«АПАЛО́Н»,

амерыканская праграма падрыхтоўкі і ажыццяўлення пілатуемых палётаў на Месяц, а таксама серыя касм. караблёў для яе выканання. Асн. прызначэнне — дастаўка касманаўтаў на Месяц; здзейснены таксама беспілотныя палёты і палёты касманаўтаў вакол Зямлі. У 1968—75 запушчана 15 «Апалонаў» з экіпажамі, усяго 38 касманаўтаў. На «Апалоне-11» здзейснена першая ў свеце пасадка на Месяц (Н.Армстранг, Э.Олдрын, 1969). Па праграме «Апалон» даследавалі Месяц і калямесяцавую прастору, на Зямлю дастаўлены ўзоры месяцавага грунту.

Карабель «Апалон» мае асн. блок (для дастаўкі 3 касманаўтаў на селенацэнтрычную арбіту і вяртання іх на Зямлю) і месяцавую кабіну (для дастаўкі 2 касманаўтаў на паверхню Месяца, забеспячэння іх знаходжання на ім і вяртання на селенацэнтрычную арбіту). Маса «Апалона» да 47 т. Асн. блок уключае адсек экіпажа (спускальны апарат для пасадкі на ваду і на сушу) і рухальны адсек. Месяцавая кабіна мае пасадачную (застаецца на Месяцы) і ўзлётную ступені. «Апалон» забяспечаны стыковачным прыстасаваннем для пераходу касманаўтаў з адсека экіпажа ў месяцавую кабіну. Запуск і вывядзенне «Апалона» на арбіту ШСЗ ажыццяўляліся ракетамі-носьбітамі тыпу «Сатурн». Мадыфікацыі «Апалона» выкарыстоўваліся для дастаўкі экіпажаў на арбітальную станцыю «Скайлэб» і стыкоўкі з караблём «Саюз-19» па праграме ЭПАС.

т. 1, с. 416

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПАЛО́Н, Феб,

у грэчаскай міфалогіі бог сонца, святла, мудрасці, апякун мастацтваў. Сын Зеўса і Леты, брат-блізня Артэміды. У выяўл. мастацтве Апалон паказваўся прыгожым юнаком з лукам і стрэламі ці з кіфарай у руках. Валодаў дарам прадбачання і надзяляў ім людзей. У гонар перамогі Апалону над драконам-пачварай Піфонам каля Дэльфаў пабудаваны Дэльфійскі храм, дзе адбываліся святкаванні ў гонар Апалона (Піфійскія гульні). Былі шматлікія свяцілішчы Апалона, найб. вядомыя ў Дэльфах і на в-ве Дэлас. Міф аб Апалоне натхняў ант. скульптараў, жывапісцаў А.Мантэнья, Рафаэля, Джарджоне, кампазітараў І.С.Баха, В.А.Моцарта, І.Стравінскага і інш.

т. 1, с. 416

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПАЛО́Н,

малая планета. Дыяметр каля 1 км. Абарачаецца вакол Сонца па эліптычнай арбіце з перыядам 1,81 г. Адлегласць ад Сонца ў перыгеліі 0,645, у афеліі 2,327 а.а. Найменшая адлегласць ад Зямлі 15 млн. км. Адкрыта К.Рэйнмутам (Германія, 1932).

т. 1, с. 416

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«Апалон» (касм. карабель) 1/379—380; 5/497; 6/56; 7/147, 567

