ГАЗАВА́Т (араб.),

адна з назваў «свяшчэннай вайны» мусульман супраць іншаверцаў. Гл. таксама Джыхад.

т. 4, с. 424

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБУ́-БЕКР, Абдалах ібн Асман (572 ці 573 — жн. 634),

першы халіф [632—634] у Араб. халіфаце. Адзін з бліжэйшых паплечнікаў Мухамеда, разам з ім перасяліўся ў Медыну (622). Абраны халіфам пасля смерці Мухамеда. Задушыў паўстанні араб. плямёнаў, сепаратысцкія рухі ў Аравіі. Ваяваў супраць сасанідскага Ірана (633) і візантыйцаў у Палесціне (634).

т. 1, с. 47

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРА́БСКІ ВАЛЮ́ТНЫ ФОНД (Arab Monetary Fund; АВФ). Засн. ў 1976. Члены — 21 краіна араб. рэгіёна. Штаб-кватэра ў г. Абу-Дабі (Аб’яднаныя Арабскія Эміраты). Мэты: выраўноўванне плацежных балансаў краін-удзельніц; садзейнічанне стабілізацыі курсаў валют; развіццё эканам. інтэграцыі; стварэнне арабскага фін. рынку і ўкараненне арабскага дынара ва ўзаемаразліках араб. краін. Павінен таксама крэдытаваць краіны-ўдзельніцы.

т. 1, с. 447

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АТЛА́С (араб. літар. гладкі),

шаўковая, паўшаўковая або баваўняная мяккая тканіна з гладкім бліскучым правым бокам.

т. 2, с. 74

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСМА́Н (Ібн Афан) (?—656),

трэці праведны халіф (з 644) у Араб. халіфаце; адзін з паплечнікаў і зяць Мухамеда. З роду Амеядаў. Па яго даручэнні складзена афіц. рэдакцыя Карана. Пры Асману тэр. халіфата значна пашырылася. Аддаваў перавагу меканскай, пераважна амеядскай, знаці. Яго палітыка выклікала незадаволенасць у войску і сярод часткі араб. знаці. Забіты ў час паўстання ў Медыне.

т. 2, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРА́БЫ (саманазва аль-араб),

група народаў, асн. насельніцтва араб. краін Зах. Азіі і Паўн. Афрыкі. Жывуць таксама ў Іране, Турцыі, Ізраілі, Самалі, Эфіопіі і інш., значныя групы арабаў-эмігрантаў жывуць у Паўд. і Паўн. Амерыцы, Францыі і інш. Агульная колькасць больш за 175 млн. чал. (1987). Гавораць на арабскай мове. Большасць вернікаў — мусульмане-суніты, частка — шыіты, абадзіты, друзы, ёсць і хрысціяне. Гл. таксама Алжырскія арабы, Егіпецкія арабы, Іракскія арабы, Йеменскія арабы, Ліванскія арабы, Лівійскія арабы, Мараканскія арабы, Суданскія арабы.

Мяркуецца, што семіцкія плямёны, якія далі пачатак араб. народам, аўтахтонныя жыхары Аравійскага п-ва. У 1-м тыс. да н. э. ўзніклі першыя араб. дзяржавы Пальміра, Набатэя і Ліх’ян (на Пн Аравіі), у 5—6 ст. н. э. — Гасан і Лахм (на Пд Аравіі), Кінда (Цэнтр. Аравія). У гэты час пачаўся працэс фарміравання араб. народа. Тагачасныя арабы знаходзіліся на стадыі разлажэння племяннога ладу, хоць патрыярхальна-радавыя адносіны і племянныя сувязі захоўваліся яшчэ вельмі доўга. З 1-й пал. 7 ст. ўзмацнілася пранікненне арабаў у суседнія краіны. У выніку арабскіх заваяванняў утварыўся велізарны Арабскі халіфат (гл. Халіфат), які ахопліваў тэр. ад Індыі да Атлантычнага ак. і ад Сярэдняй Азіі да Цэнтр. Афрыкі. Заваяванае насельніцтва, асабліва ў Паўн. Афрыцы, прыняло мову, рэлігію (іслам), элементы матэр. і духоўнай культуры арабаў і было хутка арабізавана. Разам з тым і арабы многае ўзялі з культуры заваяваных народаў. У выніку склалася своеасаблівая арабская культура, якая зрабіла вял. ўплыў на сусв. культуру. Створаны сілай зброі Арабскі халіфат у 9—10 ст. распаўся на Багдадскі (гл. Абасідаў халіфат), Каірскі (гл. Фатымідаў халіфат), Кардоўскі халіфат, а пазней на больш дробныя халіфаты, эміраты, княствы. У 16 ст. араб. краіны Пярэдняй Азіі (акрамя значнай ч. Аравійскага п-ва) і Паўн. Афрыкі (за выключэннем Марока) увайшлі ў Асманскую імперыю. З 19 ст. араб. землі — арэна барацьбы паміж калан. дзяржавамі, а ч. тэр. Марока захоплена Партугаліяй яшчэ ў 15—16 ст. Вызваленчая барацьба арабаў, якая не спынялася і ў 19 — 20 ст., прынесла араб. краінам дзярж. незалежнасць.

