КІНАЎСТАНО́ЎКА,
комплекс абсталявання для дэманстравання кінафільмаў. Бываюць стацыянарныя і перасоўныя (гл. Кінаперасоўка). У склад стацыянарных К. уваходзяць 2—3 кінапраекцыйныя апараты, камплект гукаўзнаўляльнага абсталявання (з гучнагаварыцелямі, гукавымі калонкамі), электрасілавое абсталяванне, прыстасаванні для перамотвання плёнкі і інш. Работа найб. складаных К. аўтаматызавана.
т. 8, с. 267
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЎКАВЫ́СКАЯ СУКО́ННАЯ ФА́БРЫКА.
Дзейнічала ў Беларусі ў 1827—84 у г. Ваўкавыск. Вырабляла розныя сукны, таксама трыко. У 1870 пушчана паравая машына. Мела 40 ткацкіх станкоў, 4 часальныя апараты, 6 прадзільных машын па 600 верацён (1879). Працавалі ад 32 (1828) да 97 (1880) рабочых.
т. 4, с. 42
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАГО́НКА НА́ФТЫ,
дыстыляцыя нафты, раздзяленне нафты на асобныя фракцыі з рознымі тэмпературнымі інтэрваламі выкіпання; пачатковы працэс нафтаперапрацоўкі. Засн. на тым, што пры награванні нафты ўтвараецца паравая фаза, састаў якой адрозніваецца ад саставу вадкасці (гл. Дыстыляцыя).
У прам-сці ажыццяўляюць на неперарыўна дзейных нафтаперагонных устаноўках. Асн. апараты ўстановак — рэктыфікацыйныя калоны (гл. Рэктыфікацыя), трубчастыя печы і цеплаабменныя апараты. Адрозніваюць атм. трубчастыя, ці АТ-устаноўкі, і атм.-вакуумныя трубчастыя, ці АВТ-устаноўкі. У АТ-устаноўках П.н. ажыццяўляюць пад ціскам 150—400 кПа; у АВТ-устаноўках — спачатку пры атм., а потым пры нізкім ціску (5—15 кПа). На АТ-устаноўках атрымліваюць светлыя фракцыі, што выкіпаюць да 350 °C (вуглевадародны газ, бензін, газа, газойль) і мазут, на АТВ-устаноўках — тыя ж фракцыі, а таксама вакуумны газойль, дыстылятнае масла (гл. Нафтавае масла) і гудрон.
Літ.:
Александров И.А. Перегонка и ректификация в нефтепереработке. М., 1981.
т. 12, с. 272
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРА́НАВІЦКІ НАВУЧА́ЛЬНА-ВЫТВО́РЧЫ КО́МПЛЕКС «ПТВ-ТЭ́ХНІКУМ» Белкаапсаюза.
Засн. ў 1959 у Баранавічах як тэхнал. тэхнікум, з 1993 — цяперашняя назва. Спецыяльнасці (1995/96 навуч. г.): тэхналогія прадукцыі грамадскага харчавання, тэхналогія захоўвання і перапрацоўкі расліннай сыравіны, машыны і апараты харч. вытв-сці. Прымае асоб з сярэдняй адукацыяй. Навучанне дзённае і завочнае.
т. 2, с. 295
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАДО́ ((Baudot) Жан Марыс Эміль) (11.9.1845, Маньё, Францыя — 23.3.1903),
французскі вынаходнік у галіне тэлеграфіі. Стварыў першую практычна прыдатную да эксплуатацыі сістэму шматразовага тэлеграфавання перадачай раўнамерных кодавых пасылак эл. току (1874—76). Першыя Бадо апараты пачалі дзейнічаць у 1877 на тэлеграфнай лініі Парыж—Бардо. Імем Бадо названа (1927) адзінка скорасці тэлеграфавання — бод.
т. 2, с. 214
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛАДЗЕ́ЧАНСКІ ПОЛІТЭХНІ́ЧНЫ ТЭ́ХНІКУМ Засн. ў г. Маладзечна ў 1960. Спецыяльнасці (1998/99 навуч. г.): электратэхніка; вытв-сць радыёэлектронных сродкаў; тэхналогія, абсталяванне і аўтаматызацыя машынабудавання; машыны і апараты харч. вытв-сцей; тэхналогія захоўвання і перапрацоўкі расліннай сыравіны; тэхналогія харч. вытв-сцей. Прымае асоб з базавай і сярэдняй адукацыяй. Навучанне дзённае і завочнае.
