ГУ́КІ МО́ВЫ,

найдрабнейшыя непадзельныя адзінкі вуснай мовы, што выконваюць функцыю адрознення і атаясамлівання гукавых абалонак слоў. Не з’яўляючыся носьбітамі значэння, гукі мовы фарміруюць слыхавы вобраз марфемы, слова, выказвання, якія дзякуючы замацаваным за імі ў свядомасці носьбітаў мовы лексічным і грамат. значэнням дазваляюць ажыццяўляць моўную сувязь.

У анатама-фізіял. плане гукі мовы вызначаюцца становішчам сукупнасці органаў мовы (артыкулятараў) у час іх вымаўлення (гл. ў арт. Артыкуляцыя). У акустычным плане — гэта перыядычныя і неперыядычныя гукавыя хвалі, што накладваюцца адна на адну або чаргуюцца ў часе і ўтвараюць бесперапынную моўную плынь. Дыскрэтнасць (раздзельнасць) гукаў мовы вызначаецца зменай крыніцы гуку (квазіперыядычнай, шумавой, імпульсна-шумавой, яе адсутнасцю), якая згладжваецца зменай рэзанатараў (аб’ёму поласцей рота, носа і глоткі). У залежнасці ад крыніцы і функцыі ў складзе гукаў мовы падзяляюцца на галосныя гукі і зычныя гукі (выбухныя, фрыкатыўныя, афрыкатыўныя і плаўныя). На аснове здольнасці адрозніваць марфемы і словы ўся разнастайнасць гукаў мовы аб’ядноўваецца ў адносна невял. групу фанем, што дае магчымасць носьбітам мовы ўспрымаць фізічна нятоесныя гукі з розных фанет. пазіцый як адзін і той жа гук.

Літ.:

Фанетыка беларускай літаратурнай мовы. Мн., 1989.

А.​І.​Падлужны.

т. 5, с. 525

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ДНЫ РЭЖЫ́М РАСЛІ́Н,

працэс водаабмену паміж раслінамі і навакольным асяроддзем, неабходны для падтрымання іх жыццядзейнасці; частка агульнага абмену рэчываў. Вызначаецца і ажыццяўляецца ў адпаведнасці з генетычна замацаванымі асаблівасцямі ўнутр. будовы і функцыямі раслін (анатама-марфал. структура, відавая і сартавая спецыфіка фізіял. функцый) і знешнімі экалагічнымі ўмовамі (вільготнасць і т-ра глебы і паветра, рэльеф, уласцівасці глебы і інш.). Складаецца з паслядоўных і цесна звязаных працэсаў паступлення вады ў карані раслін з глебы, падымання яе па каранях і сцёблах у лісце і інш. органы, выпарэння лішняй вады лісцем у атмасферу (транспірацыі). Паступленне, перамяшчэнне і выпарэнне вады ў раслінным арганізме складаюць яго водны баланс (суадносіны паміж колькасцю вады, якую расліна атрымлівае і якую траціць за адзін прамежак часу). У розныя гадзіны сутак, а таксама перыяды вегетацыі гэтыя суадносіны неаднолькавыя. Нястача і лішак вады адмоўна адбіваюцца на росце і развіцці раслін. Нармальны стан вышэйшых раслін характарызуецца наяўнасцю невял. воднага дэфіцыту (5—6% ад поўнай вільгаценасычанасці клетак), якому адпавядае найб. высокая інтэнсіўнасць фотасінтэзу. Паводле ўмоў увільгатнення (напр., воднага рэжыму глебы) і прыстасаванняў да яго вылучаюць экалагічныя групы раслін: гідрафіты, гіграфіты, мезафіты, ксерафіты, сукуленты. Водны рэжым раслін уплывае на біял. прадукцыйнасць, колькасць і якасць ураджаю с.-г. раслін.

Л.​Г.​Емяльянаў.

т. 4, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІНЕКАЛО́ГІЯ (ад гінека... + ...логія, галіна медыцыны, якая вывучае анатама-фізіял. асаблівасці жаночага арганізма, захворванні жаночай палавой сістэмы, распрацоўвае метады іх дыягностыкі, лячэння і прафілактыкі. Цесна звязана з акушэрствам.

Гінекалогія вядома са старажытнасці. Як самаст. навука склалася ў 19 ст., калі на мед. ф-тах ВНУ Зах. Еўропы пачалі выкладаць акушэрства і гінекалогіі. У Расіі першая кафедра гінекалогіі створана ў 1835 (кафедра спавівальнага майстэрства, жаночых хвароб і хвароб нованароджаных) у Імператарскім С.-Пецярбургскім клінічным ін-це павітух, у 1842 — гінекалагічнае аддз. пры акушэрскай клініцы Пецярбургскай медыка-хірург. акадэміі. Навук. акушэрства і гінекалогію развівалі Н.​М.​Амбодзік-Максімовіч, А.​Я.​Красоўскі, Г.​М.​Савельева, В.​А.​Бадзяжына, У.​І.​Кулакоў і інш.

