ПАЧКАВА́ННЕ,

адзін са спосабаў вегетатыўнага размнажэння. Адбываецца ўтварэннем на мацярынскім арганізме почкі (нарасці), з якой развіваецца новая асобіна. Уласціва некат. грыбам, імхам, беспазваночным жывёлам. У жывёл (губкі, кішачнаполасцевыя, некат. чэрві і інш.) П. бывае вонкавае і ўнутранае. Пры вонкавым почкі ўтвараюцца на целе маці або на сталонах (некат. кішачнаполасцевыя, абалоннікі). Пры ўнутр. П. новая асобіна развіваецца з адасобленага ўнутр. ўчастка цела маці. Напр., у губак і імшанак такія ўтварэнні маюць ахоўныя абалонкі і здольныя перажываць зімовыя або засушлівыя ўмовы, калі мацярынскі арганізм гіне. У шэрагу жывёл П. не адбываецца канчаткова — маладыя асобіны застаюцца злучанымі з мацярынскім арганізмам і ўтвараюць калоніі. Штучнае П. можна выклікаць неспрыяльным уздзеяннем на мацярынскі арганізм (напр., апёкам, парэзам).

т. 12, с. 245

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЫЕАХО́ЎНЫЯ СРО́ДКІ,

радыепратэктары, прыродныя і сінтэтычныя злучэнні, якія памяншаюць шкоднае ўздзеянне іанізавальнага выпрамянення на арганізм чалавека або жывёлы. Выкарыстоўваюцца ў надзвычайных выпадках (радыяцыйныя аварыі, ядз. выбух) і для аховы нармальных тканак пры прамянёвай тэрапіі анкалагічных хворых. Проціпрамянёвы эфект Р.с. можа праяўляцца ў выжыванні пасля апрамянення смяротнай дозай і інш.; ён звязаны са змяншэннем паступлення ў асобныя тканкі і ўзмацненнем выдалення радыенуклідаў, якія трапілі ў арганізм (напр., прэпараты стабільнага ёду для аховы шчытападобнай залозы ад радыеактыўнага ёду), звязваннем утвораных пры апрамяненні свабодных радыкалаў, перакісаў (цыстамін, гамафос і інш.), зніжэннем інтэнсіўнасці абмену рэчываў і інш. Р.с. з’яўляюцца таксама прадукты пчалярства (мёд, пропаліс і інш.), скурны пігмент меланін, вітаміны, адаптагены (прэпараты элеўтэракоку, жэньшэню і інш.).

І.​М.​Семяненя.

т. 13, с. 228

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АТРУЧЭ́ННЕ,

захворванне, абумоўленае паступленнем у арганізм таксічных рэчываў (ядаў), якія парушаюць яго фізіялагічныя функцыі і ствараюць небяспеку для жыцця. Атрутным дзеяннем валодаюць многія хім. рэчывы сінт. і прыроднага паходжання (напр., пестыцыды, прамысл. яды, таксіны мікраарганізмаў, атрутныя рэчывы ядавітых раслін і жывёл). Трапляюць яды ў арганізм праз рот, дыхальныя шляхі, скуру, пры ўкусах змей ці членістаногіх (восы, пчолы, шэршні, скарпіёны, ядавітыя павукі і інш.), пры падскурных і ўнутрымышачных ін’екцыях. Адрозніваюць атручэнні бытавыя (напр., рэчывамі быт. хіміі, харчовыя, алкагольныя, чадным газам і інш.), прафесійныя (пры парушэнні правілаў гігіены і тэхнікі бяспекі), медыкаментозныя (ад перадазіроўкі лякарстваў). У асобную групу вылучаюць кармавыя атручэнні жывёл, што ўзнікаюць ад корму, забруджанага ядахімікатамі (пестыцыдамі, гербіцыдамі, фунгіцыдамі), плесневымі і інш. грыбкамі (напр., спарыннёй), травяной тлёй, вусенямі капусніцы, ядавітымі раслінамі (цыкутай, дурнап’янам, белакрыльнікам, казяльцом і інш.).

