АПАЛО́НЫ (Parnassius),

род дзённых матылёў сям. паруснікаў, або кавалераў, атр. лускакрылых. Сустракаюцца пераважна ў горных раёнах Еўразіі, лакальна на раўнінах. На Беларусі трапляюцца апалон чорны (P. mnemosyne) і апалон (P. apollo) — рэдкія віды, занесеныя ў Чырв. кнігу.

Размах белых крылаў да 9 см, пярэднія крылы з 2—5 чорнымі плямкамі, заднія з чырвонымі. Апалон чорны па памерах меншы і без чырвоных плямак на крылах. Лёт у чэрв.—жніўні. Вусені чорныя з 2 радамі чырвоных плямак, кормяцца ў крас.—маі лісцем чубаткі, скочак і заечай капусты. Жывуць групамі. Кукалкі на глебе. Зімуюць у абалонцы яйца.

Апалоны: 1 — апалон; 2 — чорны.

т. 1, с. 416

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МНЕМАЗІ́НА, апалон чорны,

матыль, гл. ў арт. Апалоны.

т. 10, с. 501

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕАХА́Р (Leochares),

старажытнагрэчаскі скульптар сярэдзіны 4 ст. да н.э.; прадстаўнік позняй класікі. Працаваў у Афінах, Алімпіі, Дэльфах, Галікарнасе (са Скопасам), пры двары Аляксандра Македонскага. Сярод вядомых твораў: скульпт. група «Аляксандр на львіным паляванні», статуі цароў македонскай дынастыі, выкананыя ў тэхніцы хрыса-элефантнай скульптуры (золата са слановай косцю). Яму прыпісваюць статуі «Артэміда Версальская», «Апалон Бельведэрскі», «Ганімед» (захаваліся ў рым. копіях).

Леахар. Апалон Бельведэрскі. 2-я пал. 4 ст. да н.э.

т. 9, с. 172

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДА́ФНА,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі німфа, дачка багіні зямлі Геі і рачнога бога Пенея. Яна дала зарок захаваць цнатлівасць і бясшлюбнасць. Калі за ёю пагнаўся закаханы Апалон, Д. паклікала на дапамогу бацьку і ён ператварыў дачку ў лаўровае дрэва. Лаўр стаў любімай і свяшчэннай раслінай Апалона. На міф пра Д. напісана паэма «Метамарфозы» Авідзія, творы жывапісцаў Джарджоне, Н.​Пусэна, Дж.​Цьепала, кампазітараў Г.​Шутца, А.​Скарлаці і інш.

Апалон і Дафна. Л.​Берніні. 1622—24.

т. 6, с. 68

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫРАРДО́Н ((Girąrdon) Франсуа) (17.3.1628, г. Труа, Францыя — 1.9.1715),

французскі скульптар, прадстаўнік класіцызму. Вучыўся ў Труа, потым у Рыме ў Л.Берніні (да 1650), зазнаў уплыў барока. З 1657 чл. Каралеўскай акадэміі жывапісу і скульптуры ў Парыжы (праф. з 1659). Майстар манум.-дэкар. скульптуры. Аўтар скульпт. груп («Апалон і німфы», 1666—76, «Выкраданне Празерпіны», 1699, і інш.) і дэкар. ваз для палаца і парку ў Версалі, грабніцы кардынала Рышэлье ў царкве Сарбоны (1675—94), коннай статуі Людовіка XIV на Вандомскай пл. ў Парыжы (1683—99; разбурана ў 1792), шэрагу партрэтных бюстаў.

Ф.Жырардон. Апалон і німфы 1666—76.

т. 6, с. 469

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́РУСНІКІ, кавалеры (Papilionidae),

сямейства дзённых матылёў атр. лускакрылых. Больш за 20 родаў, каля 700 відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя палярных абласцей; асабліва шматлікія і разнастайныя ў тропіках. Жывуць пераважна на травяністых раслінах, трапляюцца на кустах і дрэвах. На Беларусі 4 віды: апалон, махаон, падалірый і апалон чорны, або мнемазіна; усе занесены ў Чырв. кнігу.

Крылы ў размаху да 25 см, шырокія; заднія з выемкай на баку, у многіх відаў заканчваюцца падоўжаным вырастам. Афарбоўка крылаў яркая, разнастайная. Вусікі булавападобныя. Развіццё з поўным ператварэннем. Вусені масіўныя, стракатыя, кукалкі зялёныя ці бурыя.

С.​Л.​Максімава.

Да арт. Паруснікі: 1 — махаон загрэус; 2 — махаон маака; 3 — махаон асканіус; 4 — бутанітыс лідэрдаліі; 5 — еўрытыдэс лізітоус; 6 — арнітаптэра крэзус.

