ШАМЯ́КІН Іван Пятровіч (н. 30.1.1921, в. Карма Добрушскага р-на Гомельскай вобл.),
бел. пісьменнік, грамадскі дзеяч. Нар. пісьменнік Беларусі (1972). Акад.Нац.АН Беларусі (1994, чл.-кар. 1980). Герой Сац. Працы (1981). Скончыў Гомельскі тэхнікум буд. матэрыялаў (1940), Рэсп.парт. школу пры ЦККП(б)Б (1950). У 1945—48 настаўнічаў, з 1950 рэдактар Бел.дзярж.выд-ва, з 1952 гал. рэдактар альманаха «Советская Отчизна». З 1954 нам. старшыні, з 1966 сакратар, з 1968 2-і сакратар, з 1971 1-ы нам. старшыні, з 1976 1-ы сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі. У 1980—92 гал. рэдактар выд-ва «Беларуская Энцыклапедыя». У 1971—85 Старшыня Вярх. Савета БССР. Друкуецца з 1941 (нарысы і вершы). Першая аповесць — «Помста» (1945). Раман «Глыбокая плынь» (1947—48, Дзярж. прэмія СССР 1951; інсцэніраваны Гомельскім абл.драм. т-рам, 1956) пра падзеі часоў акупацыі і ўсенар. змагання супраць фашыстаў на Гомельшчыне. Асэнсаванне пасляваен. рэчаіснасці ў кн. аповесцей і апавяданняў «На знаёмых шляхах» (1949), «У Маскву» (1950), «Дзве сілы» (1951), «Апавяданні» (1952), «Першае спатканне» (1956), рамане «У добры час» (1953) і інш. У рамане «Крыніцы» (1956, Літ. прэмія імя Я.Коласа 1959; інсцэніраваны Бел. т-рам імя Я.Коласа, 1961) выкрыццё валюнтарысцкіх метадаў кіравання эканомікай, сац. і паліт. жыццём. У пенталогіі «Трывожнае шчасце» («Непаўторная вясна», 1957; «Начныя зарніцы», 1958; «Агонь і снег» і «Пошукі сустрэчы», 1959; «Мост», 1965) лёс герояў асацыіруецца з лёсам усяго пакалення, якое прайшло праз цяжкія выпрабаванні вайны, змагаючыся з ворагам на франтах і ў партыз. атрадах, і ў цяжкіх пасляваен. умовах аднаўляла нар. гаспадарку. Надзённыя праблемы жыцця ў зб-ках прозы «Матчыны рукі» (1961), «Вячэрні сеанс» (1968). У раманах «Сэрца на далоні» (1963, разам з «Трывожным шчасцем» Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Коласа 1968; інсцэніраваны Гомельскім і Гродзенскім абл.драм. т-рамі, 1965; Брэсцкім, Магілёўскім, Бел. імя Я.Коласа, Бел. імя Я.Купалы і інш. т-рамі ў 1966) і «Снежныя зімы» (1968, інсцэніраваны т-рам імя Я.Коласа, 1972) праблемы грамадз. адказнасці чалавека перад самім сабой, народам, гісторыяй. Апавяд. «Хлеб», аповесці «Першы генерал» (апубл. пад назвай «Лёс майго земляка»), «Браняпоезд «Таварыш Ленін» (абедзве 1970), кінааповесць «Эшалон прайшоў» (1971, кінафільм «Хлеб пахне порахам», 1974), раман «Петраград—Брэст» (1981—83) на гісторыка-рэв. тэму. У раманах «Атланты і карыятыды» (1974, аднайм. відэафільм Бел. тэлебачання, 1980; інсцэніраваны Куйбышаўскім т-рам драмы імя М.Горкага, 1978), «Вазьму твой боль» (1978, аднайм. кінафільм, 1981; Дзярж. прэмія Беларусі 1982) паказ актыўнай пазіцыі сучасніка, яго непрымірымасці да кансерватызму, бюракратызму. Аповесці «Шлюбная ноч» (1975, кінафільм «Вясельная ноч», 1980) і «Гандлярка і паэт» (1976, аднайм. кінафільм, 1978) пра складаныя шляхі людзей з нар. нізоў да актыўнай барацьбы ў гады Вял.Айч. вайны. У рамане «Зеніт» (1987) падзеі апошняга года Вял.Айч. вайны. Аповесці «Ахвяры» (1990), «Падзенне» (1994), раман «Злая зорка» (1991), «Аповесці Івана Андрэевіча» (1993) і інш. пра жыццё Беларусі ў постчарнобыльскі час. У аповесцях «Выкармак» (1996), «Завіхрэнне» (1998), «Пошукі прытулку» (1999), «У засенні палаца», «Стары рамантык», рамане «Губернатар» (усе 2000) і інш. вострая крытыка сац. выдаткаў працэсу капіталізацыі краіны, які прывёў да антыгуманных праяў у грамадстве. Раман «Вялікая княгіня» (1996) на гіст. тэматыку. Майстрам вострага, дынамічнага сюжэта, займальнай інтрыгі выявіў сябе ў драматург. творчасці. Яго п’есы вызначаюцца шырокім падзейна-тэматычным і ідэйна-пафасным дыяпазонам. Творчая манера драматурга эвалюцыяніравала ад распрацоўкі дэтэктыўна-прыгодніцкіх фабул («Не верце цішыні», паст.Бел.рэсп. т-рам юнага гледача, 1958, і інш.) і паказу пераважна знешняй падзейнасці («Дзеці аднаго дома», паст. т-рам юнага гледача, 1967) да ўсебаковага даследавання мікракосмасу грамадства: рэзкай крытыцы падвергнута мяшчанства ў п’есе «Выгнанне блудніцы» (паст. т-рам імя Я.Коласа, 1961, і інш.), праблемы няпростага сталення маладой асобы склалі сэнсава-выяўл. стрыжань п’ес «Экзамен на восень» (паст. т-рам юнага гледача, 1974, Гомельскім т-рам, 1975, і інш.), «Баталія на лузе» (1972, ставілася аматарскімі т-рамі), «Залаты медаль» (паст. Магілёўскім абл.драм. т-рам драмы і камедыі імя В.Дуніна-Марцінкевіча, 1980, і інш.). Псіхал. драма «І змоўклі птушкі» (паст. Брэсцкім т-рам, т-рам імя Я.Купалы, абодва 1977, і інш.) — апалогія чуласці, спагаднасці, душэўнай далікатнасці ва ўзаемаадносінах паміж людзьмі. Літ.-крытычныя артыкулы, выступленні, партрэты знаёмых і сваякоў у кнігах «Размова з чытачом» (1973), «Карэнні і галіны» (1986), аповесці «Слаўся, Марыя» (1999) і інш.
Тв.:
Зб.тв.Т. 1—5. Мн., 1965—66;
Зб.тв.Т. 1—6. Мн., 1977—79;
Выбр.тв.Т. 1—3. Мн., 1992.
Літ.:
Гардзіцкі А. Творчасць Івана Шамякіна. Мн., 1971;
Каваленка В.А. Іван Шамякін: Нарыс жыцця і творчасці. Мн., 1980.