоров А.А. Книга и жизнь. М., 1972;
Из истории книги, библиотечного дела и библиографии в Белоруссии. Вып. 1—3. Мн., 1970—74 (вып. 3 наз.: Книга, библиотечное дело и библиография в Белоруссии);
Из истории книги в Белоруссии. Мн., 1976. Гл. таксама пры арт.Выдавецкая справа, Кнігадрукаванне, Кнігазнаўства.
галандскі жывапісец, рысавальшчык і афартыст; адзін з найбуйнейшых прадстаўнікоў галандскага барока і сусв.маст. культуры. Вучыўся ў Лейдэнскім ун-це (1620), жывапісу — у Я. ван Сваненбюрха ў Лейдэне (каля 1620—23), у П.Ластмана ў Амстэрдаме (1623). У творчасці імкнуўся да філас. асэнсавання жыцця, багацця і разнастайнасці ўнутр. свету чалавека. Пісаў пераважна партрэты, у т. л. групавыя, біблейскія і міфалагічныя сцэны. У 1625 адкрыў сваю майстэрню ў Лейдэне, хутка дасягнуў шырокага прызнання. Раннія творы, у якіх адчувальны ўплыў Ластмана і галандскіх караваджыстаў, вызначаліся рэзкай паліхроміяй і экспрэсіўнасцю вобразаў: «Пакутніцтва св. Стэфана» (1625), «Валаам», «Товій і Анёл» (абодва 1626), «Прынясенне ў храм» (каля 1628—29), «Давід і Галіяф» і інш. Пазней пісаў больш глыбокія і вытанчаныя карціны, якім уласцівы гармонія цёплых чырвона-карычневых тонаў і таямнічыя эфекты святлаценю: «Уцёкі ў Егіпет» (1627), «Самсон і Даліла» (1628), «Сімяон у храме» (1631) і інш. З 1631 жыў у Амстэрдаме, пісаў пераважна заказныя партрэты, аўтапартрэты і партрэты сваіх блізкіх. Творы адметныя пластычнасцю, эксперыментамі ў пошуках псіхал. выразнасці, дэтальнай перадачай рысаў твару, адзення, каштоўнасцей, часам тэатралізаванымі эфектамі. У карціне «Урок анатоміі доктара Н.Цюлпа» (1632) па-наватарску вырашыў праблему групавога партрэта праз наданне кампазіцыі дынамічнай разняволенасці партрэтаваных і аб’яднанне іх адзіным дзеяннем. У «Аўтапартрэце з Саскіяй» («Вясёлая кампанія», каля 1635), які вызначаецца свабоднай манерай жывапісу, мажорным, напоўненым святлом залацістым каларытам, адышоў ад тагачасных маст. канонаў, выявіўшы жыццёвую непасрэднасць кампазіцыі. У карціне «Даная» (1636) проціпаставіў рэнесансавым пачуццёва-цялесным ідэалам прыгажосці адухоўленасць і цеплыню інтымнага чалавечага пачуцця. Сярод інш. твораў гэтага перыяду: партрэты «Вытанчаная пара ў інтэр’еры», «Партрэт бургграфа», «Саскія ўсміхаецца» (усе 1633), рэліг. і міфалагічныя карціны «Святая сям’я» (1631), «Выкраданне Еўропы» (1632), серыя «Пакуты Хрыстовы» (1633—39), «Ахвярапрынашэнне Аўраама», «Выкраданне Ганімеда» (абедзве 1635), «Асляпленне Самсона» (1636), «Вяселле Самсона» (1638) і інш. З 1639 жыў у Брэстраце (цяпер Рэмбрантхёйс). У 1640-я г. паміж творчасцю Р. і эстэт. патрабаваннямі тагачаснага грамадства адбыўся канфлікт, апагеем якога стала непрыняцце заказчыкамі групавога партрэта «Начная варта» (1642), вырашанага праз героіка-прыўзнятую кампазіцыю, больш уласцівую для гіст. карціны. Творчасць гэтага перыяду страціла знешнюю эфектнасць і мажорнасць, работам уласцівы нарастанне інтэнсіўнасці светлавых эфектаў, якія запаўняюць усю кампазіцыю і вызначаюць форму і фактуру выяў, пастознасць пісьма, цікавасць да пабудовы і архітэктонікі прасторы: «Давід і Іанафан» (1642), «Дзяўчына каля акна», «Святая сям’я» (абодва 1645), «Пакланенне вешчуноў» (1648), «Хрыстос у Эмаўсе» (1648), «Партрэт старога ў чырвоным» (1652—54), «Вірсавія», «Партрэт жонкі брата мастака» (абодва 1654), «Бласлаўленне Іакава» (1656), «Сын Цітус чытае» (1657), «Асур, Аман і Эсфір» (1660), «Змова Юлія Цывіліса» (1661), «Давід і Урыя» (1665) і інш. Каля 1668—69 стварыў манум. палатно «Вяртанне блуднага сына», у якім віртуозна перадаў складаную гаму глыбокіх чалавечых пачуццяў. Аўтар афортаў «Прадавец пацучынага яду» (1632), «Тры дрэвы» (1643), «Хрыстос вылечвае хворых» («Аркуш у сто гульдэнаў», 1649), «Тры крыжы» (1653) і інш., малюнкаў. Іл.гл. таксама да арт.Даная, Нідэрланды.
Літ.:
Рембрандт: Художеств. культура Западной Европы XVII в. М., 1970;
Лазарев В.Н. Рембрандт-портретист // Лазарев В.Н. Старые европейские мастера. М., 1974;
Егорова К.С. Портрет в творчестве Рембрандта. М., 1975;