ГЕРО́Н (Heronus) Александрыйскі, старажытнагрэчаскі вучоны, які ў 1 ст. працаваў у Александрыі. Аўтар прац «Пнеўматыка» і «Механіка», у якіх сістэматызаваў дасягненні ант. навукі ў галіне прыкладной матэматыкі (апісаў аўтамат для адчынення дзвярэй, вадзяны арган, пажарную помпу і інш.). Аўтар адной з першых кніг па тэхніцы — «Тэатр аўтаматаў». У «Метрыцы» прывёў формулы для вылічэння плошчаў і аб’ёмаў геам. фігур (у т. л.Герона формула), правілы рашэння квадратных ураўненняў, прыблізнага здабывання квадратных і кубічных каранёў і інш. Яго матэм. працы — энцыклапедыя ант. прыкладной матэматыкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАНДАЛІ́ЗМ,
бяздумнае знішчэнне культурных і матэрыяльных каштоўнасцей. Слова пайшло ад назвы стараж.-герм. плямён вандалаў, якія ў 455 разрабавалі Рым і знішчылі шматлікія помнікі ант. культуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАГАЭ́Д (ад грэч. logaoidikos празаічна-вершаваны),
1) від ант. верша, у радках якога чаргаваліся ў строгай паслядоўнасці розныя паводле характару стопы.
2) Від сілаба-танічнага верша, у якім няма метрычнай аднароднасці, аднак існуе рытмічная аднароднасць вершаваных радкоў. У сучаснай сілаба-тоніцы вылучаюцца 3 разнавіднасці Л.: стопны, радковы і строфны. У стопным Л. на адным і тым жа месцы вершаваных радкоў (найперш у 3-складовых стопах) выпадаюць 1 ці 2 ненаціскныя склады (знешне ствараецца ўражанне, што верш напісаны рознымі стопамі). Ужываецца найчасцей у перакладах ант. твораў або ў імітацыях ант. памераў. У радковым Л. ў пэўнай паслядоўнасці чаргуюцца радкі розных метраў, напр., чаргаванне 3-стопнага амфібрахія з 2-стопным дактылем:
Спачатку яно шалясцела
Вельмі нясмела,
А потым лізнула аконца
Ціха, як сонца.
(Я.Купала. «Безназоўнае»).
У вельмі рэдкім строфным Л. ў пэўнай паслядоўнасці чаргуюцца строфы, напісаныя розным метрам (напр., верш П.Панчанкі «Пры святле маланак»). Лагаэдычныя радкі робяць сілаба-танічны верш рытмічна больш разнастайным, рухомым, што памагае больш поўна выявіць паэт. сэнс твора.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́САРТ ((Gossaert) Ян) (мянушка Мабюз; Mabuse; каля 1478—80, г. Мабёж, Францыя — паміж 1533 і 1536),
нідэрландскі жывапісец. Заснавальнік рамантызму ў нідэрл. жывапісе 16 ст. Працаваў у Антверпене, Утрэхце, Мідэлбургу і інш. гарадах. У 1508—09 наведаў Італію. Імкнуўся засвоіць дасягненні італьян. Адраджэння ў кампазіцыі, анатоміі, перспектыве. Звяртаючыся да ант. і біблейскіх сюжэтаў, часта маляваў аголеныя фігуры на фоне ант. архітэктуры ці ў прыродным асяроддзі, перададзеным з тыповай для нідэрл. мастацтва дэталізацыяй («Адам і Ева», «Нептун і Амфітрыта», 1516; «Даная», 1527). Маст. традыцыям нідэрл. школы найбліжэй партрэты Госарта (дыптых з выявай канцлера Ж.Карандэле, 1517).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЭФІ́КС (лац. antefixum),
