ІМАМА́Т,

1) адна з форм мусульманскай тэакратыі.

2) У гісторыі народаў Каўказа І. — дзяржава мюрыдаў у Дагестане і Чэчні, якая ўзнікла ў канцы 1820-х г. у час Каўказскай вайны 1817—64. Ідэйная апора І. — мюрыдызм, а таксама газават і джыхад. І. узначальвалі імамы. Асабліва вызначыўся Шаміль [1834—59]. У пач. 1850-х г. паглыбіўся ўнутр. крызіс І., у т. л. абвастрыліся супярэчнасці паміж феадаламі і сялянамі. Асобныя праяўленні І. мелі месца ў 20 ст., у т. л. ў Чэчні ў час ваен. дзеянняў 1995—96.

т. 7, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АТЛА́НТ,

1) у старажытнагрэчаскай міфалогіі — асілак (тытан), які трымаў на сваіх плячах небасхіл. Атлант — бацька сямі плеяд і німфы Каліпсо. Паводле міфаў Персей ператварыў Атланта ў скалу.

2) У архітэктуры атлант — апора ў выглядзе мужчынскай статуі, што падтрымлівае перакрыцці будынка, балкона, порціка і інш. Такія атланты вядомы з антычнасці (храм Зеўса Алімпійскага ў г. Агрыджэнта, Італія, 5 ст. да нашай эры), пашыраны ў архітэктуры 17 — пач. 20 ст. (атланты ратушы ў Тулоне, Францыя, 1656—57; атланты порціка Новага Эрмітажа ў С.-Пецярбургу, 1844—49) і інш.

Атлант ратушы ў Тулоне. Скульптар П.​Пюжэ. 1656—57.

т. 2, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВОДАНАПО́РНАЯ ВЕ́ЖА,

збудаванне ў сістэме водазабеспячэння для выраўноўвання работы помпавых станцый, стварэння запасу вады, рэгулявання яе напору і расходу ў водаправоднай сетцы. Складаецца з рэзервуара (пераважна з жалезабетону або сталі), апорных канструкцый (з жалезабетону, сталі, часам цэглы), ахоўнага шатра (ад замярзання), труб для падачы і адводу вады. Ёмістасць рэзервуара да некалькіх тысяч кубічных метраў, вышыня вежы да 25 м і болей. Абсталёўваецца пераліўнымі прыстасаваннямі (прадухіляюць перапаўненне рэзервуара), сістэмамі сігналізацыі і замеру ўзроўню вады. Некат. воданапорныя вежы з’яўляюцца помнікамі архітэктуры (напр., гродзенскія воданапорныя вежы).

Жалезабетонная воданапорная вежа: 1 — бак; 2 — ахоўны шацёр; 3 — апора.

т. 4, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІБРАГІ́МАЎ (Мірза Аждар аглы) (н. 28.10.1911, с. Эве, Азербайджан),

азербайджанскі пісьменнік, грамадскі дзеяч. Акад. АН Азербайджана (1945). Нар. пісьменнік Азербайджана (1961). Герой Сац. Працы (1981). У раманах «Настане дзень» (1948, Дзярж. прэмія СССР 1950), «Вялікая апора» (1957), «Пэрванэ» (1970), «Новыя часы» (1971) і інш. адлюстраваў перыпетыі гіст. лёсу азерб. народа (нац.-вызв. рух у Іране, станаўленне калгаснай вёскі, падзеі Вял. Айч. вайны). Вядомы як драматург, публіцыст і літаратуразнавец. Аўтар зб. «Кніга майго жыцця. Нарысы» (1982). На бел. мову асобныя творы І. пераклалі У.​Анісковіч, П.​Ізох, П.​Кавалёў, А.​Макаёнак.

Тв.:

Бел. пер. — Настане дзень. Мн., 1953.

т. 7, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАГА́ ЦЕ́ЛА,

сіла, з якой цела ў полі сілы цяжару (напр., гравітацыйным полі Зямлі) уздзейнічае на апору (або падвес), што перашкаджае свабоднаму падзенню цела. Калі апора нерухомая або рухаецца раўнамерна і прамалінейна адносна інерцыяльнай сістэмы адліку, вага цела лікава роўная сіле цяжару. Вызначаецца з дапамогай спружынных (непасрэдна) або рычажных (ускосна) вагаў. Вымяраецца ў ньютанах.

З прычыны сціснутасці Зямлі і яе сутачнага вярчэння вага цела залежыць ад шыраты мясцовасці (на экватары прыблізна на 0,5% меншая, чым на полюсах). Пры паскораным руху цела вага цела залежыць ад паскарэння сістэмы, напр., калі паскарэнне супадае (па модулі і напрамку) з паскарэннем сілы цяжару, назіраецца бязважкасць.

т. 3, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРЭВАГУ́БЦА чырвонапузырнік

(Celastrus),

род кветкавых раслін сям. брызглінавых. Каля 30 відаў. Пашыраны ва Усх. Азіі і Паўн. Амерыцы. На Беларусі ў Цэнтр. бат. садзе Нац. АН Беларусі інтрадукаваны 5 відаў і 1 форма. Д. круглалісты (C. orbiculata) рэкамендаваны для зялёнага буд-ва.

