КІШЭ́ЧНЫЯ КРЫ́ПТЫ, ліберкюнавы залозы,

трубчастыя паглыбленні эпітэлію слізістай абалонкі кішэчніка ў пазваночных жывёл і чалавека. Апісаны ням. вучоным І.​Н.​Ліберкюнам (1745). Форма, велічыня і колькасць К.к. у розных аддзелах кішэчніка розныя (у тонкай кішцы іх болей за 150 млн., а агульная пл. каля 14 м²). Прадуцыруюць кішэчныя ферменты і гармоны (эрэпсін, гастрын, мацілін і інш.), якія ўдзельнічаюць у працэсах стрававання.

А.​С.​Леанцюк.

т. 8, с. 317

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕ́СІМУМ (ад лац. pessimum найгоршае) у фізіялогіі, прыгнечанне дзейнасці нерв. і мышачнай тканак. Выклікаецца празмернай частатой стымуляцый нерв. ствала, якая не можа быць узноўлена ў выглядзе біяпатэнцыялаў самога нерва і сінхронных скарачэнняў мышцы, што ён інервуе. Апісаны ў 1886 М.​Я.​Увядзенскім. Адпаведная П. частата трапляе на мышцу ў фазе яе абс. неўзбуджальнасці (рэфрактарнасці) і суправаджаецца аслабленнем скарачэння мышцы ў выніку трансфармацыі частаты раздражнення. Працэс мае абарачальны характар: зніжэнне інтэнсіўнасці раздражнення аднаўляе мышачнае скарачэнне.

т. 12, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫЁНЫ,

асаблівыя бялкі, якія выклікаюць пашкоджанне нерв. сістэмы чалавека і жывёл з развіццём губчастага перараджэння галаўнога мозга; выклікаюць павольныя інфекцыі (гл. Прыёнавыя хваробы). Апісаны С.Прузінерам. Маюць форму бялковых фібрыл даўж. 50—500 нм. Асаблівасць П. (як узбуджальнікаў хвароб) — адсутнасць у іх структуры нуклеінавых к-т, устойлівасць да кіпячэння, дзеяння пары спірту (70 °C), яны інертныя да рэчываў, якія разбураюць нуклеінавыя к-ты. Аднак П. адчувальныя да дзеяння рэчываў, што інактывуюць бялкі.

А.​А.​Астапаў.

т. 13, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́РТЫЕЎ О́РГАН,

перыферыйны рэцэптар слыхавога аналізатара млекакормячых і чалавека. Апісаны італьян. гістолагам А.​Корты (1851). Знаходзіцца на асн. перапонцы ўнутр. вуха і складаецца з унутр. і вонкавых валасковых і апорных клетак. Да валасковых клетак падыходзяць нерв. канцы слыхавога нерва. Розныя па вышыні гукавыя ваганні ўспрымаюцца рознымі аддзеламі К.о.: высокія частоты — у ніжніх аддзелах уліткі, нізкія — у верхніх. Пераўтварае гукавыя хвалі ў біяэлектрычныя (нервовыя) імпульсы, якія па слыхавым нерве перадаюцца ў ц. н. с. Гл. таксама Вуха.

т. 8, с. 423

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЬЮ́ТАНА КО́ЛЬЦЫ,

канцэнтрычныя светлыя і цёмныя кольцы, што назіраюцца вакол пункта судатыкнення сферычных паверхняў дзвюх лінз або выпуклай сферычнай лінзы з плоскай пласцінкай пры асвятленні іх монахраматычным святлом. Апісаны І.Ньютанам у 1675. Узнікаюць у выніку інтэрферэнцыі святла ў тонкім паветр. зазоры паміж судатыкнёнымі паверхнямі. Пры асвятленні немонахраматычным (напр., белым) святлом Н.к. становяцца каляровымі. Назіранне формы кольцаў з’яўляецца зручным метадам кантролю якасці шліфоўкі пласцінак і лінз, а таксама праверкі дакладнасці формы плоскай і сферычнай паверхняў.

Ньютана кольцы ў адбітым святле.