від архітэктурнага аздаблення з мармуру ці тэракоты ў форме пальметы або шчыта з рэльефным арнаментам, з выявай фантаст. жывёліны. Звычайна размяшчаліся па краях дахавага накрыцца ўздоўж падоўжнай сцяны ант. храма.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПАДА́М (Hippodamos) з Мілета, старажытнагрэчаскі архітэктар-горадабудаўнік 5 ст. да н.э. Распрацаваў прынцып рэгулярнай планіроўкі ант. гарадоў — т.зв. гіпадамава сістэма. Яму прыпісваюць планіроўку Пірэя (пасля 446 да н.э.), Родаса (408—407 да н.э.) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЕ́ЎКСІС (Zeuxis),
старажытнагрэчаскі жывапісец канца 5 — пач. 4 ст. да н.э. Імкнучыся да ілюзорнасці выяўлення, адным з першых выкарыстаў у карцінах (вядомы па ант.літ. крыніцах і рым. копіях) святлаценявую мадэліроўку («Алена», «Немаўля Геракл душыць змей», «Сям’я кентаўраў»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСІ́ЛІЙ ВЯЛІ́КІ (Basileios Megas),
Васілій Кесарыйскі (каля 330, г. Кесарыя, М. Азія — 1.1.379), царкоўны дзеяч, тэолаг, філосаф-платонік, адзін з айцоў царквы. Епіскап г. Кесарыя (з 370). Выступаў супраць арыянства, прапаведаваў аскетызм, падтрымліваў манаства. Прапаведуючы хрысціянства, выкарыстоўваў традыцыі ант. рыторыкі. Асн. працы: «Любамудрасць» (з Грыгорыем Багасловам) і «Супраць Еўнамія». У іх і гутарцы «Шастаднеў» выклаў асновы хрысц. касмалогіі, даваў парады па царк. дзейнасці і настаўленні. Распрацаваў варыянт літургіі (прынята ў праваслаўі і цяпер), рэгламентаваў правілы манастырскага жыцця. Лічыў, што ў інтарэсах хрысціянства магчыма «карыснае выкарыстанне» ант. культуры (пропаведзь «Да юнацтва»). Яго працы паўплывалі на развіццё слав. літаратур.
Тв.:
Рус.пер.: — Творения иже во святых отца нашего Василия Великого... // Творения святых отцов. М., 1843—1915. Т. 5—11.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНТЭ́НЬЯ ((Mantegna) Андрэа) (1431, П’яцола-сул-Брэнта, Італія — 13.9.1506),
італьянскі жывапісец і гравёр ранняга Адраджэння; прадстаўнік падуанскай школы. Вучыўся ў няроднага бацькі Ф.Скварчоне ў Падуі (1441—48). Зазнаў уплывы Данатэла, А. дэль Кастаньё, венецыянскай школы жывапісу. Вывучаў ант. мастацтва, захапляўся археалогіяй і эпіграфікай. Яго творы адметныя пластычнасцю форм і строгасцю лінейнага ладу, трохвымернасцю перадачы прасторы і аб’ёмаў, велічнай урачыстасцю і драматызмам вобразаў. Размалёўкі капэлы Аветары ў царкве Эрэмітані ў Падуі (1449—55), трыпціх у царкве Сан-Дзена Маджорэ ў Вероне (1457—59) вызначаюцца архітэктанічнасцю кампазіцыі і смелымі ракурсамі фігур, гарманічным каларытам. З 1460 жыў у Мантуі пры двары Л.Ганзага. У размалёўках «Камеры дэльі Спозі» ў замку Сан-Джорджа (1474) праз стварэнне ілюзіяністычных эфектаў (імітацыя круглага акна ў столі і інш.) дасягнуў сінтэзу архітэктуры і жывапісу. У серыі манахромных кардонаў «Трыумф Цэзара» (1485—88, 1490—92) аскетызм жывапісу М. вылучаецца асаблівай выразнасцю. Ант. рэмінісцэнцыі ўвасобіў у алегарычна-міфалагічных карцінах «Парнас» (1497), «Самсон і Даліла» (1500-я г.). У палотнах «Св. сям’я са св. Альжбетай і Янам Хрысціцелем» (паміж 1495—1500) і «Мёртвы Хрыстос» (1500) стварыў драм. вобразы, натхнёныя ант. традыцыяй. Графічныя творы: серыя медзярытаў «Бітва марскіх багоў» (каля 1470), малюнак «Юдзіф» (1491) і інш.