На Беларусі першая кафедра акушэрства і гінекалогіі створана на мед. ф-це БДУ у 1923. Развіццю даследаванняў садзейнічалі працы Г.І.Герасімовіча, І.У.Дуды, В.Р.Лінкевіч, М.Ф.Лызікава, К.І.Малевіча, Л.С.Персіянінава, В.С.Ракуця, І.М.Старавойтава, Л.Я.Супрун і інш. Н.-д. работа вядзецца ў Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў, Бел. НДІ аховы мацярынства і дзяцінства, на кафедрах акушэрства і гінекалогіі мед. ін-таў. Асн. кірункі: перадпухлінныя, пухлінныя і запаленчыя захворванні маткі і прыдаткаў, парушэнні менструальнага цыкла, бясплоднасць, паталогія клімактэрычнага перыяду, праблемы планавання сям’і; гінекалагічныя захворванні дзяцей і падлеткаў, метады іх прафілактыкі і лячэння. Распрацавана методыка дыягностыкі і лячэння з дапамогай эндаскапіі, даследаваны пытанні кантрацэпцыі падлеткаў і моладзі, некат. пытанні фізіялогіі і паталогіі палавога развіцця жаночага арганізма, ранняй дыягностыкі і прафілактыкі гінекалагічных захворванняў (масавыя прафілакт. агляды жанчын і ўдасканаленне гінекалагічнай дапамогі).

Літ.:

Бодяжина В.И., Сметник В.П., Тумилович Л.Г. Неоперативная гинекология. М., 1990;

Кулаков В.И., Селезнева Н.Д., Краснопольский В.И. Оперативная гинекология. М., 1990.

І.​У.​Дуда.

т. 5, с. 250

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕЙРАЛІНГВІ́СТЫКА,

навука, што склалася на стыку псіхалогіі, неўралогіі і лінгвістыкі (гл. Мовазнаўства); вывучае мазгавыя механізмы моўнай дзейнасці і змены ў моўных працэсах пры лакальных паражэннях мозга. Эпізадычныя назіранні афазіі (парушэнні маўленчых паводзін) вяліся ўжо ў сярэднявеччы. Сістэм. вывучэнне пачалося ў 1861 (праца франц. анатама П.​Брака па маторнай афазіі). У слав. лінгвістыцы адным з першых цікавасць да фактаў маўленчай паталогіі праявіў І.​А.​Бадуэн дэ Куртэнэ («З паталогіі і эмбрыялогіі мовы», 1885). Ідэі Н. развіваліся ў працах Л.​Блумфілда, В.​Дарашэўскага, А.​Р.​Лурыі, Р.​В.​Якабсона і інш., дзе яе аб’ектам сталі не толькі афазіі, а моўныя паводзіны чалавека ў цэлым. Пры гэтым мова разглядаецца як сістэмная функцыя, а афазія — як сістэмнае парушэнне, звязанае з дэфектамі і функцыян. пабудовай работы мозга па кампенсацыі парушанай функцыі. Клінічныя назіранні дазволілі выявіць пашкоджанні асн. тыпаў нерв. структур, звязаных з моўным механізмам: маторная, сенсорная, семантычная і дынамічная афазіі, агнозіі, апраксіі і дызартрыі. Асн. метад даследаванняў у Н. — назіранні над маўленчымі паводзінамі хворага ў розных умовах: пераказы тэкстаў, расказы, чытанне, пісьмо, выкарыстанне розных тэстаў і інш. Па меры паглыблення навукі і ўдасканалення тэхн. сродкаў, інструментаў і рэактываў для назірання за мозгам узніклі новыя метады. З 2-й пал. 20 ст. Н. — адзін з аспектаў комплекснага вывучэння знакавых паводзін чалавека, структуры свядомасці, ступеней яе свабоды, суадносін фундаментальных прынцыпаў і ўласцівасцей самога чалавека і яго свядомасці і інш. Сучасная Н. аб’ядноўвае ў адной навук. парадыгме фундаментальныя прынцыпы і катэгорыі розных навук — мовазнаўства, нейрапсіхалогіі, нейрафізіялогіі, біялогіі, фізікі, псіхалогіі, псіхалінгвістыкі, філасофіі, матэматыкі, касмалогіі і інш. Даследаваная ў Н. структура слова і мовы ўключае ўсе вядомыя фундаментальныя іх элементы і структурныя ўласцівасці, дакладна адлюстроўвае будову мозга і асаблівасці ажыццяўлення мыслення ў ім, дае ўяўленне пра структуру свядомасці, тлумачыць структурнае падабенства генет. кода і прыроднай мовы, знаходзіць сваё пацвярджэнне ў асаблівасцях структуры планет, галактык, электрамагнітных і гравітацыйных узаемадзеянняў і інш.

Літ.:

Лурия А.Р. Основные проблемы нейролингвистики. М., 1975;

Гируцкий А.А., Гируцкий И.А. Основы нейролингвистики Мн., 1998;

Гируцкий А.А. Наука и религия. Мн., 1999.

А.​А.​Гіруцкі.

т. 11, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)