т. 11, с. 398

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАНДЭМІ́Я (ад грэч. pandēmia увесь народ),

катэгорыя інтэнсіўнасці эпідэмічнага працэсу, калі інфекц. хвароба пашырана сярод насельніцтва краіны, некалькіх краін ці кантынентаў. Ступень пашыранасці інфекц. хвароб абумоўлена ўспрымальнасцю чалавека да інфекцый, частатой зменлівасці ўзбуджальніка (напр., вірус грыпу), шляхамі перадачы інфекцыі (часцей узнікаюць П. інфекц. хвароб, што перадаюцца паветрана-кропельным шляхам), войнамі, эміграцыяй і інш. Апісаны П. чумы, халеры, грыпу, малярыі і інш. З сярэдзіны 20 ст. П. адсутнічаюць (за выключэннем грыпу). Гл. таксама Эпідэмія.

М.​З.​Ягоўдзік.

т. 12, с. 45

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНІМЕ́ЛЕ Мікалай, бел. этнограф і археолаг сярэдзіны 19 ст. Вольнаадпушчаны селянін Віцебскай губ. Даследаваў матэрыяльную і духоўную культуру паўн.-ўсх. Беларусі. На падставе яго апісанняў Рускае геагр. т-ва выдала працу «Побыт беларускіх сялян» (Этнографический сборник. Спб., 1854. Вып. 2). У ёй апісаны жыллё, хатняе начынне, адзенне, ежа, сямейныя і каляндарныя абрады, вытв. заняткі, звычаі, сац. і маёмасная дыферэнцыяцыя сялянства напярэдадні адмены прыгоннага права. У працы змешчаны таксама нар. прыказкі, песні, паданні. Аўтар высока цаніў працавітасць, маральныя і інтэлектуальныя якасці беларусаў.

т. 1, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗОТАБА́КТЭР (Azotobacter),

род аэробных азотфіксавальных бактэрый. Жывуць свабодна ў глебе, водным асяроддзі. Упершыню апісаны галанд. вучоным М.​Беерынкам (1901). Форма азотабактэру палачкападобная або сферычная, памер 2×5 мкм; грамадмоўныя, могуць перамяшчацца з дапамогай жгуцікаў; з узростам ператвараюцца ў нерухомыя, укрытыя слізістай капсулай сферычныя клеткі (цысты), больш устойлівыя да неспрыяльных умоў асяроддзя. На працягу росту звязваюць да 20 г малекулярнага азоту на 1 г выкарыстанага вугляводу. Найбольш пашыраны на акультураных глебах Azotobacter chroococcum выкарыстоўваецца для атрымання азотабактэрыну. Прадуцыруюць поліцукрыды, шэраг вітамінаў, антыбіётыкі.

т. 1, с. 171

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕЙКО́З (ад грэч. leucos белы),

белакроўе, лейкемія, пухліннае захворванне крывятворнай тканкі ў жывёл і чалавека, пры якім пашкоджваюцца касцявы мозг, лімфатычныя вузлы, селязёнка, кроў і інш. Апісаны Р.Вірхавым (1845). Адрозніваюць Л. вострыя і хранічныя. Вострыя падзяляюцца на міэла-, лімфа-, мона-, эрытрабластавыя і інш.; хранічныя — на міэлалейкоз, міэлафіброз, лімфалейкоз, эрытрамію, тромбацытамію і інш. Прыкметы Л.: малакроўе, слабасць, хуткая стамляльнасць, павелічэнне селязёнкі, печані, лімфатычных вузлоў, боль у касцях, бластоз крыві і парушэнне абмену рэчываў. Лячэнне — аўта- і алатрансплантацыя касцявога мозга.

Я.​П.​Іваноў.

т. 9, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕМБРЫ́ЙСКІЯ ГО́РЫ (Cambrian Mountains),

горы ў Вялікабрытаніі на п-ве Уэльс. Даўж. каля 150 км. Выш. да 1085 м (г. Сноўдан). Шэраг пласкагор’яў, над якімі ўзвышаюцца асобныя кражы з горналедавіковым рэльефам. Складзены з вулканічных парод, сланцаў, вапнякоў, пясчанікаў. Радовішчы каменнага вугалю. Густая сетка рэк, шматлікія невял. азёры. Да выш. 400—600 м шыракалістыя лясы (дуб, бук, ясень), вышэй верасоўнікі, тарфяныя пусткі. У далінах сады. Рэзерваты: І-Уітва-Сноўдан, Кум-Ідуал, Мур-Хаўс, Рынаг і інш. У К.г. упершыню апісаны адклады кембрыйскай сістэмы (перыяду).

т. 8, с. 226

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)