т. 9, с. 553
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАБІЯСФЕ́РА (ад пара... + біясфера),
слаі атмасферы паміж 6—7-м і 60—80-м км над паверхняй Зямлі, куды жывыя арганізмы трапляюць выпадкова і могуць часова існаваць, але не ў стане нармальна жыць і размнажацца; верхні аналаг гіпабіясферы. Да П. адносяць таксама населеныя касм. апараты, якія знаходзяцца на арбітах над Зямлёй.
т. 12, с. 76
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯТА́ЛЬНЫ АПАРА́Т,
агульная назва машын, тэхнічных канструкцый, прылад для палёту ў атмасферы або ў касм. прасторы.
Адрозніваюць 2 асн. групы Л.а.: лягчэйшыя за паветра і цяжэйшыя за яго. Дзеянне Л.а. 1-й групы (аэрастаты) заснавана на выкарыстанні аэрастатычнай падымальнай сілы, што ствараецца ў выніку напаўнення спец. абалонкі газам, што лягчэйшы за паветра. Л.а. 2-й групы падзяляюцца на аэрадынамічныя (верталёты, вінтакрылы, дэльтапланы, планёры, самалёты, экранапланы), балістычныя (ракеты-носьбіты, касмічныя апараты). Аэрадынамічныя трымаюцца ў паветры ад дзеяння падымальнай аэрадынамічнай сілы, што ўзнікае на крылах або вінтах Л.а. Балістычныя Л.а. рухаюцца па балістычных траекторыях ад дзеяння рэакцыі масы газу, што выходзіць з сапла рэактыўнага рухавіка. Касм. апараты, прызначаныя для пасадкі на паверхню планеты, могуць рухацца ад дзеяння аэрадынамічнай сілы або рэактыўнага рухавіка. Л.а. 2-й групы шырока выкарыстоўваюцца ў многіх галінах нар. гаспадаркі, у навуцы, вайск. справе, спорце. Гл. таксама Авіяцыя, Касманаўтыка, Паветраплаванне.
У.С.Ларыёнаў.
т. 9, с. 432
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАМЯНЁВАЯ ТЭРАПІ́Я, радыетэрапія,
лячэнне іанізавальным выпрамяненнем. Выкарыстоўваюць фатоннае (гама-выпрамяненне, рэнтгенаўскае, тармазное) і карпускулярнае (пучкі электронаў, пратонаў, нейтронаў, цяжкіх іонаў, таксама альфа- і бэта-выпрамяненні радыеактыўных ізатопаў) іанізавальнае выпрамяненне. Крыніцы выпрамянення ў П.т.: радыеактыўныя рэчывы (натуральныя або штучныя радыенукліды) і спец. электрафіз. апараты, якія ствараюць пучкі выпрамянення (рэнтгенаўскія апараты, паскаральнікі электронаў, пратонаў, генератары нейтронаў). Метады П.т.: дыстанцыйнае апрамяненне (гама-выпрамяненне кобальту-60 або цэзію-137, рэнтгенаўскае і інш.) і кантактнае (унутрыполасцевае, унутрытканкавае). Дыстанцыйнае апрамяненне ажыццяўляецца ў статычным або ў рухомым рэжымах. Механізм дзеяння П.т. — непарыўна звязаныя біяфіз. і біяхім. працэсы, якія выклікаюць функцыян. і марфал. змены ў клетках (да іх адмірання). Аснова П.т. — розная радыеадчувальнасць нармальных і пухлінных тканак (тэрапеўт. інтэрвал радыеадчувальнасці). П.т. з’яўляецца вядучым метадам кансерватыўнага лячэння шматлікіх форм злаякасных пухлін (рак скуры, губы, языка, гартані, шыйкі маткі), важным кампанентам камбінаванага і комплекснага лячэння.
Літ.:
Киселева Е.С. Лучевая терапия злокачественных опухолей. М., 1996.
С.Маўрычаў.
т. 13, с. 11
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБРУ́ЙСКІ МЕХА́НІКА-ТЭХНАЛАГІ́ЧНЫ ТЭ́ХНІКУМ.
Засн. ў 1966 у г. Бабруйск. Спецыяльнасці (1995/96 навуч. г.): электратэхніка, тэхналогія абсталявання і аўтаматызацыя машынабудавання, хім. тэхналогія вытворчасці і перапрацоўкі арган. матэрыялаў, аналітычны кантроль якасці хім. злучэнняў, машыны і апараты хім. вытворчасцяў і прадпрыемстваў буд. матэрыялаў. Прымае асоб з базавай і сярэдняй адукацыяй. Навучанне дзённае і вячэрняе.
т. 2, с. 191
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)