ВАЛЮ́ТНАЕ ЗАКАНАДА́ЎСТВА,

сукупнасць прававых нормаў, якія вызначаюць парадак міжнар. разлікаў і інш. здзелак з валютнымі каштоўнасцямі ўнутры краіны і ва ўзаемаадносінах яе юрыд. і фіз. асоб з прадстаўнікамі інш. краін. Нормы валютнага заканадаўства вызначаюць агульныя прынцыпы валютных аперацый, паўнамоцтвы і функцыі дзярж. органаў у валютным рэгуляванні і кіраванні валютнымі рэсурсамі, правы і абавязкі суб’ектаў, што валодаюць валютнымі каштоўнасцямі і карыстаюцца імі, меры адказнасці і санкцыі за парушэнні правіл аб здзелках і аперацыях з валютай.

Да 1986 валютнае заканадаўства было абумоўлена валютнай манаполіяй дзяржавы, і ўсе аперацыі (здзелкі) з валютнымі каштоўнасцямі на тэр. СССР ажыццяўляліся толькі спецыяльна ўпаўнаважанымі на тое дзярж. органамі і арг-цыямі. Пасля 1986 прыняты шэраг нарматыўных актаў, накіраваных на расшырэнне правоў юрыд. і фіз. асоб у сферы валютных адносін Рэспублікі Беларусь, у т. л. законы «Аб асновах знешнеэканамічнай дзейнасці Рэспублікі Беларусь» ад 25.10.1990, «Аб інвестыцыйнай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь», уведзены ў дзеянне з 1.1.1992, «Аб часовым парадку валютнага рэгулявання і правядзення валютных аперацый на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь» ад 20.3.1992, указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Аб устанаўленні парадку рэгулявання экспартна-імпартных і валютных аперацый і павышэнні адказнасці за парушэнне заканадаўства ў галіне знешнеэканамічнай дзейнасці» ад 8.2.1995, і інш.

т. 3, с. 496

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАКЛА́ДНАСЦЬ,

ступень прыбліжэння сапраўднага значэння параметраў працэсу, прадмета, рэчыва да іх тэарэт. намінальнага значэння.

Д. апрацоўкі — ступень прыбліжэння формы, памераў і становішча апрацаванай паверхні дэталі да патрабаванняў чарцяжа і тэхн. умоў. Вызначаецца квалітэтам. Д. вымярэнняў — характарыстыка вымярэнняў, якая паказвае ступень блізкасці да нуля хібнасці вымярэнняў. Лікава выражаецца значэннем, адваротным модулю адноснай хібнасці (АХ) вымярэння. Напр., пры АХ, роўнай 2% (або 0,02), Д. вымярэнняў роўная 1/0,02 = 50. Д. меры і вымяральнай прылады — ступень блізкасці значэнняў меры або паказання прылады да сапраўднага значэння велічыні, якая ўзнаўляецца мерай або вымяраецца прыладай (гл. Класы дакладнасці). Д. лічбавай вымяральнай машыны характарызуецца значэннем макс. хібнасці выніку вылічэнняў. Павышаецца зменай метаду вылічэнняў (павелічэннем ліку аперацый, зменай іх парадку і г.д.) або ўвядзеннем аперацый з лікамі павялічанай разраднасці.

т. 6, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУРАВА́Я ВЫ́ШКА,

збудаванне над свідравінай для пад’ёму і апускання абсадных і буравых труб і буравога інструменту. Забяспечваецца сродкамі механізацыі падымальна-спускальных аперацый і касетай для размяшчэння труб. Бываюць вежавыя (пірамідападобнай формы з 3 або 4 апорамі) і мачтавыя (А-падобныя). Вышыня буравой вышкі залежыць ад праектнай глыбіні свідравіны. Манціруюць з асобных вузлоў.

т. 3, с. 341

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АВІ́ЗА

(італьян. avviso),

паведамленне (пісьмо) атрымальніку аб адгрузцы яму прадукцыі, пераводзе грашовых сродкаў ці аб зменах ва ўзаемных разліках паміж контрагентамі. У банкаўскай, камерцыйнай, бухгалтарскай практыцы авіза — афіцыйнае паведамленне аднаго контрагента другому аб выкананні разліковых аперацый. Банкі высылаюць авізу сваім карэспандэнтам і кліентам пра дэбетавыя і крэдытавыя запісы, рэшту сродкаў на рахунках і інш. разліковыя аперацыі.