т. 1, с. 447

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́ГА АРА́БСКІХ ДЗЯРЖА́Ў (ЛАД),

міжнар арганізацыя, засн. ў 1945 на канферэнцыі ў Каіры (Егіпет) прадстаўнікамі Ірака, Саудаўскай Аравіі, Лівана, Егіпта, Сірыі, Трансіарданіі (з 1950 Іарданія), Йемена (з 1962 Йеменская Араб. Рэспубліка; з 1990 у складзе Йеменскай Рэспублікі, ЙР). Пазней да Лігі далучыліся Лівія (1953), Судан (1956), Марока (1958), Туніс (1958), Кувейт (1971), Алжыр (1962), Нар.-Дэмакр. Рэспубліка Йемен (з 1990 у складзе ЙР), Аман (1971), Аб’яднаныя Араб. Эміраты (1971), Бахрэйн (1971), Катар (1971), Маўрытанія (1973), Самалі (1974), Джыбуці (1977). З 1964 права дарадчага голасу маюць прадстаўнікі Палесціны. Мэта арг-цыі — садзейнічаць умацаванню эканам., паліт. і культ. адносін паміж арабскімі краінамі. Вышэйшы орган — Савет Лігі, складаецца з кіраўнікоў і прэм’ер-міністраў араб. краін ці упаўнаважаных. Штаб-кватэра ў Каіры. Ліга прызнана ААН як рэгіянальная арг-цыя і мае пастаяннае прадстаўніцтва пры ААН у Нью-Йорку. Эфектыўнасць рашэнняў Савета Лігі зніжаецца абавязковасцю іх выканання толькі тымі краінамі, якія за іх галасавалі. У ходзе Блізкаўсходняга канфлікту Ліга заняла крайне адмоўную пазіцыю ў адносінах да Ізраіля, каардынуючы палітыку супрацьстаяння яўр. дзяржаве. У 1979 за заключэнне Кэмп-Дэвідскіх пагадненняў Егіпет быў выключаны з Лігі (адноўлены ў 1989), а штаб-кватэра Лігі перанесена ў Туніс (да 1990). Сур’ёзны раскол у Лізе адбыўся ў час Кувейцкага крызісу 1990—91, калі адны араб. краіны падтрымалі Кувейт, другія — Ірак. У галіне навук.-тэхн. супрацоўніцтва створана сумесная сістэма сувязі — АРАБСАТ. Дзейнічаюць спецыялізаваныя ўстановы: Араб. фонд эканам. і сац. развіцця, Араб арг-цыя па пытаннях асветы, культуры і навукі і інш.

т. 9, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБІСІ́НІЯ,

старажытная неафіцыйная назва Эфіопіі. Паходзіць ад араб. Слова «аль-хабаша», якім называлі гэту краіну ў стараж. часы арабы.

т. 1, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́ЎРЭНС ((Lawrence) Томас Эдуард) (Лоўрэнс Аравійскі; 15.8.1888, Трэмадок, Вялікабрытанія —19.5.1935),

брытанскі разведчык. Паводле адукацыі археолаг. Скончыў Оксфардскі ун-т (1910). У 1914—19 і 1922—35 у брыт. арміі. У 1916—19 супрацоўнік брыт. Бюро па араб. справах у Каіры. Вёў развед. дзейнасць у Сірыі, Палесціне, Аравіі і Егіпце. У 1916 пераканаў эміра Хусейна — правіцеля тур. ўладання Хіджаз на 3 Аравійскага п-ва — узняць мясц. араб. насельніцтва на антытур. паўстанне, якое ўзначаліў разам з сынам Хусейна Фейсалам. Паўстанне пашырылася на інш. тэрыторыі і ў далейшым садзейнічала ўключэнню ў склад брыт. калан. імперыі Ірака, Іарданіі, Палесціны. У 1921—22 саветнік па араб. справах у брыт. мін-ве калоній. У 1925—29 у гарадах Карачы і Пешавар (цяпер у Пакістане) арганізоўваў падрыўную дзейнасць супраць Афганістана і СССР. У англ. л-ры часта падаецца як прыхільнік незалежнасці араб. краін, аднак фактычна распрацоўваў ідэю стварэння брыт. дамініёна на Б. Усходзе. Аўтар кніг успамінаў.

Літ.:

«Друг» арабов // Военные разведчики XX в. Мн., 1998.

т. 9, с. 351

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСЫ́ДА (араб.),

паэтычны жанр у л-рах Б. і Сярэдняга Усходу, Сярэдняй і Паўд.-Усх. Азіі; пераважна панегірычны верш у гонар нейкай выдатнай падзеі або асобы. Паводле формы нагадвае газель, аднак колькасць бейтаў у ёй дасягае 50—70 і больш. Узнікла ў араб. л-ры яшчэ ў даісламскі перыяд, росквіту дасягнула ў 11—12 ст. Найб. вядомыя майстры К. — Рудакі, Унсуры, Хагані Шырвані і інш.

т. 8, с. 167

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)