Вострыя атручэнні ўзнікаюць адразу або неўзабаве пасля паступлення вял. дозы яду ў арганізм, хранічныя — пры працяглым яго ўздзеянні ў невял. дозах. Клінічныя прыкметы атручэння залежаць ад прыроды і колькасці яду, што трапіў у арганізм, выбіральнасці яго ўплыву на дзейнасць органаў і тканак, адчувальнасці арганізма і стану здароўя. Могуць пераважаць пашкоджанні нервовай (сутаргі, галюцынацыі, псіхозы), сардэчна-сасудзістай (пачашчэнне пульсу, сінюшнасць, падзенне ціску), дыхальнай сістэм, печані і нырак. Горш пераносяць атручэнне дзеці, цяжарныя жанчыны, старыя і хворыя людзі. Лячэнне атручэння павінна пачынацца неадкладна. Меры першай дапамогі пры атручэнні: штучна выклікаць ірвоту, многа піць вады, малака, слабы раствор марганцоўкі, суспензіі актываванага вугалю; пры неабходнасці робяць штучнае дыханне і непрамы масаж сэрца; пры газавых атручэннях пацярпелага выносяць на свежае паветра. У бальнічных умовах выкарыстоўваюць антыдоты (проціяддзі), пры неабходнасці робяць гемадыяліз, гемасорбцыю, заменнае пераліванне крыві

Г.​Г.​Шанько.

т. 2, с. 79

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРАЗІТАЦЭНО́З (ад паразіты + цэноз),

гістарычна складзеная сукупнасць паразітычных арганізмаў (паразітаў) і інш. сімбіёнтаў, якія насяляюць расліны, жывёлы і чалавека. Відавы склад П. і колькасныя суадносіны яго мікрапапуляцый могуць вар’іраваць нават у аднаго віду гаспадара. У П. могуць уваходзіць вірусы, бактэрыі, грыбы, прасцейшыя, гельмінты і некат. членістаногія. Паняцце «П.» увёў Я.Н.Паўлоўскі (1937). На Беларусі даследаванні па П. вядуцца ў Ін-це заалогіі Нац. АН Беларусі, Бел. НДІ эксперым. ветэрынарыі, Віцебскай акадэміі вет. медыцыны і інш. н.-д. установах.

Усе сучлены П. ўздзейнічаюць адзін на аднаго і на гаспадара. Узаемадзеянне паміж кампанентамі П. бывае непасрэднае (напр., прадуктамі выдзялення) і праз арганізм гаспадара (змена ўнутр. асяроддзя гаспадара або яго асобных органаў і інш.). Уздзеянне паразітычных арганізмаў — сучленаў П. — на гаспадара бывае сумарнае, калі яны не аказваюць значнага ўздзеяння адзін на аднаго (напр., аскарыды і паразітычныя нематоды на арганізм птушкі), сінергічнае, калі яны ўзаемна ўзмацняюць ўздзеянне на арганізм гаспадара, і антаганістычнае, калі ўздзеянне паразітаў адзін на аднаго зніжае іх шкоднасць для гаспадара. Даследаванні складаных узаемаадносін П. ці асобных яго кампанентаў з арганізмам гаспадара і інш. даюць магчымасць устанавіць сутнасць паразітарных і інфекц. хвароб, выбіраць метады іх лячэння і прафілактыкі. Вывучае П. паразітацэналогія. Гл. таксама Паразіталогія, Паразітызм.

Літ.:

Паразитоценология: Теоретич. и прикладные пробл. Киев, 1985.

І.​В.​Чыкілеўская.

