ГАЗГО́ЛЬДЭР (ад газ + англ. holder трымальнік),

стацыянарны метал. рэзервуар для захоўвання газаў. Бываюць нізкага (4—5 кПа) і высокага (0,07—3 МПа) ціску, пераменнага і пастаяннага аб’ёму, цыліндрычныя (гарыз. і верт.) і сферычныя.

Газгольдэры нізкага ціску падзяляюцца на мокрыя і сухія (поршневыя). Мокры газгольдэр — верт. купалападобны рэзервуар, ніз якога апушчаны ў водны басейн. Пры падачы газу ў рэзервуар ён падымаецца, пры выдачы апускаецца. Сухі газгольдэр — нерухомы верт. корпус з поршнем, які падымаецца пры падачы газу і апускаецца пры адборы. Ёмістасць газгольдэраў да 100 тыс. м³ і болей. Выкарыстоўваюцца ў газавай, хім., коксавай, металургічнай і нафтавай прам-сці, у гар. газавай гаспадарцы.

В.​В.​Арціховіч, В.​М.​Капко.

Газгольдэры: 1 — гарызантальны; 2 — вертыкальны; 3 — шаравы.

т. 4, с. 430

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛТЫ́ЙСКАЯ СІНЕКЛІ́ЗА,

адмоўная структура на ПнЗ Рускай пліты, частка Балтыйска-Прыднястроўскай зоны перыкратонных прагінаў. Займае тэр. Літвы, Латвіі, Эстоніі, Калінінградскай вобласці Расіі, Польшчы, Даніі, частку Швецыі і Балтыйскага мора. Сучляняецца на ПнЗ з Балтыйскім шчытом, на У з Латвійскай седлавінай, на ПдУ з Беларускай антэклізай, на ПдЗ аддзелена ад Паморскай упадзіны Тэйсейра-Торнквіста лініяй. Распасціраецца на ПнУ на 700 км, шыр. 250—500 км.

Фундамент апушчаны да глыб. 8 км (на ПдЗ). Запоўнена адкладамі ад вендскай да пермскай сістэм, часткова меза-кайназойскімі. Балтыйская сінекліза сфарміравалася ў каледонскі этап тэктагенезу. У платформавым чахле вылучаюцца верхнебайкальскі, каледонскі, герцынскі і кімерыйска-альпійскі структурна-фармацыйныя комплексы. З імі звязаны Балтыйская нафтагазаносная вобласць, радовішчы гаручых сланцаў, бурштыну і інш. карысных выкапняў.

Г.​У.​Зінавенка.

т. 2, с. 263

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)