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́СКАЯ КАПЭ́ЛА»,

нацыянальнае тэатральна-канцэртнае аб’яднанне. Створана ў 1992 у Мінску на базе аднайм. калектыву. Маст. Кіраўнік В.Скорабагатаў. У аснове арганізацыі аб’яднання — прынцыпы еўрап. капэлы 17—18 ст. Кірункі дзейнасці: аднаўленне ў тэатр.-канцэртнай практыцы бел. муз. спадчыны, збіранне, даследаванне і публікацыя бел. муз. твораў 17—19 ст., прапаганда сучаснай, у тым ліку авангарднай, музыкі. Па ініцыятыве капэлы зроблены сучасныя аўтарскія версіі зборніка лірычных кантаў «Куранты» (В.Капыцько), школьнай оперы «Апалон-заканадаўца, або Рэфармаваны Парнас» Р.Вардоцкага (Дз.Смольскі). Праводзіць штогод (з 1991) міжнар. фестывалі «Адраджэнне беларускай капэлы», на якіх паказаны (у канцэртным выкананні) оперы «Уяўная каханка» Дж.Паізіела і «Апалон-заканадаўца...», «Балетны дывертысмент»; выконваліся творы Я.Д.Голанда, М.Радзівіла, Э.Ванжуры, В.Казлоўскага, Міхала Клеафаса і Міхала Казіміра Агінскіх, братоў А. і М.Ельскіх, Ф.Міладоўскага, Ю.І.Крашэўскага, С.Манюшкі і інш.

Р.М.Аладава.

т. 2, с. 412

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Апалон (міфал.) 1/379, 461, 517; 4/563; 6/231, 342; 7/170, 306; 8/110

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

АЛО́НСА (Alonso; сапр. Мартынес дэль Ойо) Алісія

(н. 21.12.1921, Гавана),

кубінская артыстка балета, балетмайстар; заснавальніца кубінскага балета. Стварыла з Фернанда і Альберта Алонса ў Гаване трупу «Балет Алісіі Алонса» (1948, з 1959 — нац. балет Кубы). Паставіла шэраг арыгінальных балетаў. Сярод партый: Жызэль («Жызэль» А.Адана), Адэта — Адылія («Лебядзінае возера» П.Чайкоўскага), Сванільда («Капелія» Л.Дэліба), Тэрпсіхора («Апалон Мусагет» І.Стравінскага).

т. 1, с. 265

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́НДЭРС (Anders) Уільям Алісан

(н. 17.10.1938, Ганконг),

касманаўт ЗША. Скончыў Ваенна-марскую акадэмію ЗША (1955). З 1963 у групе касманаўтаў НАСА. 21—26.12.1968 разам з Ф.Борманам і Дж.Ловелам здзейсніў першы палёт да Месяца з выхадам на селенацэнтрычную арбіту на касм. караблі «Апалон-8» як пілот месяцавай кабіны. Карабель зрабіў 10 абаротаў вакол Месяца, вярнуўся на Зямлю. Палёт працягваўся 6,125 сут.

т. 1, с. 363

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́РМАН (Borman) Фрэнк

(н. 14.3.1928, г. Гэры, ЗША),

касманаўт ЗША. Палкоўнік ВПС. Скончыў Ваен. акадэмію ЗША (1950), Каліфарнійскі тэхнал. ін-т (1957). З 1962 у групе касманаўтаў НАСА. 4—18.12.1965 разам з Дж.Ловелам здзейсніў палёт на касм. караблі «Джэміні-7». 21—27.12.1968 разам з Ловелам і У.Андэрсам ажыццявіў першы ў свеце палёт да Месяца на касм. караблі «Апалон-8». Агульная працягласць палётаў 18,7 сут. Імем Бормана названы кратэр на Месяцы.

т. 3, с. 217

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРАНД (Brand) Вэнс

(н. 9.5.1931, Лонгмант, штат Каларада, ЗША),

касманаўт ЗША. Скончыў Каларадскі ун-т (1953). З 1966 у групе касманаўтаў НАСА 15—25.7.1975 з Т.Стафардам і Д.Слейтанам здзейсніў палёт на касм. караблі «Апалон» па праграме ЭПАС, 11—16.11.1982 з Р.Овермаерам, Дж.Аленам, У.Ленуарам — палёт на шматразовым касм. караблі «Спэйс Шатл» («Калумбія»), 3—11.2.1984 з Р.Гібсанам, Р.Мак-Нэрам, Б.Мак-Кандлесам, Р.Сцюартам — палёт на касм. караблі «Спэйс Шатл». Залаты медаль імя Ю.А.Гагарына.

т. 3, с. 241

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)