т. 12, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́СКАЯ КАПЭ́ЛА»,

нацыянальнае тэатральна-канцэртнае аб’яднанне. Створана ў 1992 у Мінску на базе аднайм. калектыву. Маст. Кіраўнік В.Скорабагатаў. У аснове арганізацыі аб’яднання — прынцыпы еўрап. капэлы 17—18 ст. Кірункі дзейнасці: аднаўленне ў тэатр.-канцэртнай практыцы бел. муз. спадчыны, збіранне, даследаванне і публікацыя бел. муз. твораў 17—19 ст., прапаганда сучаснай, у т. л. авангарднай, музыкі. Па ініцыятыве капэлы зроблены сучасныя аўтарскія версіі зборніка лірычных кантаў «Куранты» (В.​Капыцько), школьнай оперы «Апалон-заканадаўца, або Рэфармаваны Парнас» Р.​Вардоцкага (Дз.​Смольскі). Праводзіць штогод (з 1991) міжнар. фестывалі «Адраджэнне беларускай капэлы», на якіх паказаны (у канцэртным выкананні) оперы «Уяўная каханка» Дж.​Паізіела і «Апалон-заканадаўца...», «Балетны дывертысмент»; выконваліся творы Я.​Д.​Голанда, М.​Радзівіла, Э.​Ванжуры, В.​Казлоўскага, Міхала Клеафаса і Міхала Казіміра Агінскіх, братоў А. і М.​Ельскіх, Ф.​Міладоўскага, Ю.​І.​Крашэўскага, С.​Манюшкі і інш.

Р.​М.​Аладава.

т. 2, с. 412

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЛУ́НАР О́РБІТЭР»

(Lunar Orbiter),

серыя амерыканскіх штучных спадарожнікаў Месяца для пошуку раёнаў пасадкі месяцавай кабіны касм. карабля «Апалон» і аўтам. міжпланетных станцый «Сервеер», навук. даследаванняў; праграма іх распрацоўкі і запускаў. Запушчана 5 «Л.о.» (1966—67). У выніку былі выбраны ўчасткі для пасадкі касм. караблёў, складзена падрабязная карта бачнага боку і некаторых раёнаў нябачнага боку Месяца.

т. 9, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРУДЖЫ́НА [Perugino; сапр. Ванучы

(Vannucci)] П’етра (каля 1448, Чыта-дэла-П’еве, Італія — люты—сак. 1523),

італьянскі жывапісец эпохі Адраджэння; прадстаўнік умбрыйскай школы жывапісу. Зазнаў уплывы П’ера дэла Франчэска, А.​Верок’ё (з 1470 працаваў у яго майстэрні ў Фларэнцыі), нідэрл. мастакоў. Творчасці ўласцівы плаўнасць кампазіцыйных рытмаў, гарманічная ураўнаважанасць прасторавых пабудоў, лірызм пейзажных фонаў. Аўтар фрэсак «Св. Себасцьян з двума святымі» ў царкве Санта-Марыя ў Чэрквета (1478), «Перадача ключоў св. Пятру» ў Сіксцінскай капэле Ватыкана (1481—92), «Укрыжаванне» ў царкве Санта-Марыя Мадалена дэі Пацы ў Фларэнцыі (1496), трыпціха «Укрыжаванне з прадстаячымі» (каля 1485), «Паліпціх Альбані» (1491), карцін «Апалон і Марсій» (каля 1495), «З’яўленне Мадонны св. Бернару» (каля 1490—94), тонда «Мадонна з анёламі і святымі», партрэтаў Франчэска дэле Аперэ (1494), дон Б’яджа Міланезі, дон Бальдасарэ ды Антоніо ды Анджэла, маладога чалавека (каля 1495—1500) і інш. У майстэрні П. вучыўся Рафаэль.

П.Перуджына. Апалон і Марсій. Каля 1495.

т. 12, с. 304

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́НДЭРС ((Anders) Уільям Алісан) (н. 17.10.1938, Ганконг),

касманаўт ЗША. Скончыў Ваенна-марскую акадэмію ЗША (1955). З 1963 у групе касманаўтаў НАСА. 21—26.12.1968 разам з Ф.​Борманам і Дж.​Ловелам здзейсніў першы палёт да Месяца з выхадам на селенацэнтрычную арбіту на касм. караблі «Апалон-8» як пілот месяцавай кабіны. Карабель зрабіў 10 абаротаў вакол Месяца, вярнуўся на Зямлю. Палёт працягваўся 6,125 сут.

т. 1, с. 363

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)