т. 1, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРА́ФІК ЦЫКЛІ́ЧНАСЦІ,

графічнае адлюстраванне паслядоўнасці, працягласці і аб’ёмнасці колькасных паказчыкаў тэхнал. працэсаў вытв-сці. Складаецца на аснове разлікаў па вызначэнні аб’ёму работы па тэхналогіі, працягласці асобных аперацый, іх паслядоўнасці і сумяшчэння, колькасці рабочых і ўзаемасувязей паміж аперацыямі ў поўным вытв. цыкле. Найб. неабходны на прадпрыемствах з неперарыўнымі і цыклічнымі працэсамі вытв-сці; а таксама ў гарнаруднай прам-сці.

А.А.Саламонаў.

т. 5, с. 412

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЛУ́ЧАНЫ БАНК,

расійскі банк у 1909—17 у Маскве. Узнік у выніку санацыі і зліцця Маскоўскага міжнар. гандлёвага, Арлоўскага камерцыйнага і Паўднёва-Рускага прамысл. банкаў. У 1914 яму належалі філіялы ў Брэсце, Вільні, Віцебску, Гомелі, Дзвінску, Магілёве, Оршы, Полацку. Па колькасці філіялаў З.б. займаў 1-е месца ў Беларусі, аднак па аб’ёме банкаўскіх аперацый уступаў Азоўска-Данскому і Руска-Азіяцкаму банкам.

В.М.Сяховіч.

т. 7, с. 77

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНДРЭ́ (Andrè) Жак

(25.2.1919, Парыж — 3.4.1988),

французскі лётчык, удзельнік вызвалення Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1945). Засл. лётчык Францыі. Вучыўся ва ун-це, скончыў лётную школу. З 1943 у СССР у складзе знішчальнага авіяпалка «Нармандыя—Нёман» 1-й паветр. арміі. Удзельнік Віцебска-Аршанскай, Усх.-Прускай, Кёнігсбергскай аперацый. Зрабіў 113 баявых вылетаў, збіў 17 самалётаў праціўніка. Да 1969 у франц. арміі, палкоўнік.

т. 1, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАНІЛІ́ЦКІ Антон Пятровіч

(н. 1.1.1922, в. Бобрык Петрыкаўскага р-на Гомельскай вобл.),

Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў Бабруйскі тэхнікум мех. апрацоўкі дрэва (1940), Ваен. акадэмію бранятанк. войск (1954). У Чырв. Арміі з 1940. У Вял. Айч. вайну на фронце з 1941. Удзельнік вызвалення Украіны, Польшчы, Берлінскай і Пражскай аперацый. Камандзір танка Д. вызначыўся ў ліп.жн. 1944 у Львоўска-Сандамірскай аперацыі. Да 1972 у Сав Арміі.

А.П.Даніліцкі.

т. 6, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНАЛІТЫ́ЧНЫ ЎЛІ́К,

дэталізаваны бухгалтарскі ўлік гасп. аперацый і сродкаў прадпрыемстваў, арг-цый, устаноў з дапамогай аналітычных рахункаў. Ажыццяўляецца ў натуральных і вартасных паказчыках, для аператыўнага кіравання і справаздачнасці. Дае магчымасць аператыўна сачыць за наяўнасцю кожнага віду таварна-матэрыяльных каштоўнасцяў, за разлікамі з пастаўшчыкамі, падрадчыкамі, дэбіторамі, крэдыторамі, падсправаздачнымі асобамі і інш. Па звестках аналітычнага ўліку можна рабіць справаздачныя калькуляцыі сабекошту прадукцыі, а па натуральных паказчыках выяўляць лішкі ці недахоп сродкаў.

т. 1, с. 335

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫРАША́ЛЬНЫ ЎЗМАЦНЯ́ЛЬНІК у аналагавых вылічальных машынах, узмацняльнік пастаяннага току з ланцугамі адмоўнай адваротнай сувязі. Прызначаны для выканання матэм. аперацый (напр., складання, інтэгравання, дыферэнцыравання) над аналагавымі велічынямі. Пры нелінейных ланцугах адваротнай сувязі дае магчымасць выконваць нелінейныя аперацыі (падвышэнне да ступені, множанне, лагарыфмаванне). Вырашальны ўзмацняльнік без ланцугоў адваротнай сувязі наз. аперацыйным узмацняльнікам (мае каэфіцыент узмацнення больш за 10​6; выпускаецца ў выглядзе інтэгральнай схемы). Выкарыстоўваецца таксама ў сістэмах аўтаматыкі, радыё- і вымяральнай тэхнікі.

т. 4, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)