Дрэвавыя густагалінастыя ліяны з доўгімі цыліндрычнымі парасткамі. Лісце простае, эліпсападобнае, бліскучае, цёмна-зялёнае, увосень ярка-жоўтае. Кветкі дробныя, непрыкметныя, зеленаватыя, у пазушных мяцёлках. Плод — каробачка. Дэкар. і лек. расліны. Размнажаюцца насеннем і вегетатыўна. Выкарыстоўваюць для верт. азелянення. Нельга высаджваць каля дрэў і кустоў (парасткі Д. сціскаюць ствол і расліна-апора гіне, адсюль назва роду).

Г.​У.​Вынаеў.

Дрэвагубца круглалісты.

т. 6, с. 232

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́БЕЛАЧ ((Kabeláć) Міласлаў) (1.8.1908, Прага — 1979),

чэшскі кампазітар, дырыжор, педагог. Вучыўся ў Пражскай кансерваторыі (1928—31), Школе майстроў пры ёй (1931—32), выкладаў у кансерваторыі (праф. з 1958). У 1932—54 (з перапынкам) муз. рэжысёр, муз. рэдактар, дырыжор Пражскага радыё. Яго музыцы ўласціва апора на традыцыі нац. муз. фальклору ў спалучэнні з новымі прыёмамі пісьма. Эксперыментаваў у галіне электроннай музыкі. Сярод тв.: 8 сімфоній (1942—68), пасакалля «Містэрыя часу» (1957), 2 уверцюры, «Гамлетаўскія імправізацыі» і цыкл «Адлюстраванне» (1964) для арк.; 2 кантаты; «Містэрыя цішыні»; т. зв. электронна-акустычная кампазіцыя «6 карцін з чэшскіх летапісаў» (1970) і інш. Дзярж. прэмія Чэхаславакіі 1965.

т. 7, с. 384

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЗАЧКО́Ў (Эдуард Ашэравіч) (н. 1933, г. Гомель),

бел. кампазітар, ваенны дырыжор. Засл. дз. культуры Беларусі (1968), засл. дз. маст. Расіі (1985). Скончыў Маскоўскі ін-т ваен. дырыжораў (1957), Бел. кансерваторыю (1967, клас А.Багатырова). У 1969—87 ваен. дырыжор Групы сав. войск у Чэхаславакіі, у Хабараўску. Для яго творчасці характэрна апора на класічныя традыцыі. Сярод твораў: оперы для дзяцей, муз. камедыі і казкі; вак.-сімф. (у т. л. араторыя «Не! Nein! No passaran!», 1984; кантата «Акварэлі», 1976), камерна інстр. і камерна-вак. творы; хар. сюіта «Поры года» (1980) і канцэрт на нар. словы (1988); духавая музыка; песні; апрацоўкі бел. нар. песень і інш.

т. 7, с. 424

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІТВІ́Н (Мікалай Канстанцінавіч) (н. 11.5.1951, в. Пятрэвічы Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. кампазітар. Скончыў Бел. кансерваторыю (1977, клас А.Багатырова). З 1979 выкладае ў Бел. акадэміі музыкі. У творчасці адчувальныя класічныя традыцыі, апора на муз. фальклор. Сярод твораў: сімфонія (1976), кантата «Беларуская калыханка» на словы В.​Віткі (1977), эскіз «Горкі вырай» для чытальніка і аркестра на словы М.​Мятліцкага (1993), Фантазія на бел. тэмы для аркестра нар. інструментаў, Сюіта для ансамбля нар. інструментаў, Элегія для кантрабаса, струнных і ўдарных інструментаў; Канцэртная п’еса для актэта драўляных духавых; п’есы для баяна; цыкл хароў «Родныя вобразы» на вершы Я.​Коласа і Я.​Купалы (1983), песні.

Р.​М.​Аладава.

т. 9, с. 313

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПУСКНЫ́ КАЛО́ДЗЕЖ,

полая замкнёная звычайна жалезабетонная канструкцыя, якая апускаецца ў грунт ад уласнай вагі і агароджвае грунтавую выпрацоўку. Бывае круглай (дыяметрам да 80 м), эліптычнай ці прамавугольнай у плане формы. Грунт унутры апускнога калодзежа распрацоўваецца пераважна грэйферам, таксама экскаватарам, гідраэлеватарам. У малазвязных грунтах і пясках апусканне калодзежа паскараюць вібраўстаноўкамі, у гліністых — напампоўваннем паміж сценкамі калодзежа і грунтам гліністай суспензіі. Выкарыстоўваюцца апускныя калодзежы пры збудаванні глыбокіх масіўных фундаментаў (70 м і болей), падземных памяшканняў, рэзервуараў і інш. Калі апускны калодзеж прызначаецца пад фундамент, то запаўняецца бетонам ці замуроўваецца, калі пад памяшканне (напр., помпавую станцыю) — робіцца днішча.

Апускны калодзеж: 1 — цалкам запоўнены бетонам (калодзеж-апора); 2 — часткова запоўнены бетонам (калодзеж—заглыбленае збудаванне).
Выманне грунту з апускнога калодзежа грэйферам.

т. 1, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)