т. 12, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТЫГЕ́НЫ [ад анты... + ген(ы)],

складаныя арган. рэчывы, якія пры паступленні ў арганізм чалавека і цеплакроўных жывёл выклікаюць спецыфічную імунную рэакцыю — утварэнне антыцелаў. Уласцівасцямі антыгенаў валодаюць чужародныя для дадзенага арганізма бялкі і поліцукрыды, асабліва высокамалекулярныя. Як антыгены яны могуць быць агульныя для ўсіх асобін пэўнага віду арганізмаў (відавыя антыгены) або толькі для іх часткі (групавыя антыгены). Ступень імунагеннасці антыгенаў, форма і вынік імуннага адказу, які яны выклікаюць (утварэнне антыцелаў, клетачны імунітэт, алергія, талерантнасць), залежаць ад ступені іх чужароднасці (філагенетычнай аддаленасці), хім. прыроды і малекулярнай будовы, дозы і формы ўвядзення ў арганізм і інш. фактараў. Імунная сістэма млекакормячых здольная распазнаваць да 10​6 антыгенаў. Вызначэнне відавой і групавой прыналежнасці антыгенаў выкарыстоўваецца пры ўстанаўленні ступені роднасці арганізмаў, распрацоўцы вакцын і сываратак, пераліванні крыві, перасадках тканак, дыягностыцы хвароб, у суд. медыцыне і інш.

т. 1, с. 395

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАМУ́НКУЛУС (ад лац. homunculus чалавечак),

чалавекападобная істота, якую, на думку натуралістаў сярэднявечча, быццам можна атрымаць штучным шляхам. У 17 ст. лічылі, што маленькі гамункулус заключаны ў чалавечым сперматазоідзе і пры яго пападанні ў арганізм жанчыны толькі павялічваецца ў памерах, ператвараючыся ў дзіця. Гл. таксама Анімалькулізм.

т. 5, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЁНТ [ад грэч. bion (biontos) які жыве],

асобны арганізм або (зрэдку) мінім. экалагічная сістэма, якія ў ходзе эвалюцыі прыстасаваліся да пражывання ў пэўным асяроддзі — біятопе. Тэрмін звычайна ўжываюць пры вызначэнні арганізмаў пэўнага асяроддзя, напр. аэрабіёнты (арганізмы наземныя і паветра), гідрабіёнты (водныя арганізмы), геабіёнты (глебавыя арганізмы) і інш.

т. 3, с. 148

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДАЛЕСКА́РЫЙ (ад лац. adolesco падрастаю),

лічынкавая стадыя некаторых паразітных трэматод. Развіваецца ў навакольным асяроддзі з цэркарыя, выдзеленага прамежкавымі гаспадарамі (малюскамі). З вадой ці кормам трапляе ў арганізм канчатковага гаспадара (пазваночныя жывёлы, чалавек), дзе развіваецца ў палаваспелую трэматоду. Стадыя адалескарыя ўласціва, напр., цыклу развіцця пячоначнай двухвусткі — узбуджальніка фасцыялёзу.

т. 1, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАШЫ́Ш,

наркотык, які атрымліваюць са смалы жаночага суквецця інд. канапель. Належыць да групы галюцынагенаў. Пры ўвядзенні ў арганізм чалавека выклікае парушэнні функцый ц. н. с., суправаджаецца галюцынацыямі і інш. змяненнямі псіхічнай дзейнасці. Выкарыстанне, захоўванне гашышу і развядзенне інд. канапель у большасці краін і на Беларусі забаронены.

т. 5, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСЯРО́ДДЗЕ ў біялогіі,

сукупнасць абіятычных (нежывых) і біятычных (жывых) умоў існавання жывёл, раслін і мікраарганізмаў. Адрозніваюць асяроддзі: знешняе — сукупнасць сіл і з’яў прыроды, якія не абавязкова кантактуюць з жывымі арганізмамі; навакольнае — маецца на ўвазе непасрэдны кантакт з арганізмамі; прыроднае — уключае абіятычныя, біятычныя і антрапагенныя фактары, што ўздзейнічаюць на арганізм.

т. 2, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)